За ноч на беларуска-латвійскай мяжы затрыманы 65 мігрантаў. Магчыма ўвядзенне надзвычайнай сітуацыі


У ноч з 9 на 10 жніўня, латвійскія памежнікі затрымалі 65 мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, якія незаконна перасеклі мяжу. Усяго за мінулыя содні затрымалі каля 200 мігрантаў, паведаміў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс, перадае партал Delfi.lv.

Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс.
Фота: delfi.lv

Таксама ён нагадаў, што ў цэнтрах размяшчэння практычна няма месцаў, таму парушальнікаў мяжы прыйдзецца сяліць у палатках. Першапачаткова палаткі плануюць устанавіць паблізу ад пагранічных аб’ектаў.

Па словах Пуятса, мігранты з Беларусі прыбываюць вялікімі групамі, што сведчыць аб прыкметах арганізаванасці. Некалькі разоў уцекачы пераходзілі мяжу групамі па 30 і больш чалавек, а многія мігранты не ведаюць, што прыбылі ў Латвію: яны думалі, што адразу трапяць у Нямеччыну.

У ліку мігрантаў мужчыны, жанчыны і дзеці.

Латвійскія памежнікі на мяжы.
Фота: press.lv

Латвійскія ўлады для аховы мяжы ўвялі ўзмоцнены нагляд і мабілізавалі рэсурсы Дзяржаўнай памежнай аховы і арміі. Падтрымка аказваецца і з боку Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы «Frontex».

Нагадаем, што пасля таго, як Літва пачала высылаць мігрантаў, якія прыбылі з Беларусі, назад, з 6 жніўня рэзка павялічылася колькасць уцекачоў, якія перасякаюць латвійска-беларускую мяжу.

Сёння, 10 жніўня, урад Латвіі будзе разглядаць пытанне аб абвяшчэнні надзвычайнай сітуацыі ў памежнай зоне каля латвійска-беларускай мяжы.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў