10,5 гадоў на ўсіх: мядзельскага следчага і ягоных кіраўнікоў пасадзяць за збіццё 21-гадовай дзяўчыны


Маладзечанскі суд прызнаў чатырох следчых з Мядзела і эксперта вінаватымі ў перавышэнні паўнамоцтваў, піша TUT.BY.

Старэйшы следчы Максім Валеўка асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. Кіраўнік Мядзельскага раённага аддзялення Следчага камітэту Аляксандр Штуро прысуджаны да 3,5 гадоў, а ягоны намеснік Міхаіл Сакалдынскі – да 3 гадоў. Усе яны будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Былых супрацоўнікаў СК пазбавілі званняў.

Следчыя Ганна Сакалдынская і эксперт Алена Кабіценка асуджаныя на тры гады зняволення, але з адтэрміноўкай выканання на два гады. Гэта значыць, яны застануцца на свабодзе, калі не парушаць закон яшчэ раз.

Старэйшага следчага Максіма Валеўку абвінавачвалі ў тым, што ў лютым 2018-га ён два разы ўдарыў дручком 21-гадовую Вольгу Даўжук. Раней дзяўчына заявіла аб крадзяжы тэлефона, але пазней апынулася, што яна проста забыла яго ў сяброўкі пасля дыскатэкі. Візіт у міліцыю скончыўся для яе сінякамі на целе. Пра гэта Вольга распавяла родным, а тыя звярнуліся да праваахоўнікаў.

Яшчэ тры працаўнікі СК, паводле абвінавачвання, дапамагалі следчаму замяць справу, а эксперт падрабіў вынікі экспертызы.

Пацярпелая не хавае, што ўжывала алкаголь на дыскатэцы і памятае не ўсё. Яна таксама не мае прэтэнзіяў да праваахоўнікаў. Расследаваннем займаўся КДБ.

ЮВ, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў