Цэны арэнды кватэраў на содні як узляцелі, так і прызямляцца

З пачаткам пандэміі ды локдаўну бізнес беларусаў, якія здаюць кватэры на содні, «амаль памёр». Плынь турыстаў спала да нуля, рэдкія камандзіровачныя здымалі жытло, але даходы з іх ледзь пакрывалі падаткі, камуналку і плату клінеру. Шмат хто закрыў бізнес: хтосьці прадаў кватэры, яшчэ частка перавяла іх у доўгатэрміновую арэнду. Але здарылася вайна, і Расею пакінула большасць еўрапейскіх брэндаў. Беларусь – толькі некалькі знакавых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

І паехалі аўтобусы, цягнікі, аўтамабілі з расейскімі пакупнікамі ў Менск. Бо тут застаўся польскі рытэйлер і вытворца адзення «LPP Group», вядомы брэндамі «Reserved», «Sinsay», «Cropp», «House» і «Mohito». Падобны расклад з брэндамі іспанскага fashion-рытэйлера «Inditex» (брэнды «Zara», «Pull&Bear», «Massimo Dutti», «Bershka» ды іншыя). Таксама засталіся ў Беларусі «Mcdonald’s» і «KFC».

Захаванне брэндаў абумоўленае тым, што значная частка міжнародных кампаніяў, рэпрэзентаваных у Беларусі, працуе тут праз франчайзінгавыя ды эксклюзіўныя дамовы. Напрыклад, «Табак-інвест» вязе вядомыя «Tommy Hilfiger», «Calvin Klein», «Karl Lagerfeld». Група «Fashion House» прапануе беларусам і прыезджым вопратку «Mango», «Women’secret», «Orsay», «Jack&Jones». Уладальнік франшызы «Mcdonald’s» у Беларусі – бізнесовец з Казахстану Кайрат Баранбаеў.

Расейцам, якія прыехалі па «Zara» і біг-мак, трэба было дзесьці сяліцца. Яны сяліліся як у гатэлях, так і ў апартаментах. Стабільны попыт узняў цану кватэраў, што здаюцца на содні, у паўтара разу. Калі звычайная студыя блізка да цэнтру гораду здавалася за $ 30–40 за содні, то дзякуючы расейскім шоп-турыстам уладальнікі жытла здолелі зарабляць ужо $ 45–60.

А потым на вуліцы тых, хто здае на содні, і наагул «перакуліўся фургон з марозівам»: у Расеі абвясцілі мабілізацыю, і ў Беларусь хлынула плынь маладых мужчынаў інтэлігентнага выгляду, якія ратуюцца ад вайны. І цэннік кватэраў на содні зноў узляцеў: тая ж студыя цяпер абыходзіцца ў $ 80–100, і паспрабуй яшчэ знайсці яе.

Цэннік мог бы ўзляцець і вышэй, але тут ужо здолелі падзарабіць і смелыя ўладальнікі кватэраў, якія прапаноўваюцца ў доўгатэрміновую арэнду. Яны пускаюць пажыць на два тыдні – месяц часам без дамовы, бо чалавек у любы момант з’едзе, а як тады яе закрыць. Ды расейцы і не прагнуць, каб іхныя імёны фігуравалі ў афіцыйным дакуменце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Такіх смелых арэндадаўцаў няшмат, але яны збалансавалі рынак, не даўшы цэнам у Менску вырасці яшчэ больш. Гэта ж дапамагло і расейскім шоп-турыстам: так, з’ездзіць у выходныя на астравок Еўропы дорага, але не зусім ужо спусташальна. Прычым калі раней расейцы называлі Менск «чысцюткім саўком», то цяпер – «чысцюткім еўрапейскім горадам».

Тут няма глыбінкі, у якой можна схавацца

Калі пачыналася плынь уцекачоў ад мабілізацыі, расейцы абмяркоўвалі ў чатах, ці ёсць сэнс хавацца ў беларускай глыбінцы. Але хутка сцямілі, што сэнсу няма: у глыбінцы ўсе адно аднаго ведаюць, і расеец там – як радзімка ў цэнтры ілба, цяжка не заўважыць.

Таму яны здымаюць жытло ў буйных гарадах – у Менску і абласных цэнтрах. Ці жывуць у сваякоў, калі такія ёсць Беларусі, і таксама не ў вёсках. Стаўкі арэнды кватэры за содні ў Берасці, Горадні, нават Гомлі выраслі амаль удвая. Але да менскіх ім па-ранейшаму далёка. Тое, што здавалася за $ 20, цяпер здаюць за $ 40.

Гісторыі
«Вырашыў ратавацца тут». Чаму не ўсе расейцы бягуць з краіны
2022.10.06 18:12

Калі гэтая плынь схлыне?

Расейцы, якія бягуць ад мабілізацыі, выдатна разумеюць, што заставацца ў Беларусі доўга нельга. Калі з Расеі прыйдуць спісы з прозвішчамі ды з указаннем «вярнуць», у маленькай Беларусі за адну ноч наб’юць аўтазакі, і ўжо раніцай яны будуць на мяжы з Расеяй.

Людзі чакаюць тут магчымасці паляцець у Турцыю, Казахстан – любую краіну, якая, у адрозненне ад Беларусі, не запакуе і не перадасць.

Агляд
«Каб аблавы былі на расейцаў – такога пакуль няма». Што робіцца на мяжы Беларусі і Расеі падчас мабілізацыі
2022.10.01 15:00

У Стамбул бліжэйшыя свабодныя квіткі – на 5 лістапада. Каштуюць $ 320. Іх наяўнасць сведчыць пра тое, што да гэтага часу расейцы ўжо пакінуць Беларусь. На рэйсы ў Казахстан ужо ёсць квіткі на найбліжэйшыя дні. Праўда, каштуюць яны $ 400 у эканом-класе.

Так што за кастрычнік ажыятаж на кватэры за содні спадзе. Адпаведна, знізяцца і кошты. Да таго ўзроўню, калі імі цікавіліся толькі расейскія шоп-турысты.

Дзяніс Бетонны / АА, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў