Колькі беларусаў з’ехала з краіны за апошнія 15 месяцаў? Разбіраемся


Шмат якія беларусы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну праз беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі. Дакладна вызначыць агульны маштаб гэтай з’явы ў сённяшніх умовах немагчыма. А лічбы на падставе шэрагу ўскосных паказнікаў могуць вагацца ад некалькі дзясяткаў да некалькіх сотняў тысяч – у залежнасці ад таго, на якую інфармацыю спасылацца. Belsat.eu сабраў усе вядомыя звесткі і спрабаваў разабрацца ў іх.

Польшча

У верасні, выступаючы на Генеральнай асамблеі ААН, прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што за апошні час 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу ў Польшчы, у тым ліку тысячы ўдзельнікаў пратэстаў. Лічба ўражвае, але польскі лідар не дэталізаваў гэтай статыстыкі. Таму застаецца няясным, пра які перыяд гаворка і які статус цяпер маюць гэтыя людзі.

Беларусы Польшчы ладзяць у Варшаве марш салідарнасці напярэдадні гадавіны выбараў 2020 года. Варшава, Польшча. 8 жніўня 2020 года.
Фота: ЯП / Белсат

Лічба, агучаная Дудам, найбліжэйшая да агульнай колькасці візаў, выдадзеных з лета мінулага года. Паводле інфармацыі Міністэрства замежных справаў, толькі з чэрвеня 2020 года да канца ліпеня 2021 года Польшча выдала беларусам агулам 178 711 візаў, з якіх 12 190 – гуманітарныя візы (8844 з іх – за студзень – ліпень 2021 году). Гуманітарныя візы выдаюцца беларусам, якія выязджаюць з краіны праз палітычныя рэпрэсіі. Напрыклад, менавіта такую візу атрымала спартоўка Крысціна Ціманоўская. Са снежня асобы з гуманітарнаю візаю могуць легальна працаваць у Польшчы без дадатковых дазволаў.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская адказвае на пытанні журналіста «Белсату». Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

У плане гуманітарных візаў рост назіраецца проста шалёны: іх колькасць вырасла ў 1741 раз (за 2019 год толькі сямёра беларусаў атрымалі такія візы). А вось агульная колькасць польскіх візаў у 2020–2021 гадах нават знізілася, бо на працягу ўсяго 2019 года і да пачатку пратэстаў у Беларусі Польшча выдала 358 421 візу – амаль удвая больш, чымся пасля выбараў. Але варта ўлічваць, што ў 2020-м пачалася пандэмія і скарачэнне агульнай колькасці візаў звязанае, хутчэй за ўсё, з каранціннымі абмежаваннямі.

Згодна з польскім заканадаўствам, замежнік можа атрымаць міжнародную абарону, калі ў краіне паходжання яму пагражае пераслед або рэальная рызыка страты жыцця або здароўя. Як паведамілі «Белсату» ва Управе ў справе замежнікаў, з 1 верасня 2020 года да 30 верасня 2021 года заявы аб міжнароднай абароне ў Польшчы падалі 1700 беларусаў (часцей за беларусаў з такімі заявамі звярталіся за гэты перыяд толькі грамадзяне Афганістану). Цягам першых трох кварталаў улады Польшчы ўхвалілі ўжо 733 запыты беларусаў на міжнародную абарону.

У польскай Управе ў справе замежнікаў «Белсату» таксама паведамілі, што на канец верасня 2021 года від на жыхарства (як часовае, так і пастаяннае) у Польшчы маюць 37,5 тысячы грамадзянаў Беларусі. Прычым 13 тысяч відаў на жыхарства (то бок больш за траціну ад агульнай колькасці) было выдадзена беларусам у перыяд з 1 верасня 2020 года да 31 жніўня 2021 года. Аднак варта звярнуць увагу на тое, што тэндэнцыя да росту колькасці выдачы відаў на жыхарства пачала назірацца яшчэ да падзеяў жніўня 2020 года.

Дынаміка выдачы беларусам відаў на жыхарства ў Польшчы.
Фота: gov.pl

Цікава пры гэтым, што Еўрастат дае іншую лічбу наконт відаў на жыхарства: паводле ведамства, толькі ў 2020 годзе больш за 50 тысяч беларусаў атрымалі ВНЖ у Польшчы. Адназначнага адказу на пытанне, чаму лічбы не супадаюць, мы не знайшлі. Магчыма, разыходжанне звязанае з тым, што Еўрастат залучае ў статыстыку і тых асобаў, хто застаецца ў Польшчы на іншых падставах, напрыклад, паводле гуманітарных візаў.

Ёсць яшчэ катэгорыя, на якую варта звярнуць увагу: беларусы, якія выехалі на сезонныя працы. Паводле польскага заканадаўства, такія людзі могуць быць у краіне да 9 месяцаў за год. Паводле статыстыкі за першае паўгоддзе, было пададзена 46 441 заява працадаўцаў па найме грамадзянаў Беларусі. Гэта амаль напалову больш, чымся за аналагічны перыяд і 2019-га, і 2020 гадоў. Безумоўна, нельга залічваць гэтых людзей у палітычныя мігранты, але ўскосна такая дынаміка таксама можа сведчыць пра сітуацыю ў краіне і пэўныя тэндэнцыі.

Літва

Літва, як і Польшча, пачала масава выдаваць беларусам гуманітарныя візы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Такія візы могуць атрымаць тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў і каму пагражае палітычны пераслед у Беларусі. Як паведамілі belsat.eu у Аддзеле стратэгічных камунікацыяў МУС Літвы, толькі за 9 месяцаў 2021 года Літва выдала беларусам 4164 гуманітарныя візы.

За 9 месяцаў 2021 года Літва выдала беларусам 4164 гуманітарныя візы. Пра гэта паведамілі ў Аддзеле стратэгічных камунікацыяў МУС Літвы. Скрыншот з адказу прэс-службы МУС Літвы на запыт «Белсату».

Акрамя таго, з верасня 2020-га да жніўня 2021 года Літва выдала грамадзянам Беларусі 20 тысячаў нацыянальных літоўскіх візаў. 206 беларусаў накіравалі запыт на атрыманне прытулку ў Літве.

Са жніўня 2020 года да лютага 2021 года 9359 беларусаў звярнуліся па часовы дазвол на жыхарства ў Літве. 7490 беларусаў такі дазвол атрымалі. Яшчэ 115 грамадзянаў Беларусі звярнуліся па дазвол на сталае жыхарства, 86 зваротаў было ўхвалена. Ці шмат гэта? Пра выбуховы рост казаць няма падставаў: паводле Еўрастату, у 2019-м дазвол на жыхарства ў Літве атрымалі 7121 асоба.

Латвія

Са жніўня 2020 года да кастрычніка 2021-га ўлады Латвіі атрымалі 75 просьбаў аб прытулку ад грамадзянаў Беларусі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Управы ў справе грамадзянства і міграцыі (УСГМ) Латвіі ў адказ на запыт «Белсату».

Колькі гэтых зваротаў ужо ўхвалілі, не ўдакладняюць. Вядома, што ўлетку 2021 года прытулак у Латвіі атрымала беларуская журналістка і блогерка Наста Захарэвіч.

Летась латвійскую візу атрымалі 250 беларусаў. 481 беларус, паводле Еўрастату, атрымалі від на жыхарства.

Іншыя краіны Еўразвязу

У 2020 годзе 1165 грамадзянаў Беларусі звярнуліся па міжнародную абарону ў краінах Еўразвязу (у 2019-м іх было 935). Найбольшая колькасць зваротаў па міжнародную абарону зарэгістравалі ў Польшчы. У Нямеччыну з’ехалі 140 асобаў і 100 чалавек – у Францыю. Акрамя гэтага, беларусы падавалі запыты на прытулак у Нідэрландах, Швецыі, Чэхіі, Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Даніі, Аўстрыі, Ірландыі ды іншых краінах.

Вольны хор спявае ў Каралеўскім замку Варшавы, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Акрамя таго, за 2020 год беларусы атрымалі ў краінах ЕЗ 63,5 тысячы першых дазволаў на жыхарства. Адпаведныя звесткі прыводзіць Еўрастат. У тым ліку ў Чэхія выдала 913 такіх дазволаў, Нямеччына – 835, Іспанія – 469, Эстонія – 279, Нідэрланды – 268, Італія – 263, Францыя – 235, Фінляндыя – 142. 60 % усіх відаў на жыхарства былі выдадзеныя беларусам у сувязі з працаю.

Аднак насамрэч 63,5 тысячы – гэта вельмі сціплы паказнік. Напрыклад, у абсалютна спакойны 2018 год, паводле Еўрастату, амаль 138 тысячаў беларусаў атрымалі свой першы дазвол на жыхарства ў краінах Еўразвязу. У 2019-м іх таксама было больш – 70 095.

Украіна

Ацаніць маштабы міграцыі ва Украіну яшчэ больш складана, бо для беларусаў дзеіць бязвізавы рэжым, а быць без дадатковых дазволаў на тэрыторыі краіны яны могуць да 180 дзён цягам года. Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, са жніўня 2020 года да кастрычніка 2021-га было зафіксавана 361,1 тысячы фактаў мінання беларусамі мяжы на ўезд ва Украіну. Але гэтыя лічбы мала пра што могуць сказаць. Па-першае, калі чалавек мінуў мяжу з Украінаю, то гэта не значыць, што ён там застаўся. Па-другое, адзін і той жа чалавек мог некалькі разоў заязджаць ва Украіну за гэты час. Нарэшце, калі ўсё ж чалавек выехаў ва Украіну, ратуючыся ад рэпрэсіяў, то гэта не азначае, што гэта канчатковая кропка ягонага маршруту. Напрыклад, тыя ж польскія візы беларусы атрымліваюць і ў Кіеве.

Паводле звестак «Белсату», у Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны са жніўня 2020 года да кастрычніка 2021-га звярнуліся 40 грамадзянаў Беларусі па атрыманне статусу ўцекача або дадатковай абароны ад украінскай дзяржавы.

Акцыя салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ў Кіеве на алеі Герояў Нябеснай сотні. Кіеў, Украіна. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Акрамя таго, паводле радыё «Свабода», з 1 жніўня 2020-га да 31 ліпеня 2021 года 509 беларусаў атрымалі дазвол на іміграцыю ва Украіну і на гэтай падставе цяпер могуць звярнуцца па від на сталае жыхарства. Дазволы на іміграцыю найперш выдаюць высокакваліфікаваным спецыялістам, якіх патрабуе эканоміка Украіны.

Найбольш складана падлічыць звесткі наконт Расеі, бо для выезду беларусам не толькі не патрэбная віза, але не трэба праходзіць і памежнага кантролю. Звесткі «Росстата» сведчаць, што летась з Беларусі ў Расею мігравалі 14 536 асобаў – амаль на чатыры тысячы менш, чым у 2019 годзе. Але гаворка толькі пра тых, хто атрымаў рэгістрацыю ў РФ, а большасць беларусаў гэтага проста не робіць.

Звесткі з Беларусі

У Офісе Святланы Ціханоўскай патлумачылі belsat.eu, што не маюць звестак, колькі беларусаў выехала з краіны пасля выбараў 2020 года. Юрысты каманды Ціханоўскай мяркуюць, што даведацца сапраўдную колькасць проста немагчыма, бо агульны падлік не вядзецца, а ўскосныя звесткі не могуць даць аб’ектыўнай карціны.

Сапраўды, адназначна запісаць у палітычныя мігранты можна хіба толькі тых, хто атрымліваў гуманітарныя візы (прынамсі большую іх частку) і падаваў дакументы на атрыманне прытулку. Агулам гэтая лічба можа набліжацца да 20 тысячаў чалавек. Але шмат каму з беларусаў, хто пакінуў краіну, гэтыя механізмы не спатрэбіліся. Можна звярнуцца да агульнай колькасці візаў, выдадзеных за гэты час: атрымаецца, што толькі Польшча і Літва выдалі беларусам каля 200 тысяч візаў. Аднак далёка не кожны, хто мае замежную візу, фізічна цяпер за мяжой і тым больш мае намер там застацца. Да таго ж такія паказнікі варта параўноўваць з мінулымі гадамі, а тут выбуховага росту (а часам і росту ў прынцыпе) не назіраецца. Нарэшце, абсалютна немагчыма падлічыць тых, хто выехаў за гэты час у Расею ці Украіну – яны не пакідаюць візавага следу і могуць адносна працяглы час знаходзіцца ў гэтых краінах без дадатковых дазволаў.

Таксофон, телефон-автомат, телефон общего пользования, уличный телефон
7 лістапада 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Улады Беларусі толькі аднойчы за гэты час агучвалі звесткі адносна міграцыі. Паводле МУС, цягам двух месяцаў пасля выбараў-2020 з краіны з’ехалі 13 тысячаў чалавек: каля 10 тысячаў – у Польшчу, каля 3 тысячаў – ва Украіну, не больш за 500 – у Літву і Латвію. Аднак у МУС тлумачылі гэта не рэпрэсіямі, а імкненнем працаўладкавацца.

Калі браць агульную колькасць насельніцтва Беларусі, то, паводле Белстату, за 2020 год жыхароў краіны стала менш на 60 614 чалавек. У тым ліку на 10 347 чалавек паменела насельніцтва ў Менску, хаця апошні раз колькасць жыхароў у сталіцы скарачалася ў Другую сусветную вайну. Але няяна, у якой ступені гэткая дынаміка звязаная з міграцыяй, а ў якой – з пандэміяй ці іншымі аб’ектыўнымі дэмаграфічнымі фактарамі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў