Дзень народзінаў «Белсату» за кратамі. Распавядаем пра нашых зняволеных калегаў


Журналісты «Белсату» зазнавалі рэпрэсіі з боку ўладаў з самога пачатку працы тэлеканалу. Нас пераследавалі, затрымлівалі, спрабавалі перашкодзіць нашай працы, судзілі, штрафавалі. А летась пасля прэзідэнцкіх выбараў на нашых журналістаў за прафесійную дзейнасць пачалі заводзіць крымінальныя справы. На 10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека, а адначасова дзень народзінаў «Белсату» – нашыя калегі застаюцца ў зняволенні: Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Уладзімір Мацкевіч, Ірына Слаўнікава і Аляксандр Фядута. Нагадваем, што трэба ведаць пра гэтых мужных і адданых сваёй прафесіі людзей.

Журналісты і тэхнічныя супрацоўнікі «Белсату» у варшаўскай студыі .
Фота: Белсат

Кацярына Андрэева: пасля вызвалення марыць застацца ў Беларусі і ў журналістыцы

Больш за год таму, 15 лістапада 2020 года, падчас стрыму з акцыі на плошчы Пераменаў у Менску былі затрыманыя Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Абедзвюх абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ). Журналістак судзілі разам: Наталля Бугук пакарала іх аднолькавымі тэрмінамі – 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Цяпер Кацярына і Дар’я застаюцца ў Гомельскай жаночай калоніі № 4.

Hавiны
Гайд па найлепшых журналісцкіх працах Кацярыны Андрэевай, якая была арыштаваная за сваю дзейнасць
2020.11.19 08:40

Кацярына Андрэева 2 лістапада адзначыла за кратамі 28-годдзе.

Нашая калега нарадзілася ў 1993 годзе ў сям’і, якая складаецца з розных пакаленняў менскай інтэлігенцыі. Бацькі журналісткі – філолагі. Бабуля Ала Ваганава – дацэнт кафедры археалогіі БДУ. Дзядуля Сяргей Ваганаў – вядомы беларускі журналіст, публіцыст і паэт.

Артыкулы
«Яна разумела кошт свайго выбару і ні пра што не шкадуе». Журналістка Кацярына Андрэева год як за кратамі
2021.11.15 12:26

Каця скончыла гімназію № 23 у Менску, паступіла на факультэт іспанскай мовы МДЛУ. У 2013 годзе паехала паводле валанцёрскай праграмы Еўракамісіі ў Іспанію, дзе правяла 2 гады. У канцы 2014-га вярнулася на Радзіму і пайшла ў журналістыку.

Кацярына Андрэева. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Каця супрацоўнічала з радыё «Свабода», украінскім праектам «Данбас. Рэаліі», друкавалася ў «Народнай волі» і расейскім выданні «Новая газета». З сакавіка 2017 года – карэспандэнтка «Белсату». Двойчы (у 2017 і 2020 гадах) прызнавалася на тэлеканале тэлевізійнай асобаю года. Была лаўрэаткаю конкурсу БАЖ «Вольнае слова».

У снежні 2016 года Кацярына пабралася шлюбам з журналістам Ігарам Ільяшом. У суаўтарстве з Ігарам Каця падрыхтавала шэраг гучных журналісцкіх расследаванняў, а ў 2020 годзе сужэнцы выдалі дакументальную кнігу «Беларускі Данбас» пра ролю беларусаў у расейска-ўкраінскім канфлікце.

Артыкулы
Муж Кацярыны Андрэевай пра аднадзённае спатканне: Самыя шчаслівыя суткі з моманту арышту
2021.08.05 17:46

Каця мае выйсці на волю 5 верасня 2022 года. Пасля вызвалення яна хацела б павандраваць па Еўропе разам з мужам, а потым вярнуцца дамоў, жыць і працаваць далей у журналістыцы ў Беларусі. Таксама абдумвае напісанне кнігі пра свой досвед.

Дар’я Чульцова: «Калі не ў журналістыку, то нікуды»

Дар’я Чульцова нарадзілася ў 1997 годзе ў Шклове. З дзяцінства была цікаўнаю да свету, расла творчаю асобаю.

«У дзяцінстве Дар’я вельмі любіла маляваць, нават хадзіла ў мастацкую школу. Гэта быў ейны нейкі асаблівы свет – маляванне, – распавядала пра дачку спадарыня Наталля Церабіленка. – Пасля яна закамандавала набыць ёй гітару, пачала вучыцца граць на ёй. А больш за ўсё Даша любіла пісаць. У яе заўсёды быў нейкі сшытак ці нататнік з сабой, і яна ўсё пісала, пісала, пісала».

Артыкулы
«Я адгаворвала дачку ад журналістыкі, баялася, а цяпер ганаруся». Размова з маці Дар’і Чульцовай
2021.11.15 02:26

Пра журналістыку марыла са школы. Калі дзеўчына сказала пра сваё жаданне маці, тая спачатку адгаворвала: ведала, што гэта небяспечная прафесія ў Беларусі. Аднак Даша казала, што калі не ў журналістыку, тады ўвогуле не пойдзе нікуды вучыцца. Пасля адзінаццатага класу паступіла на гістарычна-філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Куляшова на спецыяльнасць «журналістыка».

Абвяшчэнне вынікаў 28-га Конкурсу на ўзнагароды Польскай асацыяцыі журналістаў. Варшава, Польшча. 17 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Яшчэ падчас навучання Даша пачала працаваць на мясцовым партале Mogilev.online. Потым распачала супрацу з «Белсатам». Рабіла рэпартажы, але найбольш яе вабіла праца аператара. У верасні 2020 года Даша пераехала ў Менск. Тут яна засяродзілася на працы ў якасці відэааператаркі.

Гісторыі
«Гэта і ёсць любоў да Беларусі». Як Даша Чульцова, якую судзяць за стрым, прыйшла ў журналістыку
2021.02.09 11:16

Рэпрэсіі супраць Дашы за журналісцкую дзейнасць пачаліся яшчэ ў Магілёве. Двойчы магілёўскія суды каралі Дашу штрафам паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за супрацу з «Белсатам». Затрыманні працягнуліся і пасля пераезду ў Менск. Але гэта не адштурхнула дзяўчыну ад прафесіі.

На волю Дар’я, як і Каця, выйдзе 5 верасня 2022 года.

Побыт у калоніі: праца на швейнай вытворчасці і навучанне на цырульніцу

У Гомельскай калоніі Каця і Даша жывуць у розных атрадах у вялікіх пакоях з двух’яруснымі ложкамі. Апранацца мусяць у спецыяльную ўніформу для зняволеных. Гэта казённая сукенка, на якой нашытая бірка са здымкам, артыкулам і датаю пачатку ды завяршэння тэрміну.

Артыкулы
«У яе занятая кожная хвілінка – так час пралятае хутчэй». Як жыве ў калоніі журналістка Дар’я Чульцова
2021.11.04 08:30

Зняволеныя ходзяць на працу. У жаночых калоніях, як правіла, шыюць адзенне. Дашу «працаўладкавалі» лякальшчыцай. Яна працуе за вялікім сталом, разгладжвае выкрайкі, крэйдай акрэслівае дэталі адзення. Задаволеная тым, што не за швейнаю машынкай. Акрамя таго, Даша актыўна бярэ ўдзел у розных конкурсах ды імпрэзах у калоніі.

Каця ж працуе на швейнай вытворчасці, дзе шыюць дробныя дэталі адзення для розных дзяржаўных структураў, а з верасня вучыцца на цырульніцу.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

І Кацю, і Дашу праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. За год зняволення дзеўчыны былі ўзнагароджаныя шэрагам прэстыжных беларускіх і міжнародных журналісцкіх прэміяў.

Падтрымаць журналістак лістамі можна, пішучы на адрас: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель, Дар’і Чульцовай ці Кацярыне Бахвалавай (на канверце трэба пазначаць сапраўднае прозвішча Кацярыны, Андрэева – псеўданім).

Уладзімір Мацкевіч: нарадзіўся ў высылцы ў сям’і рэпрэсаваных, прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі

4 жніўня сёлета затрымалі вядомага беларускага філосафа і метадолага, вядоўцу праграмы «Размова дня на «Белсаце» Уладзіміра Мацкевіча. Яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ). 6 жніўня праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

Артыкулы
Святлана Мацкевіч: справа жыцця арыштаванага Уладзіміра – вольная Беларусь
2021.08.06 21:04

Уладзімір Мацкевіч нарадзіўся 14 траўня 1956 года ў Расеі ў Іркуцкай вобласці. Ягоныя дзяды і бацькі – выхадцы з Гарадзенскай вобласці, былі рэпрэсаваныя ў сталінскі час і пазнаёміліся ў высылцы. Сям’я вярнулася на Гарадзеншчыну толькі ў 1966 годзе.

У Горадні Уладзімір Мацкевіч закончыў школу. Пасля службы ў арміі паступіў у Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт вывучаць псіхалогію, адкуль яго паводле размеркавання накіравалі ў Вільню. Некаторы час жыў і працаваў у Ленінградзе. Затым яго прынялі на працу ў Ліепайскі педагагічны ўніверсітэт. Пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь, дзе выкладаў і рэфармаваў сістэму адукацыі. Таксама Уладзімір Мацкевіч працаваў на беларускім тэлебачанні.

Артыкулы
«Беларусь запаўняе ўсё ягонае сэрца, і канкураваць тут ніхто не можа». Былая жонка – пра Уладзіміра Мацкевіча
2021.09.15 11:09

З 2004 года праз палітычныя погляды Уладзімір Мацкевіч фактычна зазнае забарону на прафесію. Але займаўся грамадскаю дзейнасцю: дзякуючы ягоным намаганням з’явіўся Лятучы ўніверсітэт.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Уладзімір Мацкевіч браў удзел у палітыцы. Падчас выбараў у 1994 годзе прапаноўваў сваю дапамогу Станіславу Шушкевічу і Зянону Пазняку. Прымаў удзел у стварэнні АГП, «Хартыі’97». Быў першым кіраўніком рады міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь».

У 2012 годзе Уладзімір Мацкевіч далучыўся да каманды «Белсату» і стаў вядоўцам праграмы «Размова дня».

Артыкулы
Уладзімір Мацкевіч: Мяне збіраюцца судзіць за «думзлачынства» паводле Оруэла
2021.08.24 15:29

Уладзімір Мацкевіч ведаў, што яму пагражае ў Беларусі, аднак адмаўляўся з’язджаць. Заставацца на радзіме было ягонаю прынцыповаю пазіцыяй, распавядала ў інтэрв’ю «Белсату» Святлана, былая жонка Уладзіміра.

«Валодзя вельмі глыбока адчувае Беларусь, чаго я, магчыма, не да канца разумею. Беларусь не толькі ў ягоным розуме, але найперш у сэрцы, – зазначала Святлана Мацкевіч. – Перастаць атаясамліваць Валодзю і Беларусь проста немагчыма… Беларусь запаўняе ўсё ягонае існаванне. Канкураваць з гэтым немагчыма нікому: ні жонцы, ні маці. Беларусь для яго – усё. І калі ты гэта прымаеш, то і ён цябе прымае».

Уладзіміра Мацкевіча ўтрымліваюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Напісаць яму можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск, Уладзіміру Мацкевічу.

Ірына Слаўнікава: арыштавалі разам з мужам, закулі ў кайданкі ў аэрапорце

Ірына Слаўнікава некалі працавала на «Белсаце» як журналістка, потым была афіцыйнаю прадстаўніцаю тэлеканалу ў Беларусі. У красавіку 2021 года на сходзе Беларускай асацыяцыі журналістаў была абраная намесніцаю старшыні БАЖу Андрэя Бастунца.

Ірыну затрымалі разам з мужам Аляксандрам Лойкам 30 кастрычніка ў аэрапорце ў Менску, калі яны прыляцелі з адпачынку ў Егіпце.

Артыкулы
«І вось там, пад сталом і лаўкай, спала Слаўнікава». Сведчанні былой зняволенай камеры № 15
2021.11.22 18:04

Спачатку абаім прысудзілі па 15 содняў адміністратыўнага арышту за нібыта захоўванне на сваіх старонках у Facebook «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ), а пасля далі яшчэ 15 содняў – ужо за дробнае хуліганства.

Журналістка Ірына Слаўнікава (справа). Крыніца: Aleksy Dzikawicki / Facebook

Яшчэ да сканчэння другога адміністратыўнага тэрміну, 26 лістапада, стала вядома, што Ірына Слаўнікава атрымала статус падазраванай у арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ). 6 снежня нашую калегу перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Мужа журналісткі трэці раз асудзілі на 15 содняў за нібыта непадпарадкаванне міліцыянтам.

Падчас першага паседжання Аляксандр распавёў, што іх з Ірынаю затрымалі падчас пашпартнага кантролю, закулі ў кайданкі і не далі забраць багажу. Ён адзначыў, што Ірыну затрымлівалі больш жорстка, чымся яго. Аднак бацьку Ірыны, які прыехаў сустракаць дачку і зяця ў аэрапорт, адміністрацыя сказала, што тыя прыляцелі сваім рэйсам і прайшлі ўсе неабходныя этапы кантролю, падчас якіх іх ніхто не затрымліваў.

Артыкулы
Арыштант, які сядзеў з Аляксандрам Лойкам: «Першыя 15 содняў у яго нават майкі не было»
2021.12.09 10:23

На Акрэсціна каля 10 содняў Ірына Слаўнікава правяла ва ўжо знакамітай камеры № 15, вязні якой абвяшчалі галадавання на знак пратэсту супраць нечалавечых умоваў утрымання.

Международный фестиваль «TV Heart of Europe», организован Польским национальным телевидением
Падчас фестывалю «TV Heart of Europe» у аўдыторыі «зарэзервавалі» месца для затрыманых белсатаўцаў Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Ірыны Слаўнікавай. Яшчэ адно пустое крэсла заставілі для актывіста Саюзу палякаў Беларусі і гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, які таксама трапіў у палон рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Варшава, Польшча. 5 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай.

Пісаць лісты Ірыне можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г.Менск, Ірыне Слаўнікавай.

Аляксандр Фядута: двойчы вязень «Амерыканкі»

17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы асобаў, якая нібыта планавала замах на яго і ягоных дзяцей і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Адначасова з заяваю на дзяржаўным тэлеканале выйшаў сюжэт, у якім кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў, што спыненая праца арганізаванай групы, якая спрабавала захапіць уладу ў Беларусі. Сярод затрыманых апынуўся калумніст «Белсату» Аляксандр Фядута. Яго затрымалі ў Маскве разам з адвакатам Юрасём Зянковічам.

Аляксандр Фядута.
Фота: Александр Федута / Facebook

Больш за 6 месяцаў Аляксандра Фядуту ўтрымлівалі ў «Амерыканцы», следчым ізалятары КДБ, а на мінулым тыдні яго перавялі ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Менску.

Hавiны
У чаканні матацыклетаў з кулямётамі. Публіцыст Іван Давыдаў аб «прызнанні» Аляксандра Фядуты
2021.04.26 16:14

Гэта ўжо не першая крымінальная справа супраць нашага калумніста, пасля выбараў 2010 году Фядута таксама быў затрыманы. Праўда тады скончылася ўсё значна хутчэй, ён правёў у зняволенні крыху больш за 3 месяцы, а пасля быў пакараны 2 гадамі ўмоўна. «Белсат» зрабіў дакументальны фільм пра падзеі таго часу.

Пасля выбараў 2020 году і да моманту затрымання Аляксандр Фядута каментаваў самыя галоўныя палітычныя падзеі на сайце «Белсату».

Пісаць лісты яму можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г.Менск, Аляксандру Іосіфавічу Фядуту.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў