«Гэта не раздача партфеляў». Латушка тлумачыць, што будзе рабіць Пераходны кабінет пры Ціханоўскай


На канферэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету і назвала першых чатырох чальцоў. Павел Латушка расказаў «Белсату», як бачыць сваю новую працу і дзейнасць Кабінету.

Павел Латушко, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, былы міністр культуры і дыпламат Павел Латушка быў прызначаны Святланай Ціханоўскай прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету па транзіце ўлады. Латушка будзе адным з двух намеснікаў Ціханоўскай у выпадку ейнай адсутнасці (другі – прадстаўнік Кабінету ў замежных справах Валерый Кавалеўскі).

Што цяпер зменіцца? Латушка расказвае «Белсату» свае ўражанні і планы.

«Фактычна мы сёння з’яўляемся сведкамі стварэння прота-дэмакратычнай дзяржавы», – заяўляе Латушка.

Ён тлумачыць: рашэнне аб стварэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету было прынятае кааліцыяй: Офісам Ціханоўскай, НАУ, Каардынацыйнай радай, ініцыятывай BYPOL, рухам «Супраціў» і іншымі. Рашэнне аб прызначэнні было прынятае, зразумела, асабіста Ціханоўскай. Але Латушка кажа: Ціханоўская – выбраная прэзідэнткай, за яе прагаласавала абсалютная большасць беларусаў, яна атрымала легітымнасць ад беларускага народу. І кааліцыя, адзначае ён, не закрытая: іншыя ініцыятывы могуць далучацца, іншыя прадстаўнікі кабінету будуць прызначаныя.

Павел Латушко, Александр Азаров, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Святлана Ціханоўская, Валерый Кавалеўскі і Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Цяпер у Латушкі з’явіліся дадатковыя функцыі: транзіт улады праз ціск, набліжэнне гэтага транзіту, забеспячэнне стабільнасці ў дзяржаве ў пераходны перыяд да новых выбараў, пашырэнне фармавання новых кадраў для новай Беларусі (бо пакуль ёсць асобныя курсы, напрыклад, дыпламатычныя курсы пры Варшаўскім універсітэце, а трэба рыхтаваць кадры і ў бяспецы, і ў абароне, і ў дзяржаўным кіраванні, і ў мясцовым…). Таксама сярод функцыяў – «раскол элітаў»: праца з «элітамі» ў рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, якія не ў стане выступіць супраць Лукашэнкі, хоць не падтрымліваюць яго.

«Галоўнае – гэта выпрацоўка падрыхтаваных рашэнняў, прыняцце рашэнняў, рэалізацыя гэтых рашэнняў і адказнасць за іх рэалізацыю або нерэалізацыю», – падсумоўвае Латушка.

Ён застаецца таксама і з НАУ, якое працягне дзейнасць. Латушка апісвае НАУ як «прататып палітычнай партыі», ды зарэгістраваць у Беларусі палітычную партыю немагчыма (апошнюю рэгістравалі ў 1999 годзе), а рэгістраваць палітычную партыю за мяжой «тым больш няма ніякіх планаў». Але НАУ ўвайшло ў Кабінет як частка кааліцыі і будзе «фактычна выконваць функцыю апарату забеспячэння дзейнасці Кабінету ў сваёй частцы кампетэнцыі».

Аналітыка
Рэжым не ў захапленні. Што дае беларусам (а чаго не дае) створаны ў Вільні Пераходны кабінет
2022.08.10 19:11

«Напрыклад, калі мы займаемся пераследам за крымінальныя злачынствы, здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі беларускімі сілавікамі і рэжымам Лукашэнкі, то група юрыстаў і адвакатаў будзе працягваць гэтым займацца, – расказвае Латушка. – Калі мы займаліся пытаннямі эканамічнага ціску, то мы ўвойдзем у, як плануецца, санкцыйны камітэт, што ствараецца.

Гэта ўсё дадатковыя рэсурсы, аб’яднаныя дзеля таго, каб яны былі мацнейшымі, бо раней мы працавалі дзеля адной мэты, але паралельна. Зараз адбываецца ад’яднанне – значыць, акумуляцыя сілы».

Ніводзін з ранейшых палітычных інстытутаў і грамадзянскіх ініцыятываў, дадае ён, не ў стане самастойна дасягнуць галоўнай мэты: адхілення ад улады рэжыму Лукашэнкі.

Пакуль не прыняты рэгламент дзейнасці Кабінету, але Латушка спадзяецца, што рэгламент будзе разгледжаны на першым паседжанні. План дзейнасці падрыхтаваны, але суразмоўца belsat.eu яшчэ хоча прадставіць гэты план Кабінету і Ціханоўскай, правесці «абарону», бо Кабінет – калегіяльны орган. Пакуль план не ўхвалены, Латушка не хоча раскрываць падрабязнасцяў. Тлумачыць: рашэнне пра Кабінет доўгачаканае, але прымалася праз складаныя кансультацыі, таму трэба пачакаць, каб «не кідаць словы на вецер».

Рэпартаж
Цяжкія дыскусіі, мініраванне будынку, новая надзея. Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.09 22:57

Імаверна, прадстаўнікі ў Кабінеце будуць мець намеснікаў. Латушка расказвае: папярэдне абмяркоўвалі, што намеснікаў можа прызначаць Ціханоўская па прадстаўленні прадстаўніка. Колькі іх будзе, яшчэ невядома, але «няма фінансавага забеспячэння, каб раздзімаць нейкія штаты, ствараць апараты». Ён дапускае, што хтосьці з НАУ можа стаць намеснікам не яго, а іншага прадстаўніка.

Калі ў Кабінеце з’явіцца адказны за эканоміку і фінансы, Латушка спадзяецца, што будзе знойдзеная схема фінансавання, якая «у мінімальнай ступені будзе залежыць ад вонкавых крыніцаў, а будуць звязаныя з уласна беларускімі крыніцамі фінансавання».

Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Пытаем, як агульныя ўражанні: «ну паспрабуем, мо нешта атрымаецца» ці «цяпер дакладна будзем рабіць сваю справу лепей»? Латушка адказвае:

«Мы ўжо робім! Не ўсё можна падаваць публічна. Ідзе шмат камунікацыі. Напярэдадні гэтага было напрацаваная ўжо даволі значная колькасць рашэнняў, некаторыя з іх пачалі рэалізоўвацца, некаторыя яшчэ абмяркоўваюцца. Але ўжо ідзе праца, якая, напэўна, будзе больш дынамічнай, больш эфектыўнай з пункту гледжання таго, што аб’ядноўваюцца рэсурсы. Я ў гэтым упэўнены.

Гэта не раздача партфеляў. Я б хацеў, каб усе проста перасталі на гэтай тэме спекуляваць. Калі проста сказаць – гэта раздача крымінальных артыкулаў тым, хто пагадзіўся ўвайсці ў склад кабінету. Мы разумеем, як на гэта будзе рэагаваць таталітарны рэжым у Беларусі.

Гэта дадатковая адказнасць. І кожны з нас разумее, што адказнасць будзе яшчэ большай. Для нас важная падтрымка беларусаў, падтрымка дэмакратычных сілаў. Мы не закрытыя, мы адкрытая структура. І важная камунікацыя з беларусамі. Бо ўсё, што мы робім, мы робім не для тых, хто вымушана знаходзіцца за мяжой, а для будучыні Беларусі.

Бо сёння галоўнае – пагроза незалежнасці нашай краіне, суверэнітэту, існаванню беларускай дзяржаўнасці, беларускай нацыі. І пагроза з тым, што тыранія ў Беларусі можа працягнуцца шмат гадоў. Мы павінны быць падрыхтаваныя дзеля таго, каб выйсці ў адкрытае змаганне з гэтай тыраніяй, павялічыць нашыя магчымасці ў адкрытым змаганні з тыраніяй».

Раніцай 10 жніўня яшчэ адзін прадстаўнік Кабінету – прадстаўнік па аднаўленні правапарадку і чалец BYPOL Аляксандр Азараў – расказваў пра сваё бачанне Кабінету і ягонай дзейнасці ў тэлеэфіры «Белсату»:

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў