Еўрапарламент разгледзіць пытанне аб санкцыях


Еўрапейскі парламент 12 студзеня правядзе пазачарговае паседжанне у справе сітуацыі ў Беларусі.

“Важна, каб пасля ўчыненага ў Беларусі гвалту мы працягнулі ціск на ўрад Лукашэнкі на самым высокім узроўні”, – цытуе старшыню Еўрапарламенту Ежы Бузэка прэс-служба гэтай еўраструктуры.

Паводле словаў Бузэка, Еўрапарламент разгледзіць правядзенне і наступствы прэзідэнцкіх выбараў, у тым ліку празмернае і непрапарцыйнае ўжыванне сілы ўладамі Беларусі, збіццё і затрыманне апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва, гвалт у дачыненні журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. “Таксама мы абмяркуем магчымасць далейшых рэакцыяў з боку Еўразвязу”, – адзначыў Бузэк.

Пытанне аб магчымых санкцыях у дачыненні Беларусі будзе ўлучанае ў парадак дня паседжання – паведамляе БелаПАН са спасылкаю на прэс-службу Еўрапарламенту.

Рашэнне правесці пазачарговае супольнае паседжанне у справе сітуацыі ў Беларусі прынялі паводле вынікаў кансультацыяў Бузэка з кіраўнікамі шэрагу парламенцкіх камітэтаў і дэлегацыяў. У паседжанні возьмуць удзел прадстаўнікі камітэту замежных справаў Еўрапарламенту, падкамітэту правоў чалавека, дэлегацыяў сувязяў з “Еўранэстам” і Беларуссю.

Акрамя таго, Еўрапарламент плануе запрасіць на паседжанне шэраг лідараў беларускай апазіцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў