Пекла ў нафтавым раі: чым іракцаў прывабіў беларускі маршрут?


Тысячы іракцаў і курдаў прыехалі ў Беларусь, каб нелегальна трапіць у Еўрапейскі Звяз праз польскую ці літоўскую мяжу. Што штурхае гэтых людзей на супрацу з беларускім рэжымам, і чаму нерэгулярныя мігранты абіраюць шлях праз Беларусь?

Дзесяцігоддзі вайны

Масавыя ўцёкі іракцаў у іншыя краіны пачаліся даволі даўно – яшчэ ў другой палове 20-га стагоддзя, калі ў Іраку ўсталявалася дыктатура Садама Хусэйна. Цяпер як мінімум 10 мільёнаў іракцаў жывуць не ў Іраку, а сам Ірак фактычна падзяліўся на тэрыторыі пад кантролем багдадскага ўраду і аўтаномнай вобласці пад кантролем іракскіх курдаў.

Пасля прыходу Хусэйна да ўлады краіна рэгулярна вяла войны – з 1980 года да 1988 года ішла вайна з Іранам, у выніку якой загінулі як мінімум 500 000 чалавек. У 1990 годзе Ірак напаў на суседні «братэрскі» Кувейт, што выклікала рэакцыю міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША. Праз некалькі тыдняў маштабнай авіяцыйнай аперацыі міжнародныя войскі пайшлі ў наступ на зямлі і за 100 гадзінаў цалкам знішчылі іракскія войскі ў Кувейце.

Параза выклікала маштабныя паўстанні супраць рэжыма Хусэйна ў самім Іраку, якія былі патопленыя ў крыві.

Курдскія ўцекачы бягуць у Турцыю ў 1991 годзе ад рэпрэсіяў Садама Хусэйна. Крыніца: PHAN April Hatton, http://www.defenseimagery.mil

Хусэйн увесь час падтрымліваў сувязі з рознымі ісламскімі арабскімі тэрарыстычнымі арганізацыямі, акрамя таго, ён заставаўся пад падазрэннем адносна распрацоўкі і вытворчасці зброі масавага знішчэння – перш за ўсё хімічнай.

У выніку пасля тэрарыстычных атак на ЗША ў 2001 годзе Злучаныя Штаты і іншыя краіны атакавалі Ірак і хутка разбілі ўзброеныя сілы Садама вясною 2003 года. Дыктатура знікла, дыктатар быў пакараны за свае злачынствы, аднак пасля сябе ён пакінуў толькі звычку развязваць усе праблемы гвалтам і выпаленую за дзесяцігоддзі пустэчу, якую адразу напоўнілі варожасць і этнарэлігійныя канфлікты, праз якія дыктатар утрымліваў сваю ўладу.

Інтэрв’ю
«Гэта гандаль людзьмі». Шчырая размова з іракскім курдам
2021.11.10 11:00

Этнічна-рэлігійныя канфлікты

Ірак як краіна ў сучасным сэнсе ўзнік пасля развалу Атаманскай імперыі ў канцы Першай сусветнай вайны. Афіцыйна Ірак здабыў незалежнасць у 1932 годзе. Дзяржава атрымалася стракатая – у ёй жылі розныя этнічныя групы: курды, арабы, асірыйцы. Таксама насельніцтва было разнастайнае рэлігійна, бо складалася з мусульманаў-шыітаў, мусульманаў-сунітаў, хрысціянаў, езідаў.

Садам Хусэйн сваім апірышчам зрабіў другую паводле велічыні ў Іраку этнарэлігійную групу – арабаў-сунітаў, у выніку чаго ўсе астатнія супольнасці пачуваліся дыскрымінаванымі. Асабліва доўгі і зацяты супраціў чынілі шыіты і курды.

Рынак у Эрбіле, Ірак (сталіца Іракскага Курдыстану). Верасень 2019 г.
Фота: Patricia Kühfuss / Laif / Forum

Пасля падзення дыктатуры Іран адразу стаў падтрымліваць іракскіх шыітаў, Сірыя пачала засылаць у краіну замежных баевікоў, курды змагаліся за незалежнасць, суніты пачалі ваяваць на ўсе франты і паміж сабою. У 2014 годзе Багдад ледзь не захапіла радыкальная групоўка Ісламская дзяржава Іраку і Леванту, якая потым была разбітая з дапамогай міжнародных сілаў.

Цяпер Ірак застаецца этнічна і рэлігійна расколатай краінай, у якой кожная супольнасць не надта давярае дзяржаўным структурам і спрабуе арганізаваць свае ўзброеныя фармаванні.

Беднасць і злачыннасць

Грунтам эканомікі Іраку ёсць экспарт нафты, на якую Хусэйн калісьці набываў літаральна горы зброі. Ірак – адна з краінаў, якія заснавалі Арганізацыю краінаў-вытворцаў нафты. Цяпер нафта і нафтапрадукты складаюць каля 99 % іракскага экспарту.

Войны і карупцыя прывялі да таго, што лік беспрацоўных у краіне вагаецца ад 20 % да 30 % працаздольнага насельніцтва. Як адзначаюць назіральнікі, з-за пагрозаў тэрарызму і злачыннасці расквітнеў толькі адзін сектар – прыватныя ахоўныя кампаніі.

Курды арганізавалі сваю аўтаномную вобласць з уласнай арміяй, аднак і там іхнае жыццё не зрабілася заможным і бяспечным.

Атрад мясцовай самаабароны ў Іраку.
Фота: Dilshad Anwar (VOA)

«Сітуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы пагражае ўнутрыпалітычнымі закалотамі ў іракскім Курдыстане. У мясцовых медыях гэтая тэма займае галоўнае месца, а ў сацыяльных сетках публікуецца вялізарная колькасць відэа і фота з мяжы. Шматлікія карыстальнікі не хаваюць сваёй незадаволенасці ўрадам Масрура Барзані, палітыка якога вымусіла курдаў выправіцца ў Беларусь. У такой сітуацыі парламент Курдыстану толькі што вырашыў тэрмінова накіраваць дэлегацыю на беларуска-польскую мяжу. Пра гэта паведамляе агенцтва BasNews з Эрбілю», – піша ў сваім тэлеграм-канале нямецкі гісторык беларускага паходжання доктар Аляксандр Фрыдман.

Сітуацыя ў Іраку застаецца вельмі напружаная. Дзярждэпартамент ЗША не раіць наведваць гэтую краіну, называючы яе «высокарызыкоўнай», адзначаючы вялікую рызыку тэрарызму і крымінальнай злачыннасці. Перад вандроўкай у Ірак раяць спачатку напісаць тэстамент.

Рэпартаж
Да мяжы з Беларуссю – восем кіламетраў. Рэпартаж з Падляшша, дзе абвешчанае надзвычайнае становішча
2021.11.10 10:30

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў