Алег Панфілаў: Грузія не вернецца пад крыло Крамля


Паводле папярэдніх вынікаў, у Грузіі на парламенцкіх выбарах перамагае апазіцыя, але гэта не зменіць палітычных арыенціраў краіны, упэўнены госць «Гарачага каментара» журналіст Алег Панфілаў.

Перадвыбарчая кампанія ў Грузіі, на думку Панфілава, праходзіла вельмі нервова, з выкарыстаннем кампрамату, з раздзіманнем скандалаў і г. д. У выніку прарасейская апазіцыйная кааліцыя «Грузінская мара», паводле экзітполу, набрала каля 51 % усіх галасоў.

Журналіст заўважыў, што ў гэтай выбарчай кампаніі даволі актыўна таксама ўдзельнічала Расея. Расейскія паліттэхнолагі, на думку госця «Гарачага каментара», працавалі прафесійна і стараліся, каб іхнага ўдзелу нельга было заўважыць, аднак шмат якія выказванні лідараў «Грузінскае мары», як лічыць Панфілаў, нагадвалі словы Пуціна і Мядзведзева.

«У любым выпадку Грузію не так лёгка будзе вярнуць да савецкай ідэалогіі. Тут існуе старажытная традыцыя дэмакратыі, таму Грузія не вернецца пад крыло Крамля», – сказаў Панфілаў.

Пакуль жа апазіцыя з «Грузінскае мары» адмяніла прызначаную раней вулічную акцыю, здаволіўшыся пазітыўнымі для сябе папярэднімі вынікамі выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў