Аляксандр Мілінкевіч патлумачыў, чаму не будзе балатавацца на выбарах


Лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч на сённяшняй прэс-канферэнцыі заявіў, што не будзе прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта, перадае БелаПАН. Сваё рашэнне палітык патлумачыў тым, што Цэнтрвыбаркам не выканаў патрабаванняў руху «За свабоду» і не ўнёс зменаў у выбарчае заканадаўства.

Аляксандр Мілінкевіч і ягоныя паплечнікі дамагаліся, каб прадстаўнікам незалежных кандыдатаў у прэзідэнты дазволілі лічыць бюлетэні разам з чальцамі выбарчых камісіяў. З просьбаю паспрыяць гэтаму яны звярталіся ў АБСЕ, Раду Еўропы, Еўрапарламент і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

«Аднак пасля прызначэння даты выбараў кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ніякіх зменаў у заканадаўстве не будзе, – зазначыў Мілінкевіч. – Такім чынам, у нас няма выбараў, а ёсць толькі выбарчая кампанія».

Паводле палітыка, ён не заклікае да байкоту і будзе ўдзельнічаць у кампаніі ў якасці каардынатара грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар». Адпаведнае пагадненне сёння падпісалі рух «За свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя» і саюз «За мадэрнізацыю», які ўзначальвае Алесь Міхалевіч.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 19 снежня 2010 г. Прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэнні кандыдатаў на пасаду прэзідэнта пачаўся 15 верасня і будзе доўжыцца да 24 верасня ўключна.

Свой намер балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы на гэты момант афіцыйна пацвердзілі 9 чалавек:

– старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч,
– намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў,
– намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў,
– лідар саюзу «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч,
– лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў,
– намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук,
– сустаршыня аргкамітэту для стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі,
– лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў,
– эканаміст Віктар Цярэшчанка.

belsat.eu
17.09.2010

Стужка навінаў