Ці магчымыя мірныя перамовы Расеі і Украіны?

Расейскае кіраўніцтва ўсё часцей кажа пра гатовасць да перамоваў з Украінай, але падобна на тое, што перадумоваў для мірнага ўрэгулявання пакуль проста няма. Belsat.eu тлумачыць, чаму шанцаў на дыпламатычнае вырашэнне канфлікту цяпер значна меней, чым у першыя месяцы вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перамовы паміж Расеяй і Украінай у Беларусі. 2 сакавіка 2022 года. Фота: Maxim Guchek / TASS / Forum

Ад Гомельшчыны да Стамбулу

Спробы распачаць перамовы паміж Кіевам і Масквой фіксаваліся ўжо ў першыя дні ўварвання. Яшчэ ў канцы лютага – пачатку сакавіка дзве сустрэчы ўкраінскай і расейскай дэлегацыяў прайшлі на тэрыторыі Беларусі, у раёне ракі Прыпяць. Потым кантакты працягваліся праз відэасувязь.

Чарговы раўнд перамоваў аб мірным урэгуляванні канфлікту адбыўся 29 сакавіка ў Стамбуле. Украінская дэлегацыя тады перадала расейскаму боку праект пагаднення аб міжнародных гарантыях бяспекі і спыненні вайны. Паводле гэтага дакументу, афіцыйны Кіеў быў гатовы пайсці на шэраг палітычных саступак. Украіна абяцала  адмовіцца ад далучэння да NATO і замацаваць свой цяперашні статус пазаблокавай бязʼядравай дзяржавы ў форме пастаяннага нейтралітэту, у тым выпадку, калі атрымае ад сусветнай супольнасці гарантыі бяспекі. Прычым адной з краінаў-гарантаў выступала бы Расея. 

Акрамя таго, украінскае кіраўніцтва гатова было ўзяць на сябе абавязак цягам 15 гадоў праводзіць двухбаковыя перамовы аб статусе Крыму і на гэты тэрмін адмовіцца ад ваеннага пераадолення праблемы. Пытанне аб статусе непадкантрольных тэрыторыяў Данбасу прапаноўвалася вынесці ў асобны пункт.

На перамовах у Стамбуле змякчыла сваю публічную пазіцыю і расейская дэлегацыя. Першапачатковае патрабаванне «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі» больш не згадвалася. Кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі тады заявіў, што Расея нават не супраць далучэння Украіны да Еўразвязу. Што тычацца ўкраінскіх прапановаў, то ён паабяцаў іх абмеркаваць і перадаць Уладзіміру Пуціну.

Што азначаюць перамовы ў Стамбуле і чаго чакаць далей

Пасля сустрэчы ў Стамбуле праца над дакументам працягнулася. У пачатку красавіка бакі ў онлайн-фармаце рэгулярна абменьваліся сустрэчнымі прапановамі, заўвагамі і праектамі патэнцыйных дамоўленасцяў, якія пры гэтым радыкальна не адрозніваліся ад «стамбульскага камюніке». 

Але ўлетку тэма перамоваў стала неактуальна і двухбаковыя кантакты спыніліся. У Кіеве і Маскве дэ-факта прызнавалі, што для гэтага цяпер няма перадумоваў.

Андрэй Ярмак і Андэрс Фог Расмусэн прэзентавалі рэкамендацыі для гарантыяў бяспекі Украіны

Дэвальвацыя «стамбульскага камюніке»

Перамовы ў Стамбуле зусім не азначалі, што Пуцін быў гатовы спыніць вайну (вялікае расейскае наступленне на Данбасе ў красавіку-чэрвені толькі пацвярджае гэтую думку). Крыніцы Бі-Бі-Сі адзначалі, што вясной перад дэлегацыямі нават не стаяла задачы дамовіцца пра мір: бакі проста павінны былі вызначыцца з базавымі прынцыпамі суіснаванне Украіны і Расеі пасля таго, як вайна скончыцца.  Вынік самой вайны мусіў вырашыцца на полі бою. Але як раз сітуацыя на фронце вясной-летам істотна змянілася.

Расея распачынала стамбульскія перамовы з пазіцыі сілы: хаця на той момант было ўжо відавочна, што бліцкрыг праваліўся, расейскія войскі ўсё-ткі яшчэ стаялі пад Кіевам. Але адразу пасля завяршэння сустрэчы ў Стамбуле Расея распачала адступленне на чарнігаўскім, кіеўскім і сумскім кірунках. Неўзабаве гэтыя вобласці былі цалкам вызваленыя.

З аднаго боку, гэта было сведчаннем слабасці агрэсара – Расея дэ-факта прызнала, што ўзяць Кіеў на дадзеным этапе ўжо не разлічвае. З іншага боку, ваенныя злачынствы ў Бучы і Ірпені, якія выявіліся пасля адступлення расейцаў, падштурхоўвалі ўкраінскае кіраўніцтва да больш бескампраміснай пазіцыі. Ад самага пачатку заяўлялася, што праект стамбульскай дамовы мусіць быць ухвалены на рэферэндуме і ратыфікаваны Вярхоўнай Радай. Але пасля Бучы цяжка было разлічваць на тое, што ўкраінскае грамадства пагадзіцца на такія саступкі.

10 траўня кіраўнік МЗС Дмытро Кулэба ўпершыню заявіў, што перамогай для Украіны ў гэтай вайне будзе лічыцца не проста адвод расейскіх войскаў на пазіцыі, якія яны займалі да 24 лютага, але таксама «вызваленне іншых нашых тэрыторыяў» (маецца на ўвазе Крым і Данбас). Паводле сацыялагічных апытанняў, такую пазіцыю цяпер падтрымлівае пераважная большасць украінцаў.

Уладзімір Зяленскі. Фота: president.gov.ua

У чэрвені стала зразумела, што бітва за Данбас не прывядзе да пералому ў вайне, на які разлічвалі ў Крамлі. Расейцы здолелі захапіць Севераданецк і Лісічанск, але цалкам заваяваць Данбас не атрымалася. У пачатку ліпеня наступленне канчаткова выдахлася, сітуацыя на фронце стабілізавалася, а ў жніўні-верасні ініцыятыва перайшлі ў рукі Украіны. ЗСУ распачало наступленне на Херсоншчыне, разграміла расейцаў у ізюмска-балаклійскай аперацыі і вызваліла ўсю Харкаўскую вобласць, узяла Ліман і выйшла на лінію Сватава-Крэмінная. У такіх умовах «стамбульскае камюніке» страціла ўсялякі сэнс: у Расеі больш не было падставаў весці перамовы з пазіцыі сілы. Цяпер на гэтую ролю прэтэндавала Украіна.

30 верасня Крэмль афіцыйна заявіў пра анексію чатырох украінскіх абласцей: Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай. Пуцін пасля гэтага заклікаў Кіеў вярнуцца да дыялогу, але падкрэсліў, што статус анексаваных рэгіёнаў ужо не падлягае абмеркаванню. Такая пазіцыя рабіла мірныя перамовы проста немагчымымі. Было зразумела, што Украіна не прызнае страту чатырох абласцей, асабліва ўлічваючы, што Расея гэтыя тэрыторыі кантралюе толькі часткова, а ЗСУ паспяхова наступае.

У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, дзе канстатавалася немагчымасць перамоваў з Пуціным. Разам з тым ён падкрэсліў, што гатовы да дыялогу з наступным прэзідэнтам Расеі.

Размовы пра перамовы: з умовамі і без

Нягледзячы на гэта, у кастрычніку і лістападзе з боку Масквы ўсё часцей сталі гучаць заявы пра гатовасць да перамоваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарговы раўнд расейска-ўкраінскіх перамоў. Стамбул, Турцыя. 29 сакавіка 2022 года. Фота: Sergei Karpukhin / TASS / Forum

6 кастрычніка старшыня Савету Федэрацыі Валянціна Матвіенка прапанавала ўладам Украіны «прама сёння» распачаць перамовы аб мірным урэгуляванні. «Спыніць далейшыя ваенныя дзеянні мы гатовыя, але на тых умовах, якія прапануе Расея», – падкрэсліла яна. 14 кастрычніка кіраўнік Службы вонкавай выведкі РФ Сяргей Нарышкін таксама заявіў пра магчымасць перамоваў «пры пэўных умовах». Праўда, ні Нарышкін, ні Матвіенка гэтыя ўмовы не агучылі. 21 кастрычніка прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін нібыта «заўсёды быў адкрыты да перамоваў» і ягоная пазіцыя зусім не змянілася.

8 лістапада намеснік міністра замежных справаў РФ Андрэй Рудэнка ўпершыню заявіў, што Масква гатовая да перамоваў нават без папярэдніх умоваў.

«З нашага боку папярэдніх умоваў няма ніякіх, акрамя галоўнай умовы – каб Украіна праявіла добрую волю», – падкрэсліў ён.

Адначасова ў амерыканскім выданні «The Washington Post» з’явілася інфармацыя, што Белы дом просіць кіраўніцтва Украіны прадэманстраваць гатовасць да перамоваў з Расеяй. Аналагічная інфармацыя таксама з’явілася ў «The Wall Street Journal». Прычым меўся на ўвазе менавіта сігнал, а не рэальныя перамовы. ЗША не вераць, што Масква сапраўды гатовая спыніць вайну, але лічаць, што жорсткая і бескампрамісная пазіцыя Кіева можа негатыўна паўплываць на падтрымку з боку заходніх саюзнікаў, якіх вельмі турбуе перспектыва зацяжнога канфлікту.

7 лістапада Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам, дзе назваў пяць умоваў для мірных перамоваў з РФ: аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці, павага да Статуту ААН, кампенсацыя стратаў нанесеных вайной, пакаранне ваенных злачынцаў і гарантыі, што агрэсія не паўтарыцца. Але пра немагчымасць перамоваў з Пуціным ён на гэты раз нічога не сказаў. Выданне «Politico» прыйшло да высновы, што рыторыка Зяленскага была скарэктаваная як раз з улікам просьбы Вашынгтона.

«Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі Зяленскага паведаміла 9 лістапада, што Захад насамрэч не падштурхоўвае Украіну да перамоваў з Захадам.

«Яны не схіляюць да перамоваў, а проста кажуць, што «пажадана пасылаць расейцаў не так катэгарычна», каб еўрапейцам было спакайней жыць», – распавёў адзін з суразмоўцаў «УП».

Абвастрэнне на Данбасе і загадка Херсону. Што цяпер адбываецца на фронце

Перамовы як ваенная хітрасць

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што публічныя заявы расейскага кіраўніцтва сведчыць пра тое, што Масква насамрэч не зацікаўлена ў сур’ёзных перамовах з Украінай. Пуцін і ягонае атачэнне працягваюць адмаўляць незалежнасць Украіны і суб’ектнасць яе кіраўніцтва, называюць украінскую дзяржаву «калоніяй ЗША».

«Гэтая рыторыка несумяшчальная з перамовамі на раўнапраўнай аснове аб спыненні агню, не кажучы ўжо пра ўрэгуляванне канфлікту, які пачала Расея. Наадварот, гэта пераканаўча сведчыць аб тым, што Крэмль па-ранейшаму імкнецца да ваеннай перамогі ва Украіне і змены рэжыму ў Кіеве, што мусіць прывесці да пераарыентацыі Украіны з Захаду на Расею», – адзначалі эксперты ISW у канцы кастрычніку.

Выданне «Медуза» яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка паведамляла са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, што расейскія ўлады цяпер хочуць дамагчыся не заключэння паўнавартаснай мірнай дамовы, а ўвядзення рэжыму спыненню агню. Але адмаўляцца ад працягу вайны Пуцін пры гэтым не збіраецца. Ён разлічвае выкарыстаць перамір’я для таго, каб аднавіць сілы расейскай арміі, падрыхтаваць мабілізаваных і папоўніць страты ў тэхніцы. Пасля чаго ў лютым-сакавіку плануецца «новае поўнамаштабнае наступленне», сцвярджаюць крыніцы «Медузы».

Наўрад ці апошнія заява Кіева і Масквы наконт умоваў дыялогу можна лічыць сведчаннем змены ў падыходах бакоў. ЗСУ перахапілі стратэгічную ініцыятыву ў гэтай вайне, украінцы ўпэўнены ў сваіх сілах і не бачаць падставаў для таго, каб ісці на саступкі Расеі ў тэрытарыяльных пытаннях. А Пуцін, абвесціўшы пра далучэнне акупаваных тэрыторыяў да Расеі, паставіў сябе ў безвыходную сітуацыю: нават вяртанне да межаў 24 лютага 2022 году (не кажучы ўжо пра межы 1991 году) цяпер для яго будзе катастрафічнай паразай, якую ніякая прапаганда не схавае. Прызнаць сваю паразу ён пакуль не гатовы, бо лічыць, што яшчэ не вычарпаў усе магчымасці ў гэтым канфлікце. Менавіта таму не мае значэння, гатовы Кіеў весці перамовы з Пуціным або не – перадумоваў для мірнага пагаднення зараз усё роўна няма.

Імаверна, Крэмль цяпер гатовы хіба што да часовага перамір’я. Але наўрад ці ўкраінскі бок пагадзіцца даць расейцам такую перадышку.

«Яны людзей завуць мясам». Чаму ў Расеі бунтуюць вайскоўцы

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату