Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Няма нічога дрэннага, каб яно было вечным»


«Белсату» споўнілася 14 гадоў. У дзень народзінаў тэлеканалу журналіст Вітаўт Сіўчык паразмаўляў з дырэктаркай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы пра тое, якім выдаўся апошні год, што трэба казаць беларусам і калі ім чакаць зменаў да лепшага.

– Я мушу сказаць, што гэты год быў для нас найскладанейшы. Гэта бадай найцяжэйшая гадавіна, нават леташняя была прасцейшай. Гэтая гадавіна, безумоўна, цяжкая. Бо што трэба сказаць людзям? Людзям можна сказаць: «Чакайце, напэўна, сітуацыя зменіцца. Дзейнічайце, каб сітуацыя змянілася».

Але складана абяцаць цуды. Цуды ў грамадскім жыцці здараюцца рэдка. Калі я размаўляю з нашымі журналістамі, я памятаю, што некалькі нашых калегаў сядзяць у турме. Яны заплацілі высокую цану за працу. Магу толькі сказаць, што гэта дакладна мае сэнс. Гэта дакладна прынясе плён. Толькі не магу сказаць – калі.

Заўсёды прасцей сказаць: заўтра. Чакайма да заўтра! Або праз тры месяцы. Але цяжэй сказаць: «Верце, што гэта зменіцца, але не ведаю, праз тры гады ці праз 5 гадоў, ці праз год»…

– Вы згадалі пра нашых журналістаў. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова асуджаныя на 2 гады калоніі за стрым, нашыя калегі Уладзімір Мацкевіч і Ірына Слаўнікава знаходзяцца ў СІЗА. І вы сказалі, што гэта высокая цана. Але гэта і цана таго, каб тое, што робіцца ў Беларусі, заўважылі і на Захадзе, і ў міжнароднай журналісцкай супольнасці?

– Беларусь пачала існаваць у міжнароднай павестцы – гэта вельмі важна. На маю думку, да нядаўняга часу грамадская думка на Захадзе разглядала Беларусь як частку Расеі – як такую прыбудову да Расеі, нешта такое малаістотнае, малаважнае. Грамадская думка на Захадзе закранала Маскву, а Менск амаль не закранала.

Падзеі 2020 году, несумненна, увялі Беларусь на міжнародны форум. Нечакана аказалася, што гэта ўсё-такі асобная краіна. І гэта для палітыкаў, і для грамадзянаў, і для грамадскай думкі аказалася вельмі важна.

Hавiны
14 гадоў «Белсату». Падводзім вынікі 2021 года
2021.12.10 21:00

– Сярод больш як 900 беларускіх палітвязняў – 30 прадстаўнікоў медыяў. Вядзецца разгром журналісцкай супольнасці. Журналістаў змушаюць да таго, каб яны выехалі з краіны. Але статыстыка за кастрычнік кажа, што большасць людзей глядзіць нас з тэрыторыі Беларусі. «Белсат», які вяшчае на беларускай мове, займае лідарскія пазіцыі і ў беларускім «Ютубе». Спадарыня дырэктар, нягледзячы ні на што, мы паставілі на гэтую каштоўнасць – родную мову. Хіба не памыліліся?

– Для мяне гэта было відавочнасцю заўсёды. 14 гадоў таму, калі мы пачыналі «Белсат», мяне пыталі, чаму не рабіць гэты тэлеканал расейскамоўным. Маўляў, большасць жа беларусаў штодзённа карыстаецца расейскай. А я адказвала, што яшчэ не сустрэла беларуса, які не разумее па-беларуску. Ведаю шмат каго, хто не гаворыць, але такога, хто не разумее – не сустрэла. У сувязі з гэтым мы можам камунікаваць.

А чаму – беларуская мова? Бо гэта наш вызначальны знак. Мы адзіны беларускі беларускамоўны тэлевізійны канал.

І калі глядзіш, на youtube ёсць дзясяткі розных рэчаў па-расейску, сотні, тысячы, дзясяткі тысячаў. Але навіны па-беларуску – толькі нашыя. Пераключаеш каналы – і таксама: толькі нашыя адныя навіны на беларускай мове. Гэта было для мяне надзвычай істотна.

– Спадарыня дырэктар, сёння «Белсат» адзначае дзень народзінаў, але часы вельмі цяжкія для беларусаў. Ведаю, што вы падчас ваеннага становішча ў Польшчы былі інтэрнаваныя. Вашыя бацькі падпольна закладалі «Радыё Салідарнасць». І вы часта параўноўвалі тую сітуацыю з тым, што зараз дзеецца ў Беларусі. Бо і ў Польшчы мільёны выходзілі на вуліцу – аднак потым было ваеннае становішча і расчараванне. Якія б словы вы зараз скіравалі да беларусаў, якія застаюцца на радзіме і спадзяюцца на лепшае?

– Магу сказаць: няма нічога дрэннага, каб яно было вечным. Гэта ведаю з досведу. Вядома, цяжка гэта казаць людзям, якія сёння гэта перажываюць. Маўляў, пачакайце троху, бо невядома, як гэта доўга будзе трываць…

Артыкулы
Як мы выжывалі ў гэты год: тры журналісцкія гісторыі
2021.12.10 15:05

Але я дакладна памятаю, што яшчэ ў 1987 годзе не чакала, што ў 1989 годзе ў Польшчы скончыцца камунізм, а ў 1991-м распадзецца Савецкі Саюз. У 1987-м я выязджала да ЗША, я прабыла там тры гады, і я не ведала калі вярнуся на радзіму. А мінула ўсяго два гады – і пачаліся змены ў Польшчы, мінула 4 гады – не стала Савецкага Саюзу. Я думала, ён будзе ўсё маё жыццё, не думала, што ён некалі скончыцца.

Гэта як у старым габрэйска-польскім анекдоце. Мойша маліўся да Бога, прасіў даць яму выйграць у латарэю, а Бог яму і кажа: «Мойша, дай мне шанец – купі білет». Таму заўсёды варта працягваць дзейнічаць у гэтым кірунку.

Вядома, гэта вельмі шмат каштуе. Рэпрэсіўнасць рэжыму ў Беларусі вышэйшая ў параўнанні з тым, што мы мелі ў Польшчы.

Гэта параўнальна з першымі некалькімі месяцамі ваеннага становішча, можа, трыма месяцамі. А потым была дээскалацыя. Праўда таксама ў тым, што ў 1989 годзе Польшча мела акно палітычных магчымасцяў: грамадства было гатовае, хацела зменаў, і знешнія абставіны таксама былі гатовыя для гэтага.

Калі будзе такая сітуацыя для Беларусі – цяжка сказаць. Але дакладна – некалі будзе.

ВІДЭА
Беларуская асацыяцыя журналістаў агучыла вынікі конкурсу «Вольнае слова». Сярод пераможцаў журналісты «Белсату»
2021.12.10 13:18

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў