Пастка або вымушанае адступленне? Што адбываецца пад Херсонам і пры чым тут Беларусь


Расейскае камандаванне 9 лістапада афіцыйна абвесціла пра рашэнне адвесці войскі з правага берагу Дняпра на Херсоншчыне. Аднак пакуль украінскія вайскоўцы дзейнічаюць вельмі асцярожна і не спяшаюцца ўваходзіць у Херсон. Belsat.eu разбіраўся, ці сапраўды ЗСУ неўзабаве вызваляць абласны цэнтр, і як гэта паўплывае на вайну.

Украінскія жаўнеры падчас падвядзення вынікаў баявых заняткаў, на якіх адпрацоўвалі атаку для контрнаступу ў напрамку Херсону. Трэнінг быў накіраваныя на ўдасканаленне баявых навыкаў на полі бою. Мікалаеў, Украіна. 9 лістапада 2022 года.
Фота: Ashley Chan / Zuma Press / Forum

Камандуючы аб’яднанай расейскай групоўкай войскаў ва Украіне Сяргей Суравікін, выступаючы 9 лістапада з дакладам перад міністрам абароны Сяргеем Шайгу, прапанаваў пакінуць Херсон, бо паўнавартасна забяспечваць расейскія войскі на левым беразе Дняпра цяпер немагчыма. Шайгу падтрымаў гэтую прапанову:

«Прыступайце да адводу войскаў і зрабіце ўсе захады для бяспечнага перакідвання тэхнікі, узбраення і асабовага складу за раку Днепр».

Расея захапіла Херсон у сакавіку 2022 года. Каб вызваліць горад, украінскае камандаванне зрабіла стаўку на праблемы з забеспячэннем расейскай групоўкі ў ваколіцах Херсону. ЗСУ некалькі месяцаў метадычна наносілі ўдары па складах з боепрыпасамі, знядзеілі ўсе стацыянарныя масты праз Дняпро, білі па пантонных пераправах. У канцы жніўня ЗСУ распачалі наступальную аперацыю і дасягнулі за гэты час значных поспехаў (на дзень 9 кастрычніка заяўлялася пра вызваленне 1170 км² тэрыторыі Херсоншчыны, дзясяткаў населеных пунктаў). У выніку расейская групоўка на правым беразе Дняпра трапіла ў вельмі складаную сітуацыю – некаторыя нават характарызавалі яе як «аператыўнае атачэнне».

Праблемы пад Херсонам былі прызнаныя афіцыйна. У звязку з гэтым 18 кастрычніка Суравікін папярэдзіў, што не выключаныя «няпростыя рашэнні». Акупацыйная адміністрацыя Херсонскай вобласці распачала эвакуацыю сваіх установаў і абсталявання, а таксама вываз цывільнага насельніцтва на левы бераг Дняпра. Некаторыя Z-каналы сталі асцярожна рыхтаваць сваю аўдыторыю да вялікага адступлення.

Раніцай 9 лістапада з’явілася інфармацыя, што акупанты падарвалі масты на правабярэжнай частцы Херсоншчыны, каб запаволіць прасоўванне ЗСУ.

Асцярожнасць украінцаў, адыход расейцаў

Украінскае кіраўніцтва заўсёды намагалася максімальна знізіць чаканні наконт Херсонскага фронту, указваючы на тое, што размовы пра эвакуацыю і адступленне расейцаў – гэта блеф, інфармацыйная спецаперацыя. Асцярожна ўкраінскі бок паставіўся і да заявы Шайгу 9 лістапада.

Кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру сілаў абароны аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк заклікала ўспрымаць інфармацыю расейскага боку крытычна. «Мы не выключаем правакацыяў», – заявіла яна.

Украінскія вайскоўцы страляюць з гаўбіцы па пунктах, кантраляваных расейскімі войскамі ў Херсонскай вобласці, Украіна. 5 лістапада 2022 года.
Фота: Metin Aktas / Anadolu Agency / abacapress.com

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк падкрэсліў, што ўкраінскае кіраўніцтва не бачыць прыкметаў таго, што Расея пакідае Херсон без бою. Паводле яго, у горадзе захоўваецца значная частка расейскай групоўкі, у рэгіён сцягваюцца дадатковыя рэзервы.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 9 лістапада заклікаў да стрыманасці. Ён адзначыў, што ЗСУ прасоўваюцца акуратна, імкнучыся мінімізаваць страты.

«Трэба разумець: ніхто ніадкуль проста так не сыходзіць, калі не адчувае сілы. Вораг не робіць нам падарункаў, не робіць «жэстаў добрай волі». Мы за ўсё гэта змагаемся», – рэзюмаваў украінскі лідар.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч увечары 9 лістапада заявіў, што расейцы «адыходзяць па ўсім перыметры плацдарму на правым беразе, рэальна адыходзяць, без дурняў». Але ўцёкаў няма: расейцы адступаюць арганізавана, паступова, разбураючы за сабой масты і мініруючы дарогі.

Галоўны рэдактар украінскага выдання Цензор.НЕТ Юрый Бутусаў 9 лістапада паведаміў, што ЗСУ занялі ўжо 6 населеных пунктаў на Херсоншчыне (у сеціве з’явілася інфармацыя, што ўкраінцы ўвайшлі ў буйное паселішча Праўдзіна, што за 27 км ад абласнога цэнтру).

«Характар дзеянняў праціўніка кажа аб тым, што ён праводзіць планамерны адыход з херсонскага плацдарму, абапіраючыся на некалькі рубяжоў абароны, каб адыходзіць з рубяжа на рубеж, захоўваючы баявы парадак і кіраванне», – падкрэсліў Бутусаў у сваім допісе ў «Фэйсбуку».

Днём 10 лістапада было афіцыйна заяўлена пра вызваленне гораду Снігуроўка Мікалаеўскай вобласці – важнага лагістычнага вузла на беразе ракі Інгулец, за 50 км ад Херсону. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны паведаміў, што агулам у сераду ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 12 населеных пунктаў. Пры гэтым у Генштабе заявілі, што не могуць ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць інфармацыю аб вывадзе расейскіх войскаў з Херсону.

Аналітыка
Абвастрэнне на Данбасе і загадка Херсону. Што цяпер адбываецца на фронце
2022.11.04 19:01

«Бітва за Херсон яшчэ не скончана»

Нягледзячы на асцярожную рэакцыю афіцыйнага Кіева, сумневаў, што Расея сапраўды рыхтуе здачу Херсону фактычна не засталося. Пытанне толькі ў тым, як пройдзе адвод войскаў і ці рыхтуе Расея для ЗСУ пастку, каб нанесці ўкраінцам максімальныя страты пры адыходзе.

У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) лічаць, што наўрад ці заявы Шайгу і Суравікіна былі блефам, каб зацягнуць украінцаў у пастку. Аналітыкі ўказваюць на тое, што гэтаму рашэнню папярэднічала доўгі ланцужок падзеяў, якія ўказвалі на тое, што Расея сапраўды рыхтуе адступленне.

«Бітва за Херсон яшчэ не скончана, але расейскія войскі ўступілі ў новую фазу, аддаючы прыярытэт арганізаванаму адводу сваіх войскаў праз раку і затрыманню ўкраінскіх войскаў, а не імкнучыся цалкам спыніць украінскае контрнаступленне», – мяркуюць эксперты ISW.

Аляксей Арэстовіч лічыць, што Расея зацікаўлена ў тым, каб уцягнуць ЗСУ ў кровапралітныя арʼергардныя баі. Пры гэтым застаецца незразумела, ці збіраюцца расейцы даць вулічныя баі ў Херсоне. З улікам гэтага ўкраінскія вайскоўцы прасоўваюцца пакуль «выключна павольна», спыняючыся на новых рубяжах і праводзячы дадатковую выведку. Але Арэстовіч пры гэтым упэўнены, што Херсон у любым выпадку будзе вызвалены бліжэйшым часам – гэта можа быць пытанне 5–7 дзён або 2–3 тыдняў.

Расейская групоўка на правым беразе Дняпра раней ацэньвалася прыкладна на 18–20 тысяч чалавек. Адвесці такую масу вайскоўцаў і тэхнікі – вельмі складаная задача, улічваючы, што расейцы маюць абмежаваную колькасць пераправаў. Менавіта таму расейскае камандаванне так доўга рыхтавала адыход. «Мэта праціўніка – захаваць баяздольнасць войскаў», – адзначыў Юрый Бутусаў.

У брытанскай выведкі канстатуюць, што расейскія сілы пры фарсіраванні Дняпра будуць уразлівымі. «Імаверна, адыход будзе ажыццяўляцца на працягу некалькіх дзён з абароннымі пазіцыямі і артылерыйскім агнём, якія прыкрываюць адыход сілаў», – мяркуюць брытанцы.

Заснавальнік даследчай групы «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў таксама лічыць, што адступленне зойме некалькі дзён. Пры гэтым эксперт мяркуе, што падчас адступлення расейцы могуць паступіць з Херсонам гэтак сама, як з Марыупалем – то бок падвергнуць горад масіраваным абстрэлам.

Аналітыка
Пагроза разбурэння Кахоўскай ГЭС: навошта гэта трэба і ці рэальны такі сцэнар?
2022.10.21 17:11

Раней аналітыкі ўказвалі на тое, што расейскае камандаванне можа разбурыць дамбу Кахоўскай ГЭС, каб прыкрыць адступленне з Херсону і запаволіць далейшае прасоўванне ЗСУ. Але падобна на тое, што Расея пойдзе на гэта толькі ў крайнім выпадку: калі адступленне пераўтварыцца ў хаос і ўзнікне пагроза, што ЗСУ на плячах расейскай арміі спачатку пяройдуць на левы бераг Дняпра, а потым уварвуцца ў Крым (ад Новай Кахоўкі да Перакопу – каля 80 км). Але калі адступленне і далей будзе праводзіцца арганізавана, то сэнсу ў падрыве дамбы не будзе зусім, бо ад гэтага ў першую чаргу пацерпяць самі расейцы. Як вядома, правы бераг Дняпра, дзе цяпер наступае ЗСУ, значна вышэйшы за левы, куды і будзе перапраўляцца расейскае войска.

Галоўная палітычная параза Пуціна

У палітычным сэнсе страта Херсону для Уладзіміра Пуціна – страшная параза і прыніжэнне. Херсон быў адзіным абласным цэнтрам, захопленым расейцамі пасля 24 лютага. Прапаганда няспынна заяўляла, што «Расея тут назаўсёды». Пасля псеўдарэферэндумаў Херсонскай вобласць 30 верасня была афіцыйна анексаваная і ўрачыста абвешчаная часткай Расейскай Федэрацыі. Але цяпер, менш чым праз паўтара месяца, Расея прызнае, што вымушана пакінуць Херсон.

Як пісала выданне «Медуза», дзяржаўныя медыі загадзя атрымалі метадычкі, з дапамогац якіх мусілі тлумачыць здачу гораду. Прапагандысты акцэнтуюць увагу на «гуманізме» расейскага кіраўніцтва: нібыта жыццё жаўнераў і цывільнага насельніцтва – гэта для Расеі галоўнае, а каб пазбегчы непатрэбных стратаў, трэба адступіць. Таксама прыводзяцца паралелі з гістарычнымі падзеямі – адступленнем войскаў Пятра I падчас Паўночнай вайны (1700–1721 гг.) або адступленне войскаў Кутузава падчас вайны з Напалеонам (1812 г.), якія ўсё роўна скончыліся перамогай Расеі.

Але змякчыць цяперашнюю паразу наўрад ці атрымаецца – здача Херсону занадта кантрастуе з пераможнымі заявамі пра тое, што «ўсё ідзе паводле плану». Гэта непазбежна адаб’ецца на аўтарытэце ўладаў, маральным духу ў войску і грамадстве.

Аналітыка
«Яны людзей завуць мясам». Чаму ў Расеі бунтуюць вайскоўцы
2022.11.07 15:52

Куды перакінуць херсонскую групоўку?

Чыста ваенныя наступствы адступлення могуць быць не настолькі адназначнымі. Яшчэ вясной Херсон стаў для акупантаў «чамаданам без ручкі». У расейцаў не было рэсурсаў развіваць наступ на правым беразе Дняпра на Мікалаеў і тым больш на Адэсу. Утрыманне ж Херсону патрабавала ад акупантаў вялікіх намаганняў, бо яны не маглі наладзіць нармальнага забяспячэння правабярэжнай групоўкі. Зімой сітуацыя мусіла толькі пагоршыцца.

Некаторыя заходнія эксперты яшчэ да пачатку контрнаступу ЗСУ выказвалі меркаванне, што крызіс з забеспячэннем раней ці пазней прымусіць расейскую армію адступіць. У пачатку лістапада ўкраінскі генерал, першы намеснік кіраўніка камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаннях нацбяспекі Міхаіл Забродскі назваў імавернае расейскае адступленне з правага берагу «лагічным і нават мэтазгодным».

Будынак школы, які выкарыстовываўся расейскай арміяй як штаб. Паселішча Вялікая Аляксандраўка, Херсонская вобласць, Украіна. 8 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Ключавое пытанне: ці атрымаецца ў расейцаў адступіць без вялікіх стратаў у асабовым складзе і тэхніцы? Мяркуючы паводле цяперашняй сітуацыі на фронце, яны, імаверна, здольныя гэтага пазбегчы. Арэстовіч 9 лістапада прызнаў, што праз недахоп у ЗСУ цяжкога ўзбраення «большая частка расейцаў, на жаль, сыдзе» на левы бераг.

Пры гэтым на левым беразе ў расейцаў ёсць падрыхтаваныя пазіцыі, а сама рака – вельмі сур’ёзная перашкода для таго, хто вядзе наступ. Таму, калі ЗСУ не ўварвецца на левы бераг на плячах расейскай арміі, то лінія фронту на Дняпры, імаверна, замрэ. Прынамсі для ўтрымання новых рубяжоў акупантам спатрэбіцца меней сілаў, чым для ўтрымання Херсону.

У канцы кастрычніка начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што расейская групоўка ў Херсоне пасля адступлення можа быць часткова перакінутая на запарожскі кірунак, а часткова – у Беларусь. Паводле Буданава, гэта павялічыць пагрозу ўдару з боку Беларусі па Заходняй Украіне. Забродскі, у сваю чаргу, лічыць, што расейцы могуць перакінуць з-пад Херсону сілы на запарожскі і сумскі кірункі, каб адначасова нанесці ўдары з поўначы і поўдня з мэтай стратэгічнага атачэння ЗСУ.

Hавiны
Сакратар РНБА пра пагрозу з боку Беларусі: «Мы разумеем задумы ворага»
2022.10.30 23:34

З іншага боку, ЗСУ таксама змогуць перакінуць свае сілы на іншыя кірункі і самі нанесці новы ўдар. Напрыклад, пра пагрозу ўкраінскага наступлення на поўдні ў раёне Гуляйполя (Запарожская вобласць) Z-каналы папярэджвалі яшчэ ў верасні. Пры гэтым фарсіраваць Дняпро на Херсоншчыне ўкраінцам зусім не абавязкова (хаця гэта і не выключана). Пакуль будзе дастаткова таго, што Украіна зможа істотна пашырыць радыус сваіх агнявых удараў – у зоне рызыкі апынецца Перакопскі пярэсмык.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў