Як мы выжывалі ў гэты год: тры журналісцкія гісторыі


Журналісты «Белсату» сталі аднымі з першых, хто трапіў пад рэпрэсіі раз’юшанага, напалоханага пратэстамі рэжыму. Затрыманні, катаванні на Акрэсціна, эвакуацыя з краіны, арышты і рэальныя тэрміны ў калоніі. Толькі за тое, што працягвалі даносіць людзям праўду пра падзеі ды не дазвалялі ўзяць і проста «перагарнуць старонку». Як белсатаўцы жылі гэты год і што дапамагае ім трымацца? Прапануем тры гісторыі нашых калег – з тэлебачання, сайту і з-за кратаў.

Валярына Кустава, тэлевядоўца, аўтарка праграмы «Беларус беларусу»: Мая сіла – у сваёй справе і маёй дачцэ

Перад выбарамі, у канцы чэрвеня, у мяне было вельмі дзіўнае бачанне. Я жыла ва Уруччы і праз вокны кватэры ўбачыла, як ідуць «танкі». Гэта было страшнае адчуванне звонкай цішы, што зараз усё выбухне, як напярэдадні вайны. Праз некалькі месяцаў я праз вокны рэальна пабачыла гэтыя «танкі»: вайсковая тэхніка ехала запалохваць пратэстоўцаў. У жніўні была такая эйфарыя, што многія маглі зблытаць яе з перамогаю. Была вера, што можна ўсё змяніць. І з ёю нарастала адчуванне, што трэба рыхтавацца да чагосьці няпростага.

Поэтка Валерина Кустова на седьмом фестивале белорусского кино «Bulbamovie» В Варшаве
Паэтка і журналістка Валярына Кустава падчас дыскусіі ў межах кінафестывалю «Bulbamovie».
Фота: Света Фар / Белсат

Я тады думала, як можна дапамагчы людзям у гэтай сітуацыі, як зрабіць так, каб перамены адбыліся хутчэй. Я не хацела з’язджаць з Беларусі ні пры якіх раскладах. Разам з калегам на лавачцы прыдумалі фармат новай праграмы: расказваць гісторыі пацярпелых, сем’яў палітвязняў і прапаноўваць беларусам дапамагаць нашым героям. Так з’явіўся праект «Беларус беларусу».

Нашая праграма стрэліла. На гісторыі ўсіх нашых герояў адгукаліся неабыякавыя беларусы, арганізацыі. Памятаю, як уразіла, адна пенсіянерка не мела грошай, але хацела дапамагчы: яна пашыла павязкі на вочы палітычным вязням, каб яны ў камеры маглі спаць пры святле. Гэтыя павязкі смачна пахлі лавандаю, вельмі мяккія, прыгожыя і зручныя. Мы перадавалі гэтыя павязкі сем’ям палітзняволеных. Таксама зрабілі гісторыю з Воляй Севярынец, і ў выніку ў яе знайшлася вельмі крутая нянечка для сына Францішка. У праграме, якая пакуль не выйшла, мы доўга збіралі на вазок для дзіцяці з інваліднасцю: тату пасадзілі праз палітычны артыкул, а мама засталася з траімі няпоўнагадовымі дзеткамі.

Даведка

Калі хтосьці хоча дапамагчы іншым беларусам, канкрэтным сем’ям, калі камусьці самому трэба дапамога – пішыце нам на .

Цяпер з’явілася такое адчуванне: дзе мы разам, там і Беларусь. Жыць, не адчуваючы навокал радзімы, вельмі трагічна. Я гэта цудоўна разумею, бо сама апынулася на месцы сваіх герояў. Спачатку я дапамагала людзям, пасля трапіла ў сітуацыю, калі мне самой спатрэбілася дапамога. Праблемы ёсць, але цяпер адчуваю салідарнасць ды падтрымку ад іншых людзей. Гэта да слёзаў кранальна. Я перакананая, што найвялікшая нашая сіла – салідарнасць. Я шчаслівая, што праект «Беларус беларусу» змог дапамагчы такой вялікай колькасці людзей.

У Беларусі на мяне завялі мінімум дзве крымінальныя справы. За нібыта арганізацыю і фінансаванне масавых закалотаў. А другі артыкул – за нібыта нявыплату падаткаў з нібыта фінансавання масавых закалотаў. Гэта абсурд. Але гэта 5–7 гадоў за кратамі.

Cяргей Дубялевіч і Валярына Кустава.
Фота: Белсат

Калі да мяне прыйшлі сілавікі, я якраз выйшла ў спартовую залу з адным заплечнікам і 70 рублямі ў кішэні. І больш дахаты ўжо не вярнулася. Мае сябры проста прымусілі мяне эвакуявацца ў Польшчу. Гэта было фізічна і маральна няпроста. Праз лясы, рэкі, некалькі дзён без сну. Дзякуй вялікі ўсім маім сябрам, праваабаронцам, камандзе «BY_help», «BySol» за дапамогу. Арганізацыі, якія дапамагаюць беларусам за мяжою, – гэта сапраўдныя чараўнікі. Я была вельмі разгубленая, паўсталі пытанні з жытлом, легалізацыяй. Але самым страшным было тое, што са мною не было маёй дачкі. Самы страшны момант быў, калі ў Беластоку я чакала аўтобус, якім яе мусілі прывезці: аўтобус прыехаў, усе выйшла, а майго дзіцяці няма. Яе не прапусцілі праз мяжу. І гэта стала моцным ударам для мяне. Давялося рознымі іншымі шляхамі перавозіць яе ў Польшчу. Дзякуй вялікі Агнешцы Рамашэўскай-Гузы, таксама і дзякуючы яе высілкам маё дзіця са мной. У дачкі вялікая траўма. Яна дасюль прачынаецца па 6–8 разоў за ноч, часам крычыць, часам размаўляе, часам кліча мяне. А ўдзень часта расказвае казку, як дзяўчынка ляцела самалётам, ехала цягніком і аўтобусам і ўсё шукала сваю маму.

З сярэдзіны чэрвеня я ў Польшчы, канчатковага асэнсавання таго, што адбылося, у мяне яшчэ няма. Я абсалютна не мыслю сваёй будучыню тут, я мыслю яе ў сваёй свабоднай Беларусі.

Марыя Грыц: Гэта вялікі гонар – працаваць цяпер у беларускай журналістыцы

Мінулым летам падавалася, што ўвесь той шал і дзяржаўны гвалт не можа трымацца доўга. Пасля адбылося маё затрыманне на жаночым маршы ў Менску, содні на Акрэсціна, хоць у мяне на той момант была паўтарагадовая дачка, і, згодна з законам, мяне павінны былі адпусціць. Кажуць, ад астрогу няма перасцярогу, але я думала: я – законапаслухмяны журналіст, у мяне дзве адукацыі, у сэнсе – турма? Але адбылося ўсё: і краты, і ціск, і разам з тым адчуванне вялікай салідарнасці, дапамога ад незнаёмых людзей.

Мероприятие «Ночь нерасстреляной поэзии» в Киеве
Марыя Грыц падчас імпрэзы «Ноч нерасстралянай паэзіі», якую прысвяцілі ўшанаванню памяці паэтаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе.
Фота: Белсат

Да выбараў я была ў дэкрэтным адпачынку. Я не чакала пераменаў. Але той рух, які пачаўся, надаў мне надзею. Была такая адрэналінавая хваля, што мне хацелася рабіць хоць нешта. Мне пашчасціла вярнуцца ранкам 10 жніўня са стэлы, і я ўвесь час думала, што я магу зрабіць. Некалькі першых дзён я прачыналася а 5:00, каб аб’язджаць моргі, крэматорыі, могілкі. Хадзіла інфармацыя, што былі забітыя 100 чалавек падчас пратэстаў, я іх шукала. Пазнаёмілася з вельмі харошымі людзьмі, якія капаюць магілы.

Адзінае, што я ўмею прафесійна рабіць, – гэта пісаць, так я нечакана для сябе вярнулася ў журналістыку. Белсатаўцы даўно былі пад прэсінгам дзяржаўнай улады, маіх калег шмат разоў затрымлівалі, яны плацілі вялікія штрафы за супрацу з каналам, у нас сканфіскавалі столькі тэхнікі, што можна адчыніць, пэўна, дзве крамы канфіскату. Раней людзі заплюшчвалі на гэта вочы, успрымаючы нас проста як адчайных журналістаў. Калі пачалі затрымліваць і садзіць усіх, прыйшло разуменне, што такое можа адбыцца з кожным. Гэткая горкая навука ўсім. «Белсат», праз тое, што даўно цярпеў ад дзяржавы, здолеў вельмі годна прайсці праз усе выпрабаванні. На кожным узроўні выпрацаваныя механізмы дапамогі калегам, развязання шматлікіх пытанняў. Узаемадапамога проста неймаверная!

Праца незалежных журналістаў стала заўважнай і вельмі паважанаю за гэты год. Калі кажаш, што ты працуеш журналістам у незалежным СМІ, – бачыш столькі павагі ў вачах людзей! І сапраўды, мы верым у сваю працу, гатовыя ісці да канца і шмат чым ахвяраваць дзеля агульнай мэты.

У ліпені сёлета адбыўся чорны чацвер, калі па ўсёй краіне прыйшлі па белсатаўцаў. Я з’язджала з Беларусі ў ноч, без аніякага плану на будучыню. Але дзякуючы дапамозе калегаў я перажыла гэты пераезд і цяпер я ў Кіеве.

Мне было вельмі страшна, што ў мяне забяруць дзіця. І гэта, бадай, адзіная прычына, чаму я з’ехала. За сябе не было асабліва страшна. Пасля Акрэсціна я ведала: так, гэта жахліва, зняважліва, але я змагу гэта вытрываць. Але я не вытрывала б, калі б у мяне забралі дзіця. Падчас содняў мне агідна намякалі на гэта: маўляў, у цябе ж ёсць дачка, памятай пра яе. Я адчувала сябе вельмі паскудна, гэта такая віна ацалелага, калі ты ў бяспецы, а іншыя людзі засталіся ў Беларусі.

Iрына Хвайнiцкая (справа), удзельніца праекту «Жаночае аблічча пратэсту», і журналістка «Белсату» Марыя Грыц падчас iнтэрв’ю.
Фота: ЯА / Белсат

Мы выязджалі ўлетку, з невялікаю валізкаю на двух чалавек. Першы час у нас была нянечка, якая адгукнулася, каб нам дапамагчы, і яна збірала нам рэчы: дзіця павінна быць апранутае! Таму ў дачкі лепшы гардэроб, чымся ў мяне. Я доўга не магла нічога рабіць, бо мне падавалася, што ўсё вось-вось скончыцца, гэта не можа працягвацца доўга, што гэта справа нават не дзён, а хвілінаў. Я доўга не распакоўвала валізкі, не падключала ўкраінскай мабільнай сеткі. Гэткі сіндром замарожанага жыцця.

Аказалася, я вельмі прывязаная да дому. Хаця раней думала, што гатовая да любых прыгодаў. Не, толькі да добрых… Купіла сабе тут кветкі, як удома ў мамы. Купіла тут у бабусі смачныя яблыкі, накалупала семак і пасадзіла ў насенне. Я ў Менску пасаджу каля свайго дому.

Я ніколі не здымала жытла. У Кіеве давялося ўсё шукаць, і я знайшла найгоршае жытло на свеце. Я жыла з тараканамі, чорнаю цвіллю, гаспадар яшчэ і выклікаў на мяне паліцыю, бо мая цудоўная нянечка прыпаркавалася не там, дзе яму хацелася. Але праз некаторы час мы пераехалі, цяпер збольшага ўладкаваліся. Дачка ходзіць у дзіцячы садок, а я працую. Але праязнога дасюль не набыла.

Я не проста сумую па Беларусі. Гэта як хацець есці, але ты не можаш наесціся, увесь час адчуваеш голад і прагу. Гэты сум пастаянна са мною на фоне. Бываюць дні, калі накрывае, я не магу нават выйсці з дому. Як, я выйду – і не ў Беларусі, у іншай краіне? Праз дні два робіцца нібыта цярпіма. У Кіеве ёсць станцыя Клоўская. У адзін з такіх кепскіх дзён я ўзяла маркер і дапісала «Ш», таму ехала да станцыі «Шклоўская».

Мяне ратуе нашая суполка белсатаўцаў у Кіеве. Там суперцёплая тусоўка. Гэта вялізная радасць, калі ёсць людзі, якія з табой у адным інфармацыйным полі, у такой жа сітуацыі, перажываюць той жа боль, што і ты.

У беларускім хабе ў Кіеве я і Кацярына Ваданосава вырашылі зладзіць калядкі для дзяцей беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць. Распрацавалі сцэнар, будзе печыва, спевы, музыка, каб хоць на дзянёчак дзеткі згадалі, што яны дзеткі. Бо цяпер больш дарослыя дзеці бачаць, з якімі праблемамі, фінансавымі цяжкасцямі сутыкаюцца бацькі, і гэта таксама на іх цісне.

У мяне від на жыхарства, які выдаецца на год. І зноў жа, вялікая радасць, што я працую на «Белсаце», бо ў нас тут ёсць карэспандэнцкі пункт: мясцовыя калегі дапамаглі з усім – дакументамі, легалізацыяй… Ёсць яшчэ супольнасць, якая дапамагае рэпрэсаваным журналістам: мне дапамаглі са страхоўкай і ўсімі фармальнасцямі, бо я панятку не мела, як гэта ўсё арганізавана.

Кацярына Ваданосава прамаўляе падчас акцыі ў абарону правоў беларускіх дзяцей, сем’і якіх сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій прайшла ў Кіеве каля амбасады Беларусі.
Фота: Белсат

Перад дэкрэтам у мяне былі думкі сысці з прафесіі. Цяпер жа я разумею, як класна, што ў мяне ёсць гэтая праца, я адчуваю сябе вельмі патрэбным чалавекам. Кожны тэкст, які я пішу, кожнае інтэрв’ю, якое бяру, – гэта маленькая пясчынка ў вялізную дзюну інфармацыі, якая засыпае прапаганду. Гэта вялікі гонар – працаваць цяпер у беларускай журналістыцы. Людзі ўжо разумеюць, наколькі каштоўна мець розныя крыніцы інфармацыі. У нас наладжаная вельмі крутая супраца з аўдыторыяй: людзі дасылаюць відэа, здымкі, даюць нам каментары. Гэта такі гаршчочак, які ўвесь час варыць. Я ў захапленні ад таго, наколькі нашыя чытачы салідарныя з намі.

У мяне вельмі мала планаў на будучыню: гэта не мае асаблівага сэнсу. Як будзе далей, думаю, нават крышталёвы шар ці самы круты аналітык не адкажа. Але ў мяне ёсць адзін план: калі прыйдзе наш дзень перамогі, я кіну ўсе свае рэчы, усё, што набыла тут, пакіну гаспадыні кватэры, вазьму дзіця на рукі і пайду ў бок беларускае мяжы.

Кацярына Андрэева, атрымала 2 гады калоніі за стрым з плошчы Пераменаў пасля забойства Рамана Бандарэнкі

Ігар Ілляш, муж Кацярыны: Праявы салідарнасці не дазваляюць ёй ператварыцца ў нумарок на целагрэйцы.

2020 год быў вельмі складаны, эмацыйна напружаны і цяжкі. А 2021 год аказаўся яшчэ больш цяжкім. Перад выбарамі было адчуванне нейкага цунамі, якое мацнейшае за нас, што на нас рухаецца нешта абсалютна гістарычнае, эпахальнае. У першыя тыдні жніўня я разумеў, што сітуацыя можа дайсці да стану, які мы маем цяпер: калі ўсё знішчана, у тым ліку права і закон. Але ў чым мы з Кацяй памыляліся, дык гэта ў тэрмінах: я даваў на гэты працэс больш часу. У ліпені Кацю затрымлівалі за стрым і адпускалі праз некалькі гадзінаў, а праз некалькі месяцаў за гэта давалі ўжо два гады калоніі.

Тое, што Каця не з’ехала, было цалкам натуральным для яе. Журналістыка для яе – важная частка жыцця, тоеснасці, асобы. І з’ехаць у такі час, у момант, калі ў краіне адбываюцца гістарычныя падзеі, магчыма, самыя важныя за чвэрць стагоддзя, было б для яе нават не здрадаю прафесіі, а здрадаю самой сабе, уласным ідэалам. Таму гэта быў свядомы выбар – працаваць да таго моманту, пакуль можна. Для Каці так і сталася: ейны стрым 15 лістапада фактычна быў апошнім стрымам у Беларусі. Пасля гэтага працаваць «у полі» зрабілася немагчыма.

Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, едзе з перадачай да жонкі.
Фота: Белсат

Незалежныя журналісты спрычынілася да абуджэння грамадства. Іхная гераічная праца расплюшчыла вочы шматлікім асобам, для якіх гэта сталася кропкай адліку, яны пачалі разумець, што адбываецца ў краіне, і інакш ставіцца да журналістаў. Раней ніколі такога не было: да цябе падыходзяць на вуліцы, дзякуюць за працу, кажуць што мы іхныя героі. Людзі зразумелі важнасць праўды.

Падчас затрымання Каця паспела пазваніць мне: шэптам сказала, што сілавікі ўжо за дзвярыма кватэры, у якой яны хаваліся. Пасля Каця пісала ў лістах, што момант затрымання, калі ў кватэру ўламаліся 10 чалавек са зброяй, быў самы эмацыйна цяжкі за ўвесь гэты час. Яна пакутавала ад шоку больш, чымся ад факту свайго перабывання ў турме, пасля доўга пракручвала гэта ў галаве.

Hавiны
Рэпартаж з рукамі за спіною. Як журналістка «Белсату» правяла тры дні на Акрэсціна
2020.09.17 19:13

Першыя месяцы яна была ў турме Жодзіна. Перад судом Кацю перавялі на Валадарку, дзе, як яна пісала, былі лепшыя ўмовы ды кампанія. Каця там сядзела з аднадумцамі і калегамі. За некалькі хвілінаў да абвяшчэння прысуду яна паспела перадаць праз адваката некалькі словаў пра тое, што людзі за свае перакананні атрымлівалі па 25 гадоў, а ёй пагражае ўсяго два гады. «Я гэта перажыву, гэта не страшна». Каця тады якраз чытала «У крузе першым» Салжаніцына.

З лістоў я бачыў, што яна ўспрыняла вырак нармальна. Ёй было важна, што з’явілася вызначанасць. Першыя лісты пасля прысуду былі вельмі бадзёрыя і ўпэўненыя ў сабе. Але з часам з’явілася стомленасць. Табе неабходна 24 гадзіны за содні быць у варожым асяроддзі, што патрабуе пастаяннай мабілізацыі. Гэта вымотвае. Я адчуваю ў яе эмацыйнае выгаранне і стомленасць. Пры гэтым Каця працягвае быць упэўненай у сабе, што пройдзе гэты шлях так жа годна, як ішла раней.

Цяпер у калоніі Каця працуе швачкаю трэцяга разраду. Змену дзейнасці ўспрыняла з гумарам: як пісала, гэта вельмі медытатыўны занятак. Яна раней ніколі не шыла, але хутка навучылася.

Ежа, якую не прынялі ў перадачу для Кацярыны Андрэевай.
Фота: Белсат

Каця атрымлівала цягам года журналісцкія прэміі ды ўзнагароды. Першыя паўгода яна вельмі эмацыйна рэагавала на ўсе праявы салідарнасці. Пісала, што, даведаўшыся пра атрыманне прэміі «За адвагу ў журналістыцы», ледзь не расплакалася. Яна, калі толькі прыйшла ў прафесію, чытала пра гэтую прэмію і марыла, што аднойчы яе атрымае. Каця адзначала, што праявы салідарнасці не дазваляюць ёй ператварыцца ў нумарок на целагрэйцы, дапамагаюць адчуваць сябе асобаю нават у такіх умовах.

Гэта застаецца важным для яе і цяпер. І не менш важна гэта для нас, ейных сваякоў і блізкіх, бо мы бачым, што пра яе не забываюць. Я рэгулярна сутыкаюся з тым, што да мяне на вуліцы падыходзяць незнаёмыя людзі, ціснуць руку, просяць перадаць прывітанне Каці, словы падтрымкі, што яна герой. Бацькі жонкі таксама з гэтым сутыкаюцца. Салідарнасць стварае пэўную атмасферу, якая дапамагае трымацца ўсім – і Каці, і нам.

Каця пісала ў лістах, што стала больш стрыманай у паводзінах. І гэта цалкам натуральна. Каця вельмі адкрытая, шчырая, заўсёды імкнулася дзяліцца эмоцыямі і думкамі з людзьмі. Такое ў турме не вітаецца. Ёй было цяжка карэктаваць свае паводзіны, больш закрывацца.

Памятаю, калі ў нас было доўгатэрміновае спатканне, яе прывялі да мяне ў пакойчык: Каця была вельмі заціснутая, казала, што за гэты час адвучылася ад таго, што яе могуць абняць. Але літаральна праз гадзіну яна стала такой жа, як да арышту. Мяне гэта натхніла. Так, усе гэтыя драматычныя падзеі адбіваюцца на чалавеку, але іх наступствы можна адносна проста прыбраць, усяго толькі трэба быць побач з тымі, хто цябе любіць. Думаю, мы хутка пройдзем перыяд вяртання ў нармальны стан. Нашае каханне, якое ніяк не разбурылася праз гэты цяжкі шлях, – гэта тое, што дапамагае ёй трымацца, ёсць крыніцаю натхнення, сілаў, упэўненасці ў сабе.

Людзі апладзіруюць пераможцам прэміі «За свабоду і будучыню ў медыя» журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай падчас урачыстай цырымоніі ў Лейпцыгу.
Фота: ВО / Белсат

Налета Каця мусіць выйсці на волю. У першы момант, натуральна, кінемся адно да аднаго, будзем абдымацца, цалавацца, нас будзе не адарваць. Я нядаўна перагледзеў фільм «Трусік Джо-джо». Мы з Кацяю глядзелі яго яшчэ да арышту. У фінальнай сцэне, калі скончылася вайна, габрэйская дзяўчынка выходзіць да хлопчыка, яны глядзяць адно на аднаго і пачынаюць танцаваць. Я цяпер якраз пішу ліст Каці і згадваю гэты момант: калі ўсё скончыцца, нам трэба будзе гэта паўтарыць. Галоўным будзе адчуванне, што мы вяртаемся да нармальнага жыцця, і ад гэтага захочацца танчыць.

СП belsat.eu

Стужка навінаў