Экстрэмісты і экскрэменты

Падобна на тое, што навіна пра прызнанне воклічу «Жыве Беларусь!» нацысцскім, не сталася нейкай надзвычайнай для беларускага грамадства. Яна папросту папоўніла скарбонку хронікі існавання цяперашняга рэжыму. Ніхто нічога нікому даказваць не збіраецца. Ці ёсць сэнс ісці ў пракурорскія ці судовыя ўстановы? Адказ відавочны. Застаецца толькі надзея, што пытанне гэта не рытарычнае, а адкладзенае да адпаведнага часу. Пакуль жа людзі на навіну зрэагавалі ў віртуальным полі: флэш-моб пачаўся, як на каманду. На персанальных старонках толькі два словы: «Жыве Беларусь!» Хто застаецца ў краіне і таксама хоча падтрымаць, піша: «**** ********!»  Яму адказваюць, разумеючы сітуацыю: «****!»

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украіна святкуе Дзень абаронцаў. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ўзялі ўдзел у святочным маршы і паднялі беларускі нацыянальны сцяг побач са сцягам Украіны. Кіеў, Украіна. 14 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Нашу цяперашнюю сітуацыю можна параўнаць з тым, што адбывалася ў Тыбеце ў 1950-х. Кітайскія войскі ўвайшлі туды ў 1950 годзе, а на наступны год Кітай уключыў Тыбет у свой склад, назваўшы гэта «мірным вызваленнем».

У адказ на «мірную» ініцыятыву тыбетцы стварылі рух супраціву. Нягледзячы на спробы Далай-Ламы знайсці спосаб мірнага суіснавання, усё скончылася трагічна. 10 сакавіка 1959 года ў Тыбеце пачалося антыкітайскае паўстанне, якое было жорстка задушанае. Дый потым ад рук кітайскіх катаў загінулі тысячы мірных жыхароў. Аблавы, ператрусы, арышты… Калі падчас аблаваў у доме тыбетца кітайцы бачылі на сцяне партрэт Далай-Ламы, то яны маглі расстраляць усю сям’ю.

Тады тыбетцы дасталі партрэты і пакінулі на сценах пустыя рамкі. Спачатку гэта бянтэжыла кітайцаў, але нядоўга, і яны пачалі гэтыя рамкі таксама расцэньваць як супраціў. У такой сітуацыі тыбетцам, каб уратаваць свае сем’і, давялося зняць і рамкі, але… іх контуры засталіся на сценах, бо сонца выпаліла фарбу вакол тых месцаў, дзе яны былі.

У нас забаранялі сцягі, налепкі на заплечніках. За гэта ўжо ў 2020-м маглі збіць чалавека да калецтва, кінуць яго за краты. Дайшло да таго, як было ў Тыбеце: пачалі хапаць за намёкі, напрыклад, шалік не той каляровай гамы, ці за шкарпэткі, ці за красоўкі… Пайшлі патрулі глядзець на вокны на прадмет дысідэнцтва, і людзі ледзь не цэлымі пад’ездамі адпраўляліся за краты. Але супраціў не сціхаў. Тады давялося прыцягнуць пажарнікаў і камунальнікаў, каб здымаць з дахаў, балконаў, дрэваў ненавісныя стужкі і сцягі. Але гэтага падалося, відаць, замала. Дайшла чарга да забароны двух словаў: «Жыве Беларусь!»

Праўда, можна сказаць, што насамрэч забаронены вокліч «з выцягнутай уверх правай рукой». Але хоць хто-небудзь з удзельнікаў акцыяў хоць аднойчы бачыў такую сцэну? Чаму менавіта цяпер, пасля 2020-га, а не раней? Гэта вельмі падобна на помсту за тое, што беларусы парушылі нейкі стратэгічны і тактычны план. У некага нешта тады пайшло не так. Ужо мала хто і памятае пра тыя белыя стужачкі, якія пратрымаліся толькі як флэш-моб, вельмі кароткі час літаральна на стадыі збору подпісаў. За іх, дарэчы, нікога не хапалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты сабраліся на мірны мітынг салідарнасці з палітвязнямі. Удзельнікі і ўдзельніцы прыйшлі з партрэтамі Марыі Калеснікавай і Сцяпана Латыпава. Узгадалі забітага Рамана Бандарэнку, скандуючы «Не забудем, не простим» і «Жыве Беларусь!». Грузія, Батумі. 1 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Усё пачалося, калі залуналі нашыя сцягі і загучала гэтае нашае «Жыве Беларусь!». Яно заглушала нават вайсковыя гукаўзмацняльнікі з песнямі Кабзона. Пад гэты вокліч бел-чырвона-белае мора цякло праспектамі і вуліцамі нашых гарадоў. У гэтым моры нарадзілася нашая салідарнасць. Яно зблізіла тых, хто даўно трымаў свой сцяг, з тымі, хто ўпершыню выйшаў на вуліцу і далучыўся, каб адчуць сябе часткай менавіта свайго народу.

«Жыве Беларусь!» – гучала з усіх бакоў. Гэта быў адказ: «Што б вы з намі ні рабілі, але гэта нашая Бацькаўшчына, і яна жыве, пакуль мы жывыя. І мы хочам, каб яна была шчаслівая».

Нам даводзіцца плаціць высокую цану за жаданне быць незалежнымі і вольнымі: сотні і сотні чалавек у турмах, тысячы і тысячы ў вымушанай эміграцыі. Але, як і раней, нас аб’ядноўвае агульная на ўсіх мара. Ужо, здаецца, няма тых, хто не разумее, адкуль прыйшла бяда. Некаторыя нават гатовыя рызыкнуць сваім жыццём і ідуць у войска, каб змагацца супраць агульнага ворага.

Пакуль жа мы ледзь не прызвычаіліся да таго, што кожны дзень у нашай краіне могуць назваць экстрэмістамі асобных людзей і нават спісам даць назвы арганізацыяў, маленькіх суполачак, якія цяпер трэба лічыць экстрэмісцкімі з усімі негатыўнымі «прававымі» наступствамі.

Ды што там людзі і арганізацыі – можна напісаць навуковую дысертацыю, яе зацвердзіць Вучоны савет, а потым нехта раптам прачытае загаловак аўтарэферату і пастановіць: даследаванне экстрэмісцкае. Цікава: ці агучваецца ў такіх выпадках нейкая аргументацыя рашэння? Калі агучваецца, то ці не пачынаецца яна са словаў: «Я, канешне, эціх вашых універсіцетаф не канчал…»

Гэтых «рашэнняў» ужо дзясяткі. Той ці іншы суд пастанавіў, што «нешта ёсць экстрэмісцкім». А хто там засядаў? Якія былі падставы для такіх фармулёвак? Як можна ўвогуле ставіцца да гэтых шматлікіх паперак? Дайшло да таго, што толькі асобныя людзі задаліся пытаннем зноў жа на сваіх старонках у сацсетках: «А што б сказаў нобэлеўскі лаўрэат Іосіф Бродскі, калі б даведаўся, што яго нявінную кніжку з дзіцячым вершыкам пра караблік забароняць распаўсюджваць у Беларусі як экстрэмісцкую?».

Той выпадак, калі шкадуеш, што камп’ютары не пішуць вершаў у стылі таго ці іншага паэта, – хацелася б пачуць адказ. Але ў нас ёсць свой нацыянальны паэт Янка Купала, і ён даўно ўсё сказаў на гэты конт:

А вот як не любіць гэта поле і бор,

І зялёны садок, і крыклівую гусь!..

А што часам тут страшна заенча віхор, –

Гэта енк, гэта крык, што ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

(1905–1907)

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў