Што за скандал з «Чорнай кнігай», ГУБАЗіКам і Франкам Вячоркам? Сцісла: у чым вінавацяць, што адказалі


Супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко ў верасні 2020 года ўцёрся ў давер да дэмакратычных актывістаў і далучыўся да праекту «Чорная кніга Беларусі». Цягам 9 месяцаў ён мог бачыць асабістыя звесткі інфарматараў праекту: нікнэймы і нумары тэлефонаў, калі карыстальнікі іх не схавалі. Былая рэдактарка «Чорнай кнігі» абурылася на дарадцу Ціханоўскай.

Звесткі падстаўнога і сапраўднага пашпарта супрацоўніка ГУБАЗіКу Артура Гайко ў базе пашпартоў, здабытай кібперпартызанамі. Скрыншот: Белсат

Што вядома пра супрацоўніка ГУБАЗіКу

Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі» (ЧКБ) пасля выбараў-2020 збіраў каманду дзеля пошуку імёнаў і фота адказных за пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. У верасні 2020-га ў ЧКБ напісаў работнік службы бяспекі «Белгазпрамбанку» Артур Гайко. Артуру, які спрыяў эвакуацыі з Беларусі рэпрэсаваных асобаў, даверылі правяраць файлы, якія ананімна прыходзяць у чат-бот ЧКБ. Ягонага прозвішча і твару ніхто не бачыў. Ён зрабіў хуткую кар’еру, хутка трапіў у чат з камандай і атрымаў доступ да чат-боту ініцыятывы. Падрабязнасці гэтай гісторыі «Белсат» расказваў у сюжэце 2 кастрычніка.

Верыфікацыю Артура праводзіў чалец каманды «Інфапойнт» Данііл Багдановіч: паверыў Артуру, бо ён здаў праекту асабовыя звесткі байцоў ГУБАЗіКу. Падазрэнні пачалі з’яўляцца, калі ў Беларусі сталі затрымліваць інфарматараў «Чорнай кнігі», у тым ліку аднаго, які трымаў кантакт толькі з Артурам і яшчэ адным супрацоўнікам ЧКБ. Калі кіберпартызаны атрымалі першую версію базы грамадзянаў Беларусі з месцамі працы, але без фота, аказалася, што існуе Артур з Віцебску (гэта ўсё, што ведалі пра Гайко), які працуе ў ГУБАЗіКу. Але гэта не палічылі дастатковым доказам.

Каардынатарка ЧКБ Яніна Сазановіч мела падазрэнні, ды Артур стаў пераконваць каманду, што яна і ёсць агенткай. У выніку ў красавіку 2021 года Артур Гайко ўзначаліў «Чорную кнігу» і зрабіўся экспертам у справе бяспекі каманды «Інфапойнт». Ды ў выніку сам «спаліўся»: на адным з відэатэлефанаванняў падпісаўся як Артур Гайко, а якраз прозвішча Гайко меў віцебскі супрацоўнік ГУБАЗіКу. Аднак, Артур здолеў пераканаць калегу з ЧКБ, што ён не працуе на ГУБАЗіК. Яго выкрылі толькі тады, калі ён стаў актыўна спрабаваць адвесці ад сябе падазрэнні і хавацца ад асабістай сустрэчы. Ды выкрылі запозна: ён меў доступ да шмат якой важнай інфармацыі.

У чым прэтэнзіі Яніны Сазановіч

Былая каардынатарка «Чорнай кнігі», стваральніца ініцыятываў «Каратели Беларуси» і «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч апублікавала на Facebook 9 лістапада адкрыты ліст да Франка Вячоркі – дарадцы офісу Святланы Ціханоўскай і заснавальніка ініцыятывы «Інфапойнт». Яна абвінаваціла яго ў хлусні і спробах «перагарнуць старонку» ў гісторыі з Гайко.

Яніна Сазановіч
Яніна Сазановіч. 29 верасня 2022 года. Варшава, Польшча. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Сазановіч звяртае ўвагу на словы Вячоркі, які кажа: няма доказаў, што Гайко атрымаў адрасы і імёны тых, хто прысылаў інфармацыю. Яна адзначае: людзей, якія прысылалі інфармацыю ў «Чорную кнігу», працягваюць арыштоўваць, а Гайко да лета 2021 года меў доступ да ўсёй інфармацыі, што прысылалі ў ЧКБ, з прывязкай да ідэнтыфікатару карыстальніка Telegram.

Яна таксама заяўляе, што Гайко прысутнічаў на агульных тэлефанаваннях аб працы каналаў сеткі «Інфапойнт», якія ладзіў Вячорка. Сазановіч таксама сцвярджае, што Вячорка ў 2021 годзе выдаліў допіс з аднаго з каналаў сеткі «Інфапойнт», да якога меў доступ, бо той допіс «супярэчыў палітыцы Офісу» і «даваў інфармацыю аб альтэрнатыўных рухах».

Сазановіч патрабавала надаць фінансавую дапамогу сем’ям затрыманых інфарматараў «Чорнай кнігі» і паспрыяць эвакуацыі тых інфарматараў, якіх яшчэ не арыштавалі; адхіліць ад працы ў «Інфапойнт» людзей з Офісу Ціханоўскай, каб «прыбраць цэнзуру, выключыць канфлікт інтарэсаў і ўплыў палітыкаў на СМІ»; адхіліць ад любой працы вінаватых у тым, што Гайко трапіў у каманду, у тым ліку Данііла Багдановіча, які дапусціў Гайко да працы, аддаў яму кіраванне каналамі і працягнуў стасавацца з ім пасля выкрыцця. Сазановіч патрабавала таксама, каб спецслужбы краінаў, у якіх жывуць вінаватыя, разабралі сітуацыю.

Што адказаў Франак Вячорка

«Я разумею крык душы Яніны, – напісаў Вячорка праз чатыры гадзіны па публікацыі Сазановіч. – І мяне абурае сітуацыя з ГУБАЗіКам не менш за яе. Такія сітуацыі замоўчваць нельга».

Вячорка заявіў, што прэтэнзіі – не па адрасе, бо ён не мае дачынення да «Чорнай кнігі», Гайко і ягонага з’яўлення ў ЧКБ, а пытаць трэба ўдзельнікаў ЧКБ і «Інфапойнту». У самім «Інфапойнце», сцвярджае Вячорка, ён не прымае рашэнняў і не ўплывае на іх прыняцце, на планёрках «Інфапойнту» быў адзін раз, калі расказваў пра палітычныя пазіцыі Офісу.

Усю сітуацыю ён назваў нагадваннем усім, хто працуе ў дэмакратычным руху, што трэба «дбаць найперш пра бяспеку людзей: і тых, хто з вамі працуе, і тых, хто ў Беларусі».

Франак Вячорка. Вільня, Літва. 19 кастрычніка 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Што адказаў «Інфапойнт»

Адказ «Infopoint Media Network» апублікавала выданне «Наша ніва». Каманда патлумачыла, што юрыдычная асоба пад такой назвай была зарэгістраваная ў чэрвені 2021 года (пасля выкрыцця Гайко), а да таго існаваў чат з такой назвай, куды ўваходзілі ўдзельнікі шэрагу праектаў, некаторыя з іх пазней сталі часткай «Infopoint Media Network». Гайко не кіраваў службай бяспекі «Infopoint Media Network», сцвярджае кампанія.

«Мы апыталі супрацоўнікаў праекту і ўстанавілі, што агент мог бачыць асабістыя даныя карыстальнікаў тэлеграм (нікнэйм і нумар тэлефона, калі ён не быў схаваны), якія дасылалі інфармацыю ў бот», – прызнала каманда.

Актывісты згадваюць, што прасілі людзей выкарыстоўваць ананімныя акаўнты і VPN для хавання сваёй лакацыі, ды не ўсе гэта рабілі. Людзі маглі пацярпець ад выкрыцця, але колькі пацярпела, невядома: гэта «звычайная практыка» сілавікоў, калі кагосьці хапаюць, абвінавачваюць у супрацы з ЧКБ і пад ціскам і катаваннямі выбіваюць прызнанні.

Данііла Багдановіча, заяўляе «Інфапойнт», адхілілі ад працы з праектамі і камандамі кампаніі амаль тры тыдні таму: 19 кастрычніка 2022 года.

Каманда дадае, што шкадуе аб здарэнні і прыносіць прабачэнні ўсім, хто мог пацярпець, і выказвае падзяку незалежным медыям, якія ўзнялі праблему.

Артыкулы
«Кіберпартызаны» выклалі звесткі 1083 чалавек, якіх назвалі супрацоўнікамі Службы бяспекі Лукашэнкі
2022.08.02 18:29

Канфлікт не вычарпаны?

Яніна Сазановіч кажа «Белсату»: яшчэ ў кастрычніку казалі, што Багдановіча адхілілі, хоць ён дагэтуль застаецца ў чатах каналаў «Інфапойнту» і мае доступ да каналаў. Да таго ж, месяц таму дырэктарка агенцыі «Infopoint» Саша Раманава прасіла для ўнутранага расследавання кантакты «іншых непублічных людзей, хто ведае пра гэты канфлікт», кажа Сазановіч, але з гэтымі людзьмі так і не звязаліся.

«Толькі калі я ўжо не магу маўчаць, калі я напісала пра тое, што колькі ж можна, тады вельмі хутка зрабілі заяву, што чалавека адхілілі», – абураецца Сазановіч і дадае, што восем месяцаў не «выносіла бруду з хаты».

Сазановіч сцвярджае, што ў жніўні і верасні 2021 года Багдановіч працягваў стасавацца з Гайко, хоць ужо было вядома, што той – супрацоўнік ГУБАЗіКу. У верасні-2021 Сазановіч сышла з ЧКБ праз канфлікт з Багдановічам наконт таго, што размаўляць з Гайко цяпер не нармальна.

Hавiны
У межах справы «Чорнай кнігі Беларусі» былі затрыманыя каля 20 чалавек
2022.07.21 14:36

Паводле яе, Багдановіч адказваў, што не бачыць у гэтым нічога кепскага, бо не перадае Гайко ніякай інфармацыі. У пачатку 2022 года Багдановіч расказваў, што працягнуў стасункі з Гайко, у тым ліку расказваў, што Гайко хоча назваць сваё першае дзіця Даніілам. На думку Сазановіч, Гайко ведае, як паўплываць на Багдановіча.

«Франак кажа, што сітуацыя абурае яго не менш за мяне. Гэта няпраўда», – упэўненая Сазановіч.

Хоць Франак Вячорка не прыводзіў супрацоўніка ГУБАЗіК у каманду, кажа Сазановіч, ён усё роўна нясе адказнасць за тое, што справа цягнулася закрыта з сярэдзіны 2021 года, за столькі часу нічога не зрабіў. Вячорка, перакананая яна, дагэтуль мае ўплыў на «Інфапойнт», хоць сышоў з кіроўнай пасады і мо напраўду не прымае рашэнняў. Але, заяўляе яна, яшчэ ў ліпені 2022 года Вячорка казаў, што «мы вырашаем пытанні» наконт Багдановіча і ЧКБ. Таксама, дадае Сазановіч, супрацоўніца Офісу Ціханоўскай Наста Рагатко працягвае ўваходзіць у кіраўніцтва «Інфапойнту». То бок Офіс усё яшчэ звязаны з «Інфапойнтам», а палітыкі не мусяць мець такога дачынення да медыяў.

Канал «Чёрная книга Беларуси» перастаў публікаваць звесткі сілавікоў у траўні 2022 года. Сазановіч кажа, што раіла кіберпартызанам не звязвацца з ЧКБ і не дапамагаць з праверкай звестак, бо ў сакавіку-2022 выявіўся факт стасункаў Багдановіча з супрацоўнікам ГУБАЗіКу. Яна заяўляе, што пасля гэтага Вячорка асабіста прасіў яе працягнуць супрацу з «Чорнай кнігай» і працягнуць для іх праверку асабовых звестак сілавікоў. Вячорка, сцвярджае яна, тады казаў, што ўсе ў камандзе дэмаралізаваныя і думаюць, што рабіць з Багдановічам. А паведамленне пра тое, што Багдановіча адхілілі ад працы, з’явілася толькі праз восем месяцаў.

Сазановіч цяпер чакае, што інфарматараў «Чорнай кнігі» эвакуююць з Беларусі і дадуць пра гэта публічную справаздачу.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў