Мужчыны размаўляюць з мужчынамі. Што зрабілася са статусам жанчын праз два гады пасля жаночых маршаў?


Два гады мінула з першага жаночага мітынгу супраць гвалту сілавікоў у Менску каля Камароўскага рынку. Мы пагутарылі з філосафкай і ўдзельніцаю фемгрупы Каардынацыйнай рады Вольгаю Шпарагаю, а таксама з лідаркай фемгрупы Каардынацыйнай рады Юліяй Міцкевіч, пра тое, як змянілася стаўленне да жанчын за гэты час і як ад усеагульнага захаплення жаночай суб’ектнасці грамадства перайшло да больш звычных размоваў мужчынаў з мужчынамі пра лёс і будучыню бацькаўшчыны.

Жаночы марш салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве, Польшча. 10 кастрычніка 2020 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Прайшло два гады, і можна сказаць, што была розная дынаміка ўспрыняцця жанчын у 2021 і 2022 гадах. Цягам 2021-га жанчын, якія шмат рабілі для пратэсту на розных этапах, чулі і бачылі. У іх бралі інтэрв’ю, да іх звярталіся як да экспертак, а потым гэта пакрысе стала адыходзіць. І цяпер, у сярэдзіне 2022 года, у асноўным мы бачым мужчынаў-экспертаў. На канферэнцыі «Новая Беларусь» адзначылі, што там таксама вельмі мала жанчын рэпрэзентавана. І ад фемгрупы падаваліся 4 чалавекі, але ніхто не атрымаў запрашэння ўзяць удзел у панэльнай дыскусіі», – адзначае Вольга Шпарага.

Феміністычная група даўно настойвае на тым, каб у Святланы Ціханоўскай была дарадчыца ў гендарных пытаннях, гэта магла б быць экспертка Юлія Міцкевіч, але і яна не атрымала нават рэгістрацыі на панэльную дыскусію.

Летась у нашай суразмоўцы выйшла кніга «У рэвалюцыі жаночы твар». Гэта рэфлексія на жаночыя пратэсты і ўвогуле на падзеі 2020 года. Цяпер Вольга рыхтуе дапаўненне да новага выдання кнігі. Яна працуе нават не над уступным словам, а над новым раздзелам:

«Гэта будуць уводзіны, але ў прынцыпе – новы раздзел пра тое, што адбывалася з грамадствам і жанчынамі цягам 2021 года. Мне падаецца, што ў 2021-м з’явілася тэма клопату. А калі пачалася вайна, то на змену клопату прыйшлі новыя супярэчнасці. Я пакуль не прадумала гэтага да канца, акурат над гэтым працую. Бо з’явіліся новыя выклікі, як асэнсоўваць сябе, калі трэба бараніцца са зброяй у руках, наколькі гэта супярэчыць нашай рэвалюцыі. Я акурат пра гэта думаю».

Артыкулы
«Хацелася б, каб не толькі немцы яе прачыталі». Вольга Шпарага прэзентавала ў Берліне кнігу пра беларускую рэвалюцыю
2021.06.25 13:49

У сітуацыі, калі ў краіне знішчаныя ўсе НДА і не працуе закон, жанчыны, як і іншыя ўразлівыя групы, засталіся сам на сам са сваймі праблемамі. Фемгрупа даследуе стан жанчын ды іхныя патрэбы, каб даведацца пра самыя балючыя месцы. Гэта вельмі далікатнае пытанне, калі пасля піку агульнай салідарнасці і падтрымання жанчыны засталіся на выпаленай зямлі.

«2020 год даў сілу жанчынам, яны пабачылі сябе як суб’екты, як тых, хто можа прымаць рашэнні і браць удзел у палітычным жыцці. Але ў Беларусі Лукашэнка робіць гэта немагчымым, а за мяжою таксама складана. Мы маем рабіць розныя высілкі, каб было больш відаць жанчын, падтрымліваць, ствараць структуры. Само сабою гэта не адбываецца. Але запыт на рэфлексіўную пазіцыю ў жанчын ёсць, і ён павысіўся. Я здзівілася, які вялікі адсотак жанчын кажуць і хочуць браць удзел у палітыцы, а мужчыны мяркуюць, што гэта не істотна. Гэта абумоўлівае адсутнасць жанчын у палітыцы не іхным нежаданнем, а недаверам да іх значнай часткі мужчынаў», – разважае экспертка.Вольга спадзяецца, што жанчыны будуць рэагаваць на сітуацыю свайго недастатковага прадстаўніцтва ў розных галінах грамадскай дзейнасці:

«Мы гэта ўжо бачым. На канферэнцыі Офіс Ціханоўскай тлумачыў, чаму жанчын так мала. Гэта было звязана з тым, што фемгрупа ды іншыя жанчыны выказаліся пра гэта – і пайшла рэакцыя. Я мяркую, што ад таго, як мы будзем актыўна рэагаваць на сітуацыю і заяўляць пра сябе, у значнай частцы залежыць наш удзел, хаця і не на 100 %. Мяркую, шанцы ў нас ёсць. Зараз пераканфігуруецца Каардынацыйная рада, будзе фармавацца новы кабінет пры Офісе Святланы Ціханоўскай ці пры Святлане Ціханоўскай. І я мяркую, што ў залежнасці ад таго, як жанчыны будуць салідарызавацца, дзяліцца інфармацыяй, залежыць, наколькі шмат прадстаўніц будзе ў кабінеце.

Вольга Шпарага.
Фота: Белсат

Жанчыны – гэта не толькі палова грамадства, яны рэпрэзентуюць свае, а таксама інтарэсы іншых уразлівых групаў, гэта вельмі істотна. Я спадзяюся, мы збяромся – і нашае прадстаўніцтва будзе шырокім», – падсумоўвае Вольга Шпарага.

Юлія Міцкевіч, лідарка фемгрупы Каардынацыйнай рады, таксама адзначае, што стан жанчын за апошнія два гады змяніўся ў горшы бок:

«Дзеіць і агульная сістэма рэпрэсіяў, калі жанчыны трапляюць у зняволенне за актыўную пазіцыю, за антываенную, за рэпосты ды іншае. Яны цярпяць і ад эканамічнай няроўнасці, якая пагаршаецца заўжды падчас палітычнага крызісу. Часцяком жанчыны вымушаныя ўтрымліваць дзяцей самастойна, бо не маюць падтрымання партнёраў. Яны застаюцца са сваймі праблемамі праз тое, што не засталося НДА, сутыкаюцца з праблемамі ў любой сферы. Беларускі, вымушаныя з’ехаць, таксама сутыкаюцца з праблемамі, бо часцяком едуць з дзецьмі, без падтрымкі. Часам бывае, што ў іх нават няма грошай на ежу, але пры тым трэба здымаць жытло, даваць рады з пытаннямі пра садкі ды школы і гэтак далей. Нашая фемгрупа, іншыя арганізацыі намагаюцца зрабіць так, каб жанчыны не заставаліся без дапамогі, але гэтага ўсё адно не дастаткова».

Юлія перакананая, што ў Беларусі жанчыны застаюцца ў сістэме гвалту, а ў чужой краіне – са сваймі траўмамі і маюць патрэбу не толькі ў фінансавай, а яшчэ і ў псіхалагічнай дапамозе.

Юлія Міцкевіч.
Фота: архіў гераіні

«Пры гэтым на палітычным узроўні мы бачым пастаяннае ігнараванне гэтай праблематыкі і таго, што жанчыны ёсць палітычным суб’ектам. Яны даказалі гэта сваім унёскам у рэвалюцыю. Яны задалі тую форму мірнага пратэсту, прынеслі туды каштоўнасці, стваралі фем- і кўір-калоны, стваралі брэнд мірнай рэвалюцыі.

Пра нас даведаўся і пісаў увесь свет. Гэта працягнулася максімум да сярэдзіны мінулага года.

Агулам незалежныя медыі, за рэдкім выключэннем, ігнаруюць гендарную павестку, пытанні гендарнай роўнасці, фемінізму, і пра жанчын у пратэсце не згадваюць, пакуль не здараецца нейкая дата», – падкрэсліла Міцкевіч.

Hавiны
Ціханоўская створыць аб’яднаны пераходны кабінет, прызначыла чатырох часовых чальцоў
2022.08.09 17:15

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў