Швейцарыя гатовая прадстаўляць інтарэсы Украіны ў Расеі


Швейцарыя зможа так зрабіць, калі Масква дасць згоду, але гэта малаверагодна, паведамляе ТАСС.

Сцяг Швейцарыі.
Фота: Depositphotos

«Украіна хацела, каб Швейцарыя ўзяла на сябе мандат заступніцкай дзяржавы ў Расеі. Адпаведныя перагаворы завершаны», – адзначыў афіцыйны прадстаўнік. «Каб мандат заступніцкай дзяржавы ўступіў у сілу, Расея павінна яшчэ даць сваю згоду», – растлумачыў афіцыйны прадстаўнік швейцарскага МЗС П’ер Алэн Эльчынгер.

Гаворка ідзе аб «мандаце заступніцкай дзяржавы», які прадугледжвае, што Швейцарыя магла б прадстаўляць у Расеі дыпламатычныя інтарэсы Украіны, паколькі паміж імі зараз няма дыпламатычных адносін. Як растлумачыў Эльчынгер, «Швейцарыя актыўна прапаноўвала свае добрыя паслугі абодвум бакам». Да іх адносяцца ў прыватнасці, «роля боку, які прымае, для перагавораў і сустрэч», а таксама падтрымка і экспертны ўклад у «магчымыя перамовы».

Пасольства РФ у Швейцарыі нагадала, што распараджэннем урада Расеі ад 5 сакавіка 2022 года Швейцарыя «была ўключана ў спіс недружалюбных краін нароўні з дзяржавамі – членамі ЕЗ і некаторымі іншымі краінамі» і «ў гэтым кантэксце, з нашага пункту гледжання, складана весці размову аб якім б там ні было пасярэдніцтве Бэрну на ўкраінскім напрамку».

На сёння найбольш паспяховымі можна лічыць адносіны, якія складаюцца паміж Украінай і Расеяй пры пасярэдніцтве Турэччыны. Так 22 чэрвеня расейская і ўкраінская дэлегацыі пры пасрэдніцтве прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў прысутнасці генеральнага сакратара ААН падпісалі пагадненне па вывазе збожжа з чарнаморскіх партоў.

Пасля расейскага ўварвання 24 лютага ўкраінскія парты на Чорным моры, перш за ўсё Адэса і Нікалаеў, аказаліся заблакаваныя, а парты на Азоўскім моры – захопленыя Расеяй.

ААН разглядае гэта як вялікую дыпламатычную перамогу ў разгар жорсткай вайны, якая цягнецца ўжо пяць месяцаў. Там лічаць аднаўленне экспарту жыццёва важным як для Украіны, так і для ўсяго свету, паколькі спыненне вывазу збожжа ставіць пад пагрозу сусветную харчовую бяспеку.

Hавiны
«The Bell»: Амаль палова расейцаў выступае за мірныя перамовы з Украінай
2022.07.19 15:39

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў