Міністэрства юстыцыі пагражае адвакатам і журналістам


Міністэрства мяркуе, што адвакаты “тэндэнцыйна падаюць інфармацыю аб працы праваахоўных органаў краіны”, а Беларуская асацыяцыя журналістаў абараняе не тых, каго трэба.

Як распавялі “Белсату” ў прэс-службе ГА БАЖ, Міністэрства юстыцыі патрабуе ад арганізацыі да 5 студзеня падаць копіі зваротаў да сілавых міністраў, што датычылі парушэння правоў журналістаў на масавай акцыі 19 снежня, а таксама паведаміць, хто з рэпарцёраў, за якіх публічна заступаецца арганізацыя, ёсць яе сябрамі. У арганізацыі не выключаюць, што “трывожны” ліст з Міністэрства юстыцыі можа мець для яе нейкія наступствы.

Амаль адначасова міністэрства ўзялося за адвакатаў, што абараняюць палітыкаў і актывістаў, затрыманых на плошчы 19 снежня. Чыноўнікі мяркуюць, што асобныя адвакаты “злоўжываюць сваім правам на абарону іншых асобаў”, дапускаюць грубыя парушэнні правілаў дзейснага заканадаўства і прафесійнай этыкі адваката і тэндэнцыйна падаюць інфармацыю аб працы праваахоўных органаў. Як паведамляецца на сайце міністэрства, па гэтых фактах праводзіцца правяранне, па выніках якога “будуць прынятыя прадугледжаныя заканадаўствам захады рэагавання”.

Адвакатка Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка гаворыць, што пакуль канкрэтных прозвішчаў Міністэрства юстыцыі не агучвала. “Мае каментары прэсе былі агульнага характару і датычылі толькі справы майго падабароннага”, – зазначае Тамара Сідарэнка. Жанчына гаворыць, што калі будуць заўвагі да яе, тады і будзе думаць, што рабіць далей. “А пакуль у мяне шмат працы і без таго”, – падкрэслівае адвакатка.

belsat.eu

Стужка навінаў