Хто каго перахітрыў? Што трэба ведаць пра інтэграцыйныя дамоўленасці Лукашэнкі і Пуціна


Пасля двух з паловаю гадоў перамоваў аб «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расеі 9 верасня ў Крамлі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абвесцілі ўзгадненне ўсіх інтэграцыйных праграмаў. На наступны дзень дакументы ўхвалілі ўрады дзвюх краінаў. Belsat.eu разбіраўся, што гэтыя дамоўленасці азначаюць для суверэнітэту Беларусі, калі чакаць іх рэалізацыі ды хто каго перахітрыў на гэтым этапе.

Пра што дамовіліся

Супольная прэс-канферэнцыя Пуціна і Лукашэнкі па выніках расейска-беларускіх перамоваў 9 верасня 2021 года ў Маскве.
Фота: kremlin.ru

У выніку перамоваў 9 верасня абвесцілі, што Масква і Менск узгаднілі ўсе 28 інтэграцыйных праграмаў. Яны прадугледжваюць гарманізацыю падатковага і мытнага заканадаўства дзвюх краінаў, вызначэнне адзіных прынцыпаў грашова-крэдытнай палітыкі ды абʼяднанне плацежных сістэмаў, стварэнне агульнага рынку газу, нафты і электраэнергіі, а таксама забеспячэнне роўных умоваў для субектаў гаспадарання Беларусі і РФ. Поўны спіс праграмаў апублікавалі на наступны дзень, пасля таго, як іх ухвалілі ўрады дзвюх дзяржаваў.

Пуцін заявіў, што рэалізацыя інтэграцыйных праграмаў стане «сурёзным крокам на шляху стварэння адзінай эканамічнай прасторы». Газета «Коммерсант» адзначае, што гэта былі першыя за шмат гадоў выніковыя перамовы дзвюх палітыкаў. Лукашэнка таксама вельмі высока ацаніў значэнне дамоўленасцяў у Маскве:

«Гэта вельмі сурʼёзныя дамоўленасці. Такіх крокаў мы яшчэ не рабілі, як за гэтыя тры гады падрыхтоўкі і выдачы гэтых саюзных праграмаў».

Пра што дамаўляліся першапачаткова

Калі інтэграцыйныя перамовы толькі пачыналіся, вялося не пра 28 інтэграцыйных праграмаў, а пра 31 дарожную мапу. Менавіта іх бакі абмяркоўвалі ў 2019–2020 гадах. Сёлета абвесцілі, што 31 мапу перафарматавалі ў 28 галінавых саюзных праграмаў.

Менск напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расеі. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Чым канкрэтна 31 мапа адрозніваецца ад 28 праграмаў, да канца не ясна. З заяваў амбасадара Беларусі ў РФ Уладзіміра Сямашкі вынікала, што змены інтэграцыйных дакументаў насілі хутчэй бюракратычны характар: проста мапа пра ўніфікацыю падатковага заканадаўства і дзве мапы пра мытнае рэгуляванне зліліся ў адну. Але Лукашэнка ў Маскве заявіў, што гаворка пра сурёзную трансфармацыю: у цяперашніх інтэграцыйных праграмах значна больш канкрэтыкі, чым у папярэдніх дарожных мапах, ад падпісання якіх беларускі дыктатар адмовіўся два гады таму.

Аднак цягам 2019–2020 гадоў бакі не маглі дамовіцца не праз адсутнасць канкрэтыкі ў дарожных мапах, а праз прынцыповае разыходжанне ў падыходах да інтэграцыі. З самога пачатку афіцыйны Менск патрабаваў ад Масквы зніжкі на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці, кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і роўных умоваў доступу на расейскі рынак. Менавіта з развязаннем гэтых прынцыповых пытанняў беларускі бок увязваў далейшую інтэграцыю. Лукашэнка раней абяцаў, што ў адваротным выпадку ён дарожных мапаў не падпіша. «Выбачайце, на храна трэба каму такі саюз?» – наракаў ён у лістападзе 2019-га. Але Масква ў сваю чаргу хацела спачатку развязаць пытанні саюзнага будаўніцтва, а потым разглядаць пытанні нафты і газу.

Хто перамог

Пуцін падчас перамоваў з Лукашэнкам 9 верасня.
Фота: Kremlin.ru

Калі меркаваць па заявах на прэс-канферэнцыі 9 верасня, то ўзялі верх падыходы Крамля: ключавыя ўмовы Лукашэнкі ўзору 2019 года выкананыя не былі.

Цана на газ для Беларусі застанецца на папярэднім узроўні – $ 128,5. Пра гэта Пуцін і Лукашэнка дамовіліся яшчэ ў ліпені. Ва ўрадзе канстатуюць, што гэта камфортная для беларускага боку цана ў параўнанні з краінамі ЕЗ. Сапраўды, цягам апошняга года цана на газ для Еўропы вырасла ў некалькі разоў, а для Беларусі засталася на старым узроўні. Аднак зніжку да ўзроўню Смаленскай вобласці (на чым раней настойваў Лукашэнка) Беларусь усё ж не атрымала.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: gazprom.ru

Пытанне пра кампенсацыю за падатковы манеўр на прэс-канферэнцыі ў Маскве наагул не закраналася. Пасля ліпеньскіх перамоваў Лукашэнкі і Пуціна заяўлялася, што бакі дамовіліся пра аб’ёмы крэдытнага падтрымання ў сувязі з падатковым манеўрам у Расеі. Аднак колькі і калі атрымае Беларусь, сказана не было.

9 верасня ў Маскве Пуцін паабяцаў да канца года выдаць Лукашэнку крэдыт на $ 630–640 мільёнаў. З кантэксту застаецца незразумелым, ці звязана гэта з кампенсацыяй за падатковы манеўр. Аднак у любым выпадку гэта не тое, на што разлічваў афіцыйны Менск. Тры гады таму беларускі бок ацэньваў страты бюджэту ад падатковага манеўру на ўзроўні $ 8–12 мільярдаў цягам 2019–2024 гадоў.

Што датычыць менавіта крэдытнай падтрымкі, то напярэдадні перамоваў у Маскве выданне РБК паведамляла, што ўлады Беларусі хочуць атрымаць ад Расеі праз Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця $ 3 мільярды. Пуцін жа пакуль паабяцаў Лукашэнку суму амаль у пяць разоў меншую.

Hавiны
«Дозы для наркамана». Эканаміст Раманчук распавёў, як Лукашэнка загнаў сябе і Беларусь у пастку Расеі
2021.09.10 14:42

Такім чынам, прынамсі з пункту гледжання піяру Пуціна на перамовах з Лукашэнкам атрымаў відавочную перамогу: ён нарэшце змог заявіць пра сурёзны прарыў у інтэграцыйным пытанні, заплаціўшы за гэта адносна невысокую цану.

Што гэта азначае для суверэнітэту Беларусі

Раней эксперты выказвалі меркаванне, што пераход да адзінай мытнай палітыкі ды аб’яднанне падатковых сістэмаў будзе азначаць фактычнае паглынанне Беларусі: яе статус будзе не моцна адрознівацца ад статусу іншых субектаў Расейскай Федэрацыі.

Сцягі Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь, 7 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

У сваю чаргу Лукашэнка і прадстаўнікі ўраду раз за разам падкрэсліваюць, што саюзныя праграмы не нясуць пагрозы суверэнітэту Беларусі. Аднак пры гэтым заяўляецца пра гатовасць «выбудаваць такія дачыненні, якіх няма ні ў федэратыўных, ні ва ўнітарных дзяржавах». Як можна выбудаваць стасункі больш шчыльныя, чымся ва ўнітарных дзяржавах, і не страціць пры гэтым хаця б часткі суверэнітэту, няясна.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, што Расея даставіць у Беларусь дзясяткі самалётаў, верталётаў і сістэмаў СПА
2021.09.01 13:31

І Масква, і Менск настойваюць на тым, што пакуль гаворка толькі пра эканамічную інтэграцыю. Пытанне палітычнай інтэграцыі нібыта сапраўды не стаіць на парадку дня. 31-я дарожная мапа, якая закранае пытанні наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру, была выключаная з перамоваў яшчэ ў канцы 2019 года. Гэтую пазіцыю палітыкі пацвердзілі падчас сустрэчы 9 верасня.

Сцягі Рэспублікі Беларусь у ГУМе. Менск, Беларусь, 7 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

З іншага боку, Пуцін даў зразумець, што паспяховая эканамічная інтэграцыя амаль аўтаматычна можа пацягнуць за сабою палітычную: «Перш за ўсё трэба заняцца эканомікай, а ўсё потым натуральным чынам будзе патрабаваць дадатковага рэгулявання, у тым ліку, можа быць, і на ўзроўні саюзнага парламенту. Я не выключаю, што такі можа быць створаны. Але для гэтага трэба, што называецца, падрасці».

Лукашэнка таксама не выключае палітычнай інтэграцыі з Расеяй у будучыні:

«Калі нам трэба будзе яшчэ больш шчыльная вайсковая, палітычная, іншы кірунак возьмем, эканамічная інтэграцыя, мы гэта зробім імгненна, як толькі адчуем запыты нашых людзей у Беларусі і ў Расеі».

Што будзе далей

На наступны дзень пасля перамоваў Пуціна і Лукашэнкі інтэграцыйныя праграмы ўхваліў Савет міністраў Саюзнай дзяржавы, паседжанне якога адбылося ў Менску. Цяпер саюзныя праграмы будуць вынесеныя на зацверджанне Найвышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы. Паводле Лукашэнкі, паседжанне Найвышэйшага дзяржсавету мае адбыцца «дзесьці, па-мойму, 4 лістапада, у Дзень народнага адзінства ў Расеі».

Hавiны
Падпісанне саюзных праграмаў прызначылі на дзень, калі Расея святкуе перамогу над Рэччу Паспалітай
2021.09.10 12:53

Але пакуль што ніводнага інтэграцыйнага дакументу Пуцін і Лукашэнка не падпісалі. Заявы ў Маскве былі фактычна толькі дэкларацыяй пра намеры. Улічваючы досвед стасункаў Беларусі і Расеі, зусім не факт, што гэтыя дэкларацыі будуць выконвацца, нават калі атрымаюць выгляд афіцыйнага дакументу. Дастаткова нагадаць, што Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якую падпісалі 8 снежня 1999 года, прадугледжвала адзіную Канстытуцыю і адзіную валюту. Але гэтыя пункты дасюль не зрэалізаваныя.

Hавiны
«Мухі асобна», досвед СССР і 90-ая губернія. Топ-6 пытанняў і адказаў пра Саюзную дзяржаву
2019.12.07 06:00

То бок узгадненне праграмаў не азначае, што Лукашэнка не будзе супраціўляцца іх рэалізацыі. Аднак ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі ды санкцыяў рабіць гэта будзе вельмі складана. Ініцыятыва ў інтэграцыйных перамовах цяпер перайшла да Крамля.

Калі Лукашэнка і Пуцін 4 лістапада падпішуць саюзныя праграмы, то іх рэалізацыя мусіць заняць як мінімум некалькі гадоў. У прыватнасці, дакумент аб стварэнні аб’яднанага рынку газу ў межах Саюзнай дзяржавы плануюць падпісаць да 1 снежня 2023 года, а пагадненне пра агульныя прынцыпы грашова-крэдытнай палітыкі – да снежня 2022 года.

Агулам зацверджаны ўрадамі Беларусі і Расеі план прадугледжвае рэалізацыю інтэграцыйных ініцыятываў цягам 2021–2023 гадоў. Аднак гэта не азначае, што ўсе гэтыя праграмы будуць зрэалізаваныя да канца 2023-га. Напрыклад, раней прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка тлумачыў, што, паводле саюзных праграмаў, двухбаковыя стасункі будуць выбудоўвацца да 2024–2025 гадоў, а ў некаторых выпадках і да 2027-га.

Hавiны
Пуцін сабраўся ў Менск
2021.09.10 09:28

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў