Лукашэнка збіраецца рэфармаваць МУС


“Мы мусім адразу падумаць пра павелічэнне ўлады міліцыі. Ні ўчастковы, ні міністр, ні іншыя – ніхто не мусіць бегаць дзесяць разоў у адно і тое ж месца і ўгаворваць кагосьці. Міліцыянт мае прыйсці ды на падставе выразна, заканадаўча прапісаных нормаў запатрабаваць выканання абавязкаў тою ці іншаю асобаю, і больш там не з’яўляцца”, – цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

«Кулак МУС»

Прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, Лукашэнка заявіў, што праца Міністэрства ўнутраных справаў мае быць “больш эфектыўнаю”.

“Мы мусім пакінуць здаровы, моцны – не проста касцяк, а кулак у МУС, які годна будзе несці сваю службу і як прыярытэт не будзе ставіць грашовага забеспячэння. Гэта, вядома, важна, але ён мусіць найперш думаць пра службу. Я ўжо казаў, што вельмі дрэнна ўспрымаю вайскоўцаў, якія перш як казаць пра службу, свой абавязак, пачынаюць крычаць пра заробкі ды кватэры. Зразумела, што гэтыя пытанні мы мусім вырашаць, і мы іх будзем вырашаць. Але, рэфармуючы МУС, падпарадкаваныя структуры, міліцыю наагул, мы мусім вельмі акуратна да гэтага падыходзіць. Лепш не спяшацца. Але галоўнае – не пакрыўдзіць людзей”, – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кабякоў і Пяткевіч «падкароцяць» дзяржорганы

Лукашэнка паведаміў, што рэфармаванне неўзабаве закране не толькі органы міліцыі, але і іншыя дзяржаўныя органы: “Я сёння даручыў стварыць дзяржаўную камісію. Яе ўзначаліць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Памочнік кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч будзе ў яго намеснікам. Яны збяруць дзяржаўную камісію для рэфармавання органаў дзяржаўнай улады”.

“Мяркую, што нам прыйдзецца падкараціцца ў дзяржаўных структурах – думаю, адсоткаў дзесьці на 25–30. Унізе – менш, уверсе – пабольш, прыбраўшы непатрэбныя функцыі ды значна потым павялічыўшы грашовае забеспячэнне і заработную плату дзяржаўных службоўцаў. І адсюль – міліцыі, вайскоўцаў і гэтак далей”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў