Падазраваных ужо 26


Сярод падазраваных – кандыдаты на прэзідэнцтва, грамадскія актывісты і нават журналісты. Паводле Крымінальнага кодэксу ім можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Сёння падазраваным могуць выставіць афіцыйнае абвінавачанне.

У спіс падазраваных у крымінальнай справе аб масавых закалотах у Менску 19 снежня ўключылі Андрэя Федаркевіча, які раней быў арыштаваны на 10 содняў і адбываў пакаранне ў ІЧУ Жодзіна, паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org. Цяпер Федаркевіча тырмаюць у следчым ізалятары КДБ у Менску.

Працаўнікі КДБ шукаюць Мікіту Краснова, у якога 27 снежня дома правялі ператрус. У пастанове на правядзенне вобшуку Красноў таксама меў статус падазраванага.

Справу распачаў следчы упраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму на падставе частак 1 і 2 артыкулу 293 КК (“масавыя беспарадкі”). Паводле часткі 1 гэтага артыкулу, “арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобаю, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады”, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Паводле часткі 2, “удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным учыненні дзеянняў, названых у частцы 1 гэтага артыкулу”, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.

У ліку падазраваных – сем экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва: Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, а таксама Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Вус, з якіх узялі падпіска аб нявыездзе.

Астатнія 19 падазраваных у справе – прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, журналісты і былы працаўнік міліцыі:

– Аляксандр Арастовіч, давераная асоба Статкевіча;

– Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба Саннікава;

– Сяргей Вазняк, давераная асоба Някляева;

– Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штабу Някляева;

– Аляксандр Класкоўскі, былы працаўнік міліцыі;

– Уладзімір Кобец, кіраўнік штабу Саннікава;

– Алег Корбан, давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва Яраслава Раманчука;

– Анатоль Лябедзька, давераная асоба Раманчука;

– Мікіта Ліхавід, удзельнік акцыі;

– Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штабу Статкевіча;

– Дзмітрый Новік, удзельнік акцыі;

– Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар Саннікава;

– Анатоль Паўлаў, кіраўнік выбарчага штабу Раманчука;

– Анастасія Палажанка, намесніца старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”;

– Наталля Радзіна, рэдактарка інтэрнэт-сайту charter97.org;

– Павел Севярынец, кіраўнік выбарчага штабу Рымашэўскага;

– Андрэй Федаркевіч, удзельнік акцыі;

– Аляксандр Фядута, давераная асоба Някляева;

– Ірына Халіп, карэспандэнтка расейскай “Новой газеты”, жонка Андрэя Саннікава.

Два чалавекі, затрыманыя прэвентыўна, падазраюцца ў асабліва злосным хуліганстве. Трэцяга раней падазраванага ў гэтай справе, Дзяніса Лазара, 28 снежня адпусцілі на волю, абвінавачанні з яго знялі.

Стужка навінаў