«Вконтакте» споўнілася 15 гадоў. 10 фактаў пра сацсетку


Сацыяльная сетка «Вконтакте».
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Расейская сацыяльная сетка «Вконтакте» адлічвае сваю гісторыю ад 10 кастрычніка 2006 года – яна выйшла са стадыі бэта-версіі на 22-гі дзень народзінаў свайго заснавальніка Паўла Дурава.

Як узнікла «Вконтакте»

1. Першай назвай праекту была «Student.ru». Заснавальнік сайта Павел Дураў падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце рабіў электронную бібліятэку рэфератаў і студэнцкі форум, а ад сябра ў Злучаных Штатах даведаўся пра Facebook. Дураў вырашыў зрабіць падобны сайт і спачатку думаў пра назву «Student.ru», але вырашыў, што праект можна арыентаваць і на шырэйшую за студэнтаў аўдыторыю. Сябра, які падказаў ідэю – Вячаслаў Мірылашвілі, атрымаў 60 % акцыяў ТАА «Вконтакте». Павел Дураў меў 20 %.

2. Пачыналася як Facebook з пірацтвам. Павел Дураў заснаваў «Вконтакте» разам з братам Мікалаем Дуравым. У першы час «Вконтакте» амаль цалкам паўтарала выгляд і функцыянал Facebook, але паступова аддаляўся ў дызайне. Расейская сацсетка ад пачатку мела перавагу над амерыканскай: карыстальнікі вольна размяшчалі і спажывалі «Вконтакте» пірацкую музыку і відэа. Ды з цягам часу з пірацтвам «Вконтакте» пачалі квола змагацца (магчыма, паўплывала прызнанне сацсеткі распаўсюднікам пірацкага кантэнту ўладамі ЗША), а таксама пераймаць функцыі ад Facebook і іншых канкурэнтаў. Цяпер музыка «Вконтакте» збольшага легальная, а музычны сэрвіс платны, з вельмі абмежаванымі бясплатнымі магчымасцямі.

3. Хутка «беларусізавалася», але заблакаваная ва Украіне. У 2008 годзе сацсетка, арыентаваная перадусім на расейскамоўную аўдыторыю, займела беларускі інтэрфейс – ужо праз год па запуску яна была даволі папулярнай у Беларусі. Пераклад, зроблены валанцёрамі, быў на класічным правапісе – тарашкевіцы. Гэты правапіс выбралі ў галасаванні самі беларускамоўныя карыстальнікі. А пераклад на афіцыйны правапіс з’явіўся толькі праз 6 гадоў. Цяпер «Вконтакте» дасяжны на васьмі дзясятках моваў, захоўваюцца абодва беларускія правапісы (як, напрыклад, і на «Вікіпедыі»). Папулярнасць у Беларусі прывяла да таго, што калі «Вконтакте» запускаў асобную праграму-мэсэнджар, яе спачатку тэставалі толькі на беларусах. Сацсетка была папулярная і ва Украіне, але з 2017 года «Вконтакте» там заблакаваная разам з іншымі сэрвісамі «Mail.ru Group» і «Яндэкса».

Як «Вконтакте» адабралі ў Дурава

4. Цяпер 100 % «Вконтакте» валодае «Mail.ru Group». Карпарацыя, бенефіцыярам якой з’яўляецца алігарх Алішэр Усманаў, паступова выкупала акцыі «Вконтакте». У 2014 годзе яна давяла сваю долю да 100 %. Яна таксама цалкам валодае сэрвісамі Mail.ru, сацсеткамі «Одноклассники» і «Мой мир», мэсэнджарам ICQ, шэрагам онлайн-гульняў. Да нядаўняга часу валодала і беларускім сэрвісам Maps.me, але год таму прадала яго кітайцам.

Фота: mail.ru / Russian Look / Forum

5. Перад канчатковым продажам Дураў дзіўна сябе паводзіў. У 2011 годзе ён адказаў фота з сярэднім пальцам на спробы «Mail.ru Group» паглынуць «Вконтакте» – звычайна так не размаўляюць з уладальнікам 40 % акцыяў. 1 красавіка 2014 года Дураў абвясціў пра звальненне з пасады гендырэктара «Вконтакте», потым сказаў, што гэта быў жарт, а ў выніку яго звольнілі праз тры тыдні.

6. Дураў казаў пра палітычны ціск на «Вконтакте». Пра ціск расейскай ФСБ (аналага беларускага КДБ) на «Вконтакте» казалі з 2011 года, калі пракуратура патрабавала закрыць апазіцыйныя суполкі, а каманда Дурава ігнаравала патрабаванне. Калі Павел Дураў прадаў сваю долю ў 2014 годзе, ён казаў, што ФСБ патрабавала ад яго выдаць асабістыя звесткі арганізатараў украінскага «Еўрамайдану». Ягоны брат Мікалай потым казаў, што сацсетку кантралюе не толькі алігарх Усманаў, але і кіраўнік «Роснефти» Ігар Сечын. У 2014 годзе Дураў з’ехаў з Расеі. З 2013 года ён грамадзянін карыбскай астраўной дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс, з 2018-га – Вялікай Брытаніі.

Заснавальнік і генеральны дырэктар Telegram Павел Дураў выступае з прамовай падчас Сусветнага кангрэса мабільнай сувязі ў Барсэлоне, Іспанія, 23 лютага 2016 г.
Фота: Albert Gea / Reuters / Forum

Самая папулярная сацсетка Беларусі (была?)

7. «Вконтакте», падобна, яшчэ застаецца самай папулярнай сацсеткай Беларусі. Свежай надзейнай статыстыкі аб папулярнасці сацсетак у Беларусі няма. Але апошнія апытанні паказвалі лідарства «Вконтакте». Паводле апытання кампаніі #DB3, на лістапад 2020 года 52 % беларусаў карысталіся «Вконтакте», 44 % – Instagram, 34 % – «Аднакласнікамі», 31 % – Facebook. Паводле лічыльніка «Alexa», Vk.com на трэцім месцы па наведвальнасці ў Беларусі пасля Google.com і Youtube.com. Сама «Вконтакте» у пачатку 2021 года заяўляла, што ёй штодзень карыстаюцца 1,6 млн беларусаў, а хоць раз на месяц заходзяць 2,5 млн (калі на Facebook адпаведна 0,8 млн і 1,1 млн).

8. За пасты «Вконтакте» караюць. Да беларускіх пратэстаў 2020 года найчасцей каралі за распаўсюд парнаграфіі. Але цяпер караюць і за палітычныя паведамленні і каментары: напрыклад, за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «абразу міліцыянта», «абразу прэзідэнта» ці «абразу прэзідэнта песняй». У беларускім «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» спасылак на «Вконтакте» нават больш, чым на Telegram.

Акцыя «рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Гэтыя пратэсты яшчэ называлі «маўклівымі». 20 ліпеня 2011 г.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

9. Праз «Вконтакте» раней ладзілі беларускія пратэсты. У 2011 годзе маўклівыя акцыі пратэсту ладзілі пераважна праз «Вконтакте» і часткова – праз Facebook. Тая кампанія звалася «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Але ў пратэстах 2020 года «Вконтакте», падобна, выконвала меншую ролю: аўдыторыя пратэставых Telegram-каналаў была ўжо большай, чым у пратэставых суполак «Вконтакте», ды й шмат пратэставага кантэнту было ў Instagram і Facebook.

10. Аўдыторыя «Вконтакте» яшчэ расце, але не так хутка, як у Telegram ці TikTok. «Вконтакте» спрабуе паўтараць функцыі Instagram і TikTok, стварыла свой асобны ад сацсеткі мэсэнджар, запусціла асобны музычны сэрвіс, але не выключана, што расейская сацсетка, папулярная пераважна ў краінах былога СССР, пачне прайграваць глабальным гульцам.

Hавiны
Дэспат з сынам пад БЧБ. Выйшла відэагульня «Far Cry 6»
2021.10.09 09:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў