У Індыі завяршылася шахматная Алімпіяда. Распавядаем, чаму беларускія ўлады адмовіліся ад турніру


44-ая шахматная Алімпіяда адышла ў гісторыю. Алімпіяда-2022, у арганізацыі якой, на жаль, Беларусь заняла непрывабнае месца.

Рыхтаванне да гульняў у межах 44-й шахматнай Алімпіяды ў Індыі.
Фота: Sri Loganathan Velmurugan / Hans Lucas Agency / Forum

Кіраўнік Міністэрства спорту і турызму Сяргей Кавальчук, дужа ўсцешаны, што ў 2018 годзе Беларусь на форуме ў грузінскім Батумі атрымала права правесці Алімпіяду, ужо праз два гады мусіў агучыць, што ўрад прызнаў фінансавую няздольнасць прыняць прадстаўнікоў амаль двухсот дзяржаваў. Разам з Алімпіядаю адмовіліся і ад правядзення мужчынскага ды жаночага Кубкаў свету ў 2021-м.

Традыцыйна Алімпіяда ладзіцца раз на два гады, і ў 2020 годзе яе правядзенне планавалася, другі раз за ўсю гісторыю, у расейскім Ханты-Мансійску. Але годам раней улады Югры, пасля траты дзясяткаў мільярдаў рублёў з бюджэту, аказаліся негатовымі да правядзення маштабных спаборніцтваў – і за Алімпіяду ўзялася ўжо Масква. А ў сакавіку 2020-га Алімпіяду ў расейскай сталіцы і першую ў гісторыі шахматную Паралімпіяду ў Ханты-Мансійску пастанавілі перанесці яшчэ на год праз пандэмію каронавіруса. Пасля таго ж, як здарылася непрыемная сітуацыя з Менскам, прэзідэнт FIDE Аркадзій Дварковіч здзейсніў перамовы, каб гэтая Алімпіяда прайшла ў Маскве ў 2022-м. Але і гэты варыянт адпаў у сувязі з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У выніку ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны (гісторыя шахматных Алімпіядаў ідзе з 1927 года) быў істотна парушаны інтэрвал паміж папярэднімі і новымі спаборніцтвамі, а 44-ая Алімпіяда адбылася праз чатыры гады пасля 43-й, Батумскай. І што заўважна, упершыню ў гісторыі яе прыняла радзіма гульні – Індыя, адкуль шахматы пачыналі свой шлях у свет яшчэ пятнаццаць стагоддзяў таму.

44-ая шахматная Алімпіяда ў Індыі.
Фота: Sri Loganathan / Zuma Press / Forum

Горад Чэннай даў рады і паспяхова прыняў 1737 удзельнікаў са 186 краінаў у адкрытым турніры і са 160 дзяржаваў у жаночых спаборніцтвах. У выніку першую ў гісторыі перамогу сенсацыйна святкавала вельмі маладая зборная Узбекістану, што здолела абысці сярод іншых значна аўтарытэтнейшую ў шахматным свеце дружыну Арменіі, што заняла другое месца. Узбекі набралі 19 пунктаў і сталі адзінаю камандаю, што ні разу не прагуляла на гэтых спаборніцтвах. Пры трох нічыіх (2:2) узбекі атрымалі і чатыры сухія перамогі з лікам 4:0. Дзве бронзавыя ўзнагароды ў каманды Індыі. Заўважна, што зборная Нарвегіі з цяперашнім чэмпіёнам свету Магнусам Карлсэнам заняла толькі 59-е месца.

У жанчын, што вельмі сімвалічна сёння і пачэсна, першаю стала зборная Украіны. Залатыя медалі сваёй шматпакутнай айчыне прынеслі Марыя і Ганна Музычук, Ганна Ушэніна, Наталля Букса ды Юлія Асьмак. Але гэта не нечаканасць. Украінкі шмат разоў рабіліся прызёркамі Алімпіядаў. На мінулай, у 2018 годзе, саступілі толькі Кітаю і ўзялі срэбра. Але цяпер сталі двухразовымі чэмпіёнкамі (першы тытул быў здабыты ў 2006 годзе ў італьянскім Турыне). Наступная шахматная Алімпіяда мае адбыцца ў 2024 годзе ў Будапэшце, а ў 2026-м права правядзення форуму даверылі Ташкенту.

Ці будуць на тых Алімпіядах прадстаўнікі Расеі і Беларусі, якіх адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах пад нацыянальнымі сімваламі пасля супольнай агрэсіі кіраўнікоў дзяржаваў ва Украіне – пытанне пакуль адкрытае. Але і ў Чэннаі без нарадзінцаў Расеі і Беларусі дый, агулам, Савецкага Саюзу, не абышлося. Так, за Ізраіль згуляў цяпер 54-гадовы нарадзінец Віцебску Ілля Смірын, а ў складзе зборнай Літвы вельмі моцна правёў турнір 22-гадовы нарадзінец Менску, гросмайстар Валерый Казакоўскі.

Выбары прэзідэнта Сусветнай шахматнай федэрацыі FIDE

Андрэй Барышполец з Украіны не здолеў абысці дзейнага на той момант прэзідэнта арганізацыі – расейца Аркадзія Дварковіча. З выразнай перавагаю – 157 дэлегатаў за яго і толькі 16 за Барышпольца – перамогу зноў святкаваў былы расейскі віцэ-прэм’ер. Яшчэ да выбараў украінскі гросмайстар Андрэй Валакіцін выказаўся так: «Гэта будзе бойка: цынізм супраць маралі, грошы супраць людзей, застой – супраць пераменаў». А дванаццаты чэмпіён свету ў шахматах Анатоль Карпаў абураўся, што такой бездапаможнай, як пры Дварковічу, арганізацыя не была ніколі. Маўляў, яна здала «ўсе пазіцыі, што толькі можна».

Пасля выбараў мы пацікавіліся меркаваннем двух нашых гросмайстраў. Уладзіслаў Кавалёў выказаўся так:

«Перамога Аркадзія Дварковіча прадказвалася загадзя. Нацыянальныя федэрацыі масава аддавалі яму свае галасы. На жаль, большасці чыноўнікаў з Афрыкі і Азіі абыякава, што адбываецца ва Украіне. І ім выгодная хоць нейкая ўвага ад FIDE (у гэтым выпадку Аркадзія Дварковіча). Але калі б галасаванне было адкрытым, вынік не быў бы такім пераканальным. Пры гэтым, думаю, ён усё роўна перамог бы. І ў прынцыпе, калі адкінуць ягоную працу ва ўрадзе Расеі і аб’ектыўна ацаніць работу за папярэдні чатырохгадовы тэрмін на пасадзе прэзідэнта FIDE, дык зроблена нямала добрага для шахматаў у цэлым. Кепска, вядома, што далучаліся грошы «Газпрому» ды іншых расейскіх кампаніяў. Але пры ўсёй павазе да Андрэя Барышпольца, апанентам Дварковіча, з разліку на перамогу, лепей было б выставіць кандыдатуру больш вядомага і ўплывовага еўрапейскага прадстаўніка. Канечне, у будучыні варта было б памяняць выбарчую сістэму. Не могуць мець аднолькавы адзін голас ад краіны, напрыклад, Нямеччына, Францыя ці ЗША – і іншыя, такія як Гана, Батсвана, Сэйшэльскія Астравы, дзе няма не тое што ніводнага гросмайстра, а нават і гульца з рэйтынгам, большым за 2300, рэдка сустрэнеш. Я разумею, што шахматы трэба развіваць ва ўсім свеце. Але не мусяць чыноўнікі з такіх «няшахматных» краінаў (а іх у свеце вельмі шмат) так моцна ўплываць на выбарчы працэс. Гэта трэба ўлічваць».

Інтэрв’ю
Гросмайстр Валерый Казакоўскі: «Адчуваю сябе еўрапейскім беларусам»
2022.06.13 18:29

А дэбютант Алімпіяды Валерый Казакоўскі адзначыў, што перамога Дварковіча не была такой непрадказальнай, бо праводзілася шырокая кампанія ў ягонае падтрыманне, чаго і блізка не мелі іншыя кандыдаты.

Больш канкрэтна прадказваў вынік выбараў трынаццаты чэмпіён свету, а цяпер палітык Гары Каспараў у эфіры тэлепраграмы «Воздух»:

«Украіна прагуляе Расеі. Бо FIDE даўно ўжо мае наўпроставы кантроль Лубянкі фактычна з 1982 года. Спачатку быў Кампаманэс, потым Ілюмжынаў. І таму вынік галасавання фактычна прадвызначаны. Унікальнасць сітуацыі ў тым, што Расея гуляць на Алімпіядзе не можа. А Дварковіч, які займаў безліч розных пасадаў ва ўрадзе, лёгка выйграе гэтыя выбары. Большасць кандыдатаў падтрымлівае яго (у тым ліку, на жаль, Эстонія і Латвія), нягледзячы на ўварванне Расеі ва Украіну – і не бачаць у гэтым нічога ганебнага».

Дварковіч яшчэ да галасавання заявіў, што FIDE ўшчыльную зоймецца вяртаннем Расеі і Беларусі ў лік удзельнікаў шахматных Алімпіядаў. Але ці здольная асоба з ягоным аўтарытэтам пераўпэўніць сусветную шахматную супольнасць – пытанне пакуль адкрытае.

АП belsat.eu

Стужка навінаў