100 гадоў з дня ўтварэння беларускай гімназіі ў Вільні

У самым сэрцы Вільні, роўна 100 гадоў таму, 1 лютага 1919 года пачаліся заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі, якая стала для беларускай моладзі школай патрыятызму і адраджэння.

Сто гадоў таму легендарная беларуская гімназія адчыніла свае дзверы ў Базыльянскіх мурах, якія знаходзяцца побач з Вострай брамай у Вільні. Бацькі беларуская дзяржаўнасці разумелі, што без нацыянальнага выхавання і адукацыі моладзі не будзе будучыні ў нашага народу. У цяжкія гады, калі на нашых землях адна акупацыя змяняла другую, у Віленскай беларускай гімназіі з 1919 па 1944 гады ішло выхаванне нацыянальнай эліты. Выкладчыкі акрамя звычайных школьных ведаў далі такі вялікі ўрок патрыятызму, што абсалютная большасць вучняў увайшла ў гісторыю Беларусі. Пра іх пішуць артыкулы і кнігі, святкуюць юбілеі і наведваюць магілы.

Будынак Віленскай беларускай гімназіі, фота tut.by

Другая сусветная вайна не дала напоўніцу рэалізаваць той патэнцыял, які быў закладзены ў Віленскай беларускай гімназіі. Наш народ апынуўся паміж молатам і кавадлам, паміж двума акупантамі – савецкім і нямецкім. У гэтых цяжкіх умовах гімназія працягвала працаваць, змяняліся настаўнікі і кіраўнікі навучальнай установы, прадметы і падручнікі, але не змяняліся прынцыпы і падыходы. Беларуская Alma Mater давала веды і выхаванне, гартавала тых, хто будуе Новую Беларусь. На жаль, у чэрвені 1944 года, пасля аднаўлення ў Вільні савецкай улады, гімназія закрылася.

Святкаванне Дня Волі ў Віленскай беларускай гімназіі 25 сакавіка 1935 г.
Фота: Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча

Чытаючы ўспаміны вучняў і настаўнікаў, лаўлю сябе на думцы, што такой установы нам вельмі бракуе зараз. Мы ўсе ведаем, чаму гэта адбываецца. Пачынаючы з 1994 года ідзе знішчэнне нацыянальнай адукацыі, ствараюцца ўсе магчымыя прыпоны для беларускай мовы і праўдзівай гісторыі. Дэградавала нават звычайная сярэдняя школа. Цяжкі час.

У сотую гадавіну Віленскай беларускай гімназіі, абапіраючыся на шматлікія факты, магу сказаць, што тады было яшчэ цяжэй, але беларусы выстаялі. Дзякуючы тым людзям, якія 100 гадоў таму пачалі выкладаць і вучыцца ў Базыльянскіх мурах, мы сёння маем Беларусь. Гэта яны пасля знішчэння БНР жылі яе ідэаламі і працавалі, каб наш народ стаў гаспадаром на сваёй зямлі. Гэта яны пранеслі праз гады бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню. Гэта яны прайшлі праз лагеры ГУЛАГу і не скарыліся.

Выпускнікі Віленскай беларускай гімназіі 1938-1939 гг. навучання.
Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Віленская беларуская гімназія зрабіла немагчымае: гэта відаць у лёсах яе педагогаў і вучняў, у іхных справах і гістарычных падзеях, у якіх удзельнічалі. Беларусь жыве!

У сваім артыкуле я не ўзгадваю імён, бо іх сотні, і большасць з іх вартыя, каб пра іх пісалі кнігі і здымалі фільмы. Мы абавязаныя гэта зрабіць, каб не перарывалася пераемнасць паміж пакаленнямі!

А пакуль, завітаўшы ў Вільню, падыдзем да Вострай брамы, пад пакрыва апякункі Літвы і Беларусі Маці Божая Вастрабрамская і збочым у Базыльянскія муры, дзе 100 гадоў таму распачала сваю працу беларуская гімназія, якая гартавала Дух і выхоўвала Эліту.

Анатоль Міхнавец, Беларуская Нацыянальная Памяць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў