«Так выглядае апакаліпсіс». Вакаліст гурта «Addis Abeba» захрас у в’етнамскім локдаўне


Дзмітрый Іваноў шэсць гадоў жыве ў В’етнаме, часам прылятае ў Беларусь. Цяпер праз каронавірусныя абмежаванні ён застаўся без працы, а вярнуцца на радзіму не здолеў бы нават пры жаданні. Заўтра Дзмітый дае онлайн-канцэрт у межах фэсту #АртыстыПерамогі.

Дзмітрый Іваноў на канцэрце «Аддис Абеба».
Фота: addis-abeba.ad.by

Пераехаў за жонкаю, вучыў дзяцей музыцы

Рэгі-гурт «Addis Abeba» ўтварыўся ў 2002 годзе ў Гомлі, выступаў на шмат якіх фэстах у Беларусі і за мяжою, граў разам з расейскімі зоркамі рэгі «Jah Division» і «Комитет охраны тепла», выдаў пяць студыйных альбомаў.

Лідар і вакаліст гурта Дзмітрый Іваноў у 2015 годзе пераехаў у В’етнам. Ягоная жонка, дачка в’етнамца, да 2014 года працавала перакладчыцай у Менску. Але праз анексію Расеяй украінскага Крыму шмат якія расейскія фірмы трапілі пад санкцыі, а беларускія перакладчыцкія кампаніі, што працавалі з расейскім бізнесам, засталіся практычна без працы, штаты скарачаліся. Бацька жонкі прапанаваў ёй працу ў В’етнаме – спачатку з’ехала яна з сынам, пазней за ёй пераехаў і Дзмітрый.

Сам Дзмітрый пераязджаў без канкрэтных перспектываў. Спачатку працаваў то барменам, то кухарам. Па паўгода жыў у В’етнаме, на некалькі месяцаў вяртаўся ў Беларусь, даваў канцэрты і вяртаўся. Потым знайшоў працу ў расейска-в’етнамскай нафтавай кампаніі.

У расейскіх работнікаў нафтавай кампаніі ёсць свой абгароджаны мікрараён з уваходамі паводле пропускаў: паўтара дзясятка 5-павярховых дамоў са сваймі крамамі, школамі і дзіцячымі садкамі. Апошнія некалькі гадоў Дзмітрый выкладаў там музыку ў школе:

«Быў вакальна-інструментальны ансамбль, вучыў дзяцей музыцы на розных інструментах, пачынаючы ад гітары, бас-гітары і сола-гітары, вакалу… Не так даўно да нас прыйшлі глюкафоны. На банджа таксама спрабаваў вучыць дзяцей».

Але цяпер, кажа Дзмітрый, усё закрыта.

 

Застаўся без працы ў суворым локдаўне

Абмежаванні ў сувязі з пандэміяй каронавіруса былі ў В’етнаме і раней. Летась яны былі не настолькі жорсткія, дый Дзмітрый тады жыў на тэрыторыі закрытага мікрараёну, там можна было вольна хадзіць падчас локдаўну. І па горадзе можна было перасоўвацца, крамы і школы працавалі. У крамы пускалі паводле коду з мабільнай праграмы, што мела звесткі, калі чалавек рабіў тэсты і ці меў сімптомы COVID-19.

Цяпер усё больш сувора. Праезды ў раёны і двары закрытыя, літаральна перагароджаныя дзе плотам, дзе лаўкамі. Нават уваходы ў пад’езды перакрытыя, на кантролі. Крамы зачыненыя, харчы замаўляюцца праз мэсэнджары. У Хашыміне (колішняй сталіцы і найбуйнейшым горадзе краіны) абвесцілі надзвычайнае становішча, па вуліцах ездзіла вайсковая тэхніка.



Раней паліцыянты спынялі людзей на вуліцах і нават у дварах: пыталі, з якіх прычынаў тыя выйшлі. Маглі і спыняць транспарт на дарогах, дапытвалі, навошта людзі ездзілі па любімую малочную гарбату. Для паходаў у крамы выдаваліся талоны. Цяпер людзям прынамсі дазволілі быць каля дамоў, сталі больш лаяльна ставіцца. Але ўсё роўна пасля 19:00 і да 6:00 нельга выходзіць на вуліцу.

Праблемаў з вакцынамі пры тым не было: работнікам расейскай кампаніі прышчапілі «Спутник», прапаноўвалі вакцыны і в’етнамцам, і расейцам з іншых гарадоў, за два ўколы прасілі каля $ 10. Цяпер у клініках прапануюць нават не адзін від вакцыны, для мясцовых прышчэпкі бясплатныя, для замежнікаў каштуюць невялікія грошы. Але вакцына не дае абсалютнай гарантыі, што чалавек не захварэе.

Цяпер шмат хто застаўся без працы. Улады дапамагаюць і мясцовым, і замежнікам, раздаюць нават харчы: напрыклад, рыс і гародніну. Але замежнікі, якія не могуць працаваць онлайн, аказаліся ў складанай сітуацыі. І нават тыя, хто працуе праз інтэрнэт, сутыкнуліся з праблемамі.

«Мая сяброўка, напрыклад, працуе настаўніцай англійскай мовы ў в’етнамскім адукацыйным цэнтры, – расказвае Дзмітрый. – У яе цяпер толькі ўрок на дзень, і ўдвая меней плацяць за онлайн-заняткі, хапае толькі на аплату жытла».

Дзмітрый жа не толькі не мае магчымасці навучаць дзяцей офлайн, але праз кепскую сувязь мае праблемы і з працаю праз інтэрнэт. Разам з іншымі музыкамі, былым трамбаністам «Jah Divsion» і дыджэем, які вучыць дзяцей брэйк-дансу, спрабаваў даваць онлайн-канцэрты, каб выжыць на ахвяраванні. На 11 верасня запланаваны адзін з такіх канцэртаў:

«З дапамогаю данатаў спрабуем выжыць, бо пакуль абсалютна не зразумела, калі гэта скончыцца і ці будзе лепей або горш. Правілы становяцца больш жорсткімі: штораз канчаецца тэрмін дзеяння дырэктывы, яе працягваюць яшчэ на два тыдні і ўзмацняюць абмежаванні».

На радзіму не даляцець, дый пасадзіць там могуць

Нават калі назбіраць грошай і набыць квіток на самалёты да Менску (а гэта даражэй за $ 700, некалькі перасадак), дабрацца ў Беларусь праблематычна.

«Мой знаёмы замежнік, з Амерыкі, спрабаваў зляцець дамоў, калі ўсё гэта пачалося, – расказвае Дзмітрый. – Мы жывём у Вунг-Таў, недалёка ад Хашыміну, дзе месціцца аэрапорт. Дык ён не мог знайсці, чым дабрацца да Хашыміну, бо ў таксістаў мусяць быць дазволы на выезд. У Хашыміне больш жорсткая абстаноўка, там штодзень каля 5 тысячаў чалавек захворваюць, практычна закрыты горад. Калі ён туды ўсё ж дабраўся, яшчэ каля двух тыдняў здаваў розныя тэсты, праходзіў каранціны, каб проста трапіць у аэрапорт. А ён чалавек пажылы, кажа, нацярпеўся – гамон».

Дзмітрый кажа, што злятаць не збіраецца яшчэ і таму, што ў В’етнаме – сям’я, ён не хоча пакідаць без бацькі 10-гадовага сына. І разважае далей:

«Калі б прыляцеў, пасадзілі б адразу, максімум тыдзень пажыў бы спакойна, бо пасты ў сацсетках пісаў, сварыўся ў ябацькаўскіх чатах».

АА belsat.eu

Стужка навінаў