Мэты сустрэчы Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Еўразвязу. Інтэрв'ю з Валерам Кавалеўскім


Беларусь будзе прыярытэтам замежнай палітыкі новага ўраду Нямеччыны, распавядае Валер Кавалеўскі. Палітык гаворыць пра тое ці Байдэн размаўляў з Пуціным аб праблемах Беларусі. Якую пазіцыю перадае ў Белы дом штаб Святланы Ціханоўскай? Як будзе выглядаць удзел беларускай дэлегацыі ў саміце Еўрапейскі Звяз – Усходняе Партнёрства, які пройдзе ў Бруселі? З чым беларусы прыедуць у сталіцу Аб’яднанай Еўропы? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Валерам Кавалеўскім, кіраўніком штабу Святланы Ціханоўскай.

Аліна Коўшык: Амерыканскі комік назваў Пуціна чалавекам, паводле гэтай сустрэчы, якому ўсё роўна. Вы пагаджаецеся з тым, што Пуціну ўсё роўна, ці гэта проста дыпламатычная гульня?

Валер Кавалеўскі: Пуціну, вядома, не ўсё роўна. Для яго гэта значная падзея ў палітычным жыцці. Размова з амерыканскім прэзідэнтам – гэта вельмі прэстыжна. Павышае ўзровень і статус Пуціна, дадае яму дадатковай вагі. Гэта тое, чаго Расея вельмі хацела б. Расея хацела б прызнання сябе як важнага, магчыма, унікальнага гульца. Таму такія перамовы для Пуціна вельмі важныя.

Гэта прыблізна як да Лукашэнкі пазваніла Мэркель?

Так, дыктатары ды аўтарытарныя лідары любяць дадатковую ўвагу, прызнанне. Для іх вельмі важны гэты статус. Лукашэнка – вельмі ўдалы прыклад, бо ён таксама хапаўся за гэты званок як за саломінку, каб паказаць, што ён усё ж рэлевантны і прысутнічае. На гэтым фоне гэта вельмі смешна выглядае, калі мы ацэньваем, колькі званкоў, міжнародных і асабістых сустрэчаў праводзіць Святлана Ціханоўская на працягу кожнага тыдня. Для нас гэта не ёсць чымсьці выбітным і ўнікальным.

Вы маеце нейкую інсайдарскую інфармацыю, ці казалі пра Беларусь у гэтай размове? Я ведаю, што ў вас вельмі добрыя кантакты з Вашынгтонам.

Паводле нашай інфармацыі, пытанне Беларусі падымалася ў тым кантэксце, што Расея можа быць канструктыўным гульцом, што не можа ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Пад такія сустрэчы мы заўсёды рыхтуем сваю пазіцыю – пазіцыю беларускага народу. Яна павінна агучвацца. І перадаем яе ў Белы дом, каб яе ўлічвалі падчас гэтай сустрэчы, дый у прынцыпе, каб разумелі, якімі вачамі глядзяць беларусы на сітуацыю ў рэгіёне. Гэтая сустрэча была прысвечаная сітуацыі на мяжы Украіны і Расеі. Нашая пазіцыя датычыла менавіта развіцця гэтых падзеяў.

Якая вашая пазіцыя? Што вы перадалі ў Белы дом?

Мы перадавалі, што Лукашэнка як чалавек, які не мае ніякай легітымнасці як кіраўнік дзяржавы, выступае як прыватная асоба. Калі ён заяўляе аб прызнанні Крыму як прыватная асоба, калі ён гаворыць, што можа вярнуць ядравую зброю ў Беларусь. Што трэба ставіць заслону падобным дзеянням, бо ў Лукашэнкі няма мандату ад людзей, каб прымаць падобныя рашэнні. Вядома, што ён кантралюе сітуацыю сёння і можа сваймі дзеяннямі нарабіць шмат шкоды Беларусі, жыццю і здароўю беларусаў, а таксама суверэнітэту і незалежнасці.

Мы разумеем, што імаверны канфлікт, які мог бы ўспыхнуць у рэгіёне, будзе закранаць інтарэсы Беларусі.

Беларусь сталася адною з пляцовак, наколькі мы разумеем са звестак амерыканскай выведкі, апублікаваных у «Bild».

Ёсць такая версія. Але калі ў гэтай версіі ёсць хоць самая малая імавернасць, гэта для нас падстава быць вельмі заклапочанымі. Бо гэта наўпрост пагражае незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Пры тых абставінах, што чалавек, які прымае гэтыя рашэнні, ніякім чынам не ўпаўнаважаны беларусамі.

Што павінна здарыцца, каб Байдэн пазваніў Пуціну ў справе Беларусі?

Я думаю, што такія кантакты адбываюцца. Мы ведаем, што гэтае пытанне падымаецца найважнейшымі фігурамі ў амерыканскай дыпламатыі. Напрыклад, Віктор’я Нулэнд, а таксама дзяржаўны сакратар вельмі часта выказваецца аб сітуацыі ў Беларусі. На нарадзе міністраў замежных справаў АБСЕ ў Стакгольме Блінкен таксама пра гэта выказваўся. Як і амбасадар ЗША пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр. Абмяркоўваюць сітуацыю Беларусі і з расейцамі на шматбаковым узроўні пастаянна. Калі гэтая інфармацыя даходзіць да Байдэна, гэта не азначае, што крытычная маса накопленая і ўжо няма куды адступаць. Самая галоўная праца адбываецца менавіта на гэтым узроўні.

Hавiны
«Дыктатараў нельга перавучыць». Ціханоўская заклікала лідараў дэмакратычных краін да сур’ёзных крокаў
2021.12.10 16:49

Я разумею, што акурат вы яе ведзяце. Кантактуеце з Дзяржаўным дэпартаментам.

Мы інфармуем Дзяржаўны дэпартамент пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Дапамагаем разабрацца ў падзеях, у рашэннях, якія прымаюцца ў Беларусі, якім чынам яны могуць падрываць нацыянальныя інтарэсы беларусаў. У тым ліку ў тым, што датычыць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Мы на парозе важнай падзеі ў міжнародным жыцці Беларусі – саміту «Усходняга партнёрства», які мае адбыцца ў Бруселі 15 снежня. Наколькі разумею, Беларусі там будзе аддадзенае пустое крэсла. Як будзе выглядаць беларуская павестка на гэтым саміце? Лукашэнка фактычна адмовіўся ад удзелу ў гэтай праграме.

Лукашэнка прыпыніў дзеянне праграмы ці ўдзел Беларусі ў ініцыятыве «Усходняга партнёрства». На што беларусы сказалі, як і на іншыя ягоныя рашэнні, што ў яго няма легітымнасці і права прымаць рашэнні, якія датычаць інтарэсаў цэлай дзяржавы ды закранаюць інтарэсы беларусаў. З нашага пункту гледжання ўдзел ва «Усходнім партнёрстве» вельмі важны для Беларусі. Гэта тая платформа, на якой мы можам развіваць дачыненні і з ЕЗ, але таксама атрымліваць шмат бенефітаў для развіцця эканомікі, адукацыі, грамадскай супольнасці. Тое, што Лукашэнка заявіў аб прыпыненні дзеяння для нас праграмы, не азначае, што мы згодныя. Мы сказалі, што Лукашэнка сыходзіць, але Беларусь застаецца ва «Усходнім партнёрстве». Яшчэ з вясны, даведаўшыся пра імавернасць таго, што саміт адбудзецца, мы ўжо размаўлялі з еўрапейскімі партнёрамі, нацыянальнымі ўрадамі пра тое, што Беларусь там абавязкова мае прысутнічаць. Менавіта дэмакратычная Беларусь, бо Лукашэнка не мае права.

У якім фармаце будзе прысутнічаць дэмакратычная Беларусь?

Арганізуецца спецыяльнае мерапрыемства з удзелам міжнароднага камісара ў міжнародных справах Жузэпа Бурэля, прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля. Гэта адбудзецца ў межах падрыхтоўкі да самога саміту. У сустрэчы таксама прымуць удзел міністры замежных справаў некаторых краінаў ЕЗ. Плануюцца таксама сустрэчы з кіраўнікамі ЕЗ. То бок плануецца шэраг мерапрыемстваў вакол самога саміту, а таксама рады ў міжнародных дачыненнях, што будзе праходзіць 13 снежня ў Бруселі.

Якія прапановы вы везяце ў Брусель і чаго хочаце там дамагчыся?

Самае галоўнае – Беларусь працягвае браць удзел у ініцыятыве «Усходняга партнёрства». Тое, што заявіў Лукашэнка, не можа прымацца. Замест афіцыйных уладаў сёння прыходзіць грамадзянская супольнасць. Грамадзянская супольнасць можа рабіць вельмі шмат. І ў сэнсе падтрымання актуальнай дзейнасці, але таксама праз рыхтаванне да трансфармацыі ды пераходу да дэмакратычнай сістэмы ў Беларусі. Гэта можа быць і распрацоўванне рэформаў, і рыхтаванне кадраў, і пабудова кааліцыі ды грамадзянскай супольнасці, публічных актараў, якія будуць несці адказнасць за рэалізацыю гэтых рэформаў у будучым.

Вы хочаце закрануць таксама і пытанне кошту візаў для беларусаў.

Як мінімум мы будзем настойваць на тым, каб кошт візаў для беларусаў не змяніўся, бо ён быў прывязаны да пагаднення аб рэадмісіі. Лукашэнка таксама заявіў пра выхад з гэтага пагаднення. Парламент ужо, здаецца, прагаласаваў за гэта. Мы звяртаемся да еўрапейскіх партнёраў з просьбаю, каб нават выхад з пагаднення аб рэадмісіі не адбіўся на росце коштаў на візы. Таксама мы падымаем пытанне пра тое, што можна спрасціць працэдуру атрымання шэнгенскіх візаў. Даваць больш актыўна гуманітарныя візы амбасадамі ў Менску. Шэнгенскія візы складана атрымаць. Гэта не толькі пытанне коштаў, але і адміністрацыйныя працэдуры. У гэтым пытанні еўрапейцы могуць зрабіць больш.

А хто цяпер наш самы вялікі сябар у ЕЗ? Хто найбольш дапамагае?

У нас вельмі шмат сяброў у ЕЗ. Кагосьці вылучыць будзе складана. Мы ў першую чаргу гаворым пра краіны, якія мяжуюць з Беларуссю: Латвія, Літва, Польшча. Мы адзначаем вялікі ўдзел Нямеччыны і Швецыі. Нямеччына, напрыклад, прапісала ў новым кааліцыйным пагадненні новага ўраду, што Беларусь будзе прыярытэтам і ўрад будзе займацца пытаннем дэмакратызацыі Беларусі, падтрымання беларусаў на гэтым шляху. Новая прэм’ерка Швецыі ў сваёй прамове, калі заступала на пасаду, сказала, што Беларусь будзе прыярытэтам вонкавай палітыкі ейнага ўраду. Такіх рэчаў раней не адбывалася! Вельмі важна падкрэсліць і вярнуцца да думкі, што сяброў, саюзнікаў у дэмакратычнай Беларусі ў ЕЗ вельмі шмат. Мы гэта бачым як індыкатар стаўлення ў тых актыўных сустрэчах, якія Святлана Ціханоўская праводзіць у ЕЗ на нацыянальным узроўні, але таксама на міжнародных форумах. Як гэта было на саміце АБСЕ, на Венскай канферэнцыі, як будзе на саміце «Усходняга партнёрства».

Распачаўся афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай у Польшчу на запрашэнне прэзідэнта Анджэя Дуды. Гэта досыць высокі дыпламатычны ранг, найвышэйшы ў краіне. Як вы гэта ўспрымаеце, якія пытанні важныя для абмеркавання з суседзямі?

Для нас гэта гонар атрымаць такое запрашэнне. Галоўнае мерапрыемства, якое павінна стаць цэнтрам усёй праграмы, – супольная сустрэча, якую правядзе Анджэй Дуда і Святлана Ціханоўская з беларусамі, якія актыўна займаюцца беларускаю тэматыкаю, дэмакратызацыяй Беларусі. А таксама з палякамі, якія аддаюць шмат энергіі ды часу гэтай справе. Трэба аддаць належнае польскаму боку, што знаходзяць час, разумеюць важнасць працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі.

Hавiны
Анджэй Дуда: Веру, што беларусы і беларускі некалі ўбачаць дэмакратычную нармальнасць
2021.12.09 18:50

Ці будзеце ўздымаць пытанне міграцыйнага крызісу, рэакцыі Польшчы ды доступу журналістаў з польскага боку мяжы? Бо цяпер вельмі вялікая дыспрапорцыя атрымліваецца праз тое, што мы маем інфармацыю з боку беларускіх прапагандыстаў, а ў Польшчы інфармацыя практычна закрытая. Хаця мы і назіраем спад у спробах прайсці незаконна мяжу, крызіс працягваецца.

Той стан надзвычайнага становішча, уведзены польскім урадам на мяжы з Беларуссю, тлумачыць пэўныя захады, якія абмяжоўваюць доступ да гэтай зоны. Мы заўсёды падымаем гэтую тэму, абмяркоўваем яе з польскім бокам. Безумоўна, мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты крызіс скончыўся, бо мы разумеем, чаму Польшча сталася аб’ектам і мішэнню для гэтай атакі.

Чаму?

Польшча займае вельмі актыўную пазіцыю ў падтрыманні беларусаў у іхнай барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Палякі ведаюць, што такое цана свабоды, дэмакратычны працэс. Таму беларускі рэжым абраў менавіта Польшчу, каб перацягнуць увагу з уласных праблемаў. Мы паўсюль падкрэсліваем, што не трэба забываць, хто галоўны адказны за гэты крызіс. Польшча апынулася ў вельмі складанай сітуацыі. Гэта гібрыдная атака, на якую не так проста адказаць. Але мы бачым тое, да чаго мы заклікалі: адзінства ў ЕЗ, адзінства ў Польшчы ў ацэнцы гэтай праблемы. Яны вельмі важныя, яны дапамагаюць кансалідаваць, даваць найбольш эфектыўныя адказы на гэтую праблему.

Лукашэнка, на вашую думку, прайграў у гэтым першым акце міграцыйнай вайны?

Безумоўна, ён стварыў шмат шуму і зрабіў шмат шкоды, бо загінулі людзі. У выніку гэтай аперацыі загінулі нявінныя людзі, якія, падманутыя, прыехалі ў Беларусь у пошуках лепшага жыцця. Ён нешта набыў у сэнсе, што часткова і часова адцягнуў увагу ад сябе самога, але ў выніку мы бачым, што ўведзены пяты пакет санкцыяў, які ў значнай частцы быў скіраваны на пераадоленне міграцыйнага крызісу. Мы бачым, што Лукашэнку ўспрымаюць з яшчэ большаю занепакоенасцю. Для многіх лідараў ЕЗ ён становіцца яшчэ больш непрымальнай асобай. І мы ведаем, што Вугоршчына, якая традыцыйна больш нейтральная да Лукашэнкі, фактычна выгаварыла Макею падчас сустрэчы АБСЕ ў Стакгольме. Крытыкавала, што выкарыстоўваецца міграцыйны крызіс і агулам тэма міграцыі, каб дасягаць нейкай палітычнай мэты.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 09.12.2021

Стужка навінаў