Павел Латушка выказаўся пра магчымасць выдаваць беларусам пашпарты ад імя Пераходнага кабінету


Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заявіў, што калі Аляксандр Лукашэнка будзе пазбаўляць беларусаў грамадзянства, то трэба будзе дамагацца, каб пашпарты грамадзянам Рэспублікі Беларусь выдавалі за мяжой ад імя пераходнага кабінету. Пра гэта ён сказаў 9 верасня падчас жывой трансляцыі на «Еўрарадыё».

«Канечне, калі Лукашэнка пойдзе на тое, што будзе пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія пражываюць за мяжой, а гэта будзе даволі значная колькасць беларусаў, гэта правядзе да таго, што ў нас зʼявіцца абсалютнае права пачаць выдачу пашпартоў Рэспублікі Беларусь ад імя пераходнага кабінету і дамагацца прызнання гэтых пашпартоў за мяжой», – сказаў Павел Латушка.

Ён удакладніў, што гэта пакуль не меркаванне пераходнага кабінету, а ягоная ўласная думка. Але ідэя выдачы беларускіх пашпартоў ад імя кабінету ўжо абмяркоўвалася, паводле ягоных словаў, «вузкім колам».

«Мы ведаем, што Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў рабіць усе крокі і дамагаецца ад урадаў, каб памяншалася колькасць асобаў, якія не маюць грамадзянства. Калі Аляксандр Лукашэнка будзе парушаць прынцыпы ААН, калі будзе павялічваць сваімі неабгрунтаванымі рашэннямі колькасць такіх асобаў, у нас ёсць абсалютнае права ставіць гэтае пытанне. І гэта варта будзе абмяркоўваць унутры кабінету і пазней – з нашымі партнёрамі. Гэта слушная прапанова», – мяркуе Павел Латушка.

На пытанне, ці гэта будзе рэальна ажыццявіць, бо ў свеце пакуль не было прэцэдэнтаў такога падыходу, Латушка адказаў, што «ўсё рэальна».

«Так, ніколі такога не было. Будзе цяжка, але ўсё рэальна, калі на гэта працаваць. Гэта пытанне часу, высілкаў, энергіі, жадання і волі», – падсумаваў Павел Латушка.

Павел Латушка займае ў Абʼяднаным пераходным кабінеце пасаду намесніка кіраўніцы Святланы Ціханоўскай і зʼяўляецца прадстаўніком Кабінету ў транзіце ўлады.

6 верасня на нарадзе, на якой «абмяркоўваўся» законапраект аб грамадзянстве, Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да тэмы беларусаў, якія з’ехалі з краіны пасля пратэстаў 2020 года. Прапанаваў на іх «яшчэ раз паглядзець» і вызначыць, ці «вартыя яны таго, каб заставацца грамадзянамі Беларусі».

Каментар
Лукашэнка зноў пужае пазбаўленнем грамадзянства. Што пра гэта думаюць актывісты
2022.09.06 19:16

Зміцер Міраш belsat.eu

 

Стужка навінаў