Беларусы збіраюць подпісы супраць вырубкі лесу мігрантамі на мяжы з Польшчай

На партале Petitions.by з’явілася петыцыя з просьбай праверыць законнасць вырубкі лесу мігрантамі ў раёне памежнага пункту пропуску «Брузгі» і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, калі дазвол на вырубку не выдаваўся.

Мігрант рубіць дрэва на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году. Фота: БелТА

Аўтары петыцыі пад назвай «Незаконная рубка лесу ў Гарадзенскім раёне» на пачатку свайго звароту распавядаюць, што 8 лістапада 2021 году ў афіцыйным тэлеграм-канале «БелТА» з’явіўся фотаздымак маладога чалавека ўсходняй знешнасці, які рубіць дрэвы на беларуска-польскай мяжы.

«Пазначаныя дзеянні былі імаверна здзейсненыя ў раёне пункту пропуску «Брузгі». Пазначаная тэрыторыя імаверна адносіцца да Індурскага лясніцтва ДЛГУ «Гарадзенскі лясгас». Ёсць усе падставы меркаваць, што пазначаныя дзеянні могуць з’яўляцца незаконнай рубкай», – гаворыцца ў петыцыі.

Скрыншот з тэлеграм-каналу БелТА. Крыніца: petitions.by

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што рубка лесу без адмысловага дазволу забароненая і з’яўляецца адміністратыўным правапарушэннем, а дазвол, згодна з Лясным кодэксам, выдаецца на рубку аб’ёмам не больш за 50 кубічных метраў драўніны.

Складальнікі петыцыі просяць:

– правесці праверку пазначаных у звароце фактаў,

– патлумачыць, ці быў выдадзены ордар на рубку лесу грамадзяніну на фотаздымку БелТА ад 8 лістапада 2021 году,

– у выпадку, калі ордар не выдаваўся, прыцягнуць таго, хто незаконна рубіў лес, да адказнасці.

Петыцыя будзе накіраваная ў Гарадзенскую абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету і ў Гарадзенскі лясгас.

На 12.05 10 лістапада петыцыю падпісалі 829 чалавек.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны