Суд адправіў справу супраць былой журналісткі TUT.by Таццяны Мацвеевай на дапрацоўванне


Удзень 9 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску распачаўся працэс над журналісткаю Таццянаю Мацвеевай, аднак суддзя Уладзімір Царыкаў скончыў яго менш як праз паўгадзіны, бо заўважыў памылкі ў пратаколе, паведамляюць праваабаронцы.

Таццяна Мацвеева. Крыніца: vitebsk.cc

Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна размясціла на сваёй старонцы ў Facebook «фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам», не запытаўшыся дазволу ў райвыканкаму.

Таццяна патлумачыла суду, што фотаздымак з выяваю сцяга, а таксама са словамі Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца» яна насамрэч размяшчала ў Facebook. Гэта была так званая «рамка», якой ахвотным прапануюць аздобіць асабістыя выявы. Аднак з моманту размяшчэння прайшоў прынамсі год, і гэты фотаздымак даўно не відаць наведнікам ейнай старонкі, а каб яго адшукаць, трэба пастарацца.

Яна лічыць складанне пратаколу «помстаю за супрацу з парталам, які чыталі ўсе – ад міністра да апошняга жабрака». І што ў пратаколе не прыводзіцца ніводнага доказу, быццам размяшчэнне фотаздымка з малюнкам прынесла шкоду грамадству або Рэспубліцы Беларусь, а таксама там няма звестак, ці бачыў гэты здымак хоць нехта ўвогуле. Таму яна папрасіла спыніць справу.

Таксама суддзя заўважыў, што ў пратаколе няправільна запісалі месца нараджэння Таццяны і няма спасылкі на канкрэтны артыкул заканадаўства аб масавых акцыях, які журналістка парушыла. Таму суд пастанавіў вярнуць справу на дапрацоўванне.

Варта адзначыць, што падчас паседжання суддзя настойліва распытваў, ці няма супраць журналісткі іншых распачатых справаў, бо маёмасць Таццяны Мацвеевай, якую забралі падчас ператрусу 28 ліпеня, ёй дасюль не вярнулі. На што супрацоўнік міліцыі Уладзіслаў Шышкавец адказаў, што ў межах адміністратыўнай справы маёмасці не забіралі. Аднак падчас ператрусу жанчыне патлумачылі, што яго праводзяць у межах крымінальнай справы, распачатай за падбухторванне да гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады. Свайго статусу ў гэтай справе Таццяна Мацвеева не ведае. Сілавікі забралі ў яе камп’ютар, два мабільныя тэлефоны, рэчы з сімволікаю, некалькі кніжак і лістоў.

Hавiны
Затрымалі былую журналістку TUT.by Таццяну Матвееву
2022.07.29 11:57

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў