«Другі раз было больш жорстка». Экскурсавод Музею Вялікай Айчыннай вайны змяніў працу і распавёў пра Акрэсціна


Юрый Куўшынаў. Менск, Беларусь, 9 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Юрый Куўшынаў да ліпеня працаваў у Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Аднойчы пасля працы ехаў дадому, а апынуўся ў ІЧУ на Акрэсціна. Ён распавёў belsat.eu, што адбылося 21 сакавіка гэтага года.

«Нядзеля, увечары прыйшла група з вайсковай часткі 3214. Вядома, што гэта спецназ унутраных войскаў. Я чакаў іх у холе, а калі яны прыйшлі – пабачыў, што прывялі нейкіх маладзёнаў, гадоў па 16-17, апранутых не ў форму. Нават запытаў у адміністратаркі, а яна адказала, што гэта курсанты», – згадвае Юрый.

Зладзіўшы наведнікам паўнавартасную аглядную экскурсію на беларускай мове, мужчына пайшоў дадому, а ў метро пабачыў групу сваіх экскурсантаў

«Нават сябру сказаў, што вось хлопцы, былі ў музеі. Потым сеў у цягнік і паехаў».

А на пераходзе з адной лініі на другую Юрыя пачалі затрымліваць:

«На эскалатары мяне нехта тузае за заплечнік, і пакрысе мяне абступаюць. Гэта ўсё было на хадзе. Я азірнуўся, мне адзін з іх працягвае значак: маўляў, што гэта такое. А калі ўжо ўніз на эскалатары даехалі, ён выклікаў нарад АМАПу. Было бачна, што яны мяне ў масцы не пазналі. І на платформе я ўжо зняў маску, самому стала цікава, як яны адрэагуюць. Большасць пачала ссоўвацца ўбок, позірк адводзіць».

Юрый Куўшынаў. Менск, Беларусь, 9 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Юрый спытаў галоўнага сілавіка, які яго затрымліваў, чаму выклікалі нарад, на што атрымаў адказ: значак на заплечніку – незарэгістраваная сімволіка:

«Я пытаў, ці яна забароненая. Мне адказалі, што не, не забароненая, але і не зарэгістраваная, а сам ён проста выконвае сваю працу. І далей мяне ўжо завезлі ў Ленінскі РУУС супрацоўнікі АМАПу. А ў самым РУУСе дзівіліся, што мяне затрымалі мае ж экскурсанты».

У мужчыны да таго ўжо былі содні адміністратыўнага пакарання, таму ён рыхтаваўся да новага тэрміну, і выцягванне шнуркоў з ботаў не сталася навіною.

«Я чакаў да ночы. Потым супрацоўнік міліцыі мяне паклікаў у кабінет, даў пратакол, а там напісана, што я не падпарадкоўваўся пры затрыманні, тузаў міліцыянта за форму, садзіўся на зямлю і адмаўляўся выходзіць з транспарту. І мне працягвае гэтую паперу ды адразу кажа: «Ну, вы ж не згодныя?» – распавёў экскурсавод.

З РУУСу Юрыя вывезлі на Акрэсціна, за значак з Пагоняй асудзілі на 15 содняў, на наступны дзень перавялі ў Жодзіна. Мужчына адзначыў, што ў ІЧУ ўмовы былі параўнальна нармальныя: бялізны не было, даглядалі не пільна. А вось у ЦІП адбылася вядомая гісторыя пра хлёрку:

«Нас змясцілі ў карцары, 8 чалавек. Мы думалі, што нас развядуць па камерах, але не дачакаліся. А там быў адзін адкідны ложак драўляны і прыбіты зэдлік у цэнтры. Мы вакол яго і леглі. Ноччу прывялі Казлова (лідара АГП Мікалая Казлова), а на раніцу ў нас была паверка. Усіх вывелі, а міліцыянт два вядры такой канцэнтраванай хлёркі выліў у камеру, і нас там зачынілі. Было вельмі цяжка, мы кашлялі, усё было белае, сурвэткамі вымывалі гэта, залівалі вадою».

Юрый Куўшынаў. Менск, Беларусь, 9 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

У Жодзіне Юрый сустрэў шмат людзей, каго затрымлівалі прэвентыўна перад Днём Волі і каралі арыштам на 15 содняў:

«Было шмат народу, духацень страшная. У нашай камеры не адчыняліся вокны. І пасля 25-га было два разы, калі раніцаю на паверцы нас выводзілі, ставілі на расцяжку і па чарзе білі са спіны. Не па нырках, крыху вышэй. Два разы я такое напаткаў, а ці было такое далей, не ведаю».

Суразмоўца адзначае: другое затрыманне і адбыванне содняў другі раз было больш жорсткае, чымся першы раз.

Пасля другога затрымання Юрый Куўшынаў дапрацаваў да канца кантракту і змяніў працу.

Артыкулы
Пабілі за палачку ў зубах. З Акрэсціна выйшаў актывіст Сяржук Мацкойць
2021.07.29 21:54
Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11
Гісторыі
«Сістэма руйнуецца знутры». Размова з мужчынам, які, нягледзячы на арышты, выходзіць на маршы
2021.03.12 16:25

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў