«Працуем на поўную магутнасць». Паразмаўлялі з дзейным працаўніком «Беларуськалію»


Беларуськалій, калій, Салігорск
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Паводле афіцыйных звестак, за апошняе дзесяцігоддзе «Беларуськалій» пазбавіўся дзвюх тысячаў рабочых. Цяпер там працуюць каля 16 тысяч асобаў. Сярод іх – Аляксандр (імя мы змянілі дзеля бяспекі нашага суразмоўцы). Дзейны працаўнік распавёў нам, што цяпер прадпрыемства працуе на поўную магутнасць, бо дзеюць старыя кантракты, «Беларуськалій» яшчэ не пачаў адчуваць на сабе ўплыву санкцыяў.

З Аляксандрам размаўляла Арына Маліноўская.

«Пасля выбараў стала больш прэсінгу з боку кіраўніцтва. Дамовы памянялі. Яшчэ не азнаямлялі, але казалі, што ўнеслі за прагулы, якія пазначаныя былі, то бок забастоўкі. Аб’ём працы змяніўся. Вось цяпер сталі дапрацоўваць кантракты, што да канца гэтага года. Цяпер шматлікія руднікі працуюць на поўным абʼёме. Гэта значыць, максімальна выціскаюць, бо чакаюць снежань – студзень наступнага года, не ведаюць, што будзе. Кажуць, збыту не будзе па санкцыях. Перажываюць, што санкцыі ўводзяць, толькі і размовы пра гэта. Казалі, што наш генеральны дырэктар ездзіў у Мурманск дамаўляцца, каб там праз порт перапраўляць руду, але ні пра што не дамовіўся. Ніхто не ведае, што будзе», – распавядае дзейны працаўнік «Беларуськалію».

Леташнія страйкі далі, можа, і не той вынік, на які спадзяваліся, але ж плён быў: на прадпрыемстве сталі павышаць заробкі. Пасля жніўня цягам чатырох месяцаў працаўнікі атрымлівалі прэмію памерам 100 % ад акладу. Тады гэты крок, верагодна, супакоіў пратэсты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марыя Калеснікава звяртаецца да работнікаў Беларуськалію на цэнтральнай плошчы Салігорска. 18 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Прэмію выдавалі. Калі людзі пайшлі ў стачку, тады нам тры ці чатыры разы выдавалі прэміі. Адразу кожны месяц падкідвалі костачку, каб пагасіць усе абурэнні. Цяпер прэмія была толькі ў жніўні 2021-га. Пасля выбараў прэмія была 100 % ад акладу. Выплачвалі яе ўсім. Напэўна, гэта і цалкам пагасіла ўсё, што адбывалася», – распавядае Аляксандр.

Згодна са статыстыкаю, сярэдні заробак у горназдабыўной галіне дасягнуў тысячы долараў: у параўнанні з 2016-м рост склаў болей за 40 %. Але Аляксандр запэўнівае, што на «Беларуськаліі» такія грошы атрымоўваюць далёка не ўсе.

«Калі верыць статыстыцы, то сярэдні заробак на «Беларуськаліі» – 2000 беларускіх рублёў. Вельмі шмат людзей атрымліваюць тут і 500 рублёў, і 600 рублёў. Зарабляюць толькі забойныя групы, і нават не ўсе комплексы. Вельмі шмат цяпер праходчых комплексаў, у іх заробак у сярэднім 2–2,5 тысячы беларускіх рублёў. Ёсць перадавыя брыгады, дзе і па 7–8 тысячаў. Усе праз грошы толькі маўчаць. «Беларуськалій» увесь набыты».

Наш суразмоўца адзначае, што пасля выбараў абстаноўка ў калектыве абвастрылася. Грамадства падзялілася на тых, хто падтрымлівае дзейную ўладу, і тых, хто супраць яе.

Інтэрв’ю
Былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч: Прадпрыемствам кіруюць сілавікі
2021.11.08 10:19

«Многія пасварыліся, не маюць зносінаў. Гэта менавіта пра наш калектыў, у якім я працую. Адсоткаў 90, вядома, былі супраць. А цяпер усё ціха. Хто хацеў, той звольніўся. Хто застаўся на працы, засталіся пры сваім меркаванні. Хтосьці дапрацоўвае кантракт. Хтосьці, як я, новыя прафесіі асвойвае, каб у выпадку чаго памяняць від дзейнасці. Многія самі звальняюцца. Хто ў стачцы быў, да тых хлопцаў і міліцыя ўвесь час ездзіла, каля падʼездаў чакалі. Людзі спалохаліся і вырашылі, што лепш самім звольніцца, такіх шмат людзей было. Вельмі вялікая нястача кадраў цяпер на «Беларуськаліі». З Украіны тут 5 чалавек. Шмат месцаў застаюцца свабоднымі. Людзей выводзяць у выходныя дні, застаюцца на некалькі гадзінаў пасля змены».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

«Я цяпер у Петрыкаве, у камандзіроўцы тут ужо восьмы месяц, павінны былі гарнякоў з Салігорску даслаць, але ахвотных асабліва няма. Таму ў асноўным мясцовыя жыхары цяпер тут працуюць і з бліжэйшых вёсак. Людзі наагул досведу працы ў шахце не мелі. Яны нават не былі ў шахтах да гэтага. Іх адвучылі на курсах – і ўсё, яны працуюць. Гэта ж не адзін год трэба, каб чалавек навучыўся, а тут, можна сказаць, з вуліцы ўзялі. Я з мясцовымі меў зносіны, у іх тут заробкі былі па 300–500 беларускіх рублёў. А тут за 2000 працаваць! Для іх гэта будзе за шчасце».

«Шмат людзей хварэе на ковід. Ніхто не носіць масак. Антысептыкі ёсць на прахадных. Я з таварышамі на мінулым тыдні праходзіў пост аховы: як заходзіць на тэрыторыю, там перад уваходам вісіць антысептык. Апрацавалі рукі – і на ўваходзе нас затрымала ахова, нібыта ад нас пах алкаголю. Пасля гэтага на нас склалі пратакол і павялі на медычны агляд. Праз антысептык!

Тут кіроўца быў, малады хлопец, памёр. Казалі, у яго была тэмпература. Ён звяртаўся тут у Петрыкаўскую больніцу, а яму сказалі, што прастуда. Ён з тэмператураю хадзіў на працу. Потым павялі на здымак, а ў яго вялікі адсотак паражэння. Павезлі ў Гомель. Ну і ўсё, чалавек памёр», – адзначае рабочы.

Лукашэнка заяўляў, што на прадпрыемствах рыхтуюцца дыверсіі. Ці адчуваеце вы, што рабочых сталі лепш правяраць?

– Так, на петрыкаўскім ахова наагул лютая. Іх вельмі шмат. Пастаянны абыход тэрыторыі ў іх. Калі заходзіш на тэрыторыю, цябе аглядаюць, заплечнікі глядзяць, пропускі выхопліваюць з рук, хоць яны не маюць права без пальчатак цяпер браць. І на выхадзе нас пару разоў на металашукальнік вадзілі. Ахова вядзе сябе неадэкватна. Пастаянна спыняюць, пытаюць: адкуль, што праносіце, што выносіце. Агляды, агляды асабістых рэчаў. Вельмі многіх пачалі на трубку вадзіць. То бок у іх падазрэнне, што тут усе алкашы нейкія. Калектыў абураецца.

Шчыра кажучы
Калі дзеянне санкцыяў Еўразвязу будзе больш адчувальным для Беларусі?
2021.10.13 20:05

АМ belsat.eu

Стужка навінаў