Еўразвяз гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на міграцыйны крызіс

10 лістапада 27 амбасадараў Еўразвязу маюць намер прыняць пастанову аб тым, што павелічэнне колькасці мігрантаў на беларуска-польскай мяжы – гэта «гібрыдная вайна» і яна можа быць прававой падставай для ўвядзення санкцыяў, паведамляе «Reuters».

Новыя санкцыі будуць датычыць прыблізна 30 беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, сярод іх – міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, авіякампанія «Белавія».

«Гэта гандаль людзьмі». Шчырая размова з іракскім курдам

ЕЗ і НАТА абвінавачваюць Аляксандра Лукашэнку ў выкарыстанні мігрантаў у якасці зброі для ціску на Захад і помсту за санкцыі, уведзеныя ў дачыненні Менску ў адказ на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Новы пакет санкцыяў прызначаны для беларускіх чыноўнікаў, якія, паводле ЕЗ, арганізавалі плынь міграцыі праз Беларусь у краіны ЕЗ.

Міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас заявіў у сераду, 10 лістапада пра падтрымку Германіяй новых санкцыяў супраць Беларусі, піша «Deutsche Welle».

«Мы будзем падвяргаць санкцыям усіх, хто ўдзельнічае ў мэтанакіраваным незаконным увозе мігрантаў, – гаворыцца ў заяве Мааса. – Лукашэнка павінен ведаць, што ягоныя разлікі не працуюць.

Як рэагуе міжнародная супольнасць на сітуацыю на беларуска-польскай мяжы

Кіраўнік МЗС Нямеччыны падкрэсліў, што ЕЗ будзе працаваць над «падаўжэннем і ўзмацненнем санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі».

«Еўразвяз нельга шантажаваць», – сказаў Гайка Маас.

Паводле дыпламата, ЕЗ таксама гатовы дзейнічаць супраць іншых краінаў і авіякампаніяў, якія ўдзельнічаюць у транзіце мігрантаў.

«Нікому не можа быць дазволена бяскарна ўдзельнічаць у бесчалавечнай дзейнасці Лукашэнкі», – заявіў Маас і папярэдзіў, што ЕЗ гатовы «прыняць меры».

ГГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны