Як родныя і праваабаронцы даведваюцца пра выкананне смяротных прысудаў у Беларусі


На мапе вылучаныя краіны, дзе захавалася смяротнае пакаранне. Крыніца: vectorstock.com

Ва ўсім свеце 10 кастрычніка адзначаецца як Дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. Беларусь да гэтага дня мае непасрэднае дачыненне, як адзіная краіна Еўропы і нават постсавецкай прасторы, дзе існуе смяротная кара.

Даведка

Смяротнае пакаранне захавалася ў Беларусі пасля распаду Савецкага Саюзу паводле вынікаў усеагульнага рэферэндуму. Але праз дзесяцігоддзі пытанне смяротнай кары ў Беларусі застаецца актуальным. Улады перыядычна кажуць пра скасаванне, але ніякіх фактычных зменаў не адбываецца, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці і беларускіх праваабаронцаў.

Так, напярэдадні 10 кастрычніка Еўразвяз чарговы раз заклікаў улады Беларусі скасаваць смяротнае пакаранне.

«Смяротнае пакаранне – гэта жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае пакаранне, якое супярэчыць праву на жыццё. Скасаваць яго неабходна дзеля павагі да чалавечай годнасці», – гаворыцца ў заяве Еўразвязу.

Пачынаючы з 1990 года, у Беларусі былі расстраляныя больш за 400 асуджаных. За ўвесь гэты час прашэнне аб памілаванні было падпісанае толькі двойчы. Апошні раз – у красавіку гэтага года, калі братам Косцевым, асуджаным за жорсткае забойства настаўніцы, замянілі смяротны прысуд на пажыццёвае зняволенне.

Пра выкананне прысудаў не паведамляецца

З непацверджанай афіцыйна інфармацыі, у 2021 годзе маглі выканаць два смяротныя прысуды.

Так, на пачатку верасня на дзяржаўным тэлеканале паказалі сюжэт пра імавернае здзяйсненне смяротнай кары Віктару Скрундзіку. У эфіры гаворыцца пра лёс асуджанага: «Сёння яму 30. Ці магло б быць. Першы смяротны прысуд у 2021 годзе». Так родныя і праваабаронцы даведваюцца пра выкананне прысуду, але афіцыйна гэтага ніхто не пацвярджае.

Андрэй Палуда. Фота spring96.org

Для праваабаронцы Андрэя Палуды, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», такі спосаб паведаміць пра выкананне смяротнага прысуду ўжо не навіна. Праваабаронцы заўсёды сутыкаюцца з вельмі сур’ёзнай заслонай сакрэтнасці з боку дзяржавы і з тым, што інфармацыя пра здзяйсненне смяротнага пакарання рэдка робіцца публічнай.

«Я памятаю выпадкі, калі адвакатка прыходзіла да свайго падабароннага ў СІЗА № 1, а ёй казалі, што яго няма і ён «убыл па приговору». Мы ведаем выпадкі, калі сваякі прыходзяць, каб зрабіць перадачу, а ім кажуць, што ён «убыл по приговору по решению суда» і яго няма. Родныя пачынаюць шукаць у гэтым нейкі спадзеў, што яго проста адправілі ў нейкае іншае месца, бо ім наўпрост не кажуць, што расстралялі. Факт таго, што не выдаецца цела і не пазначаецца месца пахавання, узмацняе пакуты і перажыванні, пакідаючы каліва надзеі, што чалавек усё ж такі жывы», – распавядае Андрэй Палуда.

Увесь час праваабаронцы застаюцца з роднымі асуджаных на сувязі. Так, у справе Віктара Скрундзіка сваякі паведамлялі, што апошнія лісты былі ад яго ў жніўні, але ніякай афіцыйнай інфармацыі пра выкананне прысуду родныя дагэтуль не атрымалі.

Падобная сітуацыя адбываецца з асуджаным на смяротнае пакаранне Віктарам Паўлавым. Сястра Паўлава, якая падтрымлівала яго ўвесь гэты час і была з ім на сувязі, паведаміла праваабаронцам, што ліставанне абарвалася. Да таго ж раз на тры месяцы яна вазіла яму перадачу і адразу праз тэлефон дамаўлялася з кіраўніцтвам СІЗА на сустрэчу. Але апошнім разам сястра не змагла дамовіцца: ёй пачалі казаць, што не могуць прызначыць сустрэчы, бо не бачаць, з кім размаўляюць, хаця раней такога не было. Потым да Паўлава пайшла адвакатка, якой сказалі, што ў СІЗА яго няма. Дзе ён цяпер, таксама не сказалі. Таму лёс яго пакуль невядомы.

Паводле апошніх звестак, у Беларусі застаўся яшчэ адзін зняволены, які чакае смяротнага пакарання. Гэта Віктар Сергель, прысуджаны да расстрэлу за жорсткае забойства 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы.

Магчымасць скасавання смяротнага пакарання

На пачатку гэтага года з’явілася інфармацыя пра змены ў Крымінальным кодэксе і зноў паўстала пытанне пра магчымае скасаванне смяротнага пакарання. У Андрэя Палуды былі сумневы наконт гэтых размоў, бо ўсё адбывалася на фоне вынясення паўторнага смяротнага прысуду Віктару Скрундзіку, і пасля гэта пытанне зноў сышло з інфармацыйнай павесткі.

Цяпер жа Лукашэнка загаварыў, каб вынесці пытанне пра смяротнае пакаранне на рэферэндум, які мусіць адбыцца ў наступным годзе. Пры гэтым адзначае, што сам ён не можа прымаць такой пастановы. Але пакуль усё сведчыць, што выносіць пытанне на рэферэндум і публічна разважаць наконт яго не будуць.

Са словаў Андрэя Палуды, які ўжо больш за 10 гадоў займаецца праблемаю смяротнага пакарання ў Беларусі, гэтае пытанне час ад часу вельмі актыўна падымаецца на дзяржаўным узроўні і ў перамовах з рознымі міжнароднымі структурамі, зацікаўленымі ў тым, каб Беларусь была вольнай ад смяротнага пакарання. Але дагэтуль такія абмеркаванні не мелі плёну.

«Натуральна, калі адбылося памілаванне братоў Косцевых, гэта быў момант, калі ўсе мае калегі віталі пастанову, бо мы вельмі шчыльна займаліся гэтым пытаннем і вельмі шмат працавалі наконт гэтага кейсу, дапамагалі збіраць подпісы, звярталіся да ўладаў і грамадства. І цяпер мы расцэньваем гэты выпадак як акт «гуманізму»: інакш гэта не назавеш», – узгадвае праваабаронца.

Але пазіцыя праваабаронцаў абсалютна прынцыповая. «Мы выступаем супраць рэферэндуму ў гэтым пытанні, бо яго вынікі зразумелыя, – разважае Палуда. – Пытанне застаецца ў эмацыйнай плоскасці, а шмат якія пытанні, што выклікаюць рэзананс у грамадстве, не выносяцца на рэферэндум. Той жа закон пра дармаедства ці змены ў кодэкс наконт таго, ці браць дадатковыя падаткі на нерухомасць – гэтых жа пытанняў не выносяць на абмеркаванне, бо людзі скажуць, што не трэба падвышаць падаткаў ці коштаў на паліва. Не ведаючы, якім чынам будуць праводзіць рэферэндум, баюся, што ён будзе выглядаць як гульня ў адныя вароты. Не будзе магчымасці прыводзіць аргументы тым жа праваабаронцам ці журналістам, чаму не патрэбнае смяротнае пакаранне. І нашая пазіцыя ў тым, каб такія пастановы вызначаліся выяўленнем палітычнай волі, а не праз рэферэндум».

Праваабаронца Людміла Гразнова і Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, які быў асуджаны да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў датычнасці да тэракту ў менскім метро.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Сёння для ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне дастаткова аднаго подпісу кіраўніка дзяржавы або калектыўнай пастановы парламенту.

«Каб такая пастанова прымалася, трэба палітычная воля і разуменне неабходнасці. Пакуль гэтага няма. Увесці мараторый як першы крок да скасавання смяротнага пакарання проста: дастаткова аднаго подпісу, каб проста цяпер развязаць гэтую праблему», – кажа Андрэй.

Беларусь тут не ўнікальная: ва ўсіх краінах свету менавіта кіраўнікі бралі на сябе прыняцце такой пастановы. Праваабаронца распавядае, што на самым пачатку пастанова пра скасаванне смяротнага пакарання можа быць не вельмі папулярнай. «Але вельмі цікавая тэндэнцыя звязаная з тым, што меркаванні людзей рухаліся следам за прыняццем гэтай пастановы. Яны пачыналі прымаць яе, і колькасць людзей, якія выступалі за скасаванне смяротнага пакарання, павялічвалася. Людзі ішлі за гэтаю пастановай».

Што дасць Беларусі скасаванне смяротнага пакарання?

«Як праваабаронца я ў першую чаргу разглядаю тое, што атрымае нашае грамадства, – разважае Андрэй. – Цяпер, у тым кантэксце, што мы маем у Беларусі, тэма смяротнага пакарання па-ранейшаму застаецца ў павестцы. Але мы разумеем, што гэта не адзіная праблема, якая існуе ў нашай краіне з пытаннем правоў чалавека».

«У першую чаргу самой дзяржаве трэба шмат што зрабіць, каб яна атрымала нейкія прэферэнцыі. Але, калі казаць пра грамадства, тут мы атрымаем новы падыход і разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця, атрымаем магчымасць далучыцца да еўрапейскай сістэмы абароны правоў чалавека. Зможам звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека, калі нашыя правы парушае дзяржава, чаго мы не можам рабіць цяпер. І менавіта таму, што ў нас існуе смяротнае пакаранне, мы вельмі моцна абмежаваныя ў гэтых магчымасцях. Мне падаецца, што Беларусь унікальная з іншых прычынаў, а не таму, што тут захавалася смяротнае пакаранне».

Цяпер жа, з ліквідацыяй усіх праваабарончых арганізацыяў і арыштам праваабаронцаў, працаваць робіцца цяжэй.

«На Тыдзень супраць смяротнага пакарання мы пяць гадоў запар ладзілі фестываль «Рок за жыццё», але сёлета яго не праводзім. Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Леанід Судаленка заўсёды ўдзельнічалі ў Тыдні супраць смяротнага пакарання, але сёння, на жаль, яны не могуць».

Чаму важна скасаваць смяротнае пакаранне ў Беларусі?

Праваабаронца і актыўны прыхільнік скасавання смяротнага пакарання Андрэй Палуда назваў асноўныя пункты, чаму ў Беларусі трэба ўвесці забарону на смяротную кару:

«Бо гэта антыгуманны від пакарання. Смяротнае пакаранне ў XXI стагоддзі – гэта варварства і ў пэўнай ступені цывілізацыйная праблема. Бо смяротнае пакаранне – вельмі сур’ёзная праблема, якая ўплывае на грамадства і раскручвае спіраль нянавісці. Бо смяротнае пакаранне – частка сістэмы гвалту. Нашыя магчымасці абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні вельмі паніжаюцца. У кантэксце судовай памылкі смяротнае пакаранне – шлях у адзін канец. Калі забілі чалавека, вярнуць яго назад проста немагчыма. Смяротнае пакаранне гэта заўсёды забойства, гэта зло».

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

АД belsat.eu

Стужка навінаў