14 гадоў «Белсату». Падводзім вынікі 2021 года


Не зважаючы на шматлікія рэпрэсіі, з якімі сутыкаецца «Белсат» і ўся беларуская незалежная журналістыка, мы працягваем працаваць для вас, каб даносіць праўдзівыя навіны, якіх гэтак баіцца дзейны рэжым. Пра тое, як мінуў гэты год, згадваем у нашым матэрыяле. Пагатоў і нагода ёсць: 10 снежня «Белсату» спаўняецца 14 гадоў.

Незламаныя

У пачатку года за сваю працу засудзілі нашых журналістак – Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія 15 лістапада 2020 года вялі стрым з плошчы Пераменаў у Менску. За гэта ім прысудзілі па два гады калоніі.

21 траўня ГУБАЗіК разграміў менскую студыю «Белсату», затрымаўшы тэхнічных працаўнікоў. А ў ліпені сілавікі ўжо ўрываліся ў кватэры нашых калегаў па ўсёй Беларусі. Сёлета толькі паводле адміністратыўных артыкулаў журналісты «Белсату» і затрыманыя разам з імі сваякі правялі за кратамі разам каля 300 содняў арышту ды заплацілі амаль Br 50 тысячаў штрафу.

З 4 жніўня ў межах артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») у вязніцы застаецца вядоўца Уладзімір Мацкевіч, з 30 кастрычніка з такім самым абвінавачаннем – Ірына Слаўнікава.

Таксама ў СІЗА застаецца калумніст «Белсату» Аляксандр Фядута.

Артыкулы
Дзень народзінаў «Белсату» за кратамі. Распавядаем пра нашых зняволеных калегаў
2021.12.10 07:30

З крымінальным пераследам сутыкнуліся і некаторыя іншыя нашыя калегі.

27 ліпеня суд Чыгуначнага раёну ў Гомлі прызнаў матэрыялы «Белсату», яго сайт, усе старонкі ў сацыяльных сетках і нават лагатыпы «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А 3 лістапада нас ужо абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Пераследавалі нашых калегаў і падчас асвятлення пратэставых акцыяў у Расеі.

Працуем надалей

Тым не менш, нягледзячы на рэпрэсіі, мы здолелі захаваць і нават развіць сваю працу. На сёння, апроч тэлеверсіі, навінавага сайту і шматтысячных старонак ува ўсіх сацыяльных сетках, якія карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў, «Белсат» мае 10 тэматычных каналаў на YouTube. Тры з іх – «Белсат Doc», «Белсат Shorts» і «Вот так Shorts» – запрацавалі толькі сёлета.

Нашыя відэа рэгулярна набіраюць вялікую колькасць праглядаў і трапляюць у трэнды беларускага YouTube. А «Белсат Life» сёлета стаў чарговым нашым каналам, які атрымаў срэбны гузік ад YouTube за 100 тысяч падпісантаў. Раней імі былі ўганараваныя «Белсат News» і «Вот так».

Сёлета мы здолелі не толькі захаваць старыя праграмы ды выданні, але і запусціць новыя. Гэтак, з ліпеня выходзіць аўтарская праграма Яраслава Сцешыка «Глабальнае пытанне», пра міжнародныя крызісы, праблемы і стасункі, а таксама пра тое, як глабальныя праблемы адбіваюцца на беларусах і як Беларусь актыўна бярэ ўдзел у міжнародных справах.

Яраслаў Сцешык.
Фота: ЮШ / Белсат

З восені пабачылі свет дзве новыя інфармацыйныя праграмы: «Студыя ў суботу», з якой гледачы могуць даведацца пра найважнейшыя падзеі ў краіне і свеце, а таксама паслухаць каментары экспертаў ды паглядзець прэм’ерныя выданні найлепшых публіцыстычных праграмаў «Белсату», і невялікія выданні ў будні «Флэш».

У панядзелкі ў праграме «Па-за гульнёю» распавядаем і аналізуем спартовыя навіны Беларусі ды свету. А ў пятніцу праграма «Кульура» асвятляе падзеі са сферы мастацтва, прысвячаючы значную частку рэпрэсаваным і змушаным да эміграцыі дзеячам культуры.

Да ліку новых праектаў 2021 года належыць і праграма «Беларус беларусу», якая выходзіла спачатку як рэпартажы для «Студыі «Белсат», а з верасня – як асобны тэлепраект.

Таксама ўдалося палепшыць якасць навінавых і праграмных эфіраў, у тым ліку дзякуючы запуску новай студыі, якая дае болей магчымасці для якаснай працы.

Наш эксклюзіў

Мы асвятлялі з месца падзеяў візіты Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю, Бельгію, ЗША, Ірландыю, Нямеччыну, Чэхію, Эстонію, міжнародныя канферэнцыі аб Беларусі ў Афінах, Вене і Нюрнбэрзе.

Святлана Ціханоўская 9 снежня знаходзіцца ў Варшаве з працоўным візітам. Беларуская лідарка прыбыла на сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудой. Варшава, Польшча. 9 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Сёлета сярод іншага ў нас выйшлі эксклюзіўныя інтэрв’ю з амбасадаркаю Злучаных Штатаў у Менску Джулі Фішэр, філосафам Фрэнсісам Фукуямам, былымі дзяржаўнымі сакратарамі ЗША Мэдлен Олбрайт і Кандалізай Райс.

У рэжыме рэальнага часу мы з вамі сачылі за пасадкай у Менску самалёта «Ryanair» дзеля затрымання Рамана Пратасевіча, асвятлялі шматгадзінныя зімовыя акцыі пратэсту ў Расеі. Асаблівую ўвагу надавалі забойству ў Менску сілавікамі Андрэя Зельцара і, вядома, міграцыйнаму крызісу на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу, у тым ліку працуючы на беларуска-літоўскім і беларуска-польскім памежжы ды нават у Іракскім Курдыстане.

Менавіта ў нашым эфіры ўпершыню для медыяў выступіў падпалкоўнік міліцыі з руху «ByPol» Аляксандр Азараў. Вялікаю папулярнасцю таксама карысталіся размовы з Зянонам Пазняком, Міхэілам Саакашвілі і расейскім журналістам Арцеміем Троіцкім.

З Варшаўскага форуму бяспекі выйшлі каментары Святланы Ціханоўскай, амерыканскага генерала Бэна Годжэза, міністра замежных справаў Дмытра Кулэбы. Таксама з ліку найважнейшых каментароў можна згадаць размовы з амбасадарам ЕЗ у Беларусі Дыркам Шубэлем і паплечнікам Аляксея Навальнага – Уладзімірам Мілавым.

Расследуем і выкрываем

Вельмі важныя і папулярныя сярод гледачоў расследаванні выходзілі ў эфіры праекту «Давайце разбірацца». Напрыклад, пра бізнес і маёнткі паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана ды нявесткі беларускага дыктатара. Выкрывалі мы і крыніцы багацця кіраўнікоў Мінздароўя ды шляхі нелегальнай міграцыі праз Беларусь у Еўразвяз.

Расследaванні
Ці выедзе БелАЗ з-пад санкцыяў? Расследаванне
2021.09.28 19:45

Разам з калегамі з Літвы нашыя журналісты паказвалі шляхі, з дапамогай якіх улады Беларусі спрабуюць абыходзіць заходнія санкцыі. Выкрывалі мы і карупцыйныя схемы ды фальсіфікацыі на пандэміі каронавіруса.

Больш за тое, журналісты «Белсату» былі адзінымі ў Беларусі, хто працаваў над «Дасье Пандоры» яшчэ да яго публікацыі. Дзякуючы гэтаму ўдалося выявіць, як «кашалькі» Лукашэнкі з дапамогай афшораў зарабляюць грошы ў Афрыцы.

Вялікія прагляды маюць і рэгулярна трапляюць у трэнды YouTube таксама такія праграмы, як «Шчыра кажучы» і «Лукавые новости» – адзіная рэгулярная праграма беларускіх медыяў, якая змагаецца з фэйкамі.

Расследaванні
Вірус Дэльта: новыя схемы і махлярства са статыстыкай
2021.09.14 19:05

Паднялі на вушы ўсю Расею

А расейскамоўнае адгалінаванне «Белсату» – «Вот Так» – паставілі на вушы ўсю Расею, паказаўшы эксклюзіўнае відэа ад кампаніі «Гулагу.нет» пра катаванні ў расейскіх турмах і калоніях.

Стартавалі таксама праграма «Вечер в хату, россияне» пра катаванні і рубрыка «Злой Укроп», у якой наш журналіст Максім Шылін, які ўцёк з усёй сям’ёй з Луганску пасля пачатку вайны на ўсходзе Украіны, аналізуе выказванні расейскіх прапагандыстаў пра Украіну.

Тым часам Бібліятэка Кангрэсу ЗША выбрала і дадала сайт vot-tak.tv у калекцыю інтэрнэт-матэрыялаў.

Не забываем пра культуру

Але не толькі навінамі, інтэрв’ю і расследаваннямі вызначаюцца нашыя дасягненні. У траўні ў межах цыклу «Вершы» выйшла кароткаметражная стужка «Узнагароды» паводле матываў аповесці Васіля Быкава. Агулам у праекце за год выйшла 12 серыяў.

Інтэрв’ю
«Балюча, калі залічваюць да расейскай літаратуры». Размова з Юляй Арцёмавай, аўтаркай кнігі «Я і ёсць рэвалюцыя»
2021.12.10 10:00

У межах цыклу дакументальных фільмаў «Невядомая Беларусь» адбыліся прэм’еры дакументальных фільмаў «Колеры нацыі», «Парад планет», «Не бойся», якія распавядалі пра падзеі 2020 года ў Беларусі.

Яшчэ 16 рэпартажаў былі зрэалізаваныя ў цыкле рэпартажаў «Без рэтушы».

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

У «Мове нанова», якую з верасня вядзе новы вядоўца, Віктар Шукеловіч, з’явілася новая анімацыйная рубрыка «Дзіцячая заМова», якая вясёлым чынам распавядае дзецям пра родную мову.

У сатырычнай праграме «Хай так TV» з восеньскага сезону з’явіліся новыя вядоўцы – вядомыя музыкі Кацярына Ваданосава і Дзяніс Дудзінскі. А ў вядомага блогера Андрэя Павука з’явілася аўтарская праграма «Шухер-шоу».

Таксама пад патранатам «Белсату» ў Польшчы, Нямеччыне ды Украіне адбылося шмат культурніцкіх падзеяў (фотавыставы, Мастацкая прэмія імя Міхала Анемпадыстава, музычныя, кінематаграфічныя, тэатральныя ды экалагічныя фестывалі) і навуковых канферэнцыяў (пра злачынствы ў Курапатах, гісторыю БНР), дыктоўкі ды адукацыйныя праекты для беларускіх дзяцей і моладзі.

5 і 6 кастрычніка пад патранатам «Белсату» прайшоў Варшаўскі форум бяспекі, а ў канцы таго ж месяца – бізнес-форум «Belarus Business Harbour».

25 сакавіка «Белсат» трансляваў онлайн «Канцэрт Салідарнасці ў філармоніі».

І гэта далёка не ўсе вынікі нашай працы за 2021 год. А наперадзе ў нас яшчэ шмат працы на карысць вольнай і дэмакратычнай Беларусі, за свабоду тых тысяч асобаў, якія застаюцца ў вязніцах.

ВІДЭА
Беларуская асацыяцыя журналістаў агучыла вынікі конкурсу «Вольнае слова». Сярод пераможцаў журналісты «Белсату»
2021.12.10 13:18

МГ belsat.eu

Стужка навінаў