Пачаліся расейска-беларускія вучэнні «Захад-2021»

Расейскае Міністэрства абароны паведаміла пра пачатак вучэнняў «Захад-2021» а 3:15 уначы 10 верасня. Беларускі бок пра гэта на момант публікацыі не паведамляў, толькі пісаў пра ўрачыстую цырымонію дзень раней.

Расейскія паветрана-дэсантныя войскі высаджваюць баявую тэхніку на палігоне Жытава. Разанская вобласць, Расея. 10 верасня 2021 года. Фота: mil.ru

Караблі Балтыйскага флоту Расеі ўжо выйшлі ў мора для выканання заданняў, самалёты-знішчальнікі Расеі і Беларусі заступілі на супольнае баявое дзяжурства (адпрацоўваць будуць у тым ліку прымус іншых самалётаў да пасадкі), таксама баявое дзяжурства пачалі падраздзяленні супрацьпаветранай абароны.

Супольныя расейска-беларускія вучэнні завершацца, але войскі РФ гэтым разам застануцца

Вайсковыя вучэнні «Захад-2021» праходзяць ад Балтыйскага мора і Калінінградскай вобласці да Варонежскай і Ніжагародскай вобласцяў Расеі. На расейскай тэрыторыі выкарыстоўваюцца дзевяць палігонаў, на беларускай – пяць.

Паводле афіцыйных звестак расейскага боку, у вучэннях бяруць удзел 200 тысяч вайскоўцаў, больш за 80 самалётаў і верталётаў, больш як 290 танкаў і агулам да 760 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку да 15 караблёў. Але на тэрыторыі Беларусі ў вучэннях абяцаюць задзеяць толькі 12 800 чалавек, з якіх толькі 2500 будуць расейцамі. Таксама ў Беларусі абяцаюць задзеяць больш за 30 самалётаў і верталётаў, 350 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку да 140 танкаў.

Усе пяць палігонаў на тэрыторыі Беларусі (Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі, Чапялёва, Даманаўскі і Ружанскі) – на захадзе краіны, недалёка ад мяжы з Польшчай. Ад Берасцейскага да мяжы – 5 кіламетраў.

«У тактычных пытаннях яны служаць Лукашэнку, а ў стратэгічных стануць на бок Расеі», – Алег Талерчык

 

Раней NATO заклікала Расею быць адкрытай адносна вучэнняў і колькасці іх удзельнікаў, бо трывога ў сувязі з вучэннямі расце ў Польшчы, Украіне і краінах Балтыі. Расея, казаў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг, мусіць паводзіць сябе прадказальна і празрыста, бо вучэнні могуць прывесці да праліку ці інцыдэнту, які распачне крызіс.

Прадстаўнік NATO адзначыў, што раней колькасць вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у вучэннях, у пяць разоў перавышала заяўленую, а Расея ніколі не была адкрытай адносна інспекцыі вучэнняў.

Стольтэнбэрг таксама заўважыў, што напружанне на межах краінаў NATO і Беларусі ёсць праз тое, што афіцыйны Менск выкарыстоўвае мігрантаў як зброю.

NATO і еўрапейскія міністры звінавацілі беларускія ўлады ў выкарыстанні мігрантаў як зброі

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны