«Мы працуем, каб Беларусь была свабоднаю». Белсатаўцы – пра салідарнасць, надзеі і тое, якім быў гэты год


Сёння, 10 снежня, нашаму тэлеканалу спаўняецца 14. Апошнія два гады сталі самымі складанымі за ўсю гісторыю «Белсату». Узмацненне рэпрэсіяў супраць журналістаў, прызнанне нас экстрэмістамі, пераезд шмат каго з белсатаўцаў у іншыя краіны. Нашыя калегі застаюцца за кратамі толькі за тое, што прафесійна выконвалі сваю працу. Разам з тым за гэты год мы сталі мацнейшымі, больш згуртаванымі – не толькі ў камандзе, але і з нашымі гледачамі ды чытачамі. Нам давяраюць, нас цэняць, і гэта вельмі важна для нас. Сёлета мы даказалі, што нас не зламаць. І мы працягваем сваю працу, каб даносіць людзям праўду. З верай у тое, што крок за крокам мы набліжаем Беларусь да свабоды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. На здымку — Аліна Коўшык, журналістка і вядоўца «Белсату».
Фота: ЮШ / Белсат

У дзень народзінаў «Белсату» мы запыталі нашых калегаў, з якімі словамі ў іх асацыюецца гэты год і якою будзе незалежная журналістыка ў найбліжэйшай будучыні.

Нашая калега з Беларусі

«Шыза». Дасюль здавалася, што яна захапіла аднаго пажылога чалавека ў краіне. Цяпер відавочна: ахвяраў – сотні, «шыза» не шкадуе і маладых. Інакш я не магу патлумачыць дзеянні пэўнага 32-гадовага суддзі з Менску. Патупіўшы позірк, ён кідаў журналістку на чарговыя 15 содняў. Ведаючы, што паказанні «сведак» такія ж фальшывыя, як і іхныя імёны. Ведаючы, што журналістку трымаюць у двухмясцовай камеры, дзе, апроч яе, яшчэ тузін людзей, у тым ліку бяздомніцы з блохамі. Такіх суддзяў шмат, такіх «сведак» яшчэ больш.

Параноя / абачлівасць. Паміж гэтых словаў цяжка выбраць. Калі збіраешся састрыгчы даўгія валасы, каб у камеры было лягчэй іх мыць, – гэта параноя ці абачлівасць? Калі часцей прыбіраеш у кватэры, бо можа быць ператрус (ды яшчэ з відэарэгістрацыяй), – гэта параноя ці абачлівасць? Калі прымяраеш у краме новае худзі, а ў галаве міжволі пралятае думка, што трэба браць, бо каптуром можна будзе схавацца ад 24-гадзіннага святла ў камеры, – гэта параноя ці абачлівасць? Я не ведаю. Аднак здагадваюся, што гэткая параноя / абачлівасць ужо ўкаранілася і ў думках тых людзей, у якіх «шыза».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каманда «Белсату» працуе ў ваколіцах Крынак, дзе ў ноч з 9 на 10 лістапада група мігрантаў трапіла ў Польшчу з тэрыторыі Беларусі .
Фота: ЮШ / Белсат

Прыгажосць. Прыгажосць прыроды, слова, мастацтва, імгнення. Гэта тое, што ратуе ад «шызы» і параноі. Падаецца, сёлета мы навучыліся шукаць добрае нават у самым кепскім.

Падаецца, на волі ў Беларусі не засталося вядомых журналістаў (тое, што робяць дзяржаўныя медыі, у разлік не бярэм). Добрыя рэдактары і журналісты – у турме, за мяжою ці сышлі з прафесіі. Журналістыка застанецца партызанскай, апрацаванаю за мяжою, непаўнавартаснай і пакалечанай. Але ж нам не прывыкаць! Адно ведаю на 100 %: ананімным героям «экстрэмісцкіх» медыяў людзі вераць, а адкрытым тварам з БТ і ОНТ – не. Таму, нягледзячы ні на што, збіраюся працягваць сваю працу. Так, як атрымліваецца. Столькі, колькі спатрэбіцца.

Алесь Ляўчук, журналіст

Год быў адным з самых цяжкіх у жыцці, гэтае самае жыццё перакулілася з ног на галаву. Няма магчымасці надоўга нешта планаваць, бо не ведаеш, што будзе нават праз тыдзень. У Беларусі мы жылі пад сталым ціскам: затрыманні, суды, ператрусы, сачэнне сілавікоў, пераслед. І ў выніку – выбар: альбо турма, альбо замежжа. Да новага жыцця я яшчэ не прывык, але разумею, што гэта не на адзін месяц. Так што стараюся жыць, працаваць і рабіць усё, што залежыць ад мяне, каб мы ўсе маглі вярнуцца дадому.

Тры словы. Эміграцыя, бо гэта мая сённяшняя рэальнасць. Салідарнасць, бо шмат розных людзей стараліся нам нечым дапамагчы, і гэта было адчувальна і вельмі кранальна, я ўдзячны ўсім людзям за гэтую дапамогу. І надзея, бо без надзеі жыць немагчыма.

Белорусы провели митинг возле здания Интерпола в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і актывісты патрабуюць аховы актывістаў, якія знаходзяцца пад палітычным пераследам.
Фота: Белсат

Беларуская журналістыка будзе такой, якою была апошні час: цэлыя рэдакцыі з’ехалі, але не спынілі працы. Хаця шмат каму з маіх калегаў прыйшлося нават мяняць прафесію. Пры гэтым я ўпэўнены, што беларуская незалежная журналістыка – гэта вялікая сіла, якой трэба падтрыманне, маральнае і фінансавае, каб людзі не сыходзілі з прафесіі ды маглі несці праўду ў гэты цяжкі час.

Зміцер Ягораў, упаўнаважаны ў працы з кадрамі

Рэпрэсіі, салідарнасць, рэлакацыя – гэта тыя тры словы, якія могуць апісваць 2021-ы для мяне асабіста і для шмат каго з белсатаўцаў ды калегаў з журналісцкаму цэху. Мы ўсе атрымалі неймаверна магутны ўдар ад уладаў – па свабодзе слова, па чалавечых лёсах. Але, як гаворыцца, важна не тое, як ты ўпаў, а як ты падымаешся. Нас не спынілі, нас не знішчылі як інстытуцыю, як кола аднадумцаў і прафесіяналаў. Наступны год таксама будзе складаны. Я не бачу аніводнага сігналу, які б намякаў на тое, што рэпрэсіі будуць спыненыя.

Мы ўсе ўжо цяпер вельмі згаладаліся па класічнай рэпарцёрскай журналістыцы: паехаць, убачыць сваймі вачыма, зняць відэа, сфатаграфаваць, запісаць сведчанні людзей, напісаць рэпартаж. Вылазіць з той ямы, у якую рэжым спіхнуў усю краіну, мы будзем доўга. Але што самае важнае – нам усім нельга спыняцца, нельга заміраць, нават калі на нас ціснуць. Трэба шукаць шляхі і сілы для развіцця. Мы мусім быць больш якаснымі і больш цікавымі за прапаганду, мы гэта павінныя свайму гледачу, чытачу, падпісантам у сацсетках. Яны ў нас паверылі.

Вольга Швед, упаўнаважаная ў развіцці новых медыяў

Адвага, гонар, уцёкі. Гэта нашая карціна года: бязмежная адвага калегаў, тых, хто аддана працаваў, уцякаў праз лясы, наважыўся змяніць сваё жыццё, і тых, хто свядома вырашае сесці, але не зʼехаць. І бязмежны гонар за ўсе гэтыя ўчынкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Крызіс – гэта заўжды магчымасць. Цяпер час пошукаў новых формаў, спосабаў працы. «Белсат» тут у лепшай сітуацыі, бо мы з пачатку пабудавалі сістэму працы ў таталітарнай дзяржаве, але як працаваць без карэспандэнтаў? Будзе развівацца грамадзянская журналістыка, калі даслаць навіну медыям – гэта ўжо ўчынак і акт супраціву. Журналістыкі, якую мы ведалі дасюль, больш не будзе.

Зміцер Лупач, журналіст

У сярэдзіне лета я вымушаны быў з’ехаць з краіны, знайсці сабе новае месца для жыцця і працы. Што не так проста, калі табе ўжо больш за пяцьдзясят і ты ніколі не збіраўся жыць не ў Беларусі.

Сярод усіх словаў я выбіраю тры «с»: салідарнасць, сцяг і свабода. Салідарнасць, бо быў вельмі ўражаны тою салідарнасцю, тою падтрымкай, якую ўбачыў у Беларусі і сярод беларусаў за апошні час. Гэта і ў адносінах да сябе, і наагул у адносінах паміж беларусамі. Сцяг, бо за невялікі прамежак часу наш сцяг стаў сімвалам новай Беларусі. І пасля перамогі (а яна абавязкова будзе!) у нашым грамадстве ўжо не будзе вялікай дыскусіі, які сцяг павінен рэпрэзентаваць Беларусь і беларусаў. Свабода, бо гэта тое, што чакае Беларусь і за што беларусы павінны змагацца. Пакуль яе няма ў нашай краіне, але я веру, што яна абавязкова будзе, бо па-іншаму проста быць не можа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Думаю, нягледзячы на ўсе складанасці, якія перажыла беларуская журналістыка за апошні год, яна стане толькі лепшаю. Нам трэба навучыцца, і мы ўжо вучымся працаваць у новых умовах, калі ты далёка ад месца падзеяў ды не можаш туды паехаць.

Алена Шабуня, журналістка

Сябры, радзіма, перамога. Апошні год быў вельмі цікавым, аж занадта: не паспявала прывыкнуць да адных выпрабаванняў, як прыходзілі новыя. Падзеі ў краіне моцна адбіліся на асабістым жыцці. Былі суды за сюжэты для «Белсату» і за мітынгі. Давялося пакінуць радзіму малодшаму сыну, перарваўшы навучанне ва ўніверсітэце. Я нават і не думала пакідаць Беларусі, рабіла, што магла, каб наблізіць перамогу святла над цемрай. Але прыйшоў дзень, калі не было выбару, ехаць ці заставацца, а хуценька давялося сабраць валізу і з’ехаць. Зімовых рэчаў не брала, бо думала, што за гэты час прыйдзе перамога і я вярнуся дадому, дзе засталіся родныя і сябры.

Для незалежнай журналістыкі год быў складаны. Але журналісты яшчэ больш сталі моцнымі і згуртаванымі. Абставіны прымусілі вучыцца працаваць у новых умовах.

Валярына Кустава, тэлевядоўца і паэтка

Гэты год у мяне асацыюецца з трыма словамі. Першае – гэта нацыя. За гэты час адбылося тое, што не ўдавалася зрабіць за ўсе 27 гадоў, пакуль Лукашэнка пры ўладзе. Тое, за што змагалася беларуская апазіцыя, палітыкі, журналісты, праваабаронцы і ўсе адукаваныя ды свядомыя людзі. Урэшце змянілася мысленне людзей, і мы зрабіліся нацыяй. Гэта нашае найвялікшае дасягненне, якое праяўляецца ў тым ліку ў вялізнай дапамозе адно аднаму. Я добра гэта бачу на прыкладзе нашай праграмы «Беларус беларусу», у межах якой дзясяткам людзей дапамаглі нашыя гледачы, неабыякавыя беларусы. Я перакананая, што найвялікшая нашая сіла – гэта салідарнасць.

Другое слова – свабода. Хутчэй, шлях да свабоды, які цяпер праходзяць беларусы. Мы думалі, што гэта спрынт, але аказалася – марафон. Не ўва ўсіх хапае на яго сілаў, натхнення і матывацыі. Але большая частка гэтага доўгага шляху ўжо пройдзеная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Гэты шлях няпросты, таму трэцяе слова – гэта боль. Немагчыма лёгка прапусціць усё праз сэрца, бо мы нясем ахвяры. Гэта людскія жыцці выдатных, сумленных людзей, для якіх годнасць – істотнае слова. Гэта палітзняволеныя, забітыя, закатаваныя, згвалчаныя. Гэты боль немагчыма ні забыць, ні прабачыць. Разам з тым гэта дае сілы ў моманты дэпрэсіі ды бяссілля.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта нават не вайна, а бойня: людзі выйшлі з мірнымі намерамі, а іх проста знішчаюць. У такіх умовах місія незалежных журналістаў – быць жаўнерамі праўды. Гэта супергероі, у якіх ёсць звышзадача – уратаваць праўду і данесці яе да людзей.

У мяне ёсць непахісная вера ў праўду і перамогу дабра. Але журналістам цяпер трэба быць гнуткімі і рэагаваць на новыя выклікі, нават на ўзроўні фарматаў. Нас прызнаюць экстрэмістамі, але гэта не значыць, што мы апускаем рукі і ніякай інфармацыі з Беларусі цяпер не будзе. Не. Мы прыдумаем новы фармат, будзем працаваць. І цяпер «Белсат» настолькі заваяваў давер гледачоў, што нават калі мы здымаем кагосьці з закрытым тварам, нашым гісторыям усё роўна давяраюць. Мы дастаем гэтую інфармацыю з неймавернымі складанасцямі. Гэта тая каштоўнасць, якую трэба вельмі цаніць і падтрымліваць.

СП belsat.eu

Стужка навінаў