4 гады за намер зрабіць «кактэйль Молатава», ператрусы ў пенсіянерак. Суды і затрыманні 10 верасня


У Беларусі ці не кожны дзень адбываюцца палітычна матываваныя затрыманні, ператрусы і суды. «Белсат» пераказвае, пра што стала вядома за адзін толькі дзень 10 верасня.

Здымаў пратэсты, удзельнічаў у падрыхтоўцы «кактэйлю Молатава» – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму

Даведка
Арцём Саковіч, асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Фота: Spring96.org / сацсеткі

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 10 верасня асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму 20-гадовага слесара Арцёма Саковіча, піша «Вясна». Справу Саковіча разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк.

Мужчыну абвінавацілі ў «Дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), «Падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і «Падрыхтоўцы да незаконнага вырабу і нашэння прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў» (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295-3). Саковіч цалкам прызнаў віну, але казаў, што толькі здымаў на відэа пратэсты, а ідэю рабіць «кактэйлі Молатава» не падтрымліваў.

Паводле абвінавачвання, Саковіч у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года разам са знаёмым па прозвішчы Баранаў і іншымі нявызначанымі асобамі быў у Менску на праспекце Пушкіна і на вуліцы Прытыцкага, «выкрыкваў лозунгі і здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, наўмысна перашкаджаў руху транспарту». А 12 жніўня «ўступіў у злачынную змову», каб зрабіць «кактэйль Молатава»: захоўваў у сябе каністру з бензінам, пустыя бутэлькі, сланечнікавы алей і запальнічку.

Hавiны
За «фэйкавы» падпал танка менчука асудзілі на 10 гадоў
2021.07.26 15:26

12 жніўня 2020 года Саковіча затрымалі, калі ён са знаёмымі купіў бензін і нёс пустыя бутэлькі. Саковіч заяўляў, што «прыняў рашэнне звальваць» ад знаёмых, калі зразумеў, што яны збіраюцца рабіць «кактэйлі Молатава», але не вырашыўся сысці. Зрабіць нічога не паспелі – іх затрымалі «людзі ў цывільным», збілі і завялі ў мікрааўтобус. Але тады Саковіча пакаралі паводле адміністратыўнай справы за «несанкцыянаваную акцыю» і адпусцілі.

Яго зноў затрымалі сёлета 22 чэрвеня, калі ён прыйшоў у Фрунзенскае РУУС у якасці сведкі ў справе аб бойцы, якую бачыў пасля працы. Аказалася, што ён быў у вышуку, хоць не хаваўся: жыў дома, хадзіў на працу ў «Менсквадаканале».

«Сведка»-міліцыянт Яўген Цімафееў на судзе казаў, што растлумачыць у справе нічога не можа, затрыманне Саковіча не памятае, пра свае ранейшыя паказанні згадаў не адразу. Нягледзячы на гэта, суддзя прызначыў тое пакаранне, якое і патрабаваў пракурор. Саковіч прасіў не пазбаўляць яго волі, бо маці пасля смерці бацькі засталася адна і мае патрэбу ў дапамозе.

Артыкулы
У РУУСе загадалі зачытаць паказанні. Удзельнікам шэсця ў Кунцаўшчыне прысудзілі арышты і штрафы
2021.09.10 10:52

Трэці раз асудзілі за абразу міліцыянта, які каленам душыў пратэстоўца

Супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч душыць пратэстоўца каленам. Ганцавічы, Беларусь. 20 чэрвеня 2020 года. Кадр з відэа: «Ганцавіцкі час»

Паводле «Вясны», 46-гадовага жыхара Віцебску Аляксандра Васейкіна асудзілі за абразу супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча. Мужчына размясціў аднаслоўны абразлівы каментар пад здымкам, на якім Вольніч падчас затрыманняў на акцыі пратэсту стаў каленам на шыю пратэстоўца. За гэта яго пакаралі двума з паловай гадамі абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. «Пацярпелы» адзначыў, што ад каментароў «адчуў пачуццё ўнутранага дыскамфорту, сорам, крыўду, абурэнне».

Днём раней суд Жлобінскага раёну разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні Арцёма Барашка ў «Абразе службовай асобы» (арт. 369 КК РБ) адносна таго самага Вольніча, піша «Вясна». Суддзя Ігар Змушко прызнаў яго вінаватым і пакараў трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і 700 рублёў кампенсацыі «пацярпеламу». Барашку пакаралі за тое, што ён змясціў пад фота Вольніча ў «Аднакласніках» абразлівы каментар з аднаго слова, абвінавачаны прызнаў віну.

У чэрвені за абразу Вольніча жыхара Жлобіна асудзілі на два гады «хіміі».

Hавiны
Дзяўчыну аштрафавалі за чорна-бел-чырвоныя валасы
2021.09.10 16:07

Ператрусы ў пенсіянерак, якія чыталі кнігі ў электрычцы

Паводле звестак «Вясны», 9 верасня прайшлі ператрусы ў некалькіх пенсіянерак, якіх раней судзілі за акцыю, у час якой яны чыталі беларускія кнігі ў электрычцы. 60-гадовую Ірыну Новік і 61-гадовую Наталлю Агейчык затрымалі. Дачка Новік кажа, у пастанове на ператрус «было напісана шмат артыкулаў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў