У Вільні асвяцілі сцяг палка імя Кастуся Каліноўскага


У віленскай катэдры 9 жніўня асвяцілі сцяг палка імя Кастуся Каліноўскага, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Палкавы сцяг зрабілі віленскія беларусы, яго асвяцілі ў катэдры і ўручылі каліноўцам ад імя Рады БНР. Тым самым была паказаная гістарычная пераемнасць беларускага нацыянальнага руху мінулага і дня сённяшняга.

Даведка
Фота: Белсат

Імша пачалася наступнымі словамі: «У 1864 годзе расейскія салдаты кінулі цела 26-гадовага змагара за волю Беларусі ў яму і засыпалі яго вапнай, каб ніхто і ніколі не ведаў, хто ж тут ляжыць. У лютым 2017 года Гара Гедыміна расступілася і паказаліся целы змагароў. Расейцы не маглі сабе ўявіць, што праз паўтара стагоддзя не будзе ні Расейскай імперыі, ні цара, ні іх гарнізона, а беларусы, і літоўцы, і палякі, як і калісьці згуртуюцца і 22 лістапада 2019 года праводзяць свайго героя ў апошні шлях з сотнямі нацыянальных сцягоў…»

Падчас імшы былі згаданыя імёны загінулых паўстанцаў 1863–1864 гадоў, беларусаў, якія загінулі пасля выбараў 9 жніўня 2020 года, і каліноўцаў, якія бароняць Украіну.

Сябра рады Паліна Прысмакова зачытала зварот ад імя старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы:

«Я захопленая вашай адвагаю і вашай верай у найбольшую чалавечую каштоўнасць, якой ёсць Свабода. Бароніце вы яе для ўсіх нас. Змагаецеся сёння з самым лютым ворагам не толькі Украіны, але і беларускага народу. Гэты вораг – расейская імперыя, якая стагоддзямі знішчала імкненне народаў да свабоды, да волі, да незалежнасці».

Падчас асвячэння сцяга палка Каліноўскага мужчынскі хор «Унія» выканаў песні «Пагоня», «Магутны Божа», «Песня Каліноўскага» і завяршыў урачыстасць гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

ББ belsat.eu

Стужка навінаў