«Я здолеў стаць даволі высокай велічынёй там». Беларус, які выкрыў катаванні ў расейскіх калоніях, даў інтэрв’ю


Здымак носіць ілюстратыўны характар.
Фота: gorobzor.ru

Партал пра сучасныя рэпрэсіі ў Расеі Gulagu.net апублікаваў інтэрв’ю з беларускім IT-спецыялістам Сяргеем, дзякуючы якому інфармацыя пра масавыя катаванні ў расейскіх турмах патрапіла ў шырокі доступ.

Беларус жыў у Расеі. У 2013 годзе знаёмыя папрасілі перадаць торбу, у якой былі наркотыкі. Сяргей кажа, што не ведаў пра змесціва торбы. У 2015 годзе Сяргея асудзілі на дзевяць гадоў. Ён адбываў пакаранне ў Саратаўскай вобласці і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню.

Як ІТ-спецыяліста яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў камп’ютарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пенітэнцыярнай сістэмы. Гэта дазволіла яму атрымаць доступ да відэазапісаў катаванняў, якія практыкаваліся ў калоніі, і перадаць іх праваабаронцам.

Праграміст заявіў, што хацеў данесці да людзей інфармацыю пра катаванні зняволеных у Расеі. Пасля вызвалення Сяргей папрасіў палітычны прытулак у Еўрапейскім Звязе.

«Я прыстасаваўся да сістэмы, здолеў свае навыкі падладзіць, стаць даволі высокай велічынёй там, але ніколі, ніколі я не гвалтаваў, не здзекаваўся, не спрабаваў неяк зняважыць іншых людзей. Я ўсё гэта бачыў», – прызнаўся беларус.

Паводле праграміста, ён не чакаў гучнага рэзанансу.

Артыкулы
Gulagu.net: Расейскія спецслужбы дапамагалі беларускім у катаваннях жніўня-2020
2021.10.06 14:27

Нагадаем, што праваабарончы праект Gulagu.net паведаміў, што атрымаў больш за 40 гігабайт відэа, дакументаў і фатаграфій катаванняў і згвалтаванняў зняволеных у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.

Пасля публікацыі трох запісаў здзекаў з вязняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, была распачатая крымінальная справа. Некалькі кіраўнікоў рэгіянальнага ўпраўлення турэмнага ведамства звольненыя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў