Грузія: галасы яшчэ лічаць, але апазіцыя ўжо святкуе перамогу


Пасля падліку 20,74 % бюлетэняў на парламенцкіх выбарах у Грузіі ў лідарах застаецца апазіцыйны блок “Грузінская мара” на чале з мільярдэрам Бідзына Іванішвілі.

Паводле партыйных спісаў “Грузінская мара” набрала 54,31 % галасоў. Партыі прэзідэнта краіны Міхэіла Саакашвілі “Адзіны нацыянальны рух” дасталіся 40,59% %. Іншыя партыі пакуль не набралі больш за 5 %.

{movie}Тбілісі: апазіцыя датэрмінова святкуе перамогу на выбарах|left|6657{/movie}73 са 150 месцаў у парламенце абіраліся ў мажарытарных аднамандатных акругах. Тут перамагаюць паплечнікі прэзідэнта: яны заявілі, што атрымалі 53 з 73 мандатаў.

Яўка на выбарах склала 61 %. Прыхільнікі апазіцыі пачалі святкаваць перамогу яшчэ ўначы: дзеля гэтага яны сабраліся на плошчы Свабоды ў цэнтры грузінскай сталіцы.

Гэтыя выбары маюць вялікае значэнне для краіны: пасля прэзідэнцкіх, якія пройдуць у наступным годзе, парламент і прэм’ер-міністр атрымаюць значна больш паўнамоцтваў, чым кіраўнік краіны. Апошні будзе ўсяго толькі прапаноўваць кандыдатуры на пост прэм’ера, а выбіраць зможа толькі сярод тых, якія падасць яму парламент.

Падчас выбарчай кампаніі апазіцыйны тэлеканал паказаў відэакадры здзекаў і гвалту над зняволенымі ў адной з тбіліскіх турмаў, абвінаваціўшы ўлады ў жорсткім парушэнні правоў чалавека. Пасля адбыліся масавыя акцыі прыхільнікаў “Грузінскай мары”. Грузінскі ўрад назваў відэа падробкаю.

belsat.eu

Стужка навінаў