Дзень пасля выбараў. ОНЛАЙН на «Белсаце»

Адмысловы паслявыбарчы эфір працягваецца 10 жніўня.

Распавядаем пра тое, што адбываецца на вуліцах беларускіх гарадоў, падводзім вынікі ды абмяркоўваем сутыкненні 9 жніўня. Глядзіце нас праз у сацыяльных сетках, на YouTube або праз спадарожнік «Аstra 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»). Таксама нас можна чытаць па новым адрэсе beltv.info.

Барыкады побач з універсамам «Рыга». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

02:56 Барыкады ў раёне станцыі метро “Пушкінская”.



02:55 Паведамляюць, што на Пушкінскай як мінімум 14 цяжка параненых, патрабуюцца медыкі.

02:45 Чытач паведамляе: Проста пад маімі вокнамі (Я. Коласа, 39) – сур’ёзны замес. Нейкі чалавек прыехаў на аўто «Ніва». Былі чутны нейкія хлапкі ў бок міліцэйскай машыны, якая праехалі міма. З яе адразу выскачылі 2 «касманаўты», і падбеглі да стралка, пачалі вязаць. Літаральна праз паўхвіліны падʼехаў сіні бусік, адкуль выскачылі 4-5 «касманаўтаў», і пачалі збіваць затрыманага дубінкамі ды нагамі. Каля хвіліны білі, потым пачалі крычаць людзі з вокнаў.

Фота даслалі Belsat.eu

Прыехала машына міліцыі з бліскаўкамі (са звычайнымі міліцыянтамі). Стралка перасталі мясіць, пацягнулі да «Нівы», каб ён нешта паказаў. Праз 10 хвілінаў прыехала хуткая пасля гучных стогнаў. Яго адкачваюць, ён, здаецца, губляе прытомнасць. За «Нівай» прыехаў эвакуатар.

Фота даслалі Belsat.eu

02:40 АМАП ідзе ў бок Каменнай Горкі.

02:37 У 02:13 сілавікі зачысцілі Сурганава, вуліцу патрулююць міліцыянты ў цывільным, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

02:35 Бацькі паехалі ў РАУС за няпоўнагадовым сынам і былі таксама затрыманыя. Вядомы дзіцячы доктар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка і яго жонка маркетолаг і бізнес-аналітык Крысціна Вітушка ўвечары 10 жніўня знаходзіліся каля Цэнтральнага РАУС Мінска. Яны прыйшлі туды за сынам Міронам. Напярэдадні 16-гадовы Мірон разам з сябрамі гуляў непадалёк ад кватэры сваёй бабулі на вуліцы Чарвякова, але кампанія беларускамоўных школьнікаў чымсьці прыцягнула ўвагу міліцыі. У выніку некалькі дзяцей былі затрыманыя.

Бацькі паехалі ў РАУС за непоўнагадовым сынам і былі таксама затрыманыяВядомы дзіцячы доктар-рэаніматолаг Andrej…

Opublikowany przez Jurę Siduna Poniedziałek, 10 sierpnia 2020

02:25 У тэлеграм-каналах паведамляюць, што ўвесь склад Берасця сцягваецца ў Менск. Вайскоўцы, міліцыя, АМАП, ДАІ едуць па М1 у бок Менску.

02:20 Максім Швед, рэжысёр дакументаліст, аўтар зразумелага фільма «Чыстае мастацтва» затрыманы на Кальварыйскай. Ён знаходзіцца на Акрэсціна.

02:13 Каля БТ зараз. Даслалі чытачы Belsat.eu.

Фота даслалі чытачы Belsat.eu

02:07 Затрымалі галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Ягора Марціновіча. Паведамляе “НН”.

01:40 Усё Прытыцкага зачысцілі. Тры бусы заехалі на Альшэўскага. Стрэльба. Крычаць «фашысты». Хапун. Для чагосьці пражэктарам свецяць па дамах. Выбухі на Пушкінскай працягваюцца. Страляюць наўпрост па дварах. Падобна на выбуховыя пакеты. Паведамляе Тэлеграм-канал «Матолька, дапамажы».

01:37 Менск. Карэспандэнт «Еўрарадыё» распавядае, што беларусы свядома пакінулі свае машыны на дарозе, каб утварыць барыкады. АМАПаўцы хацелі адштурхаць адно пустое аўто на абочыну, але не атрымалася, бо яно стаяла на ручніку.

01:35 На Пушкінскай яшчэ трывае. Людзі скандуюць «Ганьба!».

Менск. Станцыя метро «Пушкінская». Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

01:32 Зноўку зачысцілі Рыгу. Ужывалі вадамёты і светашумавыя гранаты. Аўтазак разбіў барыкады. ВІДЭА.

Вадамёты побач з універсамам «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu
Побач з універсамам «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

01:30 Менск. Усе працягваецца каля метро «Спартыўная». Пратэстоўцы вярнуліся, праезную частку перакрылі машыны. АМАП страляе па машынах, каб ачысціць яе, перадае «Еўрарадыё».

01:20 Менск: снарад са слезацечным газам трапіў у жылы дом на Пушкінскай, пратэсты працягваюцца, інфармуе радыё «Свабода».

01:10 Менск. На станцыі метро «Спартыўная» ўсё працягваецца. Пратэстоўцы вярнуліся, аўтамабілі заблакавалі праезную частку. АМАП страляе па машынах, каб яе расчысціць, паведамляе «Еўрарадыё».

01:03 На Дзяржынскага каля статуі «зубра» (Дзяржынскага, 115) спрабуюць будаваць барыкады. Побач чутны выбухі. Кажуць, АМАП рушыцца ў гэты раён для зачысткі.

00:59 На Сурганава няма сілавікоў, машыны актыўна сігналяць. Наўпрост цяпер са смеццевых бакаў плануюць аднаўляць барыкады. На зямлі каля ГЦ «Рыгу» шмат бітага шкла. Як кажуць відавочцы, падчас сутычак з АМАПам была пабітая машына.

00:56 Калі Рыгі зноў сабраліся дэманстранты, зноў будуюць барыкады, паляць шыны. Паведамляе НН.

00:53 У Тэлеграм-каналах абвяргаюць інфармацыю, што на вуліцах Менску былі расейскія сілавікі.

00:49 Паведамляе карэспандэнт «Белсату»: на скрыжаванні Сурганава і Коласа людзі з нацыянальнымі сцягамі, міліцыі няма. Атмасфера свята.

00:43 На «Рызе» будуюць новыя барыкады.

00:20 Барыкады каля ГЦ «Рыга» зачысцілі.

00:10 Прыватны аўтамабіль збіў АМАПаўца, ён праехаў некалькі метраў на капоце. Хутчэй за ўсё, гэта Менск.

00:00 Толькі што ў бок Кастрычніцкай з Якуба Коласа праехала калона вайсковай тэхнікі. Некалькі крыніцаў паведамляюць, што ў Менск сцягваюць дэсантнікаў. Калы «Рыгі» сілавікі ўжываюць слезацечны газ. Пратэстоўцы перакрылі машынамі Якуба Коласа, прапускаюць толькі брыгады скорай.

23:50 Журналісты «Нашай Нівы» з месца падзеі перадаюць, што ў гэты час дэманстрантаў на Пушкінскай масіравана абстрэльвалі. Ішла сапраўдная кананада. Журналісты назіралі гэта як з гатэля «Арбіта», так і з боку Кальварыі. Афіцыйна пацверджана смерць адной асобы.

23:45 Паведамляюць пра цяжка параненых. Аднаму з пратэстоўцаў разарвала руку.

23:40 На Рызе пачаўся сілавы разгон. Ад Кастрычніцкай да Перамогі горад цалкам пусты. Рух перакрыты, людзей няма. На пл. Якуба Коласа чуваць шматлікія выбухі. Цэнтр Менску перакрыты па перыметры. Машыны не прапускаюць, пешаходаў – пакуль так. З боку ўезду ў горад (Уручча 5) 5 грузавікоў з жаўнерамі.

23:20 Каля ТЦ «Рыга» будуюць барыкады. БТРы едуць па вуліцы Бангалор.

Барыкады побач з універсамам «Рыга». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

На «Каменнай горцы» стаяць УАЗiкi, сiгналяць машыны.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

23:15 У Бабруйску журналіста Алеся Чыгіра затрымалі, збілі. Жонку Дануту Чыгір затрымалі на працоўным месцы ў аптэцы. Таццяну Белашову і Алену Дубовік затрымалі каля Цэнтральнага РУУСу, шукалі Віталя Дубіка, кудысьці вязуць. Фрылансерку фатографку Таццяну Капітонаву кантузіла. Байцы Альфы занялі скрыжаванне праспекта Пушкіна і Прытыцкага ў Менску – кола. Яны трымаюць у руках траўматычную зброю, паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы» з месца падзей.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Вакол іх па коле плошчы – дэманстранты. Асобныя дэманстранты кідаюць камяні. Праспект Пушкіна – моцная канцэнтрацыя газу, немагчыма дыхаць. Спецназ займае абарону каля МЗС, Савету Рэспублікі. Адміністратыўныя будынкі абнесеныя калючым дротам.

22:58 Незалежныя журналісты паведамляюць пра тое, што сілавікі атакавалі плошчу Прытыцкага. Ёсць параненыя.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

22:50 Каля саўны «Танэль» на вугле дома Пушкіна, 26 слезацечны газ. АМАП наступае, людзі разбягаюцца. Зноў света-шумавыя гранаты.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

22:46 Нягледзячы на абстрэл светлавымі і шумавымі гранатамі, велізарная плынь людзей рухаецца з цэнтра Менску ў бок станцыі метро «Пушкінская», інфармуе «Наша Ніва» ў Тэлеграме.

22:43 У Лідзе затрыманні пратэстоўцаў. На метро «Спартыўная» АМАП, там скандуюць «Ганьба», сігналяць машыны.

22:39 У Берасці пратэстоўцы паведамляюць пра траўмы ад шумавых гранат. Аскепак трапіў у журналіста Tut.by, падае праваабарончы цэнтр «Вясна».

22:38 Ад Пушкінскай людзей адцісняюць у бок метро «Спартыўная». Чуваць гукі стрэлаў і выбухаў. Людзі хаваюцца ў дварах.

Пушкінскай гарэў фаер. Фота: Belast.eu

22.32 У Бабруйску міліцыя перакрыла цэнтральную плошчу Леніна.

22:30 АМАП страляе светашумавымі-ганатамі ў людзей на Пушкінскай. Ёсць паведамленні, што на Пушкінскага і Прытыцкага пратэстоўцы кідаюць штосьці падобнае да кактэйляў Молатава ў бок сілавікоў.

Каля ўніверсаму «Рыга» ў Менску пачалася зачыстка. Пайшлі ў ход гумавыя кулі, дручкі і святлошумавыя гранаты. Людзі скандуюць, што сілавікі – здраднікі свайго народа. Прыбыло ўзмацненне – некалькі аўтазакаў з «касманаўтамі», перадае карэспандэнт «Белсату».

Каля кансерваторыі на падыходах да Адміністрацыі прэзідэнта ў Менску ў шэсць шэрагаў стаяць амапаўцы, інфармуе карэспандэнт «Белсату».

22:28 Каля Палацу спорту людзі сталі ў счэпку.

22:26 У Бабруйску зараз разгон мірных грамадзянаў. Мацюкаюцца, збіваюць жанчын, мужчынаў.

22:24 Каля метро «Пушкінская» тысячы людзей. Вуліца Пушкіна перакрытая, людзі паставілі свае аўты, выцягнулі клумбы на дарогу. Усе сігналяць, шмат сцягоў, скандуюць «Верым. Можам. Пераможам».

22:23 У Бабруйску затрымліваюць на плошчы Леніна, перадае наш карэспандэнт.

22:20 «Толькі што з цэнтру выехалі два грузавіка з «касманаўтамі» (АМАП у амуніцыі) на Кашавога/Партызанскі», – паведамляе відавочца.

Няміга да зачысткі. Менск, Беларусь, 10 жніўня 2020 года. Фото: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

22:18 Наваполацк. На галоўную плошчу гораду прыйшло шмат людзей. Сілавікі выкарыстоўваюць святлашумавыя гранаты, страляюць гумовымі кулямі і затрымліваюць пратэстоўцаў, паведамляе «Еўрарадыё».

22:12 На Пушкінскай на тралейбусе гарэў фаер.

22:10 У Берасці аднаму з пратэстоўцаў трапіла гумавая куля ў локаць! Людзі на Пушкінскай залезлі на аўтобусы, падае «Еўрарадыё».

22:08 На скрыжаванні пр-ту Пушкіна і Прытыцкага шмат машын, людзі са сцягамі. Вельмі даўгая чарга, машыны мінімальна рухаюцца, усе сігналяць, у тым ліку грузавікі. Калона прыкладна 100 чалавек ідуць у бок вул. Прытыцкага.

Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

22:00 Была страляніна паміж Пушкінскай і Кальварыйскай, людзей адціснулі, зараз ідуць да другога кальца. Мінакі кажуць, што каля метро «Фрунзенская» людзі аўтамабілямі перакрылі кальцо.

Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

21:52 Каля ўніверсама «Рыга» вялізная колькасць людзей. Удзельніца называе лічбу каля 3 тысячаў. Але гэта можа быць перабольшваннем. Міліцыі і тэхнікі няма. Каля станцыі метро «Пушкінская» тысячы людзей. Прыватныя машыны заблакавалі бліжэйшыя вуліцы, АМАП, аўтазакі не могуць ніадкуль туды даехаць. Бятонамяшалка перагарадзіла Пушкінскую.

Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

21:49 У Горадні ў раёне філармоніі дэманстранты, недзе 1000 чалавек, перакрылі дарогу. АМАП кінуўся на іх, бусам збіты чалавек, чакаюць хуткую.

21:47 АМАП збівае людзей і правярае мабільныя тэлефоны ў затрыманых. Паводле нашай карэспандэнткі, сілавікі правяраюць запісаныя відэа і выдаляюць. Адзін хлопец абурыўся, яму пабілі тэлефон і закінулі ў аўтазак.

Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

21:26 Святлану Ціханоўскую ўтрымліваюць у ЦВК. Пра гэта паведамляе Тэлеграм-канал “Пул першай“. Святлану не бачыў ніхто ўжо 5 гадзінаў.

21:25 Каля метро «Пушкінская» людзі перакрылі праспект. Міліцыя перакрыла ўезд на вул. Ціміразева. Пратэстоўцам адкрыта толькі дарог на мост у бок метро «Пушкінская». Усе іншыя выхады блакуюць сілавікі.

Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: а Vot-tak.tv / Belsat.eu

21:23 Людзей заблакавалі ўнутры ГЦ «Карона». Колькі там людзей невядома. Ад’язджае 2 аўтазакі, едуць па сустрэчнай паласе.

21:22 На Кальварыйскай каля «Кароны» стралялі менавіта ў журналістаў. Адна куля трапіла ў Наталлю Лубнеўскую з «Нашай Нівы», другая зачапіла журналістку TUT.BY, зрэзала ёй бэйдж. Журналісты стаялі групай, былі апранутыя ў камізэлькі для прэсы і мелі бэйджы.

21: 17 Праспект Дзяржынскага наўпрост цяпер: пад’ехаў бусік з АМАПам, пратэстоўцы сталі ў сцэпку, сілавікі выбеглі і пачалі біць іх дубінкамі. Аднаго чалавека затрымалі. Паведамляе Onliner.by

21:15 Журналістка «Белсату» Алена Дубовік распавяла, што адзін з сілавікоў сказаў ёй: «Я цябе зараз застрэлю!»

21:13 На пл. Якуба Коласа збіраюцца людзі, машыны не перастаюць сігналіць.

21:11 У Глыбокім і Паставах затрыманні, падае «Наша Ніва». У Лідзе адбыліся сутычкі з АМАПам, затрыманы пратэстоўца Алега Пайду.

21:10 У Бярозе на Берасцейшчыне да 400 пратэстоўцаў. У Барысаве людзі сталі на калені перад АМАПам. Пра гэта паведамляе ТК NEXTA.

21: 04 Як распавёў галоўны рэдактар «НН» раненую журналістку наўпрост цяпер вязуць у лякарню, яна не адчувае нагі. Як паведамляе карэспандэнт “Белсату”, стралялі гумовымі кулямі.

20:55 Людзі пачалі хавацца ў дварах. Вайскоўцы працягваюць стаяць каля ГЦ «Карона».

20:52 Пусцілі слезаточны газ, шчыпліць горла і вочы. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсата»

20:51 Каля ГЦ «Карона» з’явіліся снайперы. Людзі спускаюцца на Ціміразева.

20:49 У нагу параненая журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская.

20: 48 Ад чытача, які жыве на вуліцы Бабруйская: у мяне з вакна чуваць шумавыя гранаты, досыць далёка, але чуваць. Ад крамы «Рыга« па вул. Сурганава рухаецца натоўп. Багата людзей, машыны гудуць.

20:45 На Кальварыйскай АМАП спыніўся, людзі заклікаюць адзін аднога стаць у счэпку. Працягваюць страляць.

20:43 Прыехаў аўтазак да ГЦ «Карона» на Кальварыйскай. Прыбылі ўнутраныя войскі, ужылі светашумавыя гранаты. Людзі ідуць у бок вул Цімяразева.

20:38 У Барысаве АМАП на цэнтральнай плошчы.

Затрымання ў гасцініцы «Юбілейная». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

20:35 На Нямізе спецназ адціснуў у бок Свіслачы групу з 50 чалавек. Затрыманняў не было, але на месца прыехалі 3 аўтазакі. З нацыянальным сцягам сярод пратэстоўцаў Ніна Багінская.

Затрымання ля гасцініцы «Юбілейная». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

20:30 Калону, якая ішла з Серабранкі, АМАП сустрэў на вуліцы Аранская прыкладна ў кіламетры ад вакзалу. Паведамляе “Еўрарадыё

Затрымання ля гасцініцы «Юбілейная». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

20:25 Каля Палацу спорту 10 хвілінаў таму ішлі актыўныя зтрыманні. Пакуль няма пацверджання, але паведамляюць сведкі, што затрыманнямі ў гэтым раёне кіруе Дзмітрый Паўлічэнка, экс-камандзір вайсковай частцы 3214.

Затрымання ля гасцініцы «Юбілейная». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

20:21 На скрыжаванні вуліц Сурганава і Я. Коласа вялікі корак, людзей няшмат на вуліцы, машыны сігналяць бесперапынна. Каля ГЦ Карона на Кальварыйскай сумарна да 500 чалавек, падае карэспандэнт «Белсата».

Затрымання ля гасцініцы «Юбілейная». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

20:16 З вакзалу праз Мяснікова і Нямігу і потым да Палацу спорту ішла калона армейскіх на выгляд УАЗікаў без нумароў, загружаныя людзьмі ў масках і балаклавах, зялёны камуфляж. Вокны закрытыя таксама зялёным камуфляжам. Каля «Журавінкі» шмат тэхнікі і аўтобусаў.

Менск, 10 жніўня, вуліца Мяснікова. Фота даслалі чытачы Belsat.eu
Менск, 10 жніўня, вуліца Мяснікова. Фота даслалі чытачы Belsat.eu
Менск, 10 жніўня, вуліца Мяснікова. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

20:14 На метро «Пушкінская» каля 1 тысячы чалавек.

20:00 Каля 100 чалавек заблакавалі Кальварыйскую, скандуюць «Жыве Беларусь!» Вул. Багдановіча каля Опернага тэатру перакрытая, прапускаюць толькі грамадскі транспарт.

19:55 Людзі з машын дастаюць нацыянальныя сцягі, падтрымліваюць пратэстоўцаў на вул. Кальварыйскай. На дадзены момант там каля 300 чалавек. Людзі скандуюць «Сыходзь». Адзін з пратэстоўцаў трымае плакат «Мы беларусы, мірныя людзі».

19:45 Людзі збіраюцца каля «Кароны» на Кальварыйскай, на дадзены момант каля сотні чалавек, падае карэспандэнт «Белсата». Машыны сігналяць у адказ.

Людзі часова перакрылі Кальварыйскую. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

19:40 Скрыжаванне Кальварйскай і Ціміразева таксама блакаванае супрацоўнікамі міліцыі. Машын масава сігналяць, людзі апладзіруюць

Людзі часова перакрылі Кальварыйскую. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

19:32 Выезд на плошчу Перамогі ад вул. Казлова зачынілі.

19:28 Святлана Ціханоўская а 16:00 пайшла ў ЦВК. Яна пайшла падаваць скаргу пра парушэнні падчас правядзенне выбараў.

Стала вядома, што ў будынку ЦВК з Ціханоўскай правялі размову праваахоўнікі. З будынку яна выйшла праз іншы ўваход. Разам з ёй паехалі прадстаўнікі штабу Марыя Калеснікава, Вольга Кавалькова і адвакат Максім Знак. Каля 18:55 Знак выйшаў з прыёмнай ЦВК адзін, перадае TUT.BY.

– Яна самастойна, дабравольна пакінула будынак, сказала, што зараз паедзе і паехала. Куды яна паехала, яна пракаментуе самастойна. Яна не затрыманая, яна на волі, у яе ўключаны тэлефон, думаю, што яна пракаментуе, што адбываецца, мне гэта невядома.

19:27 У раёне метро «Няміга» перакрыты пр-т Пераможцаў. Пратэстоўцаў пакуль няма.

19:26 Затрымалі аднаго з каардынатараў ініцыятывы BYCOVID-19 Андрэя Ткачова каля вуліцы Вызвалення, 13.

19:24 Аператара «Белсата» Віталя Дубіка затрымалі ў Менску.

19:12 У Лідзе заблакаваныя цэнтральныя вуліцы. Ідуць затрыманні.

19:10 АМАП не пускае людзей да Стэлы і ўжо ёсць праблемы з мабільнай сувяззю. Маладым людзям, якія хочуць прайсці да Стэлы АМАПаўцы прапаноўваюць прайсці ў аўтазак. Яшчэ 2 чалавек насупраць Палацу спорту затрымалі. Ад 18-й на пр-це Пераможцаў зачыненыя ўсе кавярні і крамы.

19:05 Са станцыі метро «Купалаўская» выганяюць людзей.

Метро «Купалаўская». Фота даслалі чытачы Belsat.eu

19:00 Людзей, якія праходзяць каля аўтазакаў у раёне Стэлы, спрабуюць затрымаць, АМАП вядзе сябе вельмі агрэсіўна. Людзі ідуць у бок Стэлы па пр-це Машэрава.

18:58 Каля Палацу спорту затрымалі 3-4 чалавекі, іх адвялі ў аўтазак.

18:57 Журналістку Марыну Малчанаву вызвалілі.

18:56 Каля Палацу спорту канцэнтруюцца сілавікі, бачныя вадамёты. На пр-це Пераможцаў пакуль сілавікоў няма.

18:45 АМАП пачаў забіраць людзей у раёне гатэлю «Юбілейны».

18:40 У Менску закрытыя 6 станцый метро на ўваход і на выхад – «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Няміга», «Фрунзенская» і «Маладзёжная». Паведамляюць, што гэта зроблена »у мэтах забеспячэння бяспекі пасажыраў«. Цягнікі ідуць без прыпынку. Паведамляе TUT.BY.

18:35 Машыны, якія праязджаюць міма аўтазакаў у раёне Стэлы, сігналяць. На пр-це Машэрава, каля Стэлы, прыехала і запаркавалась адна пажарная машына. У раёне чыгуначнага вакзалу 4 аўтобуса з АМАПам (вул Свярдлова, 28).

У Берасці затрыманыя журналісты Belsat.eu Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук.

18:30 Па Гомлі па стане на 18:30 вельмі шмат ДАІ, на кожным перакрыжаванні ў цэнтры стаяць, вельмі шмат міліцыі, два ваенныя аўто з надпісам «Людзі» на іх у раёне пл. Паўстання.

18:21 Каля сквера каля гатэлю «Беларусь» усталяваныя турнікеты, 2 машыны з байцамі АМАПу і 1 міліцэйская. На падыходах да Стэлы таксама міліцыя. Учора такога не было, кажа карэспандэнт «Белсату». На вуліцы К. Маркса закрытыя ўсе кавярні. Каля Стэлы 8 аўтазакаў і 10-15 міліцэйскіх аўтобусаў.

18:13 Каля Палацу спорту стаяць 2 аўтазакі, 2 вадамёту і да 10 аўтобусаў і мікрааўтобусаў з АМАПам.

18:09 Карэспандэнт «Белсату» паведамляе, што ў цэнтры Менску вельмі шмат міліцыі. У 17:30 закрыўся ГЦ «Сталіца», а 18:00 закрыўся ГЦ «Галерэя», абодва па тэхнічных прычынах. На пл. Незалежнасці шмат міліцыі, але людзей пакуль прапускаюць. На пр-це Пераможцаў і ў раёне пл. Перамогі дзяжураць машыны ДАІ.

18:00 Каля стэлы ўжо знаходзіцца некалькі аўтазакаў. Яшчэ з раніцы ў цэнтры гораду зачыненыя ўсе паркоўкі: як платныя, так і бясплатныя, нават вялікая паркоўка каля Палацу Спорту. Каля цырку на вуліцы Я. Купалы знаходзіцца 2 браніраваных аўтамабілі, спецтэхніка і некалькі пажарных МАЗ.

Узмоцненае патруляванне. Шмат экіпажы ДАІ на праспекце Машэрава. На месцы ўчорашніх сутычак з АМАПам ляжаць кветкі. Кветкі таксама можна назіраць на перакрыжаванні вуліцы Даўмана і пр. Машэрава. На праспекце Пераможцаў заўважана таксама некалькі міліцэйскіх мінібусаў.

17:54 Журналістка Марына Малчанава затрыманая ў Бабруйску. Таксама затрыманыя журналісты Яўген Глаголеў-Васьковіч і Алеся Лацінская. Яны знаходзіліся каля ізалятара часовага ўтрымання, дзе родзічы спрабавалі перадаць рэчы затрыманым учора людзям. Журналістаў даставілі ў міліцыю, паведаміў «Тэлеграм» праваабарончага цэнтру «Вясна».

17:47 Цяпер у Бабруйскiм ІЧУ ідуць суды над затрыманымі учора і некалькімі назіральнікамі, што былі раней затрыманыя. Дакладная колькасць затрыманых невядомая. Каля ІЧУ сабраліся родныя і сябры затрыманых. Адна жанчына была моцна збітая, ноч правяла ў РАУС. Зараз далі штраф 54 рублі і адпусцілі – у яе гематома на ўсю левую палову твару, вока чырвонае. Але яна не хоча называць імя – кажа, што з яе досыць, баіцца, што будзе яшчэ горш. Хлопцы распавядаюць, што затрымлівалі мэтанакіравана тых, хто быў з белымі стужкамі.

17:32 Журналіста «Белсату» Змітра Лупача з Глыбокага, які быў учора затрыманы, асудзілі на 5 дзён арышту. Паведаміў у «Фэйсбуку» актывіст Кастусь Шыталь. У траўні Зміцер Лупач пасля чарговага суда за сваю прафесійную дзейнасць трапіў у рэанімацыю

17:29 У Магілёве ўсе ўстановы ў цэнтры на 10 жніўня скарацілі часы працы.

Фота: Belsat.eu

Супрацоўнікі ДАІ вызваляюць паркоўкі ў цэнтры Магілёва. На некаторых скрыжаваннях выстаўлены пасты.

Фота: Belsat.eu

17:27 У Горадні АМАП толькі што разагнаў людзей пад Кастрычніцкім РАУС, дзе як раз ідуць суды над затрыманымі. Было чалавек 50 (сваякі, сябры). Некаторых хапаюць. Магчыма затрыманы журналіст Ян Роман.

17:19 Каля муроў ізалятара на Акрэсціна ў Менску сабралася каля 100 чалавек. Людзі шукаюць сваіх блізкіх і родных, сувязь з якімі знікла ў ноч з 9-га на 10-га жніўня. Шмат хто з прысутных знаходзіцца ў стане блізкім да істэрыі, бо нічога не можа даведацца. Міліцыянты спрабуюць адціснуць людзей падалей ад ізалятара, распавяла журналістка Марыя Арцыбашава.

17:14 У Менску на праспекце Пераможцаў насупраць Палацу спорта дэмантуюць наўпрост цяпер усе лавы, якія не прыкручаныя да прыпынкаў грамадскага транспарту.

16:35 Святлана Ціханоўская падала скаргу ў ЦВК па выніках выбараў.

16:10 Цэнтрвыбаркам: Лукашэнка – 80,08%, Ціханоўская – 10,09%. Такія афіцыйныя звесткі.

15:56 ПЦ «Вясна» публікуе спісы затрыманых падчас акцый 9 жніўня. Спіс аднаўляецца пастаянна. Спраўдзіць яго можна па спасылцы.

14:08 Яўген Заічкін, якога лічылі загінуўшым пасля сутчыкі з АМАПам, жывы. Нашыя журналісты з ім паразмаўлялі.

14:04 Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў павіншаваў Лукашэнку з перамогай.

14:00 Вакол Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама на вуліцы Камсамольскай, Леніна, Кірава стаяць знакі, якія забараняюць паркоўка і машыны ДАІ. У сувязі з тым, што адсутнічае інтрнэт, людзі, якія рабілі відэа і фота падзеяў, якія адбываліся на Машэрава, прыносяць у метро і распаўсюджваць там улёткі. На ўлётках здымкі ўчорашніх падзеяў у Менску і фота таго, як разганялі мітынгоўцаў. Людзі фатаграфуюць улёткі на свае тэлефоны. Такім чынам перадаюць інфармацыю.

12:49 Мінаховы здароўя паведамляе: падчас начных несанкцыянаваных вулічных акцый у хуткую дапамогу звярнуліся пацярпеўшыя. Усім, каму было патрэбна, аказалі медычную дапамогу. Мінаховы паведамляе, што гэта 39 сілавікоў і 50 грамадзянскіх. Загінулых, паведамляе Мінаховы, няма.

12:45 «Мы атфіксавалі званкі з-за мяжы. З Польшчы, Вялікай Брытаніі і Чэхіі былі званкі, кіравалі нашымі, прабачце мяне, авечкамі: яны не разумеюць, што робяць, і імі пачынаюць ужо кіраваць», – пракаментаваў учорашнія падзеі Аляксандр Лукашэнка.

12:35 Ганна Красуліна паведаміла, што 10 жніўня ў Менску плануецца мірны пікет, на якім будзе прысутнічаць Святлана Ціханоўская. Але месца і час не паведамляе, бо інакш гэта будзе заклікам да несанкцыянаванага мерапрыемства.

12:29 Прэсавая сакратарка аб’яднанага штабу Ганна Красуліна паведаміла, што ўсе ночылі ў штабе. Далейшыя планы такія: яны шукаюць сведкаў, дзе падлічылі сумленна ці несумленна галасы. Па іх дадзеных яны ведаюць дакладна пра 86 участкаў, дзе сумленна падлічылі галасы.

12:07 Чытачы паведамляюць нам, што не працуюць розныя ўстановы, кшталту банкаў. У Горадні падатковая Кастрычніцкага раёну не абслугоўвае, не прымае дакументы, бо няма інтэрнэту. Немагчыма замовіць квіткі онлайн на маршруткі, банкаматы альбо не працуюць, альбо выдаюць мінімальныя сумы, у шматлікіх крамах назіраецца нястача прадуктаў і тавараў, няма магчымасці заплаціць карткай у крамах і кавярнях.

12:02 Працаўнікі БМЗ пачалі забастоўку. Пра гэта паведамляюць сацыяльныя сеткі. Пішуць, што да БМЗ падганяюць аўтазакі.

12:00 Прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава заяўляе, што загінулых з учорашніх акцый няма. Затрыманы каля 3 тысячаў чалавек.

11:52 Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі прапанаваў правесці надзвычайны саміт ЕЗ па Беларусі.

«Мы павінны салідарна падтрымаць беларусаў у імкненні да свабоды. Адсюль і ініцыятыва кіраўніка польскага ўрада Еўрапейскаму Звязу разгледзець гэтую справу», – напісана ў паведамленні ад імя прэс-сакратара ураду Пётра Мюлера.

11:30 Штаб Ціханоўскай дае прэс-канферэнцыю. Святлана асудзіла дзенянні ўлады 9 жніўня і заявіла, што гэта недапушчальна.

11:05 Затрыманых будзе больш за 1000, мяркуе праваабаронца Алег Гулак.

10:51 Дасюль па ўсёй краіне праблемы з сувяззю. Не працуе інтэрнэт, немагчыма выслаць паведамленні ў мэсэнджарах, заблакаваныя шматлікія незалежныя рэсурсы.

Марыя стаіць на каленях перад АМАПам. Фота: Belsat.eu

10:30 Прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава заявіла, што загінулых падчас акцыі пратэсту не было. Тым часам, распачатая крымінальная справа паводле артыкулаў 293 і 364 КК РБ (масавыя беспарадкі, напад на супрацоўнікаў міліцыі і псаванне маёмасці) — у тым ліку на загінулага ў выніку наезду аўтазака.

10:00 Паводле стану на 10:00 10 жніўня «Вясне» вядома пра як мінімум 213 затрыманых у Беларусі за 9 жніўня.

Пацярпелых – дзясяткі. Людзей прымаюць 6 клінічны шпіталь Менску і БСМП. Цягам апошніх гадзінаў у БСМП паступілі чатыры параненых з раненнямі ад гумовых куляў.

Цяпер праваабаронцы паведамляюць пра 26 палітвязняў. Спадар Валянцін Стэфановіч выказаў заклапочанасць наконт таго, што пасля 9 жніўня іх колькасць можа вырасці ў разы.

09:00 ЦВК агучыла папярэднія вынікі:

Аляксандр Лукашэнка — 80,23%

Святлана Ціханоўская — 9,9%

Ганна Канапацкая — 1,68%

Андрэй Дзмітрыеў — 1,04 %

Сяргей Чэрачэнь — 1,13 %

Супраць усіх — 6,02%

Лідзія Ярмошына заявіла, што вынікі галасавання «наўрад ці зменяцца».

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

08:00 Праваабаронцы паведамляюць пра аднаго загінулага. Брыгада скорай не змагла яго ўратаваць. У Менску вельмі шмат пацярпелых, паведаміў belsat.eu праваабанорнца Валянцін Стэфановіч. У Менску затрыманыя мінімум 140 асобаў, а па ўсёй краіне — больш як 300. Валянцін Стэфановіч кажа, што не выключае верагоднага затрымання Святланы Ціханоўскай.

На ўмовах ананімнасці дактары паведамляюць, што хірургаў выклікалі ўначы для правядзення экстранных аперацый пацярпелым ад святлашумавых гранатаў і гумавых куляў.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Старшыня Следчага Камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што распачатыя крымінальныя справы па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да міліцыі.

Hавiны