Кіраўнік МАгАтЭ прыме ўдзел у пасяджэнні СБ ААН наконт Запарожскай АЭС, якое склікае Расея


Для ўдзелу ў паседжанні Рафаэль Гросі перапыніў свой адпачынак. Пра гэта са спасылкай на расейскага пасла ў Вене паведамляе «Радио «SPUTNIK».

Запарожская АЭС.
Фота: uatom.org

Раней паведамлялася, што Расея хоча сабраць на 11 жніўня паседжанне Рады бяспекі ААН наконт сітуацыі на Запарожскай АЭС.

Напачатку жніўня Гросі ўказваў на небяспеку ядравай катастрофы праз баявыя дзеянні вакол станцыі.

«Я вельмі занепакоены ўчорашнім абстрэлам найбуйнейшай у Еўропе АЭС, што падкрэслівае рэальную рызыку ядравай катастрофы, якая можа пагражаць здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю ва Украіне і за яе межамі», – заявіў гендырэктар МАгАтЭ Рафаэль Гросі.

Паводле ягоных словаў, ваенныя дзеянні, што ставяць бяспеку Запарожскай АЭС пад пагрозу, «цалкам непрымальныя і мусяць быць перадухіленыя любым коштам».

«Я катэгарычна і настойліва заклікаю ўсе бакі праяўляць максімальную стрыманасць каля гэтага важнага ядравага аб’екту», – адзначыў Гросі.

9 жніўня стала вядома, што Украіна даслала ў ААН і Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ) лісты з заклікам накіраваць місію бяспекі на Запарожскую АЭС, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай рады ў правах чалавека Дмытро Лубінец.

Дмытро Лубінец абвінаваціў Расею ў здзяйсненні «актаў ядравага тэрарызму» у адносінах ЗАЭС і яе персаналу. Ён патлумачыў, што пад паняцце «ядравы тэрарызм» падпадаюць таксама і дзеянні, што ставяць за мэту парушыць, сабатаваць або маніпуляваць аперацыямі, якія адбываюцца на станцыі, што можа прывесці да выкіду радыеактыўных рэчываў. Паводле ягоных словаў, прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на станцыі пагражае мільёнам украінцаў і ўсяму свету.

Таксама ён заклікаў генеральнага сакратара ААН, МАгАтЭ і сусветную супольнасць здзейсніць захады ў дэмілітарызацыі тэрыторыі станцыі і даць гарантыі бяспекі жыхарам Энэргадару пры абслугоўванні ЗАЭС.

У сваю чаргу, Злучаныя Штаты заклікалі Расейскую Федэрацыю вярнуць кіеўскім уладам поўны кантроль над Запарожскай атамнай электрастанцыяй. Гэты заклік агучыла 9 жніўня на брыфінгу ў Вашынгтоне прэс-сакратар Белага дому Карын Жан-П’ер. Паводле ейных словаў, амерыканскія ўлады працягваюць «уважліва сачыць за сітуацыяй» на ЗАЭС.

Яна таксама заявіла, што Вашынгтон мае намер працаваць з МАгАтЭ ў гэтым пытанні. Жан-Пʼер удакладніла, што Расеі трэба «спыніць усе ваенныя аперацыі на ўкраінскіх ядравых абʼектах або побач з імі».

Hавiны
Украіна патрабуе тэрміновага візіту МАгАтЭ на Запарожскую АЭС
2022.08.09 10:53

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў