100 дзён беларускага пратэсту. Памятаць усё


Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». Mенск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Сто дзён – як адныя бясконцыя содні. Цяпер ужо складана ўзгадаць, што ж было на пачатку. Падзеяў так шмат, што па выніках кожнага дня можна пісаць лонгрыд. Мы пастараліся сабраць для вас асноўныя навіны ўсіх дзён пратэсту. І няхай гэта толькі малая частка таго, што адбывалася з беларусамі, агульная карціна зразумелая.

ЖНІВЕНЬ

9 жніўня – дзень галасавання

З самай раніцы ў Менску назіраюцца праблемы з інтэрнэтам, складана зайсці ў Telegram і на навінныя сайты.

Стаяць вялізныя чэргі да ўчасткаў для галасавання і ў Беларусі, і за мяжой. На некаторых участках людзі чакалі магчымасці прагаласаваць некалькі гадзін.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

На ўчастак Святланы Ціханоўскай прыходзяць шматлікія ахвотныя яе падтрымаць. Вераніка Цапкала з’язджае ў Маскву і галасуе там. Многія выбарнікі складаюць бюлетэні гармонікам, фатаграфуюць іх для платформы «Голас».

Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Да вечара сілавікі перакрываюць цэнтр Менску, а АМАП прыязджае на ўчасткі для галасавання і разганяе людзей, якія прыходзяць даведацца пра вынікі. Пратаколы вывешваюць не паўсюль, з некаторых участкаў чальцоў камісіяў вывозяць сілавікі.

Людзі збіраюцца ля стэлы ў Менску, выходзяць і ў іншых гарадах. У Берасці супраць пратэстоўцаў распыляюць слезацечны газ. У Менску тых, хто сабраўся, жорстка разганяюць, ужываючы гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты. Да глыбокай ночы ў сталіцы чуваць выбухі і сірэны хуткай дапамогі. Ля стэлы аўтазак збівае чалавека.

Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Па краіне за дзень затрыманыя больш за 3000 чалавек, шмат параненых.

Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

10 жніўня

Інтэрнэту ў краіне няма, людзі запампоўваюць VPN, спрабуюць зайсці на навінныя сайты і ў Telegram.

ЦВК паведамляе папярэднія вынікі: Лукашэнка – 80,23%, Ціханоўская – 9,9%. Ноччу падліку не было, ЦВК эвакуявалі.

Платформа «Голас» паведамляе, што больш за 80% зарэгістраваных на платформе карыстальнікаў прагаласавалі за Ціханоўскую.

У раёне метро Маладзёжная. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Ціханоўская падае скаргу ў ЦВК і патрабуе паўторнага падліку галасоў.

Аляксандр Лукашэнка называе пратэстоўцаў авечкамі, якія «не разумеюць, што робяць, і імі пачынаюць ужо кіраваць».

ЗША назвалі выбары ў Беларусі несвабоднымі і несправядлівымі.

Ля метро Маладзёжная. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Вечарам аднаўляюцца пратэсты. Зноў грымяць святлошумавыя гранаты. Каля метро «Фрунзенская» сілавікі з 10-ці метраў выстрэльваюць у нагу журналістцы «Нашай Нівы» Наталлі Лубнеўскай. На праспекце Пушкіна ля кінатэатра «Аўрора» кантузіла фотакарэспандэнтку тэлеканалу «Белсат» Таццяну Капітонаву – каля яе выбухнула святлошумавая граната.

У цэнтры — параненая журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Ля метро «Пушкінская» ужываюць слезацечны газ, вадамёты, чуваць выбухі. Тут гіне Аляксандр Тарайкоўскі. Паводле МУС – ад разрыву ў руках выбуховага прыстасавання. Праз некалькі дзён зʼявіцца відэа, на якім бачна, што ён загінуў ад стрэлу ў грудзі.

У раёне станцыі метро Няміга да зачысткі сілавікамі. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
У раёне станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Зноў шмат затрыманых не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. СК узбудзіў 21 справу па фактах масавых закалотаў і гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі.

Барыкады з раёне універсаму «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

11 жніўня

Зʼявілася відэа, на якім Святлана Ціханоўская ў кабінеце старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай зачытвае зварот. Проста з кабінету сілавікі вывозяць яе ў Літву.

На «Пушкінскую», дзе напярэдадні загінуў чалавек, нясуць кветкі, машыны сігналяць. Час ад часу тут зʼяўляецца АМАП, людзі ўцякаюць.

Акцыя Салідарнасці ля ст. м. Пушкінская. Людзі ідуць з кветкамі, кіроўцы сігналяць. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што ў шпіталях знаходзяцца 200 пацярпелых.

Затрыманні ля станцыі метро Каменная горка ў Менску, Беларусь. 11 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

У Берасці стрэлілі ў галаву Генадзю Шутаву. Ён становіцца другой ахвярай пратэстаў.

12 жніўня

Лекары выйшлі на акцыю пратэсту супраць гвалту.

Жанчыны па ўсёй Беларусі выходзяць на вуліцы з кветкамі ў знак пратэсту супраць жорсткасці сілавікоў.

Ля Камароўскага рынку ў Менску некалькі соцень дзяўчын стаяць у жывым ланцугу з кветкамі. Усе яны выступаюць за мірныя пратэсты ў Беларусі. 12 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Кіраўнік МУС заяўляе, што «прынцыповая пазіцыя – журналістаў не чапаць».

ЦВК заяўляе, што «прававога механізму, каб выбарнікі маглі азнаёміцца з пратаколамі, на сённяшні дзень няма».

Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Да школ людзі нясуць свае дыпломы і граматы і мацуюць да платоў, каб паказаць сваё стаўленне да настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў падліку галасоў.

У Гомлі памірае 25-гадовы Аляксандр Віхор, затрыманы раней на мітынгу.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

З Акрэсціна выпускаюць першых затрыманых: яны распавядаюць, як людзей змяшчаюць па 50 чалавек у камеры на чатыры месцы, выбіваюць зубы, засоўваюць у рот белыя бранзалеты і пагражаюць «навучыць, каго любіць і за каго галасаваць».

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

13 жніўня

У сацсетках з’явілася некалькі публічных заяваў чыноўнікаў аб звальненні.

Акцыя салідарнасці ў Менску, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: КЧ / Белсат

Па ўсёй краіне ўзнікаюць ланцугі салідарнасці. Да жаночага мірнага пратэсту далучыліся лекары, чыгуначнікі, працаўнікі МАЗа, БелАЗа, «Кераміна», МТЗ і шмат якіх іншых.

Міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў заявіў, што бярэ адказнасць на сябе за траўмы выпадковых людзей на пратэстах, якія трапілі «пад раздачу», і прыносіць выбачэнні.

14 жніўня

Пачынаюць выпускаць тых, каго затрымлівалі 9-13 жніўня. Людзі збітыя. Вызваліліся – з блакітна-чорнымі сінякамі па ўсім целе, з пераломамі рэбраў, пальцаў, страсеннем мазгоў.

Тыя, хто выйшаў з СІЗА ў Жодзіна. Валанцёры рыхтуюць перадачкі для тых, хто застаецца ў СІЗА ў Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

У Горадні вызваляюць журналіста hrodna.life Руслана Кулевіча – у яго пераломы абедзвюх рук.

Ля МКАД у ланцуг салідарнасці выстройваюцца айцішнікі.

Ціханоўская заяўляе, што ініцыюе стварэнне Каардынацыйнай рады для трансферу ўлады ў Беларусі.

Валанцёры рыхтуюць перадачкі для тых, хто застаецца ў СІЗА ў Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Работнікі МТЗ пачынаюць страйк ды арганізаванай калонай ідуць да Дому ўрада.

Беларусы збіраюць грошы на медычную дапамогу для пацярпелых падчас мірных дэманстрацыяў, адвакаты паведамляюць, што бясплатна дапамогуць усім затрыманым на апошніх акцыях пратэсту.

15 жніўня

У Менску на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім прыйшлі тысячы людзей.

Развітанне з загінулым Аляксандрам Тарайкоўскім падчас пратэстаў у Менску, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

На заснавальніка канала NEXTA Сцяпана Пуцілу заводзяць крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у арганізацыі масавых закалотаў і навучанні людзей для ўдзелу ў іх.

Праходзіць стыхійны мітынг ля Белтэлерадыёкампаніі.

Пратэст ля будынку Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, Менск. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Супраць былога кіраўніка ПВТ і незарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы ўзбуджаюць крымінальную справу.

16 жніўня

Каля Дому ўрада а 12:00 пачынаецца мітынг у падтрымку Лукашэнкі, удзельнікаў якога прывозяць на аўтобусах з усёй краіны. Лукашэнка выступае перад прысутнымі.

Мітынг у падтрымку дзейнай улады пад Домам Ураду. Лукашэнка кланяецца перад народам. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

А 14:00 пачынаецца самая масавая ў гісторыі Беларусі акцыя пратэсту – збіраюцца, паводле розных ацэнак, ад 200 да 500 тысяч чалавек.

Удзельнікі «Агульнаграмадскага маршу За Свабоду». Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Выходзіць нумар «Комсомольской правды в Беларуси», на вокладцы якога фотаздымкі збітых людзей. Наклад раскупляюць, рэдакцыя выкладае нумар у інтэрнэт бясплатна. Кіёскі, у якіх прадавалася газета, спешна закрываюць.

Удзельнікі «Агульнаграмадскага маршу За Свабоду». Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У Гомлі хаваюць Аляксандра Віхора.

17 жніўня

Лукашэнка прылятае на верталёце на Менскі завод колавых цягачоў. Супрацоўнікі заводу крычаць яму «Сыходзь!», Лукашэнка абяцае правесці выбары пасля прыняцця новай Канстытуцыі.

Звальняюць Паўла Латушку, заяву разам з ім піша ўвесь калектыў Купалаўскага тэатру.

18 жніўня

Еўрапейская рада праводзіць экстранны саміт аб сітуацыі ў Беларусі, прызнае выбары нелегітымнымі.

Марыя Калеснікава звяртаецца да работнікаў Беларуськалія на цэнтральнай плошчы Салігорску. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Дом друку адмаўляецца друкаваць нумар «Камсамолкі» пра найбольш масавы ў гісторыі Беларусі пратэст з-за таго, што нібыта зламаўся друкавальны станок.

29-гадовага дырэктара Ваўкавыскага музею Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісаць пратакол выбарчай камісіі, знаходзяць мёртвым у Нёмне.

Лукашэнка заяўляе, што мэта ініцыяванай Ціханоўскай Каардынацыйнай рады – захоп улады.

Ля МТЗ людзі сустракаюць работнікаў заводу крыкамі «Малайцы!», «Дзякуй!», «Забастоўка». Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

У фонд салідарнасці з незаконна звольненымі сабралі больш за мільён еўраў.

19 жніўня

Генадзь Шутаў, якому стрэлілі ў галаву, памірае ў вайсковым шпіталі ў Менску. СК паведамляе, што патроны былі баявымі.

Мірны пратэст на праспекце Незалежнасці каля будынку МУС. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Праходзіць першае пасяджэнне Каардынацыйнай рады: у Прэзідыуме пісьменніца Святлана Алексіевіч, юрыст Лілія Уласава, рабочы МТЗ Сяргей Дылеўскі, адвакат Максім Знак, палітолаг Вольга Кавалькова, музыка і выкладчыца Марыя Калеснікава, палітык Павел Латушка.

З радыё «Сталіца» звальняецца амаль увесь калектыў на знак пратэсту.

Больш за 200 спартоўцаў падпісваюць адкрыты ліст да ўлады.

АМАП разганяе групы падтрымкі страйкоўцаў побач з МТЗ і Атлантам.

Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Купалаўскі тэатр закрываюць на санапрацоўку: актораў і супрацоўнікаў не пускаюць у памяшканне.

Паводле супрацоўнікаў БТ, да працы на тэлеканале прыцягнулі спецыялістаў з Расеі.

Ужо другі нумар «Камсамолкі» не надрукавалі: зноў зламаўся станок.

Работнікі ААТ «Горадня Азот» бастуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Працоўныя «Беларуськалію» пачалі страйк, на прадпрыемстве стварылі страйкавы камітэт.

20 жніўня

Ініцыятывы «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі» сцвярджаюць, што на кожным трэцім выбарчым участку колькасць бюлетэняў за пэўнага кандыдата не супадае з колькасцю галасоў за яго ж у выніковым пратаколе УВК.

Пракуратура ўзбуджае крымінальную справу і лічыць, што стварэнне Каардынацыйнага рады накіравана на захоп дзяржаўнай улады.

Польшча следам за Літвой збіраецца спрасціць уезд для беларусаў.

Традыцыйны мірны пратэст на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 20 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

На МТЗ прымушаюць падпісваць паперу на імя дырэктара, у якой напісана, што работнікі па-за палітыкай, што яны за стабільную працу заводу. Лідара стачачнага камітэту заводу Сяргея Дылеўскага выклікаюць у Следчы камітэт.

21 жніўня

Лукашэнка заяўляе, што «бліжэйшымі днямі» вырашыць праблему з сітуацыяй у краіне.

Менск, Беларусь. 21 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Адвакат Максім Знак падае ў Вярхоўны суд скаргу Святланы Ціханоўскай аб прызнанні выбараў 9 жніўня несапраўднымі. Да скаргі прыкладаецца 25 папак з доказамі парушэнняў.

У Менску праходзіць акцыя «Ланцуг пакаяння». Людзі расцягнуліся ад Курапатаў да ІЧУ на Акрэсціна праз увесь горад.

Лукашэнка распавядае, што ў Беларусі «хочуць адсекчы Гарадзенскую вобласць».

Ужо ў трэці раз у Доме друку «ламаецца станок» і газета «Комсомольская правда» не выходзіць. Як паведамілі супрацоўнікі «Народнай волі», іх выданне таксама не выйшла ў тыраж.

Людзі ідуць у ланцугу пакаяння ў Менску, які пачынаецца ад ЦІП на Акрэсціна і скончваецца ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1939 гг. адбываліся масавыя растрэлы. Беларусь. 21 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У фонд салідарнасці BYSOL, які збірае грошы на дапамогу тым, хто застаўся без працы з палітычных прычынаў, неабыякавыя людзі пералічылі ўжо больш за $ 1,6 млн. Першыя звольненыя пачынаюць атрымліваць выплаты.

22 жніўня

Марыя Калеснікава на акцыі салідарнасці на праспекце Незалежнасці. Менск, Беларусь. 22 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Лукашэнка выступае на праўладным мітынгу, называе большую частку фатаграфіяў збітых людзей «пастановачнымі кадрамі», заклікае дараваць сілавікам, «нават калі яны дзесьці памыліліся» і даручае закрыць «на замок» страйкоўцаў прадпрыемства. Таксама заяўляе, што яму ўпершыню за 25 гадоў давялося прывесці войска ў поўную баявую гатовасць. І пагражае, што страйкоўцаў-шахцёраў заменяць украінскія.

Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка прызначаюць старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму.

Зніклага пасля пратэстаў 12 жніўня 28-гадовага Мікіту Крыўцова з Маладзечна знаходзяць мёртвым у лесапарку на Парніковай вуліцы ў Менску.

23 жніўня

У Літве выбудоўваецца 50-тысячны ланцуг салідарнасці з беларусамі – ад Вільні да мяжы з Беларуссю.

Ля Палацу Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Стэлу ў Менску ачапілі вайскоўцы і акружылі калючым дротам, на падыходзе да плошчы Дзяржаўнага сцяга і Палаца Незалежнасці стаяць кардоны. Туды прыйшлі калоны дэманстрантаў і прыляцеў Лукашэнка – з верталёта ён выйшаў у бронекамізэльцы і з аўтаматам, побач з ім быў 15-гадовы Мікалай, таксама з аўтаматам і ў бронекамізэльцы.

24 жніўня

Лукашэнка вызваляе ад пасады амбасадара Беларусі ў Славакіі, які падтрымаў пратэстоўцаў.

Міністэрства абароны паведамляе пра тое, як ВПС і Супрацьпаветраная абарона знішчылі на мяжы з Літвой «зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сімволікай пры спробе парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь».

Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Святлану Алексіевіч і Паўла Латушка выклікалі на допыт у Следчы камітэт.

25 жніўня

Прадстаўніку стачкама МТЗ Сяргею Дылеўскаму даюць 10 содняў арышту. Хоць за яго прасіў гендырэктар заводу.

Дом Друку адмаўляецца друкаваць «БелГазету» і «Свабодныя навіны».

Вярхоўны суд адмовіў усім экс-кандыдатам у прэзідэнты ў распачынанні справы па скаргах.

{%ALT_TEXT%}
Удзельнікі мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўскага рынку. 25 жніўня 2020 года. Фото: ДД /  Белсат

Для тых, хто пацярпеў і пазбавіўся працы з-за палітычных рэпрэсіяў, сабралі ўжо больш за $ 1,7 млн.

Лукашэнка заявіў, што ў школах не павінны выкладаць тыя, хто не падзяляе прынцыпаў дзяржаўнай ідэалогіі.

26 жніўня

У Горадні затрымалі 28 работнікаў «Горадня Азоту»: яны калонай ішлі ў цэнтр гораду. Лідар стачкаму «Горадня Азоту» Юрый Рававы з’язджае ў Варшаву.

Беларуская «Камсамолка» і «Народная воля» пачалі друкавацца ў Расеі. Але цяпер іх не бяруць у кіёскі. У КП прыходзіць дзяржкантроль – правяраюць службовыя кампутары адміністрацыі.

З Купалаўскага тэатру звольнілі 58 актораў і супрацоўнікаў.

Мітынг у Жодзіна
Работнік БелАЗу, які прымае ўдзел у акцыі падтрымкі страйцоўцаў. 26 жніўня 2020 года. Фото: Аліса Ганчар / Белсат

Традыцыйная вечаровая акцыя на плошчы Незалежнасці ў Менску заканчваецца затрыманнямі.

27 жніўня

У СК сцвярджаюць, што заяваў аб згвалтаваннях ад збітых пасля акцый пратэсту ў іх няма.

Міністэрства аховы здароўя звальняе дырэктара РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандра Мрочака, раней лекары цэнтру выходзілі на пікеты.

29 жніўня

Уладзімір Пуцін прызнае легітымнасць беларускіх выбараў.

МЗС масава пазбаўляе журналістаў замежных СМІ акрэдытацыі.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Ніна Багінская не дае АМАПу адабраць у яе сцяг. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Следчы камітэт узбуджае крымінальныя справы праз ціск на дэпутацкі корпус.

Вядомага бізнесмена Аляксандра Васілевіча ўзялі пад варту.

30 жніўня

Лукашэнку спаўняецца 66 гадоў. У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту. Колькасць затрыманых перавысіла сотню.

Да 16:00 людзі змаглі прыйсці да Палаца Незалежнасці, дзе спрабавалі дамагчыся перамоваў (пазней да іх выйшаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі, але толькі пасля таго, як на плошчы засталіся некалькі дзясяткаў чалавек, і заявіў: «Ну якая ў вас большасць?»)

22 дзень пратэстаў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Да ачаплення ля Палаца Незалежнасці прыходзіць група з плакатам «Спартоўцы з народам», за ім стаяць плыўчыха Аляксандра Герасіменя і баскетбалістка Алена Леўчанка.

Лукашэнка зноў хадзіў ля Палаца Незалежнасці з аўтаматам у руках.

На Маршы Міра і незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

31 жніўня

Мікалай Лукашэнка забірае дакументы з Ліцэю БДУ, куды ён паступіў летам.

Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь памежнікі. У Чырвоным касцёле нехта памяняў замкі ў дапаможных памяшканнях. Хто – дакладна не вядома.

Лілія Уласава на прэс-канферэнцыі Каардынацыйнай рады. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Vot Tak TV / Белсат

У беларускай «Камсамолкі» новы галоўрэд – з Расеі.

КДК затрымаў чальца Прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілію Уласаву.

ВЕРАСЕНЬ

1 верасня

На трое содняў затрымліваюць журналістаў, якія працавалі на студэнцкай акцыі пратэсту: Машу Эляшэвіч, Святаслава Зоркага і Мікіту Недаверкава з «Комсомольской правды в Беларуси», Надзею Калініну і Аляксея Суднікава з TUT.BY і Андрэя Шаўлюгу з БелаПАНа.

Ля галоўнага корпуса Белдзяржуніверсітэта. Студэнтаў з бела-чырвона-белымі сцягамі не хочуць запускаць у корпус. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

ААН паведаміла аб 450 выпадках катаванняў і 6 зніклых у Беларусі пасля акцыяў пратэсту.

На плошчы Пераменаў у Менску зафарбоўваюць мурал з дыджэямі пераменаў, мясцовыя жыхары змываюць фарбу.

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

2 верасня

Павел Латушка з’язджае з Беларусі ў Польшчу.

У офісе IT-кампаніі PandaDoc праводзяць ператрус, на чацвярых супрацоўнікаў заводзяць крымінальную справу. Сузаснавальнік кампаніі дапамагаў сілавікам, якія звольніліся.

Альпіністы здымаюць бел-чырвона-белыя сцягі з жылых дамоў.

Праходзяць суды над затрыманымі 1 верасня студэнтамі. Некаторым з іх ужо далі ад 5 да 15-ці содняў арышту.

Акцыя салідарнасці з PandaDok у Менску, Беларусь. 2 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Нязгодныя з вынікамі выбараў і абураныя жорсткасцю сілавікоў работнікі ААТ «Мазырскі НПЗ» пішуць калектыўны ліст на адрас кіраўніцтва заводу, у якім патрабуюць іх пачуць і адкрыта абмеркаваць падзеі апошніх тыдняў у краіне. Пад лістом падпісваецца амаль 1200 чалавек.

3 верасня

У Менск прыязджае расейскі прэм’ер-міністр Міхаіл Мішусцін. Лукашэнка распавядае яму пра «перахопленую размову Варшавы і Берліна», а таксама абвінавачвае Польшчу, Чэхію, Літву і Украіну ў кіраванні пратэстамі ў Беларусі.

Акцыя салідарнасці з затрыманымі журналістамі. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Побач з галоўным будынкам МУС сабраліся каля 30 журналістаў беларускіх выданняў, прасілі міністра Юрыя Караева прыняць іх і адказаць на пытанні пра затрыманых калегаў. Міністр не выйшаў.

4 верасня

Журналістаў, якія працавалі на акцыях пратэстаў, суд прызнае вінаватымі і дае па трое содняў арышту. Сведкі былі ў балаклавах і без імёнаў. Журналісты выходзяць з ІЧУ, бо гэтыя тэрміны ўжо адседзелі.

Святлана Ціханоўская выступае перад Радай Бяспекі ААН і просіць арганізацыю дапамагчы Беларусі.

Жаночы марш на праспекце Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 4 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Апублікавалі перахопленую размову Варшавы і Берліна – гутарку вядуць Нік з Берліна і Майк з Варшавы. Смяецца ўвесь інтэрнэт.

5 верасня

Падчас прэс-канферэнцыі ў Польшчы сябар прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова заяўляе, што не планавала з’язджаць з Беларусі. Ноччу яе вывезлі з ІЧУ на Акрэсціна, дзе яна адбывала 15 содняў арышту, і адвезлі на памежны пункт «Брузгі».

6 верасня

Праходзіць «Марш Еднасці» – да Палаца Незалежнасці прыйшло больш за 100 тысяч чалавек. Сілавікі ўжываюць слезацечны газ, затрымліваюць больш за 600 чалавек.

Каб пазбегнуць затрыманняў, людзі скачуць у Свіслач, з ракі іх дастае АСВОД і адвозіць на другі бераг. Усю змену ратавальнікаў вязуць у ізалятар на Акрэсціна. Міністр МУС Юрый Караеў кажа, што больш гуманнай міліцыі няма больш нідзе ў свеце.

Марш Адзінства
Марш еднсці ў Менску. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў разбівае дубінкай шкло ў кавярні O’Petit на Нямізе, каб затрымаць людзей, якія там схаваліся.

Марш Адзінства
Марш еднсці ў Менску. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

7 верасня

Перад кавярняй O’Petit, дзе напярэдадні разбілі шкло, увесь дзень стаіць доўгая чарга з жадаючых купіць каву.

Сябраў сакратарыяту Кардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова вымушаюць з’ехаць за мяжу.

Сябра Кардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву раніцай 7 верасня ў цэнтры Менску саджаюць у мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і вязуць у невядомым накірунку.

8 верасня

Марыя Калеснікава затрыманая і знаходзіцца ў Мазырскім памежатрадзе – на мяжы з Украінай яна парвала пашпарт і засталася ў Беларусі.

Марыя Калеснікава на матчы «Крумкачы»-«Дынама-Менск». Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: МА / Белсат

ФК «Крумкачы» аштрафаваныя на Br 3375 пасля матчу з ФК «Дынама», дзе яны выйшлі ў футболках супраць гвалту.

9 верасня

Затрымліваюць сябра Каардынацыйнай рады Максіма Знака і адваката Калеснікавай Іллю Салея.

Марыя Калеснікава – у СІЗА на вул. Валадарскага. Яна падазраваная ў крымінальнай справе аб «захопе ўлады».

У кватэру Святланы Алексіевіч грукаюць невядомыя – яна запрашае дадому журналістаў і дыпламатаў ЕЗ.

10 верасня

Шахцёр «Беларуськалію» Юрый Корзун на знак пратэсту прыкоўвае сябе кайданкамі да абсталявання і адмаўляецца падымацца на паверхню.

Шахцёр Юрый Корзун, які пачаў адзіночны пікет ў адной з шахтаў «Беларуськалія» і прыкаваў сябе кайданкамі. Салігорск, Беларусь, 10 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

11 верасня

Святлане Ціханоўскай споўнілася 38 гадоў. Менчукі ў дварах віншуюць Святлану: ядуць бел-чырвона-белыя тарты, спяваюць і выкладваюць сэрцайкі са свечак.

Двое жыхароў Віцебску прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швецыі. Ім не адчынілі дзверы, яны пераскочылі праз плот.

12 верасня

Затрымліваюць журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага.

Кацярына Андрэева і Максім Калітоўскі, затрыманыя 12 верасня, выйшлі з ЦіП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Vot Tak TV / Белсат

13 верасня

У Менску праходзіць «Марш герояў» – затрымалі больш за 700 чалавек. У Берасці сілавікі ўжылі вадамёт для разгону мітынгоўцаў.

У менскай кавярні затрымліваюць фатографаў Аляксандра Васюковіча з «Новага часу» і Уладзя Грыдзіна з TUT.BY, ім даюць па 11 содняў.

Марш герояў
АМАП затрымлівае ўдзельнікаў нядзельнага Маршу герояў. 13 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

14 верасня

Лукашэнка ў Сочы сустракаецца з Пуціным і дамаўляецца пра крэдыт на $ 1,5 млрд.

Пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча прызнаюць несапраўдным.

15 верасня

Затрымліваюць жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава, які спрабаваў абараніць мурал з дыджэямі. На яго заводзяць крымінальную справу.

Фатограф Аляксандр Васюковіч з залі суда Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар /Белсат

Украіна не прызнае беларускія выбары.

16 верасня

Унучкі Лукашэнкі Насця і Даша забіраюць дакументы з Ліцэю БДУ.

У МУС паведамляюць, што распачата 43 крымінальныя справы за пагрозы супрацоўнікам міліцыі. Інфармацыю аб згвалтаваннях з боку супрацоўнікаў міліцыі падчас пратэстных акцыяў у ведамстве называюць фэйкам.

На праспекце Незалежнасці ў Менску праходзіць праўладнае шэсце з чырвона-зялёнымі сцягамі і абразамі.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Удзельнікі мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўскага рынку. 25 жніўня 2020 года. Фото: ДД / Белсат

17 верасня

Незалежныя беларускія СМІ выходзяць без фотаздымкаў на знак салідарнасці з затрыманымі фатографамі.

На «Менск-Арэне» прайшоў канцэрт для жанчын, на якім Лукашэнка расказаў аб закрыцці межаў з захадам.

Аляксандр Лукашэнка падчас выступу на жаночым форуме ў Менску, 17 верасня 2020 году.
Фота: president.gov.by

З Акадэміі навук сыходзіць кіраўнік Інстытуту сацыялогіі Генадзь Коршунаў. Гэта ён прызнаваў, што вясной узровень даверу Лукашэнкі ў Менску быў 24%.

Гомельскаму журналісту Яўгену Меркісу даюць 15 сутак.

Менчукі прыдумляюць бел-чырвона-белыя сцягі сваіх раёнаў.

18 верасня

МУС рассылае SMS з просьбай паведамляць у міліцыю пра незарэгістраваную сімволіку.

20 верасня

На нядзельны «Марш справядлівасці» ва ўсёй краіне выходзіць больш за 100 тысяч чалавек – затрымалі не менш за 230 чалавек.

Марш справядлівасці
Марш справядлівасці ў Менску. 20 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Міліцыя ў Берасці распыляе слезацечны газ, а потым робіць папераджальны стрэл у паветра.

У Горадні амапаўцы цягнуць у аўтазак відавочна цяжарную жанчыну, якая крычыць пра гэта. У гэтым жа горадзе затрымліваюць актораў. Іх калегі, даведаўшыся пра гэта, адмовіліся дайграваць спектакль.

Марш справядлівасці
Менск і менчукі падчас Маршу справядлівасці 20 верасня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

21 верасня

Алег Кудзелка – яшчэ адзін работнік «Беларуськалію», які адмаўляецца выходзіць з шахты ў знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне і на прадпрыемстве.

22 верасня

Кавалак тканіны з надпісам «Гэта не сцяг» знялі з пад’ёмнікам з балкону ў Менску.

23 верасня

Праводзіцца ператрус у кватэры галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча.

У Палацы Незалежнасці праходзіць таемная інаўгурацыя Лукашэнкі. Адразу пасля яе ў Менску пачынаюцца стыхійныя акцыі пратэсту – затрымліваюць 360 чалавек. Адзін з пратэстоўцаў эфектна, як у кіно, з’язджае ад сілавікоў на таксі.

Людзі выйшлі на акцыю пратэсту пасля таго, як Лукашэнка правёў тайную інагурацыю. Сілавікі пачалі затрыманні. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

24 верасня

Сын міністра замежных справаў Уладзіміра Макея звальняецца з МЗС.

Затрымліваюць адваката Марыі Калеснікавай Людмілу Казак.

25 верасня

Лукашэнка папярэджвае, што беларускім студэнтам, якія навучаюцца ў Польшчы, прыйдзецца пацвярджаць дыпломы ў Беларусі.

У гімназію №2 Горадні прыязджае міліцыя і раздае дзецям дручкі і шлемы.

28 верасня

Суд прызнае галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча вінаватым і прысуджае штраф у Br 405.

Нядзельнае шэсце
«Народная інагурацыя» Ціханоўскай у Менску. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Нобелеўскі лаўрэат і сябар прэзідыума Каардынацыйнай рады Святлана Алексіевіч ляціць у Нямеччыну.

29 верасня

Святлана Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Францыі Эманюэлям Макронам.

Міністэрства інфармацыі на тры месяцы пазбаўляе TUT.BY статусу СМІ.

Вялікая Брытанія і Канада ўводзяць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго сына Віктара і сілавікоў.

30 верасня

Баскетбалістцы Алене Леўчанцы даюць 15 содняў за ўдзел у маршах пратэсту.

Зніклы напярэдадні блогер Эдуард Пальчыс знайшоўся на Акрэсціна.

Ніна Багінская прыйшла на жаночы марш. Менск, Беларусь. 12 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Італьянскі Vogue публікуе фота Ніны Багінскай.

КАСТРЫЧНІК

1 кастрычніка

МУС рассылае SMS: «Вы ўстаноўленыя як парушальнік парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Аўтары паведамлення просяць «не дапускаць памылак».

2 кастрычніка

Уводзяць новы парадак акрэдытацыі замежных журналістаў.

МУС пагражае адміністрацыйнай адказнасцю бацькам, якія прыходзяць з дзецьмі на акцыі пратэсту.

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 года.
Фота: ТК / Vot Tak TV / Белсат

У Ваўкавыску падпалілі дом і машыну міліцыянта.

Еўразвяз уводзіць санкцыі ў дачыненні да 40 афіцыйных асобаў Беларусі. МЗС Беларусі адклікае амбасадараў «для кансультацый» і патрабуе ў амбасадаў Польшчы і Літвы скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі.

Кветкавы марш
Кветкавы марш жанчынаў у Менску. Акцыя адрозніваецца ад папярэдніх традыцыйных суботніх шэсцяў тым, што ейныя ўдзельніцы не ходзяць вялікай калонай, а размеркаваліся паміж ЦУМам і ГУМам невялікімі групамі. 3 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

БТ падпісвае Літву ў сюжэце «былой савецкай рэспублікай Літвой», Польшчу – «былой Польскай Народнай Рэспублікай».

Намеснік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч кажа ў эфіры БТ, што згвалтаванні мужчын не пацвердзіліся, таму што паводле заканадаўства гэта немагчыма.

3 кастрычніка

У больніцы памірае 41-гадовы Дзяніс Кузняцоў. Яго прывезлі з Акрэсціна з праламаным чэрапам. Паводле сілавікоў, было «падзенне з другога яруса нараў».

У Гомлі абшукваюць кватэру і затрымліваюць галоўнага рэдактара партала «Сильные новости» Ганну Якштас і яе мужа.

4 кастрычніка

Марш вызвалення палітвязняў – дзясяткі тысяч беларусаў зноў выходзяць на вуліцы. Затрымалі каля 200 чалавек, а сілавікам зламалі вадамёт.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

У Горадні распыляюць у твар 13-гадовай дзяўчынцы слезацечны газ і зацягваюць яе ў аўтазак.

5 кастрычніка

Ля Чырвонага касцёла ў Менску на марш збіраюцца пенсіянеры: ідуць па праспекце, падыходзяць да МДЛУ, каб падтрымаць студэнтаў-пратэстоўцаў.

На 19 чалавек заводзяць крымінальныя справы за распаўсюджванне ў інтэрнэце дадзеных пра супрацоўнікаў міліцыі. Сярод фігурантаў ёсць жанчына-паштальён.

Затрымліваюць і асуджаюць 27-гадовага Мікіту Ігнацюка. Ён сфатаграфаваўся ў нядзелю з гідрантам, які ўдзельнікі акцыі пратэсту выцягнулі з вадамёта.

6 кастрычніка

Святлана Ціханоўская сустракаецца ў Берліне з Ангелай Меркель і дорыць ёй бел-чырвона-белы парасон і кнігу.

Пракуратура адмаўляецца даць справаздачу аб расследаванні катаванняў у ЦІП і ІЧУ.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Спартсменку 2019 года ў Беларусі, чэмпіёнку свету па фрыстайле Аляксандру Раманоўскую звальняюць за прагулы. Раней яна адкрыта крытыкавала гвалт.

На Акрэсціна мяняюць правілы: цяпер перадачы зняволеным можна перадаваць не кожны дзень, а толькі па чацвяргах.

7 кастрычніка

Літва блакуе выдзяленне сродкаў Беларусі ў рамках праграмы ЕЗ.

Ціханоўская выступае перад дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Францыі.

Сын мэра Віцебску праводзіць 13 содняў у ЦІП на Акрэсціна і ІЧУ ў Жодзіне.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

У Менску з абразамі, распяццем і гваздзікамі праходзіць праўладнае шэсце.

8 кастрычніка

Палітык Анатоль Лябедзька затрыманы, яму даюць 15 содняў арышту.

Візавыя цэнтры Літвы і Польшчы ў Беларусі часова перастаюць прымаць дакументы на візы.

10 кастрычніка

Лукашэнка прыязджае ў СІЗА КДБ і праводзіць круглы стол з банкірам Віктарам Бабарыкам, яго сынам Эдуардам, блогерам Сяргеем Ціханоўскім, Максімам Знакам і іншымі палітвязнямі.

Сяргей Ціханоўскі ўпершыню за 134 дні тэлефануе жонцы.

Жаночы марш салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве. 10 кастрычніка 2020 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

У Менску застаюцца паслы толькі дзвюх краін ЕЗ – Аўстрыі і Італіі.

У Менску праходзіць Глабальны жаночы марш, яго ўдзельніцы гуляюць па горадзе з кветкамі.

11 кастрычніка

Праходзіць Марш гонару, на якім затрымліваюць больш за 40 журналістаў і каля 700 удзельнікаў.

Бізнесмен Юрый Васкрасенскі і дырэктар IT-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч выходзяць на волю. Яны былі на круглым стале з Лукашэнкам.

12 кастрычніка

У Менску і рэгіёнах праходзяць маршы пенсіянераў. Пратэстоўцаў частуюць піражкамі. МУС ужывае святлошумавыя патроны і слезацечны газ.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

У МУС лічаць, што пратэсты сталі больш радыкальнымі, заявілі аб гатоўнасці прымяніць баявую зброю.

13 кастрычніка

Лідар стачкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі з’язджае ў Варшаву, баючыся за сваю бяспеку.

Жорстка затрымліваюць аднаго з уладальнікаў кветкавага магазіна «Первый цветной» Максіма Харошына. Мужчына моцна збіты – з РУУС яго вязе хуткая.

Вызваляюць яшчэ двух фігурантаў справы PandaDoc.

14 кастрычніка

Трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя пераязджае ў Вільню і ўзначальвае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў з’язджае ва Украіну.

Праходзіць Марш маці.

Марш матуляў у Менску. 14 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

У краму «Первый цветочный» увесь дзень стаіць чарга.

Два амапаўцы ў балаклавах і са змененымі галасамі заяўляюць на тэлеканале СТВ, што не сыдуць з беларускіх вуліц.

Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін забараняе спяваць «Магутны Божа».

15 кастрычніка

Адваката Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку пазбаўляюць ліцэнзіі.

Майстар-выбухнік «Беларуськалію» Аляксандр Курбан пасля начной змены адмаўляецца падымацца з шахты.

У Менску праходзіць марш людзей з інваліднасцю.

Марш людзей з абмежаванай мабільнасцю. Менск, Беларусь. 15 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

16 кастрычніка

У Менску пратэстоўцы з раніцы блакуюць кальцавую дарогу.

Начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў кажа, што да пратэстоўцаў будзе «гуманна ўжытая зброя, у тым ліку і агнястрэльная».

У Горадні асуджаюць дырэктара дзіцячага госпісу Вольгу Вялічку – яе затрымалі напярэдадні на дабрачыннай сустрэчы.

17 кастрычніка

На жаночым маршы і студэнцкай акцыі затрымліваюць журналістаў: Дар’я Спевак атрымлівае 13 содняў, Вадзім Заміроўскі, Усевалад Зарубін і Арцём Маёраў – па 15.

Жаночы марш у Менску. 17 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Адваката Іллю Салея адпускаюць дадому з СІЗА.

18 кастрычніка

Праходзіць маштабны «Партызанскі марш» – затрымліваюць 280 чалавек. У Менску страляюць (ГУУС кажа, што ў паветра, але на відэа выглядае інакш).

Кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў заяўляе, што на вуліцы засталіся толькі «вулічныя бандыты, найбольш радыкальная частка, падсілкавалі іх грашыма, дзесьці наркотыкамі і алкаголем».

Партызанскі марш у Менску, 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Нарвежскі дэпутат вылучае на Нобелеўскую прэмію міру Ціханоўскую, Калеснікаву і Цапкалу.

Уладальнік кветкавай крамы Максім Харошын з’язджае з Беларусі на рэабілітацыю.

19 кастрычніка

Вызваленыя паліттэхнолаг Віталь Шкляраў і член прэзідыума КР Лілія Уласава. Яны былі сярод удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

У Менску прайшло два шэсці пенсіянераў – адно праўладнае, а другое пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

20 кастрычніка

Лагатып і публікацыі Telegram-каналу NEXTA і NEXTA-Live прызнаюцца экстрэмісцкімі.

Лукашэнка называе 73-гадовую актывістку Ніну Багінскую перакананым чалавекам і кажа «не забіраць яе з плошчаў.

Марш мудрасці. Менск, Беларусь. 19 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

53-гадовую жанчыну з Нясвіжа вязуць у РАУС з-за бел-чырвона-белага касцюмчыка яе сабачкі.

21 кастрычніка

Хлопцу, які сфатаграфаваўся з дэталлю ад вадамёту, за пару гадзінаў збіраюць Br 20 тысяч на адваката.

На два месяцы падаўжаюць тэрмін зняволення Паўлу Севярынцу. Спіс палітвязняў у Беларусі павялічваецца да 102 чалавек.

22 кастрычніка

У Пінску суддзя пасля выбараў адмаўляецца ад справаў па арт. 23.34 КаАП і звальняецца.

У Гарадзенскім дзіцячым госпісе праходзіць ператрус.

Прэмія Сахарава за 2020 год у галіне правоў чалавека прысуджаная беларускай апазіцыі.

Ціханоўская Калеснікава Цапкала
Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.
Фота: Белсат

23 кастрычніка

Лукашэнка заяўляе, што праўладны мітынг на 300 тысяч чалавек не адбудзецца праз тое, што было занадта шмат жадаючых у ім паўдзельнічаць.

У Добрушы затрымліваюць адміністратара Telegram-каналу «Данные карателей Беларуси» – яму 15 гадоў.

25 кастрычніка

Праходзіць марш «Народны Ультыматум». Да вечара мірных пратэстоўцаў разганяюць святлошумавымі гранатамі. Сілавікі бегаюць па дварах і пад’ездах у раёне вуліцы Арлоўская. АМАП урываецца ў прыватную кватэру, каб схапіць людзей, якія там схаваліся. На маршы затрымана больш за 500 чалавек.

Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

26 кастрычніка

Пачынаецца агульнанацыянальная забастоўка – удзельнічаюць «Горадня Азот» «Беларуськалій«, МТЗ «Атлант» і іншыя. Работнікаў «Беларусьнафты», якія выйшлі на страйк, звальняюць.

У Менску праходзіць аб’яднаны марш студэнтаў і пенсіянераў.

Ініцыятыва BY_help выдаткавала на дапамогу пацярпелым пасля выбараў больш за $ 1,1 млн.

Марш пенсіянераў, лекараў і студэнтаў. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўска / Белсат

27 кастрычніка

Лукашэнка кажа пра разгон на Арлоўскай: «Гэта быў мой загад, прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў».

Паводле артыкулаў аб масавых беспарадках распачалі 500 крымінальных справаў. Па заявах збітых міліцыяй – ні аднаго.

Абвяшчаюць пра страйк 35 супрацоўнікаў БДУІР, выкладчыкі і студэнты Інстытуту замежных моваў, Лукашэнка заклікае іх рэпрэсаваць.

28 кастрычніка

Марш пенсіянераў, лекараў і студэнтаў. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўска / Vot Tak TV /  Белсат

З заводаў пачынаюць звальняць работнікаў, якія ўдзельнічалі ў страйку.

У будынак ДАІ ў Мазыры кідаюць кактэйль Молатава.

29 кастрычніка

Юрыя Караева адпраўляюць у адстаўку, замест яго міністрам МУС становіцца Іван Кубракоў. Экс-кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка робяць памочнікам прэзідэнта па Берасцейскай вобласці, Караева – па Гарадзенскай.

Лукашэнка прапануе прыцягнуць былых вайскоўцаў у народныя дружыны і даць ім зброю.

Лукашэнка патрабуе прыняць меры аб непрызнанні атрыманых за мяжой дыпломаў.

Беларусь закрывае межы з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай.

Закрываюць кафэ і рэстараны, якія ўдзельнічалі ў забастоўцы. Масава звальняюць выкладчыкаў ВНУ і адлічваюць студэнтаў.

30 кастрычніка

Лукашэнка называе Латушку «лахушкай» і распавядае пра «раздрай» у апазіцыі.

На акцыю салідарнасці выйшлі студэнты і выкладчыкі БНТУ. Менск, Беларусь. 30 кастрычніка 2020 года. Фота ТК / Белсат

Адлічваюць 20 студэнтаў медуніверсітэту, іх падтрымліваюць аднагрупнікі, выкладчыкі і лекары.

31 кастрычніка

У краіну не могуць уехаць беларусы, якія вучацца за мяжой.

Збіраюцца зрабіць больш жорсткім пакаранне за ўдзел у акцыях і «незаконнае выкарыстанне сцягоў»: штраф – да 200 базавых (Br 5400), арышт – да 30 содняў.

У Жодзіна судзілі 75-гадовую жанчыну па фота з бела-чырвонай пасцілой – «выказвала пратэст зяфіркай».

ЛІСТАПАД

1 лістапада

Праходзіць чарговы нядзельны марш пратэсту. Дэманстрантаў разганялі асабліва жорстка: супраць пратэстоўцаў выкарыстоўвалі святлошумавыя гранаты, людзей адлоўлівалі па дварах, а на полі побач з Курапацкім лесам сілавікі «зладзілі сафары» – пераследавалі дэманстрантаў на аўтамабілях. Больш за 310 затрыманых.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

2 лістапада

Пасля нядзельнага маршу следчыя распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – падазраюць 231 затрыманага напярэдадні.

Выкладчыкі медычнага ўніверсітэту збіраюць подпісы ў падтрымку адлічаных студэнтаў.

Марш пенсіянераў у Менску. 2 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

3 лістапада

Бацькі студэнтаў-платнікаў БДУІР рыхтуюць зварот да рэктара з патрабаваннем спыніць пераслед студэнтаў за іншадумства, а таксама спыніць звальненне выкладчыкаў. Інакш адмовяцца плаціць за вучобу.

Выкладчыкі МДЛУ падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктара ВНУ з просьбай аднавіць адлічаных студэнтаў і вярнуць на працу звольненых калегаў.

У Менску праходзіць акцыя салідарнасці побач з НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі – у руках у людзей плакаты «Вызваліце нашых лекараў» і «Чаму лекары на Акрэсціна?»

4 лістапада

Адпраўляюць на содні лекараў, якія былі затрыманыя на акцыі салідарнасці са студэнтамі, адлічанымі з медуніверсітэту.

5 лістапада

Лукашэнка заяўляе, што аддаў распараджэнне камандуючаму памежнымі войскамі не пускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых «разумных» беларусаў, якія выехалі за межы нашай краіны ў гэты няпросты час.

Марш людзей з інваліднасцю ў Менску. 5 лістапада 2020 года.
Фота: чытачы / Белсат

У кватэры, дзе жыве Ніна Багінская, праходзіць ператрус.

6 лістапада

Еўразвяз уводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі і яшчэ 14 чыноўнікаў.

На работнікаў БМЗ заводзяць крымінальную справу з-за забастоўкі і выстаўляюць ім рахунак за прыпынак печаў.

У медуніверсітэце сталі аднаўляць «адлічаных» студэнтаў.

У Менску адкрылі трэцюю лінію метро, Лукашэнка паабяцаў правесці новыя выбары.

7 лістапада

АБСЕ заклікае ўлады Беларусі правесці новыя выбары прэзідэнта. МЗС Беларусі не згодны.

Лукашэнка ўрачыста адкрывае БелАЭС.

Фота: belaes.by

На акцыі лекараў каля 1-й больніцы ў Менску затрымана амаль 60 чалавек.

Затрымалі журналістку «Нашай Нівы» Кацярыну Карпіцкую – ёй далі 15 содняў.

Пасля дваровых канцэртаў затрымліваюць гурт «Рэха» і музыку Паўла Аракеляна.

8 лістапада

У Менску людзям не даюць сабрацца ў вялікую калону на штотыднёвы марш. Удзельнікі невялікімі групамі гуляюць па горадзе. Колькасць затрыманых перавысіла 1000 чалавек. Шмат збітых.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

9 лістапада

Зміцер Дашкевіч выходзіць на волю пасля 15 содняў арышту і заяўляе пра катаванні на Акрэсціна.

Першы блок Беларускай АЭС перастае выпрацоўваць магутнасць – выйшлі з ладу трансфарматары напружання.

Паміж дамамі ў Менску вешаюць трохметровыя бел-чырвона-белыя трусы.

10 лістапада

Праваахоўныя органы блакуюць рахункі беларусаў, якія атрымлівалі кампенсацыі ад ініцыятывы BY_help.

Лукашэнка пагражае ліквідацыяй тым прыватным кампаніям, у якіх да канца года не з’явяцца прафсаюзы.

11 лістапада

У Купалаўскім тэатры набіраюць новую трупу – на праслухоўванні выклікалі студэнтаў.

Міністр культуры Беларусі Ю. Бондар заявіў аб законным звальненні дырэктару тэатра Латушка і з’ехаў. Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Праваабаронцы паведамляюць, што на прыхільнікаў пераменаў у Беларусі завялі ўжо 900 крымінальных справаў.

Увечары невядомыя ў масках прыязджаюць здымаць бел-чырвона-белыя стужачкі на плошчы Пераменаў, пачынаецца бойка. Апошняе паведамленне, якое 31-гадовы Раман Бандарэнка піша ў дваровым чаце: «Я выходжу!» Яго збілі, завялі ў мікрааўтобус і павезлі ў Цэнтральнае РУУС. Праз паўтары гадзіны хлопца прывезлі ў больніцу з ацёкам мозгу.

12 лістапада

У прадстаўніка Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Аланы Гебрэмарыям праходзіць ператрус. Сілавікі прыходзяць яшчэ да некалькіх актывістаў.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі.
Фота: ЕА / Белсат
Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі.
Фота: ЕА / Белсат

Памірае Раман Бандарэнка.

13 лістапада

Людзі становяцца ў ланцугі салідарнасці, ладзяць мемарыялы памяці Рамана Бандарэнкі.

На наступны дзень пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Следчы камітэт прыпыняе праверку па справе Аляксандра Тарайкоўскага. Крымінальная справа да гэтага часу не ўзбуджаная, хоць ёсць сведка гібелі мужчыны.

Плошча Переменаў пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Мужчына памёр напярэдадні вечарам у больніцы пасля брутальнага затрымання і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

АМАП прыходзіць у рэдакцыю «Народнай волі» – канфіскоўваюць наклад свежага нумара газеты.

14 лістапада

Акадэміку Аляксандру Мрочаку падпальваюць дачу – на месцы пакінулі ляльку з акрываўленымі вачыма і цыдулку з пагрозамі.

Жалобная варта на плошчы Пераменаў стаіць суткі – людзі ўвесь дзень прыходзяць у двор на Чарвякова з лампадкамі і кветкамі.

Плошча Пераменаў. 13 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Мужчына ў шэрай вопратцы, які напаў на Рамана Бандарэнку на плошчы Пераменаў, аказваецца вельмі падобны на вядомага спартоўца, чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту.

Фонд салідарнасці BYSOL пасля блакавання рахункаў запускае яшчэ адзін праект.

Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне (беларуская апазіцыя) сцвярджае, што мае копію ўнутранай справаздачы МУС. Згодна з дакументам, з 9 жніўня па 3 лістапада ў краіне былі затрыманыя 25 800 чалавек за «парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і ўчыненне іншых правапарушэнняў пры іх правядзенні». Складзена больш за 24 тысячы адміністрацыйных пратаколаў. Пададзена 4000 заяў аб гвалце з боку супрацоўнікаў сілавых структур.

15 лістапада

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Праходзіць марш памяці Рамана Бандарэнка «Я выходжу». На плошчы Пераменаў сілавікі ладзяць зачыстку. Затрыманыя больш за 1000 чалавек па ўсёй краіне.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат
Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат
Стужка навінаў