7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай


На канферэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня Святлана Ціханоўская абвясціла стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету і назвала першых чатырох чальцоў. Сабралі галоўнае, што трэба ведаць пра кабінет, а таксама распыталі пра новую структуру Валера Кавалеўскага, прадстаўніка Кабінету ў замежных справах.

Святлана Ціханоўская (у цэнтры) і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету (злева направа): Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык. Калаж: Белсат

1. Навошта яшчэ адзін орган?

Бо іншыя прасілі. Канферэнцыю зарганізавалі Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, BYPOL, каманда Віктара Бабарыкі ды іншыя. Перад канферэнцыяй ішлі размовы, што сілы трэба аб’ядноўваць, што нібыта існуе нават нейкая «дыктатура Ціханоўскай», што дзеяць трэба больш рашуча. І наагул – што мінула два гады з выбараў, а сітуацыя ў Беларусі пагоршала.

На канферэнцыі большасць пагадзілася, што «сістэму можа перамагчы толькі сістэма» і «стратэгія перамогі абмяркоўваецца днямі ў ціхім памяшканні вузкім колам людзей», што патрэбны «сілавы блок». На пытанне Вадзіма Пракоп’ева пра патрэбу альтэрнатыўнага ўраду большасць у зале падняла рукі, у інтэрнэт-апытанні арганізатараў канферэнцыі за гэта выказаліся 87 %. На заканчэнні Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Кабінету і адразу ж пачатку працы з часовымі прадстаўнікамі, бо «ідзе вайна, час дзеяць».

Сергей Подсосонный, Дмитрий Щигельский, Павел Латушко, Александр Азаров, Александр Добровольский, Вадим Прокопьев, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
На канферэнцыі «Новая Беларусь» падымаюць рукі згодныя з ідэяй альтэрнатыўнага ўраду. Першы справа – Вадзім Пракоп’еў, які спытаў пра падтрыманне ідэі. Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Кабінет будзе працаваць, паводле Ціханоўскай, як калектыўны выканаўчы орган. Працягнецца і перазапуск Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органу – да 1 верасня маюць завершыць рыхтаванне да рэарганізацыі.

Пераходны кабінет набіраюць не з працаўнікоў Офісу Ціханоўскай, ён складаецца з прадстаўнікоў розных сілаў.

Каментар
«Гэта не раздача партфеляў». Латушка тлумачыць, што будзе рабіць Пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.10 19:51

2. Чаму не «ўрад у выгнанні»?

Ціханоўскай не падабаюцца гэтыя словы. Яна выступала супраць, тлумачыла гэта так: слова «ўрад» не любіць, бо за ім мусіць ісці «ў выгнанні». Яна не хацела ствараць «урад у выгнанні» яшчэ ў 2020 годзе, бо гэта стварыла б адчуванне, што «з’язджаеш надоўга». І не знайшлося асобаў, якія б пераканалі ў тым, што ўрад ствараць трэба. Але цяпер «час прыйшоў», усё больш галасоў за гэта. Таксама яна не хоча аналогіяў з урадам Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, некаторыя (як, напрыклад, палітолаг Аляксандр Класкоўскі) звярталі ўвагу, што ўрад у выгнанні мусяць прызнаць або не прызнаць іншыя краіны. Магчыма нават, што іншыя краіны думалі б, што, каб працаваць з адным урадам, трэба парваць стасункі з іншым.

Светлана Тихановская, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Святлана Ціханоўская на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

3. Як гэты Кабінет выбіралі?

Выбрала сама Ціханоўская, але гэта яшчэ мусяць зацвердзіць. Ціханоўская прызначыла чатырох чальцоў Кабінету тэрмінам на 6 месяцаў. Яна казала, што ўсе кандыдаты мусяць прайсці ўхваленне прадстаўнічага органу. У гэтым Ціханоўская разлічвае на Каардынацыйную раду.

Але саму ідэю абмяркоўвалі на канферэнцыі, арганізаванай супольна шмат якімі сіламі. Выглядае на тое, што пастанову прымалі калегіяльна. Валерый Кавалеўскі пацвердзіў, што праводзіліся «шчыльныя кансультацыі» з партнёрамі. А Павел Латушка падкрэсліваў: Ціханоўская – выбраная прэзідэнтка, за якую прагаласавала большасць беларусаў, яна мае легітымнасць на такія прызначэнні.

Аналітыка
Рэжым не ў захапленні. Што дае беларусам (а чаго не дае) створаны ў Вільні Пераходны кабінет
2022.08.10 19:11

4. Дзе жанчыны?

Пакуль не знайшліся. Гэта адзначала і сама Ціханоўская: «Кабінету і нашаму руху агулам трэба больш жаночых галасоў». Яна спадзяецца на ініцыятыву беларусак. У Кабінеце яшчэ застаюцца вольныя пасады – і на іх Ціханоўская можа прызначыць жанчын. Кавалеўскі пацвердзіў «Белсату»: ёсць вялікае пажаданне, што будуць кандыдатуры жанчын на пасады.

На канферэнцыі была сярод іншых паплечніца Ціханоўскай у выбарчай кампаніі-2020 Вераніка Цапкала (яшчэ адна паплечніца, Марыя Калеснікава, – у зняволенні ў Беларусі). Але між Цапкалай і Ціханоўскай адбылася спрэчка: Вераніка наракала, што «засталася на ўзбочыне» пасля выбараў, а на Форум дэмакратычных сілаў (які ладзілі Вераніка і Валер Цапкалы, а таксама іншыя актывісты) прадстаўнікі Офісу не прыехалі. Цапкала выказвала сумневы ў легітымнасці Ціханоўскай, бо выбары былі сфальсіфікаваныя. Ціханоўская прапанавала ёй абмеркаваць крыўды, але ў Кабінет не запрасіла.

Ціханоўская Калеснікава Цапкала
Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 30 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Таксама на канферэнцыі была паплечніца Цапкалы з Форуму дэмакратычных сілаў, лідарка кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, але на сцэне яна не прамаўляла. У каментары «Еўрарадыё» Вольга сумнявалася ў эфектыўнасці канферэнцыі і ў легітымнасці Ціханоўскай, але бачыла «пазітыўныя з’явы» на канферэнцыі. Яе Ціханоўская таксама не паклікала ў Кабінет.

Падчас канферэнцыі наракалі і на тое, што жанчын было мала сярод выступоўцаў. Агулам без уліку вядоўцаў – 23 мужчыны і 8 жанчын бралі ўдзел у дыскусіях. Арганізатары апраўдвалі гэта тым, што некаторыя жанчыны проста адмовіліся ад удзелу. Дый менеджарка Офісу Ціханоўскай у стратэгічнай камунікацыі Настасся Касцюгова на канферэнцыі адзначала: у Офісе жанчыны – лідарка, дырэктарка і палова кіраўнікоў аддзелаў.

5. Чым будуць займацца?

Тым жа, што раней рабілі паасобку, толькі цяпер разам. Павел Латушка адказны за транзіт улады, Аляксандр Азараў – за аднаўленне правапарадку, Валер Кавалеўскі – за замежныя справы, Валер Сахашчык – за абарону і нацыянальную бяспеку. Ціханоўская анансавала: у Кабінеце мусяць таксама з’явіцца прадстаўнікі ў пытаннях сацыяльнай палітыкі, эканомікі і фінансаў, нацыянальнага адраджэння. У кожнага могуць з’явіцца намеснікі.

Гэта не значыць даслоўна, што, напрыклад, Латушка будзе сам забіраць уладу ў Лукашэнкі і аддаваць Ціханоўскай. Ён пералічваў: будзе адказным за ціск на ўлады, стварэнне «расколу элітаў» у рэжыме, пашырэнне фармавання новых кадраў ды іншае. То бок будзе займацца тым, чым займаўся і да канферэнцыі, але з дадатковымі рэсурсамі ды, імаверна, новымі задачамі.

Кавалеўскі будзе па-ранейшаму займацца міжнароднымі справамі і вонкавымі кантактамі. Сферу міжнароднай супрацы ён назваў «адною з самых распрацаваных» у дэмакратычнай супольнасці. Першым часам, расказаў Кавалеўскі, ён будзе працаваць паводле ранейшага графіку Офісу Ціханоўскай, але з улікам новых абставінаў і заданняў у графік могуць уносіцца карэктывы.

Азараў казаў , што Кабінет яму патрэбны перадусім каб легітымізаваць дзеянні беларускіх партызанаў, але адзначаў, што ягоныя абавязкі перасякаюцца з тым, што даручылі Сахашчыку, таму абавязкі яшчэ будуць падзяляць і размяркоўваць.

6. Хто такі Сахашчык?

Знаны вайсковец, камандзір палка «Пагоня». Валер Сахашчык – новы чалавек у палітычных колах. Прызнаваўся, што раней палітыкаю не цікавіўся і не марыў пра публічную дзейнасць. Але ён вядомы ў вайсковых колах і сярод сілавікоў, а таксама ва Украіне: там ён камандуе беларускім палком «Пагоня».

Шмат хто лічыць (як, напрыклад, палітолаг Павел Усаў), што «ідэолаг стварэння» палка «Пагоня» Пракоп’еў меў на ўвазе Сахашчыка пад «беларускім Чэрчылам». На думку шэрагу каментатараў (як, напрыклад, Антона Матолькі), вайскоўцы ў Беларусі будуць актыўна абмяркоўваць такое прызначэнне.

Валер Сахашчык – новая асоба ў публічным дэмакратычным руху, але вядомая ў асяроддзі сілавікоў у Беларусі і беларускіх ваяроў ва Украіне. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

Падрабязную біяграфію Сахашчыка публікавала «Zerkalo». Вайскоўцу 58 гадоў, ён з вёскі Гошава Драгічынскага раёну. Служыў у паветрана-дэсантных войсках на расейскім Забайкаллі і ў Нямеччыне, дзе камандаваў ротамі, у 1992 годзе вярнуўся на радзіму, даслужыўся да камандзіра 38-й паветрана-дэсантнай брыгады. У брыгадзе ўвёў выпрабаванні на знак адрознення «Чорны арол» – накшталт выпрабаванняў на крапавыя берэты.

У 2002 годзе пайшоў у запас – як казаў, праз рэфармаванне арміі давялося выбіраць, «прынізіцца ці звольніцца». Заняўся бізнесам, стаў кіраваць будаўнічаю кампаніяй «SK-Bud&Sahaty», якая працуе ў Польшчы і Нямеччыне. Трымаў кантакт з саслужбоўцамі, наведваў сваю брыгаду і цэнтры дапрызыўнага рыхтавання. Сам ён – першы «Чорны арол».

Падчас пратэстаў 2020 года выходзіў на мітынгі ў Берасці разам з саслужбоўцамі. Казалі, «дэсантура выйшла на заклік Сахашчыка». Сам ён казаў, што вайскоўцы сачылі за правапарадкам.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне запісаў рэзанансны зварот да вайскоўцаў: заклікаў не браць удзелу ў нападзе на Украіну. Актыўна браў удзел у фармаванні беларускага добраахвотніцкага батальёну «Пагоня», што ваюе ў складзе Збройных сілаў Украіны, і стаўся камандзірам палка. У Беларусі супраць яго распачалі некалькі крымінальных справаў.

На прэзентацыі чальцоў Кабінету ён прасіў прабачыць яго за тое, што не можа падзяліцца планамі ў сваёй частцы і што бліжэйшыя пару тыдняў яму патрэбныя на арганізацыю новай працы.

Аналітыка
«Стаўкі павышаныя да мяжы». Што пішуць тэлеграм-каналы пра Пераходны кабінет дэмсілаў
2022.08.10 21:15

7. Мірны пратэст «пахавалі»?

Выглядае на тое, але спадзяюцца не праліваць крыві. Фраза «мірны пратэст канцэптуальна пахаваны» належыць не ўдзельнікам форуму, а журналісту Арцёму Шрайбману. Той адзначаў: Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Ціханоўскай, заўважаў, што стаўка на сілавы пратэст звужае аўдыторыю пратэсту, а дарадца Франак Вячорка – што на сваю армію ў дэмакратычных сілаў няма чалавечых, фінансавых і дэмакратычных рэсурсаў. Але большасць выступоўцаў пагаджалася з тым, што стратэгія мірнага супраціву рэжыму Лукашэнкі не дала станоўчых вынікаў.

Вадзім Пракоп’еў адзначаў, што сілавы метад – гэта не абавязкова «рэкі крыві», бо часам бывае дастаткова прадэманстраваць сілу. Сахашчык казаў, што сілавое развязанне пытання вольнай Беларусі ён лічыць рэальным, хоць спадзяецца, што да гэтага не дойдзе, і не хоча, каб беларус страляў у беларуса. Азараў бачыць аптымальным такі сцэнар, калі сілавікі пераходзяць на бок беларускага народу, калі ў Беларусь уводзіцца беларускае войска з-за мяжы.

Аб’ектыў
Класкоўскі: «Наколькі эфектыўным насамрэч будзе гэты кабінет, пытанне пакуль адкрытае»
2022.08.10 23:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў