У Беларусі «таемна» лютуе афрыканская чума свінняў – выцек дакумент Мінсельгасу


Ува ўсіх вобласцях Беларусі зафіксавалі асяродкі афрыканскай чумы свінняў, ёсць выпадкі птушынага грыпу і хваробы Ньюкасла. Жывёліны, якіх мусілі б утылізаваць, трапляюць у беларускія крамы і на экспарт.

Свінні на ферме.
Фота: Кіраўскі райвыканкам

Адразу ў некалькіх раёнах кожнай з вобласцяў Беларусі з пачатку 2021 года зафіксавалі выпадкі афрыканскай чумы свінняў: агулам па краіне выяўленыя 89 выпадкаў АЧС сярод дзікоў і 52 выбухі захворвання свінняў у асабістых падворках, на 8 гаспадарках. Гэта вынікае з дакументу Міністэрства сельскай гаспадаркі для службовага карыстання, які апублікаваў Telegram-канал «Беларусь за МКАДом».

У дакуменце таксама згадваюцца 7 выбухаў птушынага грыпу на розных гаспадарках і 85 выпадкаў хваробы Ньюкасла (птушынай псеўдачумы).

Падчас наведання ветэрынарным і харчовым наглядам свінагадоўчых комплексаў выявіліся грубыя парушэнні, пішуць у дакуменце. Яны датычаць умоваў як для жывёлінаў, так і для работнікаў. За праверанымі аб’ектамі замацавалі інспектараў і спецыялістаў. На аб’ектах, пішуць у дакуменце, па-ранейшаму не робяцца вычарпальныя захады для папярэджання афрыканскай чумы свінняў і птушынага грыпу.

З дакументу вынікае, што жывёлінаў, якіх мусілі б утылізаваць праз пагрозу хваробаў, пускалі на мяса, якое як прадавалі ў Беларусі, так і экспартавалі.

Пацверджанняў сапраўднасці дакументу няма. Аднак раней беларускія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што чумы свінняў у Беларусі няма, хоць хваробу зафіксавалі ў суседніх краінах. Праз чуму, якой няма, у беларускіх гаспадарках прымушалі забіваць свінняў, а ў лясах практычна вынішчылі дзікоў. Праз АЧС у Беларусі палякі планавалі збудаваць плот на мяжы з нашаю дзяржаваю.

Размова
Мёртвыя тушы і смурод. Паляўнічы пра барацьбу з чумой свіней
2018.09.27 22:49

АА belsat.eu

Стужка навінаў