Верныя сваёй прафесіі ды свайму народу. Узнагароды для белсатаўцаў за працу ў 2021 годзе


14 гадоў таму 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, «Белсат» распачаў трансляцыю. Як і штогод, мы падводзім вынікі нашай працы ды раздаём узнагароды калегам.

Тэлевізійная асоба года – Сяргей Падсасонны

Сяргей Падсасонны.
Фота: ЮШ / Белсат

Сяргей Падсасонны звязаны з тэлеканалам з пачатку яго існавання. За гэтыя гады працы Сяргей зрабіў сотні матэрыялаў, у якасці рэпарцёра працаваў у розных краінах свету, а цяпер вяртаецца з Іраку. Сяргей Падсасонны – адзін з рэдактараў і вядоўцаў «Студыі «Белсат», а таксама разам з Ігарам Кулеем вядзе штотыднёвую праграму «Тыдзень».

Акрамя журналістыкі, Сяргей займаецца літаратуразнаўствам, мае навуковую ступень доктара гуманітарных навук, выкладае ў Варшаўскім універсітэце.

Белсатаўцы года – журналісты, фатографы і аператары, якія не здрадзілі прафесіі

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Працаўнікоў «Белсату» шматкроць штрафавалі, судзілі, кідалі за краты і намагаліся ўсяляк запужаць. На сёння чацвёра нашых калегаў застаюцца ў зняволенні. Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева атрымалі па два гады пазбаўлення волі за стрым з месца забойства Рамана Бандарэнкі. Уладзімір Мацкевіч 5 месяцаў застаецца ў СІЗА № 1: яму інкрымінуюць арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Ужо другі месяц за кратамі – нашая калега Ірына Слаўнікава, якую таксама вінавацяць паводле артыкулу 342 КК РБ.

Не зважаючы на ўвесь ціск, нашыя калегі і пад пагрозаю пазбаўлення волі працягваюць здабываць праўдзівую інфармацыю, пішуць артыкулы, здымаюць відэа і фота, дапамагаюць беларусам. Ганарымся, што белсатаўцы засталіся вернымі сваёй прафесіі ды свайму народу! Жыве Беларусь! Жыве «Белсат»!

Фільм года – «Калі кветкі не маўчаць» рэжысёра Андрэя Куцілы

Режиссёр Андрей Кутило на седьмом фестивале белорусского кино «Bulbamovie» В Варшаве
Андрэй Куціла, рэжысёр фільму «Калі кветкі не маўчаць».
Фота: Света Фар / Белсат

Андрэй Куціла – адзін з найлепшых дакументалістаў Беларусі, шмат гадоў працуе з «Белсатам». Сёлетні фільм «Калі кветкі не маўчаць» атрымаў галоўную ўзнагароду Варшаўскага кінафестывалю. Андрэй зняў больш за 10 дакументальных стужак, якія мелі прэм’еры і ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях: Фестываль дакументальнага кіно ў Амстэрдаме – IDFA (Амстэрдам, Нідэрланды), Міжнародны фестываль дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Ляйпцыгу – «DOK Leipzig» (Ляйпцыг, Нямеччына), Кракаўскі кінафестываль (Кракаў, Польшча), Міжнародны фестываль дакументальных фільмаў аб правах чалавека – «Document» (Глазга, Вялікая Брытанія), Еўрапейскі фестываль дакументальных фільмаў «dokumentART» (Нойбрандэнбург, Нямеччына) ды іншыя.

Фільм года – «Не бойся» рэжысёра Міхаіла Аршынскага

Фільмы
Не бойся
2021.05.30 20:30

Стужка паказвае барацьбу беларускага народу за сумленныя выбары, лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і ўзялі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Падзеі праз прызму назіранняў Міхаіла Аршынскага, які стаўся сведкам неймавернага палітычнага супрацьстаяння. З камераю ў руках ён асабіста прасачыў за кожным этапам кампаніі ды здымаў, як улады перашкаджалі збіраць подпісы і перадаваць іх у выбаркамы, як аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў, разам з імі ездзіў па рэгіёнах Беларусі.

Фільм атрымаў галоўны прыз на паўднёвакарэйскім кінафестывалі «Hinzpeter Awards».

Праграма года – «Тыдзень»

Ігар Кулей, вядоўца праграмы «Тыдзень».
Фота: ЮШ / Белсат

«Тыдзень» – важкая кропка ў інфармацыйнай карціне тыдня. Вядоўцы Сяргей Падсасонны ды Ігар Кулей раскладаюць па паліцах самыя галоўныя падзеі. Паўтары гадзіны жывога эфіру пра самыя вострыя тэмы, што датычаць усіх нас. Адказы на пытанні, якія дзяржаўныя СМІ не асмеляцца і задаць.

Рэпарцёрскі матэрыял года – цыкл «Пайсці і не вярнуцца» рэжысёркі Вольгі Воранавай

Фільмы
Пайсці і не вярнуцца…
2020.10.01 08:30

«Пайсці і не вярнуцца» – рэпартажы пра тое, якімі былі людзі, загінулыя падчас пратэстаў. Аляксандр Тарайкоўскі, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Мікіта Крыўцоў, Раман Бандарэнка – усе яны не толькі галоўныя героі рэпартажаў Вольгі Воранавай, але і сапраўдныя героі вольнай Беларусі.

Інфармацыйны матэрыял года па-беларуску – цыкл матэрыялаў, падрыхтаваных насуперак пагрозам з боку ўладаў Беларусі, аўтарства Алены Дубовік

Нашая журналістка Алена Дубовік летась трапіла на Акрэсціна, дзе была моцна збітая наглядальніцай ізалятару. Алену запужвалі служкі рэжыму, невядомыя дасылалі пагрозы, але яна працягвала рабіць сваю працу аддана, годна і прафесійна. Алена і далей працуе з намі, што праўда, ужо не з Беларусі.

Інфармацыйны матэрыял года па-расейску – адмысловае выданне аб пратэстах «Свабоду Навальнаму» са стрымамі з гарадоў Расеі

Нашыя калегі з рэдакцыі расейскамоўнай трансляцыі асвятлялі пратэсты ў Расеі. Шматтысячныя акцыі за вызваленне палітыка Аляксея Навальнага адбываліся ў пачатку года, а шматгадзінныя трансляцыі з іх з розных гарадоў Расеі былі ў нашым эфіры.

Інтэрнэт-матэрыял года па-расейску – «Анталогія катаванняў у іркуцкіх калоніях і СІЗА» Арыны Бяссонавай ды Аляксандра Скрыльнікава

Тытанічную працу зрабілі нашыя калегі з парталу «Вот так». Яны шмат дзён рыхтавалі важны, моцны, але цяжкі матэрыял пра катаванні ў расейскіх турмах. Дзякуючы гэтай працы людзі даведаліся пра жахі за высокімі платамі з калючым дротам.

Інтэрнэт-матэрыял года па-польску – цыкл рэпартажаў пра надзвычайнае становішча на польска-беларускай мяжы Цэзарыя Галіньскага і Януша Гаўрылюка

Рэпартаж
У зоне надзвычайнага становішча ў Польшчы. Дзень першы
2021.09.04 15:31

Пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы ўжо доўгі час гаворыць цэлы свет. Нашыя журналісты з польскай рэдакцыі выбраліся ў памежныя раёны, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца і як рэагуюць на гэта мясцовыя жыхары. Атрымаліся цікавыя ды атмасферныя рэпартажы. Хто чытае па-польску, запрашаем на нашую польскую версію старонкі.

Выбар інтэрнаўтаў – сацыяльныя сеткі па-беларуску

«У Бярозаўцы прайшло развітанне з Вітольдам Ашуркам», аўтар – Віктар Контар

21 траўня ў папраўчай калоніі загінуў палітычны вязень Вітольд Ашурак. Кіраўніцтва калоніі запэўнівае, што ў вязня спынілася сэрца, але ёсць падставы думаць, што яго забілі. Калі родныя забралі цела, то пабачылі, што ў Вітольда цалкам перабінтаваная галава і пашкоджаныя рукі. Вітольда Ашурка пахавалі ў Бярозаўцы.

Выбар інтэрнаўтаў – сацыяльныя сеткі па-расейску

«Чаму Жырыноўскі ў палітыцы ўжо 30 гадоў?»

Галоўны адмысловец у палітычных шоу, лідар ЛДПР, ветэран боек у Дзярждуме, амбасадар слова «падонак»… Усё гэта пра расейскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага. Калі б Tik-Tok з’явіўся раней, то гэты чалавек дакладна быў бы самым папулярным блогерам там.

Выбар інтэрнаўтаў – «Выбух у метро: як сілавікі знішчалі доказы», аўтарка – Алена Дубовік

Нашыя гледачы зрабілі свой выбар. Лічбы кажуць самі за сябе. Як спявалі легенды беларускага року: «Што тут дадаць? Хіба што нічога».

У гэтым годзе адмысловая ўзнагарода дырэктара «Белсату» сёлета прысуджаецца Вальдэмару Даманьскаму – былому фінансаваму дырэктару нашага тэлеканалу. Дзякуем за шматгадовую плённую працу!

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Дзякуй, што застаецеся з намі! Да новых сустрэчаў у эфіры!

Заўсёды ваш – «Белсат»

Стужка навінаў