Беларусь прыраўнялі да М'янмы. Будзе эканамічная блакада?


Такое было толькі аднойчы і толькі з М’янмаю: Міжнародная арганізацыя працы пастанавіла ўжыць параграф 33 свайго статуту адносна Беларусі за парушэнні правоў рабочых і прафсаюзаў. Чаго чакаць беларусам?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першы кітайскі грузавы цягнік з кантэйнерамі для індустрыйнага парку «Вялікі камень» прыбыў на станцыю Калядзічы, Беларусь. 16 траўня 2016 года.
Фота: rw.by

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) 8 лістапада пастанавіла ўжыць параграф 33 у дачыненні Беларусі за сістэматычныя парушэнні правоў рабочых і прафсаюзаў, а таксама за ігнараванне рэкамендацыі МАП. Гэты параграф дазваляе Адміністрацыйнай радзе МАП рэкамендаваць Канферэнцыі МАП «такія дзеянні, якія яна палічыць разумнымі і мэтазгоднымі для забеспячэння іх [рэкамендацыяў] выканання».

«Зброя апошняй надзеі»

Пытанне пра 33-і параграф адносна Беларусі падымалася з пачатку 2000-х, калі пачаліся першыя рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў. Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту, эксперт у бізнесе і правах чалавека Алег Гулак кажа, што параграф 33 – «самае моцнае рашэнне ў інструментарыі МАП». Працэдура сур’ёзная і доўгая, ужываецца толькі тады, калі не спрацоўвалі іншыя захады.

Беларусь у парадку дня МАП ужо 17 гадоў за парушэнне правоў рабочых і ў прыватнасці прафсаюзаў, згадвае Гулак. Працэс з параграфам 33 запусцілі яшчэ год таму, прынялі рэзалюцыю і прызначылі экспертную групу, якая рыхтавала даклад, на падставе якога цяпер і прынялі пастанову.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 346-ая сесія кіроўнай структуры Міжнароднай арганізацыі працы. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Crozet / ILO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Сябра рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Дзяніс Садоўскі не сумняецца, што рашэнне МАП можа ўдарыць па міжнароднай супрацы з Беларуссю, вонкавым гандлі і працы прадпрыемстваў, а значыць, і на звычайных працоўных гэта адаб’ецца:

«Зразумела, што прынцып Міжнароднай арганізацыі працы, у якую ўваходзяць усе міжнародныя прафсаюзы, гэта абараняць працоўных, клапаціцца, каб яны добра зараблялі і каб іхныя правы не парушаліся. І ўжыванне 33-га параграфу – гэта ўжо экстраардынарная захада, не ўласцівая прафсаюзам і МАП. Але ён ужываецца толькі ў тых выпадках, калі сітуацыя безвыходная, а іншых сродкаў уплыву МАП не бачыць».

Садоўскі разважае: у Беларусі рабочыя ўжо фактычна не маюць ніякіх правоў, не могуць сябе абараніць, «апошняю кропляю» сталіся ліквідацыя незалежных прафсаюзаў ды арышт іх лідараў. Значыць, МАП палічыла, што толькі такі механізм можа паўплываць на сітуацыю, палепшыць яе ў доўгатэрміновай ці сярэднетэрміновай перспектыве.

Што цяпер будзе?

Да сакавіка 2023 года Адміністрацыйная рада МАП мае распрацаваць і апублікаваць захады для ціску, а ў чэрвені 2023-га канферэнцыя МАП прагаласуе. Каб захады ўхвалілі, за маюць выказацца дзве траціны чальцоў. Гулак тлумачыць, што МАП не накладае санкцыяў, як гэта робяць Злучаныя Штаты ці Еўразвяз, і не можа наўпрост забараніць гандлю, а можа толькі заклікаць чальцоў рабіць ці не рабіць нешта.

Цалкам імаверна, што прапанаваныя захады ўхваляць: адносна параграфу 33 у дачыненні Беларусі галасавалі супраць толькі Кітай і Расея. Ды якія санкцыі ўхваляць у выніку, невядома.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці «BYSOL». Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Праваабаронца, кіраўнік фонду «BYSOL» і былы сябра рады прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак у каментары «Белсату» таксама называе ўжыванне параграфу 33 выключнымі захадамі і «ядраваю зброяй у гандлёвых стасунках». Такая «зброя» звычайна не выкарыстоўваецца, а застаецца пагрозаю. На думку праваабаронцы, доўгі тэрмін ад рашэння да імплементацыі даецца, каб вінаватая дзяржава сама магла «паправіць, што нарабіла»:

«Што з Беларуссю, што з Расеяй не зразумела, што рабіць у межах той старой сістэмы дамоўленасцяў, якая існавала пасля Другой сусветнай вайны. МАП можа распрацоўваць пэўныя рэкамендацыі, прапісваць пэўныя акалічнасці, але пытанне – як гэта будзе фактычна імплементавана».

Стрыжак адзначае, што цяперашняе рашэнне МАП – вельмі моцны і гучны крок для свету, які быў да 24 лютага 2022 года або нават да 9 жніўня 2020-га. Наколькі дзейнымі рашэнні будуць у цяперашніх умовах, ён не ведае. І дадае, што да чэрвеня 2023-га «яшчэ шмат што можа памяняцца».

Дзяніс Садоўскі падчас «недармаедскіх» пратэстаў. Менск, Беларусь. 2017 год.
Фота: svaboda.org

«Я прагназую, што гэта будзе поўны спектр санкцыяў, што гэта не будзе нейкі мінімальны, часовы ці пераходны, – мяркуе Садоўскі. – Гэта будуць вельмі сур’ёзныя санкцыі, на якія ўлады Беларусі вельмі стараліся напрацаваць».

Садоўскі адзначае, што ў МАП уваходзяць і незалежныя беларускія прафсаюзы, і праўладныя. З незалежнымі прафсаюзамі МАП трымае кантакт, яны «маюць там свой голас». Праўладныя прафсаюзы ўжо наўрад ці здолеюць паўплываць на рашэнне МАП.

Алег Гулак.
Фота: belhelcom.org

Гулак адзначае, што ў МАП уваходзяць прадстаўнікі ўрадаў, прафсаюзаў і наймальнікаў: гэтыя тры блокі могуць выбраць захады ціску «ў сваіх плоскасцях». Можна чакаць і палітычных заклікаў, і эканамічных санкцыяў, і заклікаў прафсаюзнай салідарнасці, і юрыдычных забаронаў бізнесу, і крокаў самых бізнесаў, якія не захочуць уцягвацца ў парушэнне правоў рабочых:

«Негатыўныя наступствы будуць ужо цяпер, бо адказныя і асцярожныя бізнесы пачнуць улічваць гэтае рашэнне ў пабудове сваіх стасункаў з беларускім бокам».

Прадстаўніца ўладаў Беларусі на мінулай сесіі МАП казала, што ціск робяць на «краіны Трэцяга свету», адзначае Гулак.  Якраз праз гэтыя краіны ўлады Беларусі шукаюць і знаходзяць шляхі абыходу санкцыяў.

Абсалютнай блакады і «выбудовы сцяны» Гулак не чакае, але наступствы захадаў адаб’юцца і на канкрэтных рабочых, і на дабрабыце беларусаў. Іначай гэта працаваць не можа, дадае ён, але трэба памятаць аб прычынах такіх рашэнняў.

Што было з М’янмаю

Мінулы і адзіны раз, калі Міжнародная арганізацыя працы ўжывала параграф 33, быў у 2000 годзе супраць М’янмы, дзе вайсковая хунта актыўна карысталася прымусоваю працаю нявольнікаў. Беларусь і М’янма ў абмеркаваннях МАП ішлі побач, але адносна Беларусі раней абмяжоўваліся заклікамі і папярэджаннямі.

Сама МАП не ўводзіла эканамічных санкцыяў, але рэкамендавала сваім чальцам пераглядзець адносіны з М’янмаю. Пераглядзелі так, што ўведзеныя заходнімі краінамі санкцыі часам называюць эканамічнаю блакадаю. Ды гандаль з М’янмаю спыніў далёка не ўвесь свет, з ёю працягнулі супрацоўнічаць суседнія Кітай, Тайланд ды іншыя. Вонкавы гандаль М’янмы нават вырас у абсалютных лічбах, але санкцыі нанеслі моцны ўдар па некаторых сектарах эканомікі, як па вытворчасці тэкстылю.

Зняволеныя на плантацыі каля турэмна-працоўнага лагеру. Блізу Кале, М’янма.
Фота: Swe Win / Myanmar Now

Абмежаванні з М’янмы знялі, калі вайсковая хунта зрабіла пэўныя крокі насустрач, прапісала дарожныя мапы, у тым ліку дазволіла дзейнасць незалежных прафсаюзаў. У выніку ўсіх санкцыяў хунта не абрынулася, але ў 2011 годзе пайшла на дэмакратызацыю і нават дазволіла дэмакратычныя выбары ў 2015-м (захаваўшы за сабою права прызначаць чвэрць парламенту). Ды на выбарах у 2020 годзе звязаная з вайскоўцамі партыя атрымала замала галасоў. І вайскоўцы ўчынілі новы пераварот.

Ці будзе ў Беларусі так жа, як у М’янме, невядома. Гулак разважае: захады МАП дакладна паўплываюць на тое, што «працэсы будуць паскарацца», але да чаго яны прывядуць, залежыць ад дзеянняў і настрояў беларусаў.

МАП даўно мае прэтэнзіі да Беларусі, а Еўразвяз ужо караў Беларусь за парушэнне правоў рабочых

Гулак называе выбар захадаў ціску «творчым заданнем», бо сітуацыя надзвычайная. Адносна Беларусі ўжо ўжывалі інструменты ціску, каб дамагчыся ад ураду выканання сваіх абавязкаў.

Беларусь увайшла ў МАП яшчэ ў 1954 годзе як БССР (як і ў ААН, яна сталася асобным чальцом, хоць не была незалежнай ад СССР). Беларусь ратыфікавала 51 канвенцыю МАП, у тым ліку 8 асноўных, але ўзятыя на сябе абавязкі парушала. Першыя скаргі на ўлады ў МАП паступілі ад беларускіх прафсаюзаў ужо ў 1995 годзе: скардзіліся на абмежаванні права на забастоўку, прыпыненне дзейнасці прафсаюзаў указам Аляксандра Лукашэнкі, антыпрафсаюзную дыскрымінацыю, арышт прафсаюзных дзеячаў.

У 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП скіравала ў Беларусь адмысловую камісію, каб праверыць выкананне канвенцыяў (такую камісію прызначалі толькі чацвёрты раз у гісторыі). У 2004-м камісія апублікавала даклад, у якім дала рэкамендацыі пра слушнае выкананне канвенцыяў, датычных прафсаюзаў. Беларусь паабяцала выканаць рэкамендацыі да 1 ліпеня 2005-га – і не выканала. МАП залучыла Беларусь у чорны спіс зацятых парушальнікаў. Увесну 2007 года МАП разглядала пытанне пра ўжыванне адносна Беларусі параграфу 33, але тады абышлося без гэтага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прафсаюзны мітынг. Менск, Беларусь. 27 студзеня 1999 года.
Фота: Уладзімір Сапагоў / vytoki.net

Але ўжо ўлетку 2007 года Рада Еўразвязу на падставе высноваў МАП выключыла Беларусь з Абагуленай сістэмы прэферэнцыяў. Нашая краіна страціла ільготы пры экспарце ў Еўразвяз. Улады спрабавалі вярнуцца ў гэтую сістэму, але назад не пускалі да выканання патрабаванняў МАП. Гучалі ацэнкі на дзясяткі або сотні мільёнаў еўраў беспасярэдніх стратаў за год, Лукашэнка абураўся, але патрабаванняў МАП так і не выканаў.

Сузаснавальнік Рабочага руху Юрый Рававы тлумачыць «Белсату»: выключэнне з сістэмы гандлёвых прэферэнцыяў Еўразвязу не было ўжываннем МАП параграфу 33. Еўразвяз зрабіў прэферэнцыі для краінаў, якія развіваюцца, пры ўмове павагі правоў рабочых. Беларусь не паважала правоў прафсаюзаў і рэкамендацыяў МАП, але працэдуры МАП цягнуліся доўга. На гэта звярнуў увагу Еўразвяз – і сам пастанавіў «даць зразумець, што трэба паважаць правы рабочых».

Але ў Лукашэнкі ёсць Пуцін

Андрэй Стрыжак кажа, што Беларусь, Расея, Кітай і Іран «вельмі своеасабліва» ставяцца да міжнародных пагадненняў і да таго, ці трэба трымаць сваё слова. Таму іначай разумеюць сутнасць працы міжнародных структураў.

На думку праваабаронцы, «хаўрус двух дыктатараў» – Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна – будзе мець поле для манеўраў:

«Нават калі будуць уведзеныя пэўныя санкцыі адносна нашай краіны, у першую чаргу абмежаванні наконт мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў і драўніны, якія Беларусь можа экспартаваць, я ўжо цяпер магу сказаць, што Расея будзе ігнараваць гэтыя палажэнні. Расея ўсё роўна будзе працаваць як гэткая пракладка для гандлю нашымі таварамі, як мы гэта робім з таварамі, падсанкцыйнымі для Расеі».

Ці ўлічыць гэта МАП, Стрыжак не бярэцца прагназаваць. Гулак кажа, што «поле для прадказанняў няўдзячнае», але чакае, што пазіцыя Расеі ды іншыя фактары будуць улічвацца.

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў