Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі існуе ўжо 20 гадоў


2 красавіка ўлады Менску і Масквы адзначаць 20-годдзе так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Эксперты «Менскага дыялогу» мяркуюць, што да гэтай даты будуць прадстаўленыя канкрэтныя вынікі інтэграцыі.

Такі пункт гледжання ўтрымліваецца ў сёмым выпуску «Менскага барометра», прадстаўленага экспертнай ініцыятывай «Менскі дыялог».

Прагноз

Як адзначаюць аўтары барометра, найбольш верагодна, што да 20-гадовага юбілею падпісання Дамовы пра Саюзную дзяржаву, 2 красавіка, грамадскасці будуць агучаныя нейкія канкрэтныя вынікі 20-гадовай інтэграцыі – прынамсі ў выглядзе інфармацыйных матэрыялаў, аформленых у сучасным выглядзе.

Таксама з нагоды юбілею павінны адбыцца ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам парламенту і Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, верагодна, падрыхтоўцы юбілейных мерапрыемстваў будуць папярэднічаць працоўныя сустрэчы кіраўніцтваў.

У той жа час, як мяркуюць эксперты «Менскага дыялогу», практычнага вырашэння канфліктных пытанняў паміж Беларуссю і Расеяй у гэты перыяд цяжка чакаць, аднак у кірунку да іх вырашэння могуць адбыцца сустрэчы як асноўных перамоўных групаў, гэтак і параўнальна новых удзельнікаў – бізнес-саюзаў і грамадскіх аб’яднанняў.

Рэвізія Саюзу

У «Менскім барометры» нагадваецца, што напрыканцы мінулага году Расея ініцыявала рэвізію Саюзнай дамовы ў адказ на патрабаванні Беларусі распачаць рух да роўных умоваў на рынках нафты і газу ў перыяд 2020-2024 гадоў, бо з 2025 году яны павінны ўжо працаваць у межах ЕАЭС.

Расея зыходзіць з логікі, што нават частковае распаўсюджванне ўнутраных умоваў на саюзную краіну да пачатку працы агульных рынкаў павінна быць абумоўлена абязальніцтвамі Расеі і Беларусі па лініі Саюзнай дзяржавы. У рэчаіснасці дамоўленасці па нафце і газу маглі быць аформлены і ў двухбаковым міждзяржаўным парадку, і па лініі ЕАЭС, але Расея вырашыла правесці чарговую рэвізію супрацы ў межах Саюзнай дзяржавы.

Развіццё інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы ў 2009-2010 гадах зайшло ў тупік з-за не гатовасці Расеі выконваць парытэтны прынцып прыняцця рашэнняў, закладзены ў Дамове 1999 году. Таму значная частка двухбаковых стасункаў была перанесена спачатку ў Мытны саюз ЕўрАзЭС (з 2011 году) і ЕАЭС (з 2015 году), дзе прынцып прыняцця рашэнняў бліжэй да прапарцыйнага, ці, інакш кажучы, у Расеі голас мацней, чым у краін-саюзніц.

Для рэвізіі Саюзнай дамовы і выпрацоўкі рэкамендацыяў па далейшай інтэграцыі была створана міжурадавая працоўная група ў Расеі і Беларусі. З расейскага боку гэтую групу ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, з беларускага – міністр эканомікі Дзмітрый Круты.

І Лукашэнка, і сябры беларускай часткі групы неаднаразова на працягу студзеня-лютага апісвалі падыходы Беларусі да інтэграцыі: толькі на цалкам раўнавартаснай аснове з захаваннем суверэнітэтаў дзвюх краін, стварэнне дадатковых да існых наддзяржаўных інстытутаў, толькі ў адказ на рашэнне пытанняў эканамічнай інтэграцыі (агульныя рынкі, кошты на газ і нафту).

Пасол Расеі Бабіч распавёў, што саюзная дзяржава неабходна, бо ў Беларусі расейская мова – дзяржаўная

СК, belsat.eu, паводле thinktanks.by

Глядзі таксама
Каментары