10 гадоў таму ў Расеі разбіўся самалёт прэзідэнта Польшчы


10 красавіка 2010 года самалёт прэзідэнта Польшчы разбіўся пры пасадцы ў Расеі. Сёння з дня трагедыі мінула 10 гадоў.

У густым тумане самалёт польскага прэзідэнта знізіўся да небяспечнай вышыні, сутыкнуўся з дрэвамі і разбіўся, не дацягнуўшы да пасадачнай паласы каля 300-400 метраў.

На месцы Смаленскай трагедыі. Фота – Паўліна Валіш/Белсат

У катастрофе загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, ягоная жонка Марыя, кіраўнік прэзідэнцкай Канцылярыі Уладзіслаў Стасяк, намеснік міністра замежных спраў Анджэй Крэмэр, намеснік міністра культуры Томаш Мерт, кіраўнік Нацыянальнага банку Польшчы Славамір Скшыпек. А таксама 11 вышэйшых службовых асоб Узброеных сілаў краіны, 14 дэпутатаў Сейма, трое сенатараў, дзевяць прадстаўнікоў духавенства, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі творчай, навуковай, палітычнай эліты краіны і экіпаж самалёта. Агулам – 96 чалавек.

Яны ляцелі на ўшанаванне памяці палякаў, расстраляных НКВД у Катыні ў 1940 годзе.

Фота
У Варшаве адкрылі помнік ахвярам смаленскай авіякатастрофы
2018.04.10 20:36

Расейскія следчыя назвалі прычынай катастрофы няправільныя дзеянні экіпажу, які нібыта праз высокапастаўленых пасажыраў пайшоў на неапраўданую рызыку і паспрабаваў пасадзіць самалёт у непрыдатных умовах надвор’я, замест таго каб сысці на запасны аэрадром.

Польская ўрадавая камісія ўсклала частку віны на расейскія наземныя службы. Паводле яе, дыспетчары занадта позна падалі каманду «Гарызонт», якая павінна была прагучаць, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 100 метраў, але была пададзеная на ўдвая меншай вышыні. Таксама дыспетчары своечасова не апавясцілі экіпаж аб адхіленні ад курсу. На думку польскіх экспертаў, у вежы дыспетчараў маглі знаходзіцца староннія асобы, якія адцягвалі іх ад працы.

Hавiны
Падкамісія па расследаванні Смаленскай авіякатастрофы : распад крыла самалёта пачаўся да сутыкнення з дрэвам
2017.08.09 17:31

Пры гэтым у Польшчы часта гучыць версія пра замах. У 2017 годзе польская камісія агучыла выснову, што авіякатастрофа адбылася праз серыю выбухаў падчас палёту. Сітуацыю ўскладняе тое, што Расея так і не аддала Польшчы абломкі самалёта.

У дзясятую гадавіну гібелі сваёй палітычнай эліты Польшча планавала правесці жалобныя падзеі на месцы падзення самалёта, але 3 красавіка яны былі адкладзеныя на пазнейшы тэрмін.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў